Прафілактыка. 21.by

Прафілактыка

17.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Носьбітамі менінгакока часцей за ўсё з'яўляюцца дарослыя, а хварэюць пераважна дзеці

Сезон прастуд і грыпу вельмі спрыяльны час для актыўнага распаўсюджвання такой інфекцыі, як менінгіт. Менавіта яе ўзбуджальнікі пры кашлі і чханні трапляюць ад носьбіта менінгакока да здаровага чалавека. Прычым часцей за ўсё носьбітамі з'яўляюцца дарослыя, нават і не падазраючы пра гэта, а хварэюць пераважна дзеці. Паводле слоў заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь, загадчыка кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоля Астапава, на 100 тысяч дзяцей прыпадае 10-15 выпадкаў захваральнасці, а сярод дарослых толькі адзін. Мы папрасілі Анатоля Архіпавіча больш падрабязна расказаць пра гэтае захворванне.

— Менінгіты могуць выклікацца самымі рознымі ўзбуджальнікамі: менінгакокам, пнеўмакокам, гемафільнай палачкай і нават вірусам простага герпесу, які звычайна пашкоджвае слізістую абалонку вуснаў. Каварства гэтай інфекцыі ў тым, што пачатковыя клінічныя праявы захворвання нагадваюць прастуду ці грып. Напрыклад, гэта бывае пры такой клінічнай форме менінгіту, як назафарынгіт, калі запаляецца задняя сценка глоткі. Хворыя пакашліваюць, у іх закладзены нос, пяршыць у горле. На гэтым этапе пацыентам часцей за ўсё ставіцца дыягназ "вострае рэспіратарнае захворванне". Аднак няправільная і несвоечасовая дыягностыка можа далей прывесці да запалення мазгавых абалонак.

Найбольш цяжкая форма хваробы — бактэрыяльны менінгіт. У гэтым выпадку захворванне пачынаецца раптоўна. Напрыклад, дзіця кладзецца спаць зусім здаровым, а ноччу яно нечакана становіцца неспакойным, адчувае мышачную слабасць, калі з малым магчымы славесны кантакт, то ён будзе скардзіцца на моцны галаўны боль. На працягу гадзіны звычайна падымаецца тэмпература да 39°—40°, праз 5—6 гадзін пачынаюцца ваніты. Але самы грозны сімптом, на які абавязкова трэба звярнуць увагу, — з'яўленне высыпкі. Спачатку гэта бледна-ружовыя зорачкі, але менавіта на працягу першых сутак яны з'яўляюцца ў 80% хворых. Высыпка будзе павялічвацца. І менавіта пры наяўнасці яе трэба абавязкова паўторна выклікаць доктара, бо пярвічны дыягназ (да высыпак) можа быць выстаўлены як ВРЗ.

— Чым небяспечная такая форма менінгіту?

— Тым, што можа развіцца таксікасептычны шок з-за кровазліцця ў жыццёва важныя органы, і перш за ўсё — у наднырачнікі. Гэты шок становіцца прычынай смяротнасці ў 5—10% хворых. Таму чым раней бацькі звернуцца па медыцынскую дапамогу і чым раней будзе пастаўлены адпаведны дыягназ, тым больш шанцаў, што мы выратуем хворае дзіця. Аднак у любым выпадку спатрэбіцца шпіталізацыя, і бацькам не трэба адмаўляцца ад яе.

— Ці існуюць прышчэпкі супраць менінгіту і якія ўвогуле меры прафілактыкі можна прымяняць, каб не падчапіць гэтую інфекцыю?

— Прышчэпкі ёсць. Але толькі супраць менінгакока тыпу А і С. А ў нашай рэспубліцы доўгі час цыркулюе менінгіт тыпу В. А супраць яго вакцыны няма. Так што, прышчапіцца мае сэнс тым людзям, якія выязджаюць у краіны менінгітнага пояса. Напрыклад, у пэўныя рэгіёны Афрыкі, там захворванне выклікаецца менінгакокам тыпу А, супраць яго прышчэпка мэтазгодная.

Сярод іншых мераў прафілактыкі я парэкамендаваў бы падчас эпідэміі грыпу менш мець кантактаў, радзей наведваць грамадскія мерапрыемствы. Каб не захварэць, трэба пазбаўляцца ад хранічных захворванняў насаглоткі — фарынгіту, танзіліту, ларынгіту.

Яшчэ хачу звярнуць увагу бацькоў на такую акалічнасць, як правядзенне сямейных урачыстасцяў. Заражэнне звязана часцей за ўсё менавіта з імі. Напрыклад, адзначаецца дзень народзінаў аднагадовага карапуза. Бацькі запрашаюць гасцей, тыя імкнуцца паняньчыцца з малым, дыхаюць на яго, лашчацца, а нехта сярод іх можа быць носьбітам менінгакока. У маленькіх жа дзяцей слабая імунная сістэма, і яны вельмі ўспрымальныя да такіх інфекцый. У выніку немаўля заражаецца, і праз 2—5 дзён у яго ўзнікае клініка захворвання.

Чым менш кантактаў будзе ў маленькага чалавека з дарослымі, тым меншая верагоднасць таго, што ён патрапіць на крыніцу інфекцыі і атрымае цяжкую хваробу.

Важнай прафілактычнай мерай з'яўляюцца выяўленне носьбіцтва. Калі з'яўляюцца выпадкі менінгіту, педыятры абследуюць ачаг інфекцыі, эпідэміёлагі выяўляюць кантактных людзей, у іх бяруць мазкі з насаглоткі, спрабуюць выдзеліць менінгакок і потым лечаць іх з дапамогай антыбіётыкаў пры яго наяўнасці.

— Ці варта пацыентам, якія перахварэлі на менінгіт, потым захоўваць нейкія правілы?

— Што датычыцца гэтай інфекцыі, то наша кафедра паставіла перад сабой задачу: захаваць пацыенту не толькі жыццё, але і яго якасць.

Заўважу, што менінгіт — гэта запаленне абалонак вакол мозга, а ў нейкай ступені і запаленне мозга. Таму, хоць і рэдка, наступствамі перанесенай хваробы могуць быць змяненні арганічнага паходжання. Каб гэтыя змяненні не замацаваліся, мы праводзім дыспансэрызацыю тых, хто перахварэў. Пасля выпіскі маленькага пацыента мы запрашаем яго з бацькамі да сябе ў дыспансэрны кабінет. Перад гэтым рэкамендуем пракансультаваць дзіця ў акуліста і ЛОР-урача, каб праверыць зрок і слых і абавязкова зрабіць электраэнцэфалаграму.

Мы назіраем пацыента на працягу двух гадоў праз пэўныя прамежкі часу. І калі бачым, што ёсць нейкія неўралагічныя змяненні, то хворага шпіталізуем і праводзім курс аднаўленчага лячэння.

Але, на жаль, і мне проста крыўдна пра гэта гаварыць, практычна палова нашых былых пацыентаў на дыспансэрызацыю не прыходзіць. А былі ж выпадкі, калі праз 2—3 гады прыбягае маці і кажа, што дзіця перанесла менінгіт, а цяпер пачаліся сутаргі і дактары выстаўляюць дыягназ "эпілепсія". Але мы ўжо дапамагчы не можам, час упушчаны і ёсць тыя змяненні, якія абарачальнаму развіццю не паддаюцца.

Гутарыла Вольга ШАЎКО.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Носьбітамі менінгакока часцей за ўсё з'яўляюцца дарослыя, а хварэюць пераважна дзеці Сезон прастуд і грыпу вельмі спрыяльны час для актыўнага распаўсюджвання...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика