Група — перашкода не заўсёды
20.04.2011
—
Новости Общества
|
Не сакрэт, што праблемы са здароўем у любым выпадку адбіваюцца на ўзроўні даходаў. А тым больш сур'ёзныя наступствы мае група інваліднасці — часта яна становіцца перашкодай для працаўладкавання. Аднак тут далёка не ўсё адназначна. І ў значнай колькасці выпадкаў пенсія па інваліднасці яшчэ не з'яўляецца адзіным варыянтам. Дазвол з аглядкай на вакансіі Зразумела, што пашукаць вакансію можна ўласнымі намаганнямі. Аднак станоўчы вынік тут атрымліваецца не заўсёды, таму нялішне нагадаць: пазнаёміцца з пералікам свабодных працоўных месцаў магчыма ў раённай службе занятасці насельніцтва. А, напрыклад, у сталіцы існуе варыянт і пошукаў праз інтэрнэт — на сайце www.mіnsk.gоv.bу. — Разам з тым, варта памятаць, што пры любой раскладцы ўладкаванне інваліда магчыма толькі з дазволу медыкаў, пры гэтым канкрэтны пералік прафесій, якія дазваляюцца чалавеку з абмежаванымі магчымасцямі, вызначаецца медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй, — зазначае намеснік начальніка аддзела арганізацыі работ па садзейнічанні занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Марына Шахловіч. — Прычым апошнім часам спіс працоўных рэкамендацый пашыраецца — апроч ранейшых стандартных "ліфцёр-вахцёр", цяпер сталі звыклымі варыянты зборшчыка, сарціроўшчыка, упакоўшчыка, камплектоўшчыка, дапаможнага рабочага ці прадаўца. Але і гэта — яшчэ не ліміт. МРЭК усё часцей дае рэкамендацыі з улікам заявак на працоўную сілу. І, да слова, калі заяўкі наймальнікаў і рэкамендацыі не супадаюць, то на працягу 3 месяцаў пасля агляду інвалід можа звярнуцца ў тую ж МРЭК і папрасіць, па магчымасці, падкарэктаваць сваю індывідуальную праграму рэабілітацыі — з тым, каб у гэтай праграме з'явіўся запіс аб прафесіі, па якой ёсць шанцы працаўладкавання. Што зацікавіць наймальніка? Аднак мець "патрэбную" медыцынскую рэкамендацыю і інфармацыю аб вакансіі недастаткова. Калі-нікалі, раіць Марына Шахловіч, нялішне падумаць аб рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага. Тым больш што працэдура гэта не складаная. У прыватнасці, тут спатрэбіцца пашпарт, пасведчанне інваліда, індывідуальная праграма рэабілітацыі, дакумент аб адукацыі, а пры наяўнасці — таксама працоўная кніжка. — Атрыманне статусу беспрацоўнага азначае адно: спецыяліст службы занятасці будзе аказваць дапамогу ў падборы працы, і ў тым ліку — вырашаць пытанні з уладкаваннем непасрэдна з наймальнікам, — адзначае Марына Шахловіч. — Пры гэтым статус беспрацоўнага дае яшчэ адну перавагу — магчымасць удзелу ў праграме адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці. Сутнасць тут у наступным: наймальнік, які прымае ў рамках праграмы інваліда, можа атрымліваць кампенсацыю выдаткаў на яго зарплату, налічэнняў на гэтую зарплату сацстраху і ўзносаў на страхаванне ад няшчасных здарэнняў на вытворчасці тэрмінам ад 6 да 12 месяцаў. Фактычна на перыяд дзеяння праграмы работнік-інвалід з'яўляецца "бясплатным". Таму зразумела, што для наймальніка такі шлях выгадны. А ў сваю чаргу, работнік-інвалід атрымлівае неабходныя для павышэння канкурэнтаздольнасці на рынку працы навыкі і вопыт. Пры неабходнасці — вучыцца Адна з па-сапраўднаму вострых праблем — адсутнасць у чалавека спецыяльнасці, якая адпавядае стану яго здароўя. Аднак часта гэта праблема таксама вырашальная. — Зноў жа на падставе медыцынскага заключэння ёсць магчымасць накіраваць інваліда, які мае статус беспрацоўнага, на прафесійнае навучанне ці перанавучанне. У прыватнасці, у сталіцы часцей за ўсё навучанне ідзе на аператараў ПЭВМ, ліфцёра, кладаўшчыка, аператара газавай кацельні, прадаўца, — распавядае Марына Шахловіч. — Пры гэтым трэба ведаць: пры накіраванні службы занятасці навучанне вядзецца бясплатна, і больш за тое — падчас навучання інвалід будзе атрымліваць стыпендыю. Уласны бізнэс з дзяржпадтрымкай Як паказвае практыка, наймальнікі з большай ахвотай прымаюць інвалідаў на вакансіі з параўнальна невысокай зарплатай — звычайна ў сталіцы гэта 500-900 тыс. рублёў у месяц. Аднак часта больш важна іншае — непасрэдна магчымасць уладкавання. Тым больш, што ў такім выпадку чалавек з абмежаванымі магчымасцямі не губляе такую крыніцу даходаў, як пенсія па інваліднасці. — Да таго ж можна заўважыць: калі чалавек з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце больш за 18 гадоў не мае медыцынскіх проціпаказанняў і адчувае ўпэўненасць ва ўласных сілах, то ён можа паспрабаваць сябе ў бізнэсе, — зазначае Марына Шахловіч. — У такім выпадку для беспрацоўных інвалідаў існуе верагоднасць дзяржаўнай падтрымкі — прадастаўлення бязвыплатнай субсідыі. Памер такой субсідыі ў гарадах складае 11, а ў сельскай мясцовасці — 15 бюджэтаў пражытковага мінімуму. Да слова, БПМ на сёння адпавядае 296.870 рублям. Для атрымання дзяржпадтрымкі неабходна распрацаваць і прадаставіць у службу занятасці бізнэс-план сваёй будучай дзейнасці. Пры гэтым напрамкі прадпрымальніцкай дзейнасці могуць быць рознымі — цырульніцкія паслугі, гандаль, аздабленне тканіны ці выраб жалюзі. Галоўнае, каб надалей дзяржпадтрымка пайшла строга па прызначэнні — на развіццё ўласнай справы. Бо ў адваротным выпадку субсідыю прыйдзецца вярнуць. Сяргей ГРЫБ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не сакрэт, што праблемы са здароўем у любым выпадку адбіваюцца на ўзроўні даходаў. А тым больш сур'ёзныя наступствы мае група інваліднасці — часта яна становіцца...
|
|