Рандэву
13.08.2011
—
Новости Общества
|
Раней яна часта падпарадкоўвалася настрою. І імгненным парывам. З цягам часу на гэту яе асаблівасць наслаілася шмат чаго іншага, але жаданне хоць зрэдку прыслухоўвацца да свайго сэрца і рабіць нешта, з пункту гледжання цвярозага розуму, бязглуздае, не знікла. Дзякуючы чарговаму такому парыву яна апынулася ў горадзе свайго юнацтва. Проста прачнулася аднойчы раніцай, рассунула шторы, адкрыла акно, усміхнулася сонцу, паслухала, як нетаропка перагаворваюцца на ніжняй лоджыі муж з жонкай, паназірала, як старанна працірае дзверкі сваёй машыны сусед... Выпіла кавы, дастала з антрэсоляў "паходныя" красоўкі, сабрала валасы ў "хвосцік", закінула за плячо сумку і паехала на вакзал. У касе яна ўзяла білет на хуткасны аўтобус і праз дзве гадзіны язды выйшла на знаёмай станцыі. Не тое каб яна тут даўно не была. Была. Або праездам, або ў камандзіроўцы, калі галава забіта справамі, калі трэба трымаць сябе "ў рамках", адпавядаць "статусу", быць навідавоку, знаёміцца, ветліва ўсміхацца, адказваць на пытанні, рабіць заўвагі і г.д. і да т.п. У такія моманты нельга расслабляцца, нават ненадоўга, а значыць, не варта прыадчыняць дзверцы ў мінулае і ўпадаць у настальгічны транс. Эмоцыі — перашкода працы. У яе выпадку, калі ад кожнай такой сустрэчы залежыць заробак амаль сотні падначаленых, пра гэта трэба заўсёды памятаць. — Танюха... Танечка, няўжо ты?.. Ад нечаканасці яна рэзка спыняецца і паварочваецца ў бок лавачак, якія стаяць уздоўж асфальтаванай дарожкі ў скверыку. Паколькі на дарожцы больш нікога няма, звярталіся, трэба думаць, да яе. Але хто? З лавачкі паднімаецца мужчына, махае ёй рукой, разгублена ўсміхаецца... Караткаватыя, з сівізной, валасы, зачасаныя назад, худы, моцна абветраны, няголены твар, пакамечаная, не першай свежасці кашуля навыпуск, спартыўныя штаны з расцягнутымі "каленкамі", летнія туфлі на босую нагу... Гэта ён паклікаў яе па імені. Памыліўся? Ці мала на свеце Тань-Танюх, а ў такога, напэўна, іх цэлы гарэм, ад яго ж за вярсту патыхае перагарам і танным прытонам. — Не пазнаеш, Танечка? Гэта ж я, Толік, мы жылі па суседстве. А вось мой "фірменны" знак! — ён паварочвае галаву і дакранаецца да сваёй шчакі. Яна заўважае на шчацэ рубец і цёмна-карычневую пляму. Не можа быць... Сапраўды Толя. Якая сустрэча! У сэнсе, якая дзіўная сустрэча. Адкуль ён мог ведаць? Не, зразумела, не мог. Гэта выпадковасць... Як я рады цябе бачыць! Шыкоўна выглядаеш, зусім не змянілася. А чым займаешся?.. Ды так, кірую невялікім прадпрыемствам, цяпер вось у адпачынку, пацягнула да родных мясцін... А хіба ў цябе, Танечка, нехта тут застаўся?.. Не, не засталося, я сама па сабе, проста гуляю, дыхаю, адпачываю... Цудоўна выглядаеш, Таня... Затое пра цябе гэтага не скажаш! Ён сеў на лавачку і матнуў галавой у знак згоды: — Сапраўды не скажаш. Я ўжо дзве ночы дома не начаваў. Жонка з цешчай, напэўна, з ног збіліся, шукаючы мяне па знаёмых. А я тут, на самым бачным месцы, ды яшчэ з табой! Што яшчэ трэба для шчасця? Ён засмяяўся звонкім, радасным смехам, як чалавек, не абцяжараны ніякімі турботамі, у тым ліку і пакутамі сумлення. Яна прысела побач, ужо не баючыся, крыху ўзрушаная гэтай сустрэчай, як бываеш узрушаны сном, у якім убачыў фрагменты з дзяцінства. — Не, ну ты падумай! — не сунімаўся ён. — У мяне з раніцы было нейкае прадчуванне... Спачатку хацеў падысці ў кінатэатр, дамаляваць афішу, потым перадумаў. Выйшаў падыхаць свежым паветрам, і ногі самі прынеслі сюды... Сядзі так, не варушыся... У цябе такі профіль! Я абавязкова намалюю твой партрэт, вось толькі разбяруся з афішамі... Памятаеш, як я маляваў цябе ў дзяцінстве? Ха-ха... Усе сшыткі на гэта пераводзіў. А ты выхоплівала свае партрэты і рвала іх на дробныя кавалкі, каб ніхто не ўбачыў. А я ўсё роўна маляваў... І тады, калі мы сядзелі на гэтых бярвёнах... Яна павяла плячамі і вінавата ўсміхнулася: — Не трэба, Толя, прашу цябе, лепш не трэба... — Ну што ты, я ж не папракаю!.. Калі б не гэта... здарэнне, я так ніколі і не даведаўся б, што падабаюся... падабаўся табе. Тады ўсе навокал мітусіліся, выцягваючы мяне з-пад гэтых бярвёнаў, твая бабуля пабегла выклікаць "хуткую дапамогу", ты плакала... А я быў такі шчаслівы!.. Урач, які накладваў мне швы, спытаў, чаму я ўвесь час усміхаюся, няўжо мне не баліць? А я сапраўды не адчуваў ніякага болю, дакладней, гэты боль здаваўся драбязой у параўнанні з тым, што ты мне тады сказала... Ён перастаў гаварыць і пацёр шчаку — у тым месцы, дзе быў шрам. Цяпер яна выразна бачыла гэты рубец — ад скроні і амаль да падбародка. Пакінула пра сябе памяць, нічога не скажаш. Што на яе тады найшло? Сядзелі ціха-мірна на гэтых бярвёнах, пакуль не падышла суседская дзяўчына, дваццаціпяцігадовая Стася, і не прысела побач. На ёй быў кароценькі хатні халацік і... больш нічога. Стася закінула нагу за нагу — так, што агаліліся сцёгны. "А мне партрэт зробіш, мастак? — спытала ў Толіка з выклікам. — Ці ты малюеш толькі тых, з кім..." Яна брудна вылаялася і зарагатала. Ён нічога не адказаў — пачырванеў і апусціў галаву... Таня магла б дараваць яму што заўгодна, толькі не гэта здрадніцкае маўчанне. Яна нахілілася да яго блізка-блізка і сказала так ціха, каб чуў толькі ён: "Ведаеш, я цябе вельмі кахаю. Але яшчэ больш... ненавіджу!". І з усёй сілы штурханула яго ў бок Стасі: "Ідзі, малюй сваю прыгажуню!". Толік не ўтрымаўся на нагах і паляцеў, Стася адскочыла, бярвёны, нічым не замацаваныя, скрануліся з месца і "паехалі" ўніз... — Колькі нам тады было? Пятнаццаць? — спытала яна. — Шаснаццаць. І чатыры месяцы. Мы ж нарадзіліся амаль у адзін дзень... А на наступны год ты ўжо не прыехала да бабулі — паступала ў інстытут, а я ўсё роўна кожны вечар залазіў на гарышча і глядзеў на вашы вокны, доўга глядзеў, думаў — а раптам убачу цябе. — Ну... Я ж прыехала пазней... — Праз год, калі я ўжо служыў у войску. Сястра пісала, што бачыла цябе, што ты стала такая... такая... іншая. І што прыязджала не адна... Ты выйшла за яго замуж? — Схадзіла ненадоўга. — ??? Не сышліся характарамі? — Нешта накшталт. А ты? Рана ажаніўся? — Не рана і не позна. Як усе. Яна працавала касіркай у кінатэатры, я там маляваў. Мілае дзяўчо, вельмі мяне кахала... — Ну што ж, віншую, выдатны выбар. — Выдатны... Толькі мне ніколі, ні разу не хацелася яе маляваць. Нават не спрабаваў. Памаўчалі. — Я, напэўна, пайду, — сказала яна. — Аўтобус ад'язджае ў чатыры гадзіны, а ў мяне яшчэ шмат спраў. Ды і ты ідзі дадому, цябе, напэўна, чакаюць. Не трэба так з імі, яны ў чым вінаватыя? Ён не паспеў адказаць. Ля ўваходу ў сквер з'явіліся постаці дзвюх жанчын — старэйшай і маладзейшай. Заўважыўшы іх, ён занерваваўся, палез у кішэню па цыгарэты... Хацеў закурыць, але рукі моцна дрыжэлі, і запалкі тухлі. — Вось ты дзе! — сказала старэйшая. — Мы паўгорада аблёталі, усіх тваіх прыяцеляў абышлі, а ты тут на сонейку грэешся. Ды яшчэ і не адзін — кралю сабе знайшоў!.. А ты сказаў сваёй кралі, што дома цябе двое дзяцей чакаюць і што ў тваім халадзільніку мыш з галадухі павесілася, а цябе з працы паперлі? Калі б не я... — Не трэба, мама, — спыніла яе маладзейшая. — Знайшоўся — і дзякуй Богу. Пайшлі, Толік, дадому, я там варэнікаў наляпіла, тваіх любімых. Ты ж, напэўна, два дні нічога не еў... — Бывайце, Анатоль Іванавіч, — Таццяна прамовіла гэта выразна і без усялякіх эмоцый. Узяла яго руку ў сваю і моцна патрэсла, як звычайна рабіла гэта падчас дзелавых сустрэч. — Прыемна было пабачыцца праз столькі гадоў. Яна пайшла ўжо да выхаду, але раптам, быццам нешта ўспомніўшы, развярнулася і шпарка пакрочыла назад. — Я тут падумала, Анатоль Іванавіч... Дарэмна вы да гэтага часу не намалявалі жончын партрэт. У вас цудоўная жонка і вам сапраўды пашанцавала. ...Ідучы па алеі, яна паглядзела на гадзіннік і ўздыхнула. Гэта магло азначаць толькі адно: рандэву з юнацтвам скончылася. Дома чакалі стосы дакументаў і папер і абсалютна пусты халадзільнік. "Трэба зрабіць варэнікаў! — падумала нечакана для сябе. — З тварагом, а яшчэ лепш, з вішнямі". Наталля УЛАДЗІМІРАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раней яна часта падпарадкоўвалася настрою. І імгненным парывам. З цягам часу на гэту яе асаблівасць наслаілася шмат чаго іншага, але жаданне хоць зрэдку...
|
|