Рэлігійная адукацыя ў школе: крок наступны. 21.by

Рэлігійная адукацыя ў школе: крок наступны

30.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У маі—ліпені мінулага года на старонках "Звязды" разгарнулася дыскусія вакол выкладання рэлігіі ў школе. Нагодай сталі ХVІ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзьеўскія чытанні, арганізатарам і фундатарам якіх выступіў аднайменны Хрысціянскі адукацыйны цэнтр. Нядаўна свет убачыў зборнік матэрыялаў гэтых чытанняў, прысвечаных тэме рэлігійнай культуры ў кантэксце свецкай адукацыі. Яшчэ адным працягам тэмы стаў сёлетні Летні багаслоўскі інстытут (ЛБІ-2011), у рамках якога адбыўся семінар "Выкладанне асноў рэлігійнай культуры ў дзяржаўных школах. Вопыт Германіі і вопыт Беларусі". Арганізатары ЛБІ-2011 запрасілі журналіста "Звязды" да ўдзелу ў семінары.

Інтэлектуальны пір на Мядзельшчыне

Летні багаслоўнскі інстытут упершыню ў Беларусі быў арганізаваны ў 1999 годзе па ініцыятыве Біблейска-багаслоўскага інстытута імя св. Апостала Андрэя (Масква) і Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірылы (Мінск). З таго часу кожны год ён збірае на некалькі тыдняў тэолагаў, студэнтаў, журналістаў, урачоў, настаўнікаў і хрысціянскую моладзь, а апошнім часам у ім бяруць удзел таксама скептыкі і людзі, якія не вызначыліся ў пытаннях веры, але жадаюць павысіць узровень сваіх ведаў у тэалогіі і скласці ўяўленне аб стане сучаснай багаслоўскай думкі.

ЛБІ адбываецца, як правіла, на ўлонні прыроды, у пэўнай ізаляцыі не толькі ад гарадской мітусні і звыклага жыцця, але і ад людзей старонніх. Звычайна гэта — невялікія базы адпачынку ў маляўнічай мясцовасці. Лекцыі часта чытаюцца проста пад адкрытым небам. Гэта дазваляе слухачам літаральна пагрузіцца ў атмасферу інтэлектуальнага піру, пэўны час жыць разам і мець зносіны з вучонымі, гісторыкамі, аднадумцамі і апанентамі, у спрыяльнай і добразычлівай атмасферы весці дыскусіі, абменьвацца вопытам, пашыраць і сістэматызаваць свае веды.

Псіхатэрапеўт Уладзімір КАБАНАЎ (Светлагорск) чытае лекцыю, прысвечаную ўзаемаадносінам у сям'і ў Летнім багаслоўскім інстытуце-2011. — Сёлетняя праграма Інстытута складалася з дзвюх сесій, — расказаў "Звяздзе" кіраўнік аргкамітэта ЛБІ-2011, кіраўнік Цэнтра Міжнародных сувязяў і развіцця багаслоўскай адукацыі Інстытута тэалогіі БДУ Рыгор ДАЎГЯЛА. Галоўнай асаблівасцю стаў семінар, на які мы ўпершыню запрасілі не толькі настаўнікаў рэлігіязнаўчых прадметаў, але і свецкіх чыноўнікаў з Беларусі і Германіі, у сферу інтарэсаў якіх уваходзіць супрацоўніцтва з рэлігійнымі арганізацыямі.

Удзельнікі семінара сышліся ў меркаванні, што цікавым быў не толькі нямецкі вопыт, але і магчымасць даведацца пра вопыт выкладання факультатыўнага курса "Асновы праваслаўнай культуры" ў розных рэгіёнах Беларусі.

— Мы пакуль што варымся ва ўласным соку, — заўважыла метадыст Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена БАГАЦЮК. — Выкладанне рэлігіі ў школе — вельмі малады напрамак, таму мне цікава было пазнаёміцца з людзьмі, якія працуюць у гэтай сферы. Тое, што дзяржава і Царква ўвялі такі факультатыў, несумненна, добра. Але агульнай методыкі няма. Немцам прасцей: у іх ёсць заканадаўчая база, шматгадовы вопыт. Цяпер, пасля ўдзелу ў семінары, я лепш уяўляю, якім павінна быць выкладанне рэлігіі і каму гэта варта даручаць.

Нямецкі вопыт

Выкладанне рэлігіі ў школах Германіі знаходзіцца пад кантролем дзяржавы і адбываецца ў адпаведнасці з прынцыпамі канкрэтнай рэлігійнай абшчыны. Такія заняткі ўваходзяць у склад абавязковых прадметаў ва ўсіх школах, больш за тое, гэта — адзіны гарантаваны прадмет у канстытуцыі.

— Мы жывём у краіне, дзе дзяржава і Царква, таксама як і ў Беларусі, аддзеленыя адно ад аднаго, — патлумачыў журналісту д-р Вольфрам фон МОРЫЦ, кіраўнік аддзела па пытннях адукацыі і школ епархіі Евангелісцка-Лютэранскай царквы зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія (г. Білефельд). — Але ва ўсіх школах рэлігійныя ўрокі з'яўляюцца абавязковымі. Пакуль дзіцяці не споўніцца 12 гадоў, рашэнне аб наведванні такіх урокаў прымаюць бацькі, з 12 да 14 гадоў — дзеці і бацькі разам, а з 14 гадоў дзеці самастойна вырашаюць, слухаць курс далей альбо не. Аднак выкладанне рэлігіі мае ў нас такую высокую папулярнасць, што адмаўляюцца адзінкі — толькі 5 адсоткаў усіх вучняў. Такія дзеці і падлеткі выбіраюць іншы прадмет, у якім апавядаецца пра тыя ж самыя каштоўнасці, напрыклад, этыку альбо філасофію.

Яшчэ адна агульная рыса нашых краін — шматканфесійнасць і прынцып роўнасці перад законам. Кіруючыся гэтым прынцыпам, Германія імкнецца даць магчымасці для выкладання рэлігійных заняткаў прадстаўнікам усіх веравызнанняў. Акрамя евангелісцкіх і каталіцкіх курсаў, існуюць таксама праваслаўныя ўрокі на нямецкай мове, завяршаецца распрацоўка канцэпцыі ісламскіх заняткаў.

— Я выкладаю евангелісцка-лютэранскі курс, — расказала пастар і выкладчык вучылішча ў горадзе Дортмунд Андрэа АУРАС-РАЙФЭН. — Мы імкнёмся навучыць школьнікаў самастойна прымаць рашэнні і знаходзіць уласны адказ на пытанне пра сэнс жыцця. Асноўная ідэя — даць чалавеку арыенціры ў грамадстве і жыцці, навучыць яго разбірацца ў шматлікасці рэлігійных арганізацый. Размова ідзе пра выхаванне ўласнай ідэнтычнасці. У Германіі мы ўвесь час чуем, што рэлігійная адукацыя вучыць людзей добра сябе паводзіць, але ўрокі рэлігіі — гэта, перш за ўсё, выхаванне самастойных асоб, якія здольныя крытычна разважаць.

— Наш вопыт паказаў, што лепш, калі настаўнік не з'яўляецца нейтральным адносна якой-небудзь рэлігіі, а прытрымліваецца той традыцыі, пра якую апавядае, — дадаў д-р Морыц. — Вельмі добра, калі і вучні, і іх бацькі дакладна ведаюць, якога веравызнання прытрымліваецца настаўнік у жыцці і светапоглядах. Таму той, хто жадае выкладаць рэлігію, павінен мець дзяржаўную педагагічную адукацыю і права выкладаць, а таксама дазвол Царквы. Такім чынам дзяржава і Царква сумесна вызначаюць працэс выкладання рэлігіі ў школах.

Нямецкія ўдзельнікі семінара падкрэсліваюць, што прыехалі ў Беларусь зусім не для таго, каб імпартаваць сюды сваю мадэль рэлігійнай адукацыі. Беларускае грамадства само зможа выбраць, ці трэба і як трэба выкладаць рэлігію ў школах. "Мы не лічым, што маем нейкі ідэал, — кажуць яны, — але ў нас вялізны вопыт, 200-гадовая гісторыя рэлігійнай дыдактыкі. Гэта гісторыя пераадольвання шматлікіх праблем, гісторыя радыкальных змяненняў. Нашы ўяўленні пра тое, якімі павінны быць урокі рэлігіі, не канчатковыя, і яны будуць мяняцца і ў далейшым".

— Не існуе і такога разумення, як "добрая мадэль" ці "дрэнная мадэль", — заўважае д-р Морыц. — Для кожнай краіны можа падысці ўнікальная мадэль. Беларускае грамадства зараз перажывае пэўныя перамены, і я ўпэўнены, што рэлігійная адукацыя дазволіла б умацаваць насельніцтва, зрабіла яго больш упэўненым і дапамагла знайсці свой уласны шлях развіцця.

Семінар наведаў таксама намеснік кіраўніка Амбасады ФРГ у Мінску Петер Дэтмар.

— Для мяне вельмі важна магчымасць грамадзянскага дыялогу ва ўсіх яго формах, — сказаў ён. — Я лічу, што выкладанне рэлігіі з'яўляецца надзвычай важнай часткай нашага жыцця. Праз такія ўрокі мы перадаём пакаленню, якое падрастае, важны жыццёвы аспект. Вядома, маладыя людзі маюць права на ўласнае рашэнне. Ім вырашаць, што ў далейшым рабіць з тым, што яны набылі. Але якраз для таго, каб даць магчымасць выбару, мы і павінны пазнаёміць гэтых людзей з рэлігійнымі поглядамі.

Беларускі вопыт

Зараз у Беларусі падпісана пагадненне Міністэрства адукацыі і Праваслаўнай царквы, згодна з якім у школах можа выкладацца рэлігіязнаўчы факультатыў, напрыклад, "Асновы праваслаўнай культуры" або падобны. Для гэтага трэба, каб бацькі напісалі калектыўную заяву, а кіраўніцтва школы іх падтрымала і ўставіла факультатыў у расклад заняткаў. Але гэта не ўсё. Патрэбны яшчэ праграмы, кадры і жаданне саміх вучняў.

Зацверджанай праграмы для такога факультатыву з першага па 11 клас пакуль няма. Ёсць праграмы для асобных класаў, у асноўным для старэйшых: "Асновы рэлігіязнаўства", "Рэлігія і культура", "Біблія і сусветная літаратура", якія закранаюць маральна-духоўныя пытанні. Ёсць яшчэ эксперыментальныя пляцоўкі ў школах і дзіцячых садках, дзе таксама праводзяцца ўрокі маральнага зместу, практыкуюцца і выхаваўчыя мерапрыемствы ў розных школах падчас класных гадзін з удзелам прадстаўнікоў царквы.

Знайсці настаўніка можа аказацца не проста. Важна, каб чалавек меў не толькі педагагічную адукацыю, веды ў галіне багаслоўя, быў зацікаўлены ў поспеху свайго курса, але і падаваў дзецям асабісты прыклад.

— Фарміраванне такіх кадраў — не толькі задача дзяржавы і Царквы, але і грамадства, — упэўнены кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Аляксандр ШЫМБАЛЁЎ. — Але рух наперад у плане выкладання рэлігіязнаўчых дысцыплін у школе ёсць: колькасць дзяцей, якія жадаюць наведваць такія факультатывы, расце.

Кацярына Шахрай, настаўніца фізікі і астраноміі па адукацыі, выкладае "Асновы праваслаўнай культуры" ў 5-7 класах Калінкавіцкай сярэдняй школы № 2 ужо чатыры гады. Для выпускнікоў яна чытае курс "Сямейнае выхаванне". Яе факультатывы наведваюць амаль 100 працэнтаў вучняў. Яна расказвае, што бацькоў ёй пераконваць не даводзіцца, яны вельмі рады такой магчымасці. Галоўнае, каб захацелі самі дзеці.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,

Мядзельскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У маі—ліпені мінулага года на старонках "Звязды" разгарнулася дыскусія вакол выкладання рэлігіі ў школе. Нагодай сталі ХVІ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзьеўскія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика