Амерыканцы перадалі беларускім дзеткам лекаў амаль на 1 мільён долараў. 21.by

Амерыканцы перадалі беларускім дзеткам лекаў амаль на 1 мільён долараў

21.07.2011 02:01 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Амерыканцы перадалі беларускім дзеткам лекаў амаль на 1 мільён долараў


Амаль на 1 мільён долараў медыкаментаў перадалі Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан і дырэктар міжнароднага дабрачыннага фонда “Надзея-Экспрэс” Міхаіл Собаль Беларускаму навукова-практычнаму цэнтру дзіцячай анкалогіі і гематалогіі.

Згодна са словамі Майкла Скэнлана, гэтая гуманітарная праграма працуе ўжо амаль 20 гадоў. За гэты час у Беларусь з ЗША прывезлі лекаў больш як на 100 мільёнаў долараў. Прычым, як прызналася ў размове з Еўрарадыё намеснік дырэктара цэнтра Аксана Раманава, у Беларусі аналагаў перададзеных гэтым разам лекаў не выпускаюць.

Аксана Раманава: “Аналагаў гэтым лекам у нас няма. Яны нават не зарэгістраваныя ў нас. Бюджэт нашага цэнтра сёння — каля 13 мільярдаў рублёў. І мы маем магчымасць іх набываць, але такія прэпараты — вельмі дарагія. Увогуле, лячэнне рака — вельмі дарагое “задавальненне”. І таму гэты груз, які нам сёння дораць, ён незаменны. А на зэканомленыя грошы мы набудзем іншыя медыкаменты, таксама жыццёва неабходныя. І ўсё дзякуючы гэтаму грузу”.

Тое, што нават у ЗША гэтыя перададзеныя хворым на анкалогію беларускім дзецям лекі каштуюць дорага, пацвердзіў і дырэктар фонда “Надзея-Экспрэс” Міхаіл Собаль.

Міхаіл Собаль: “Цюбік таго ж “Амбізома” каштуе 460 долараў, “Касмеген” — больш за 600 долараў, а вось адна ампула “Алімта”, якую мы перадаем у Рэспубліканскі анкацэнтр, каштуе 3300 долараў. Усе анкалагічныя прэпараты вельмі дарагія, і для бюджэта гэта заўсёды вялікая нагрузка”.

Паводле яго словаў, у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам фонд не можа перадаваць лекі наўпрост хворым — толькі ў медычныя ўстановы. Але ні разу, кажа, не было выпадку, каб ім стала вядома, што прэпараты былі скарыстаныя “не па прызначэнні” ці замест дзяцей патрапілі іншым хворым. І Аксана Раманава ўпэўніла, што яны вельмі сур’ёзна ставяцца да пытання размеркавання лекаў з гуманітарнай дапамогі.

Аксана Раманава: “Кожны прэпарат прызначаецца кансіліумам, у складзе якога — дырэктар цэнтра. І кожны доктар мусіць даказаць, што ў дзіцяці ёсць ускладненне, пры якім патрэбны менавіта гэты прэпарат. У кожным разе, лекі ідуць толькі дзецям. І незалежна ад таго, які ў дзіцяці сацыяльны статус”.

У той жа час Міхаіл Собаль прызнаўся, што пасля кожнай пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў яго з’яўляецца жаданне больш не займацца гэтай справай.

Міхаіл Собаль: “Да нашых гуманітарных паставак такое ж стаўленне, як да шараговай бізнэс-пастаўкі медыкаментаў. Тыя ж дакументы, тыя ж абавязальніцтвы... Ужо пасля таго, як я нарэшце атрымаў гэты груз, у Міністэрства аховы здароўя на яго перадаў 460 старонак суправаджальных дакументаў. Зразумела, што гэта не цукеркі — лекі, сур’ёзная рэч. І ўсё мусіць быць у межах правілаў, але магчыма, што некаторыя з іх трэба перагледзець”.

А тое, што асноўны цяжар усёй працы ў гэтым накірунку ляжыць на няўрадавых арганізацыях, якія не займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, пацвердзіў і Часовы павераны Майкл Скэнлан.

Майкл Скэнлан: “Мы проста забяспечваем падтрымку такім праграмам. Асноўны груз ляжыць на няўрадавых арганізацыях у ЗША і Беларусі. Наш урад не кантралюе існаванне і працу няўрадавых арганізацый — ён стварае асяродак, у якім гэтыя арганізацыі могуць існаваць, а не стварае бар’еры. А існаванне такога артыкула, як 193-і (Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Караецца паводле беларускага заканадаўства крымінальнай адказнасцю — Еўрарадыё), абсалютна не адпавядае гэтаму прынцыпу”.

Майкл Скэнлан распавёў, што яго маці была хворая на рак. І толькі дзякуючы лекам кшталту тых, якія гэтым разам былі прывезеныя ў Беларусь, яна не толькі пражыла больш на 10 гадоў, але і каталася на роліках, на байдарцы. Часовы павераны паабяцаў, што зробіць усё ад яго залежнае, каб гэтая праграма працягвала дзейнічаць, і каб хворыя беларускія дзеці не толькі пазбавіліся сваіх хваробаў, але і хутчэй сталі на ролікі.

Дарэчы, паводле Аксаны Раманавай, 74% хворых на рак дзяцей атрымліваецца цалкам вылечыць. І такая гуманітарная дапамога для гэтага не менш важная за прафесіяналізм нашых дактароў.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль на 1 мільён долараў медыкаментаў перадалі Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан і дырэктар міжнароднага дабрачыннага фонда...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика