Новыя лісты пра галоўнае. 21.by

Новыя лісты пра галоўнае

05.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Што адрознага ў гэтым пісьме ад іншых, — знешне яно акурат як заява (з уласцівымі ёй — каму, ад каго...). Што агульнага — з тымі ж іншымі "аб галоўным", — напісана яно (так і пазначана) "крывёю сэрца", з апраўдальным у першых радках: "Прабач, дарагая газета, за такі вось пачатак, але ён, можа, здолее перадаць, як горача я хацеў бы падтрымаць усіх, хто выступае ў абарону Бацькаўшчыны, у абарону мовы. Тым больш, што гэта мае землякі дадумаліся паставіць дарожны паказальнік "Старая Дзярэўня". А гэта можна расцэньваць не інакш, як усё — прыехалі. А некалі ж...

Дзяцінства і юнацтва маё, — успамінае аўтар ліста і, дарэчы, падпісчык "Звязды" з больш чым 50-гадовым стажам (!) спадар Тышко з Віцебска, — прайшлі ў гэтым цудоўным кутку Свірска-Нарачанскага краю. Пасля вайны там ці не ўсё раённае начальства было рускае — з партызан 16 Смаленскай брыгады. Але ж нават тады Старую Вёску ніхто не называў Старой Дзярэўняй. Больш за тое — з намі, мясцовымі школьнікамі, нашымі бацькамі і само начальства, і іх дзеці размаўлялі "папросту" — гэта значыць, па-беларуску. Што ж цяпер?

Да лепшага, здавалася б, мяняецца аблічча Віцебска: будуецца горад, прыбіраецца. І ці не разам са смеццем выкідвае старыя, часам беларускія, шыльды: назвы ўсіх крам, аптэк, банкаў, устаноў напісаны цяпер па-руску. Альбо...

На галоўнай плошчы быў рэстаран — "Журавінка". Пасля рэканструкцыі шыльда, можна сказаць, засталася, але ж з рускім "і". (А ёсць жа яшчэ і "Левонихи")... Ці ж гэта не здзек?

...Да гонару будзе сказана, — працягвае спадар Тышко, — наш новы старшыня аблвыканкама першую дзяржаўную ведае, на ўрачыстасцях карыстаецца, але ж заняты ён іншымі справамі і не заўважае, як ідзе паступовая русіфікацыя старажытнага беларускага горада. Факты? На ўсім будынку нашага ўніверсітэта расцяжка: "Витебский государственный университет им. П.М. Машерова". Тое ж самае на гмахах медыцынскага і тэхналагічнага, на сярэдніх навучальных і лячэбных установах. Раней хоць па радыё, па тэлебачанні гучала: "Гаворыць і паказвае Мінск". Цяпер у моўным плане беларускія каналы нічым, лічы, не адрозніваюцца ад расійскіх. Прынамсі, наш першы нацыянальны вяшчае па-руску. Значыць, ён рускі нацыянальны? Трэба так разумець?"

І ці не ў выніку атрымліваецца замкнутае кола: нідзе не чуючы беларускай, не бачачы яе, людзі змалку пачынаюць думаць па-руску. І тады ім нават у галаву не прыходзіць, што тую ж шыльду (ды яшчэ ў Віцебску, дзе бывае столькі гасцей) лепш напісаць на першай дзяржаўнай, што на ёй, беларускай, можна размаўляць, чытаць, пісаць і тым самым нагадваць усім, што ёсць такая мова, ёсць такая, адрозная ад іншых, нацыя...

"Яшчэ нядаўна ў нашы галовы ўбівалі, што ўсе хутка сальюцца ў адну "невиданную доселе общность людей — советский человек", з адной мовай — рускай. Ва ўніверсітэце, — піша спадар Шулякоўскі з Мінска, — я старанна канспектаваў гэтую лухту, больш за тое, падчас камандзіровак у Літву хацеў пераканаць тамтэйшых калег, што "единая нация с единым языком" будзе — вось паглядзіце!

Яны мяне шчыра шкадавалі, казалі, што нельга з варон, салаўёў і жаўрукоў стварыць гібрыд, а значыць, ніколі не атрымаецца "невиданной доселе общности птиц". Яны даказвалі (не аддавалі дзяцей у рускамоўныя садкі), што ніколі не адракуцца ад роднай мовы...

Каюся: я лічыў іх злоснымі нацыяналістамі, кансерватарамі, я не разумеў тое, што цудоўна разумелі яны: нельга быць чалавекам без роду і племені.

Цяпер, калі гэта "дайшло" (і, дзякуй Богу, не ўчора), лічу, што людзі, якія толькі стогнуць пра гібель мовы і нічога не робяць для яе выратавання — проста халопы.

Але ж, звярніце ўвагу: у вёсках, мястэчках, малых гарадах, дзе начальства на душу насельніцтва ўсё-такі менш, дзе яно ад чалавека далей, мова яшчэ жыве — людзі размаўляюць па-беларуску".

А яшчэ, як падаецца, яны іначай жывуць.

"Увечары, хоць за дзень і натамлюся, хоць некалькі старонак ды ўсё ж прачытаю, — піша спадарыня Гудачкова з Жыткавічаў і дадае: — Якая ж цудоўная ў нас ёсць проза, якія прыгожыя, лёгкія для памяці вершы! І ўсё — пра наша жыццё! І ўсё — настолькі сугучнае ўласным думкам!.. Гэта, ну відавочна ж, таму, што ім, нашым пісьменнікам, паэтам, баліць тое ж, што і нам...

Заняпад беларускай мовы, — працягвае спадарыня Гудачкова, — пачаўся не сёння. Наша раённая газета з нагоды свайго 80-годдзя падарыла чытачам адзін з першых нумароў (№ 4 за 8.03.31 г.). Чытаю ў ім нататку (прабачце — даўгаватая цытата. — Аўт.): "Ад настаўнікаў Бялёўскай школы пачуць гутарку на белмове вельмі цяжка. Сярод насельніцтва яны заўсёды гутараць на расійскай мове, кажучы: "Сяляне лепш разумеюць расійскую мову"...

Разважаньням "Сяляне не разумеюць белмовы" патрэбна пакласьці канец, бо гэтая думка варожая, і ёй не павінна быць месца сярод настаўніцтва, якое з'яўляецца непасрэдным удзельнікам у правядзенні ў масы культуры, нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зьместу".

Значыць, і тады ўжо людзі білі ў званы, заступаліся за сваю мову, гаварылі, а зрухаў няма: старэйшае пакаленне, вясковыя людзі паміраюць, адыходзяць, а з імі адыходзіць і мова. Спыніць гэты працэс, — піша спадарыня Гудачкова, — можна толькі зверху, на дзяржаўным узроўні".

Але ж... Яшчэ продкі нашы казалі: "Пакуль сонейка ўзыдзе, раса вочы выесць". Ведаючы гэта, людзі, нягледзячы ні на што, карыстаюцца мовай самі, вучаць дзяцей, не без бою, на жаль, ствараюць беларускамоўныя класы і групы ў садках і школках, выпісваюць тую ж "Звязду", купляюць, бяруць у бібліятэках беларускія кніжкі, пішуць... Нехта — раманы і апавяданні, прыгожыя вершы, песні, нехта (пры неабходнасці) — заявы з патрабаваннем адказаць менавіта на першай дзяржаўнай, нехта — тыя ж лісты ў рэдакцыю.

"Найперш хачу падзякаваць газеце за радасць чытаць. Да кніжак — праца, сям'я — рукі не даходзяць, а "Звязда" — вось яна: з года ў год, з квартала ў квартал, пяць разоў на тыдзень і на роднай мове!

Ці можа не стаць яе, — пытае спадарыня Шапель з Маладзечна і сама ж адказвае: — Можа, бо зусім нядаўна адчула гэта, можна сказаць, фізічна: "З маленства ведала выраз "Каб табе мову заняло!". Так крычалі бабы адна на адну, калі сварыліся. Я чула гэта і думала, што ў крыку пажаданне адно: каб другая сціхла, замаўчала, як кажуць цяпер, заткнулася. А нядаўна вычытала, што мову ў чалавека займае, як правіла, перад скананнем. Дык, высвятляецца, вось чаго ў запале жадалі жанчыны?! А я не ведала. І, напэўна ж, многія?

Гэта і іншае няведанне спараджае няўпэўненасць: чалавек баіцца памыліцца, нешта не так сказаць, быць няправільна зразуметым. І, адпаведна, яму лягчэй пайсці па больш лёгкай дарожцы, адмовіцца ад роднай мовы на карысць іншай. У выніку — нас, беларусаў, як нацыі ўжо, лічы, не чуваць — нам... займае мову".

Што цікава (з уласных назіранняў): дрэнна гаварыць на рускай мове мы можам і гаворым, дрэнна на беларускай — сорамна, няёмка, а таму — гэта пазіцыя многіх — мы не будзем яе каверкаць, не будзем размаўляць — нават пачынаць...

Але гэта яшчэ палова бяды. Другая — у тым, што... не дадзім і іншым. Не раз і не два даводзілася сутыкацца з так званымі "ахоўнікамі", якія, пачуўшы беларускую, тут жа напружвалі слых, лавілі кожнае слоўца, каб на нейкім, можа, не вельмі дакладным (чаго не бывае) такі спыніць, абарваць чалавека гнеўным: "Сперва разгаварываць научыцесь, а ўжэ патом...".

І яшчэ. Не раз і не два пыталася (прынамсі, у прадавачак), чаму яны (ну, тутэйшыя ж, як правіла, у нашых школах вучыліся!), ніколі і нікому не кажуць чароўных беларускіх слоў "дзякуй" і "калі ласка"?

Жанчыны, мужчыны, дзяўчаты адказвалі досыць аднадушна і... нечакана: "Потому, что по-белорусски надо или все, или ничего. Чтобы не позориться..."

Ці трэба казаць, што ў выніку?

У выніку гэта паўсюднае "ничего" выліваецца ў яшчэ большы "позор": беларусы — ці не адзіная ў свеце нацыя, якая, можна сказаць, сама выракаецца роднай мовы. Альбо — у штодзённы маленькі подзвіг, пра які напрыканцы свайго ліста піша спадарыня Шапель: "...але я не здамся: буду размаўляць па-беларуску і дома, і ў горадзе!.. Вельмі хацела б яшчэ і на працы, але ж я тут новенькая, а значыць, на гэта яшчэ трэба адважыцца і паглядзець, як успрыме начальства".

Не азірацца на яго, не лічыцца з меркаваннем — ва ўсе часы — маглі і могуць не многія.

Спадарыня Пятроўская з в. Ардашы Смаргонскага раёна ў сваім лісце піша:

"...Забыліся нашы "рулявыя", што не хлебам адзіным жывы чалавек, што трэба яму і многае іншае. У тым ліку гонар за ўсё сваё".

Яна, прынамсі, распавядае, як была ў санаторыі ў Трускаўцы, як старалася размаўляць па-руску, каб усе разумелі, як аднойчы ў сталоўцы залапатала на сваёй, беларускай мове. "Як жа гэта прыгожа!" — здзівіліся суседкі па стале і папрасілі, каб не змаўкала, гаварыла яшчэ. "Так што беларускую па сваёй мілагучнасці нездарма ставяць на самыя першыя месцы ў свеце (!), і таму нам, — лічыць чытачка, — трэба ўсім мірам падымацца на яе абарону, будзіць сумленне ў чыноўнікаў...

Працяг гэтых высноў у лісце спадарыні Шыловіч з Ляхавіччыны: "Нашым дэпутатам трэба неяк нагадаць, што яны — беларусы, што людзям хочацца пачуць ад іх хоць адненькае роднае слова. А яшчэ больш яны і ўся краіна чакае ад іх прыняцця закона, які, нарэшце, аддасць усе прыярытэты беларускай мове, што будзе нармальна і натуральна, бо народ зачакаўся яе вяртання.

Чыноўнік (а тым больш дэпутат), які не валодае роднай мовай, не любіць свой край, — працягвае Вера Іосіфаўна. — А інакш ён не вытрываў бы — узняў бы свой голас у абарону мовы. Вось гэта быў бы крок!"

А наогул...

"Некаторыя, — піша спадар Шулякоўскі з Мінска, — тлумачаць сваю непрымірымую пазіцыю па вяртанні старадаўніх слоў тым, што большасць насельніцтва іх не ўспрымае. Але гэта аргументацыя не вытрымлівае крытыкі, бо, калі з Амерыкі, напрыклад, прывезлі бульбу і пачалі распаўсюджваць, сяляне (тая ж самая большасць!), не разумеючы каштоўнасці прадукту, сталі падымаць цэлыя паўстанні. Гэта — толькі адзін прыклад таго, што якраз у большасці часта бывае меней рацыі. І наадварот, як сведчыць гісторыя, больш мудрай і дальнабачнай нярэдка аказваецца менавіта меншасць".

...Паводле папярэдняга перапісу, больш за 85 адсоткаў насельніцтва назвалі беларускую мову роднай, паводле апошняга — толькі 60. Гэта — жахліва! А тым больш, калі ведаць, што і з тых 60 далёка не ўсе мову ведаюць і ёй жа карыстаюцца.

Значыць, нас — меншасць. Але рацыя, праўда — без сумневу — за намі.

Чым і дужыя. Пакуль.

Валянціна Доўнар.

Ад яе ж... <І>У свежай пошце, у чарговых новых "лістах пра галоўнае" — дзве гісторыі пра тое, як у складаных жыццёвых сітуацыях дапамагла, можна сказаць, уратавала людзей мова.

Калі нешта падобнае здаралася і ў вас, напішыце.

(Працяг будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Што адрознага ў гэтым пісьме ад іншых, — знешне яно акурат як заява (з уласцівымі ёй — каму, ад каго...). Што агульнага — з тымі ж іншымі "аб галоўным", —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика