"Надзвычайшчыкі" глядзяць — ратаваць, не ратаваць?.."
10.03.2011
—
Новости Общества
|
Чыстая праўда (у Аўцюках, як вы ведаеце, бывае і чыстая брахня): адзін з тамтэйшых вяскоўцаў, значыць, з жонкай палаяўся — у чарговы раз. І вырашыў, што ўсё: гэта — ужо ў апошні, бо лепей жудасны канец, чым жуда без канца. Прыйшоў ён да ракі Закаванкі, закінуў вяроўку на старую вярбу, што стаяла на беразе, зрабіў пятлю, усунуў галаву і... Гайдануўся б — напрыканцы... Аднак сук не вытрымаў — адламаўся. І мужык той — боўць у раку! А тапіцца ж ён намеру не меў... Як і трэба было чакаць, менавіта пра іх, пра намеры, строілі здагадкі ўдзельнікі конкурсу на лепшы подпіс да здымка. Хтось — асобна пра жаночыя, хтось — асобна пра мужчынскія, нехта аб'яднаў: Як на беразе ракі Зноў дубеюць мужыкі. Ну й сцюдзёная ж вадзіца!... А ў палонцы — маладзіца. Мо русалка іх чаруе? Прадавачка тут "маржуе": Калі хочаш пахмяліцца, Мусіш трохі падзівіцца! А інакш пракіне, як той казаў, не прадасць, піша спадарыня Пажога з вёскі Абруб Глыбоцкага раёна. (Дарэчы, што ні край, то звычай — спадар Нефідовіч з Лунінеччыны пра жанчыну піша: Не ў сяле яна з'явілася Ды ў палонку пагрузілася, Тут прызнаў бы мой народзе: З глузду з'ехала ды й годзе!) Працэс гэты ("з'язджання" з таго самага глузду), як правіла, паступовы, непрыкметны, але ж, як высвятляецца, ад вока нашых падпісчыкаў нічога не схаваеш: <І>Пад вярбой Алёна Мыла ручнікі (іх даволі плённа брудзяць мужыкі). Усю вясну і лета Мыла, задарма... Потым непрыкметна Надышла зіма, — піша спадар Гарачоў з Іўеўшчыны. А жанчына ўсё мые, мые, мые... Планіда ў яе такая, лічыць Мікалай Старых з Гомеля. "Глянуў я на конкурсны здымак, — піша ён, — і прыгадаў анекдот. Вучоныя вырашылі правесці эксперымент. На бязлюдным востраве пасялілі двух мужчын і жанчыну (усе трое — з усходніх славян). Праз год прыехалі паглядзець, як жа яны жывуць. Першае, што ўбачылі: сядзяць мужыкі ў цянёчку. Адзін — нешта піша, другі — падлічвае. — А дзе ж ваша жанчына? — цікавяцца. — Народ? — перапыталі начальнікі і адказалі: — Народ у полі". То якраз яму, нашаму гераічнаму "народу", і прысвяціў свае радкі спадар Мікалай: У жанчын мільён турбот: Зранку лёцьма да работ. Пасля працы ў іх як мам Марш-кідок па коле крам, Потым — сем'і накарміць, Прыбіраць, бялізну мыць... Вось яно жанкам такім Пелька ў лютым — не экстрым. Што праўда, то праўда. "Я часта думаю, што чалавек можа вельмі шмат, але ён, на жаль, не ўдасканальвае свае фізічныя і разумовыя здольнасці, а ўсё перакладвае на плечы машын. Цывілізацыя робіць людзей пестунамі, — піша спадарыня Гудачкова з Жыткавіч і ўспамінае, як дзед яе ("рыбак быў, якіх пашукаць!") хадзіў на рэчку з дзядзькам Сцяпанам. Аднойчы сцямнела — пакуль прарубілі палонку, паставілі сеткі... Дзед і кажа: "Давай трохі паспім, пакуль рыба налезе". І... паспалі ж! Зімой, на лёдзе! А якая там вопратка была: у дзядзькі — паношаны кажух ды боты, а дзед і наогул у ватоўцы быў. І цягнулі сеткі голымі рукамі, імі ж бралі рыбу. Вось такія людзі былі". І, дзякуй Богу, ёсць! "У двары на сонечным месцы я зрабіла невялічкую пабудову: мо метра паўтара на паўтара, — дзеліцца спадарыня Валянціна. — Адна сцяна паўночная, глухая, з дошак, там і дзверы. А верх і астатнія сценкі абцягнула плёнкай у два слаі. Як парнічок: калі сонца, дык там цяплей, летам нават горача, а зімою так, як на двары. Толькі што не капае і не дзьме. І вось ужо гадоў 15 зімой і летам, кожную раніцу і кожны вечар, я іду туды з вядром вады (набіраю з калодзежа) — распранаюся, абліваюся з вялікай конаўкі (Бр-р-р... Нават пісаць пра гэта холадна. — Аўт.). Потым выціраюся, апранаюся і — па хатніх справах. Вось такая ў мяне загартоўка. А ў палонцы купацца не даводзілася. У нас у Жыткавічах яе няма, ды і трохі боязна. Аднак я ведаю, што маржом можа стаць хоць хто. Трэба толькі перагледзець свой лад жыцця". Спадарыня Янучок з в. Нагорнае, Клецкага раёна піша пра тых, хто ўжо перагледзеў: Ёсць жанчыны-маладзіцы — У жылах кроў, а не вадзіца! Што ім люты? Што мароз? Падатрэ любому нос! А то і ўсім пяцярым! Тут справа прынцыпу, магчыма? Яшчэ захаваліся бабы, Якіх не палохай агнём. Такія адважацца, мабыць, Звалодаць шалёным канём. Ці возьмуць — ды боўць у палонку. У загс павядуць за руку, Абы ты назваў яе жонкай... Абы насаліць мужыку! піша Анатоль Гарачоў. І, паглядзеўшы на здымак, ведае, чым канкрэтна насаліла вось гэтая баба: Хай гагочуць гусі, Хай смяюцца качкі: Зноў знайшла Маруся Мужаву заначку! Ну што тут скажаш — малайчына, Маруся!.. І жанчыны наогул, сцвярджае спадарыня Кусянкова з Рагачоўшчыны: У апратках мужыкі, А сагнуліся — у крукі: Каб у пельку — то ім слаба, Не баіцца толькі баба. Чаму? Меркаванні на гэты конт разышліся — прычым у розныя бакі і досыць далёка: Яна і гэтак, яна і так, І на "ты" з вадзіцаю... Не цікавяцца ніяк Хлопцы маладзіцаю! — лічыць спадар Гаўрыш з Чавусаў. Ды наадварот жа, упэўнена спадарыня Ермаковіч з в. Азяраўцы Браслаўскага раёна: Вы ці бачылі такое?! Хто не бачыў — мы раззвонім: І адна ў палонцы — воін: Аж пяцёра ў палоне! А таму: Ну і гарачае ж спатканне — Як дайсці дадому? З галавою ў палонку — Можа, ахалону? — ад імя кабеты піша спадарыня Гудачкова. Ды няма ж ад чаго шукаць тае прахалоды, упэўнены спадар Гаўрыш, які, паглядзеўшы на здымак, лічыць, што Тут іспыты кавалераў (У яе іх роўна пяць): Абяцаюць да халеры, А штаны баяцца зняць... Яна і гэтак, яна і так: То бабром, то рыбкаю, А на іх напаў слупняк — Толькі вочкі лыпаюць. Глядзяць, трэба разумець, захапляюцца — ім відовішча, бо Маржыхі сёння ў модзе. Што ў модзе — то цані: Задарма дзівіцца годзе: Паглядзеў — "бабло" гані! — ад імя кабеты патрабуе спадарыня Ермаковіч. З гэтым, на думку маржыхі (і спадарыні Чыгрынавай з Вілейшчыны) у мужыкоў таксама дрэнна: Дакучала думка дужа, Што пара знайсці ўжо мужа... Але ж тут, як ні зірні, Ну няма пакуль раўні. Няма грашавітых. Няма і смелых: Адна дзеўка на рацэ Утапіла ведзярцэ: Хто яго дастане, Яе мужам стане... Ды няма ахвочых — Трэ самой ускочыць, — піша Валянціна Гудачкова пра кабету. Зрэшты, што мы ўсё пра яе ды пра яе, час пра мужыкоў. Яны, між іншым (на думку спадарыні Лабажэвіч з Клецка), не такія ўжо і нясмелыя. Проста стаяць непадалёк і цалкам лагічна мяркуюць: Нырнуць следам за табой, Можа не пашкодзіць? Але ж рэчка ад адной З берагоў выходзіць! Адкуль — крый Божа, лёд падымецца, крыгаход пачнецца, пабудовы затопіць... Рабі тады, што хочаш. Зрэшты, цяпер людзі ўжо ведаюць, што канкрэтна трэба рабіць у экстрэмальных сітуацыях: выклікаць супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Кадры там падрыхтаваныя, адпаведнай тэхнікай узброеныя, можна сказаць, да зубоў... Адзінае — ім рашучасці можа не хапіць. У дзеяннях: "Надзвычайшчыкі" глядзяць — Ратаваць, не ратаваць?.. Пакуль раду правялі, З бабы бурбалкі пайшлі, — піша пра бедную спадарыня Кусянкова. А, між іншым, як лічаць сябры з гуртка "Юны журналіст" агульнаадукацыйнай школы № 3 г. Вілейкі, шчасце было такім магчымым, такім блізкім, бо кабета, перш чым пусціць тыя бурбалкі, заспявала (ці не голасам Кадышавай?): — Не судзіце мяне, людзі, Не марудзьце, мужыкі. Бо са мной шчаслівы будзе Той, хто выцягне з ракі. Магчыма. Але ж, на думку спадарыні Лапацкай з той жа Вілейкі, рызыка ёсць: Ну, Мікола, ты і выбраў — Нарабіў сабе бяды: Ці русалка тут, ці выдра — Жыць не можа без вады. А, значыць, плёхаецца ў ёй пастаянна. Альбо (на думку спадара Гарачова) зрэдку прыходзіць, прычым з пэўнай мэтай: У палонцы бізнэс-лэдзі Змыць рашылася грахі, А ахоўнікі-мядзведзі Зашпілілі кажухі. Ды дарэмна тых герояў Прывяла яна сюды, Бо любога абяззброіць, Калі вылезе з вады. Ці не пра тыя ж цяжкія грахі (толькі мужчынскія) піша і спадар Дубовік з Бярэзіншчыны: Кожны трэці ўлева ходзіць... Ім вось ведаць не пашкодзіць: Хто ў пельку апускаецца, Таму грэх і адпускаецца: На Вадохрышча... У палонку. Каб не знала толькі жонка! Дык, значыць, прыйшлі яны, а палонка якраз і занятая. Той самай... жонкай — падманула! А вось аднаго свайго мужыка ці ўсіх пяцярых — ёсць пытанне. У спадара Гарачова: Запрасіла дзеўка ў пушчу, Але ж зноў — "кідалава", Бо яна — не Люся Лушчык І не Саша Паўлава. А хацелася б! Бо мужчыны — яны ў большасці сваёй за здаровы лад жыцця — з... гарэліцай, цыгарэтамі, півам, дзяўчатамі... (Хіба ж гэта не здорава?!). Ім здаецца, што яшчэ і як! А вось тым дзяўчатам: Без маржа вусатага Жытка распраклятая... Хоць у пельку, хоць у крык, Выраджаецца мужык! Канстатацыя факта — ад Валерыя Гаўрыша. Ад спадара Астроўскага з Мінска прыгожыя радкі пра маржоў. Не, не тых, якія зімой у палонках купаюцца, а сапраўдных: млекакормячых з атрада ластаногіх, якія вызначаюцца цікаўнасцю і лагодным норавам, харчуюцца малюскамі, жывуць сем'ямі... Прычым у хілых асобін, як правіла, ніводнай жонкі, а ў дужых — з дзясятак. Адкуль і радкі: Я па тэлеку знайшоў Перадачу пра маржоў. І здзівіўся: гэта ж жах, Колькі жонак у маржа! Пры такой вадзе сцюдзёнай Ад чаго імпэт ягоны?.. Як, скажыце, людцы, братцы, Мне вось так загартавацца?! Складанае пытанне, бо Іван Іванавіч, наколькі ведаем, не начальнік ЖЭКа. Вось таго б загартавалі. Прычым (на думку спадара Сітніка з в. Палажэвічы Старадарожскага раёна) лёгка. І на здымку якраз той самы "працэс" загартоўкі. Дзівіцеся: Божа ж мой... Начальнік ЖЭКа! Што загнала чалавека У люты холад у палонку? Угнявіў каханку-жонку? Ці людзей? Прайшла зіма! Вады цёпленькай няма. (Пра гарачую нам, грэшным, Заікацца нават смешна). Вось жанчыны і загналі. Яшчэ й ліфчык прывязалі. Здзек за здзек, гэта называецца, бо не будзеш жа добраму чалавеку ліфчык шкадаваць — хай сфатаграфуецца для найстарэйшай беларускай газеты, якую спадар Дубовік з Бярэзіншчыны настойліва раіў бы ўсім (асабліва чынавенству), па-першае, выпісваць, а па другое, трымаць пры сабе выразкі з рубрык "Хто каго?", "Алё, народ на провадзе!" і зрэдчас зазіраць у іх, каб у тэлевізары не такія кіслыя твары былі. Ход падзей жа да лепшага, лічыць Міхаіл Паўлавіч — значыць, можна ўсміхацца. А хоць бы і таму, што Неяк баба захацела Акунуць душу і цела... Ну яна ж не вінавата, Што рачулка мелкавата?! (Пытанне ад спадарыні Чыгрынавай). ...Завяршыць жа агляд хацелася б аптымістычным (ад спадара Гарачова): Па-над Прыпяццю і Бугам Зімка люта дыхае. Мужыкі і хлопцы цугам Ходзяць за маржыхаю. Зімой... Што ўжо казаць пра вясну?! Хіба тое, што яна (і гэта непазбежна!) — ідзе... Нават прыйшла, калі верыць календару. А значыць, пера-зіма-валі! З чым і хочацца павіншаваць усіх чытачоў-падпісчыкаў, усіх удзельнікаў конкурсу і... адну пераможцу. На думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі да здымка пра гандаль у крэдыт ("Звязда" ад 22.01) даслалі спадары Нефідовіч з Лунінеччыны, Гаўрыш з Чавусаў, Гарачоў з Іўеўшчыны, спадарыні Бурко з Бярэзіншчыны, Тарасік з Мінска, Лабажэвіч з Клецка і Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна. З гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету накіроўваецца на Вілейшчыну. Хочаце, каб да вас? Пішыце! Здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за восем радкоў), дасціпна, разборліва і па-беларуску.Валянціна Доўнар, Фота Анатоля Клешчука. Р.S. Спадар Спірыдовіч з г.п. Івянец анекдот даслаў. Сустракаюцца два мужыкі. — Як справы? — пытае адзін. — Выдатна! — адказвае другі. — У "Звяздзе" друкуюся. — Ух ты! І што ж надрукаваў? — Аб'яву. Адчулі: аб'яву... І ўжо шчаслівы. Зрабіў палову той, хто пачаў! Пішыце. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чыстая праўда (у Аўцюках, як вы ведаеце, бывае і чыстая брахня): адзін з тамтэйшых вяскоўцаў, значыць, з жонкай палаяўся — у чарговы раз. І вырашыў, што ўсё: гэта — ужо... |
|