Колькі каштуе пахаваць у крызіс. 21.by

Колькі каштуе пахаваць у крызіс

06.10.2011 13:36 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Колькі каштуе пахаваць у крызіс

Тут і цяпер
Колькі сёння патрэбна грошай для таго, каб годна праводзіць у апошні шлях блізкага чалавека? Мы паспрабавалі скласці прыкладны восеньскі бюджэт халтураў — не элітны, але каб усё па-людску. Узялі для прыкладу тры гарады — Мінск, Брэст і Горкі (Магілёўская вобласць).

Мінск: гэтыя "матпытанні"... 


Зусім нядаўна ў сталіцы хавалі загадчыцу адной з цырульняў "Усход".

На 9 дзён гэтай дасціпнай і прыгожай жанчыне, добрай маці і начальніцы, якую сапраўды любілі і паважалі пры жыцці падначаленыя, павінна было споўніцца 65 год...

Акрамя бясконцых слёз і смутку тых жалобных дзён паўсталі непазбежныя матэрыяльна-арганізацыйныя моманты. Адразу заўважым: нейкіх сур'ёзных збояў у зносінах з арганізацыямі, куды прыйшлося звярнуцца па гаротнай справе, не ўзнікла. "Матэрыяльныя моманты" ў канчатковым выглядзе пацягнулі на 5 мільёнаў рублёў.

Але гэта з улікам таго, што адміністрацыя кафэ, дзе адбыліся памінкі, дазволіла прынесці свае спіртныя напоі і некаторыя прадукты, і таму памінальны стол абыйшоўся ў суму каля 1,5 мільёна рублёў.

Адміністрацыя аб'яднання "Усход" абяцала сур'ёзна дапамагчы родным памерлай з кампенсацыяй выдаткаў на пахаванне.

Для параўнання: калі ў гэтым годзе хавалі маці выкладчыцы аднаго з інстытутаў Акадэміі навук, матэрыяльная дапамога гэтага інстытута на пахаванне склала 100 000 рублёў...

Безумоўна, не ўсё вымяраецца грашыма, але трэба разумець, што кожны чалавек хоча адправіць сваіх блізкіх, якіх напаткала смерць, у той свет максімальна дастойна.

А цяпер больш падрабязна аб бягучых момантах і раскладках сталічнага пахавання.

Усё рабіць лепш загадзя? 

Жалобныя клопаты пасля атрымання сваякамі пасведчання аб смерці пачынаюцца з пошукаў і набыцця ўсяго неабходнага. Дапамагчы ў арганізацыі пахавання, абяцаючы аператыўнасць, якасць і "танней за іншых", у Мінску гатовы каля двух дзясяткаў арганізацый, у асноўным прыватных. Вядучая дзяржаўная ўстанова ў жалобнай сферы — УП "Спецыялізаваны камбінат КБА" — выйграе ў канкурэнтаў праз комплекснасць і маштабнасць, хоць цэны на асноўныя рытуальныя тавары і паслугі тут на 50—100 тысяч вышэйшыя, чым у прыватнікаў. Затое толькі тут паклапаціцца пра адыход у нябыт фізічным і юрыдычным асобам прапаноўваюць загадзя, яшчэ пры жыцці падпісаўшы з прадпрыемствам дамову, у якой агаворваецца і від пахавання, і набор неабходных прылад і мерапрыемстваў.

Сярэдні бюджэт халтураў

Труна каштуе ад 500 тысяч (простая, абабітая тканінай) да 6 мільёнаў рублёў (лакіраваная, вырабленая з дубу і іншых каштоўных парод дрэў), камплект адзення для нябожчыка — ад 300 тысяч, паслугі цырульніка і касметолага — ад 50 тысяч рублёў, крыху даражэйшым будзе бальзаміраванне цела. Жалобныя вянкі зараз каштуюць сама меней 30 тысяч, дэкаратыўныя кошыкі з кветкамі — ад 70—100 тысяч. Заказ катафалка, у залежнасці ад колькасці месцаў у ім і аддаленасці могілак, абыдзецца ў 200—300 тысяч рублёў, працу пахавальнай каманды (вынас цела і капанне магілы) трэба аплачваць асобна — ад 150 тысяч, пры пахаванні на вясковых і іншагародніх могілках — на 20—30 працэнтаў больш. Калі сваякі памерлага абралі крэмацыю, то гэтая паслуга разам з пахавальнай урнай і змяшчэннем яе ў калумбарную сцяну абыдзецца прыкладна ў 1 мільён рублёў, пры змяшчэнні на могілках — на 100—150 тысяч менш..




Дарэчы, варта памятаць, што ўчастак на могілках, згодна з дзеючым Законам "Аб пахаванні і пахавальнай справе", прадастаўляецца грамадзянам бязвыплатна (!). Разлічаны ён на 2 месцы. Па жаданні можна дакупіць яшчэ два месцы на тым жа ўчастку.

Усяго ў Мінску і наваколлі размяшчаюцца 24 могілкі, але толькі 4 з іх цалкам адкрыты для пахаванняў — Заходняе, Міханавічы, Калодзішчы і Мінскі крэматорый. Яшчэ 16 могілак лічацца абмежавана дзеючымі, г.зн. тут дазволены падзахаванні да сваякоў або камерцыйныя пахаванні. Натуральна, пры вялікім жаданні можна набыць месцы і на афіцыйна закрытых могілках, але гэта ўжо зусім іншая, як правіла, гісторыя...

Калі часу ці сіл займацца арганізацыяй халтураў самастойна катэгарычна няма, можна замовіць паслугі рытуальнага агента, які дапаможа аформіць усе неабходныя дакументы, набыць і даставіць па неабходным адрасе тавары, вырашыць пытанне з транспартам, адпяваннем і паніхідай, музычным суправаджэннем і нават памінкамі (з разліку 70—300 тысяч на чалавека). Самому агенту пры гэтым давядзецца заплаціць ад 100 тысяч рублёў да 200 долараў, а ў сярэднім — 10 працэнтаў ад сумы агульнага заказу.

Карацей, халтуры ў сталіцы — падзея вельмі нятанная.

Абыйдуцца яны, нават па самых бюджэтных разліках, у 3 мільёны рублёў, але на практыцы выходзіць у сярэднім 4,5—6 мільёнаў.

І хоць дзяржава часткова кампенсуе жалобныя затраты, выдзяляючы дапамогу на пахаванне (напрыканцы верасня гэтая сума складала 1 869 240 рублёў), гэтых грошай відавочна недастаткова для пакрыцця ўсіх жалобных выдаткаў.

Брэстчына: збіраць "пахавальныя" - дапамагаць родным


Хай пляменніца думае пра пахаванне

Берасцейцы Вользе Сяргееўне 84 гады. Яна падумвае аб магчымым пераходзе ў іншы свет, таму збірае грошы для таго, каб развітацца з жыццём годна. Праўда, нягледзячы на тое, што яе дзеці і ўнукі — людзі з вышэйшай адукацыяй і іх дзейнасць звязана з фінансамі, "пахавальныя" бабулька захоўвае дома ў беларускіх рублях.

"Калі па тэлевізары кажуць пра крызіс або пра павышэнне пенсіі, бабуля адкладвае больш. Цяпер у яе недзе каля паўтара мільёна назбірана, — кажа яе ўнук Аляксей. — Зразумела, што гэтага на пахаванне не хопіць, але ёсць жа сям'я — дапаможам".

Могілкі Плоска
Антаніна Іванаўна, жыхарка мікрараёна Граева, у свае 81 аб пахаванні клапоціцца мала. "Хай пляменніца думае, — гаворыць бабуля, — я ёй кватэру перапісваю, значыць, і пахавае мяне яна. Ды мне і няма з чаго збіраць — я падкормліваю бяздомных жывёл. На ліверную каўбасу, фарш і іншае ідзе амаль уся пенсія". Жанчына толькі хоча быць пахаванай побач з сястрой на могілках "Плоска". Месца ў 19-м радзе яна забраніравала бясплатна ў гарвыканкаме гадоў пяць назад. "Праўда, пляменніца кажа, што там кагосьці іншага пахавалі. Трэба пайсці праверыць, але сіл няма. Вось каб часцей наведваць магілу... А то больш за год там не была", — скардзіцца пенсіянерка.

Каму можна давяраць

85-гадовая былая калега бабы Тоні, якой апошняя часта дапамагае ў гаспадарчых справах, не так легкадумна ставіцца да пытання халтураў. Як малалетняя вязніца фашызму яна атрымала ў 90-х гадах мінулага стагоддзя выплаты з Германіі ў валюце. Жанчына беражліва захавала "еўрыкі", дакупіла долары, назбірала і беларускія рублі. Праўда, захоўвае грошы таксама не ў банку, а "ў панчосе".

"Ёсць у яе пляменнік, але запойный, яна яму не давярае. А мне давярае. Бачыць ужо вельмі дрэнна, таму даручае і ў краму пайсці, і пенсію атрымаць. Зберажэнні таксама я па яе просьбе часам пералічваю", — кажа Антаніна Іванаўна, але дакладную суму "пахавальных" назваць асцерагаецца. На сёння найбольш разумным здаецца апошні варыянт накаплення грошай, бо цэны на рытуальныя паслугі ў беларускіх рублях у Брэсце пераглядаюцца кожны тыдзень. Сапраўды, першую бронь на магілу прадастаўляюць бясплатна, але бардзюр і агароджа будуць каштаваць каля 250 тысяч.

Жаданне каго-небудзь з родных супакоіцца побач, г.зн. другая бронь на сям'ю, абыдзецца тысяч у 800, бо з 13-ці гарадскіх могілак агульнай плошчай больш за 90 га дзейнічаюць толькі 4. Ды і тое, як іранізуюць супрацоўнікі рытуальных бюро, "на "Плосцы" хаваюць толькі герояў СССР і супрацоўнікаў выканкамаў".

Большасць берасцейцаў могуць разлічваць на апошні прытулак на Паўночных могілках, што на хутары за Матыкаламі. Дзейнічаюць таксама "Міцькі" і "Казловічы", якія раней былі сельскімі могілкамі, а цяпер патрапілі ў мяжу горада.

Толькі лічбы

Далей калькулятар пахавальных расходаў плюсуе наступныя лічбы: труна — ад 350 тысяч да 1 млн 400 тысяч ("паліраваная, як па тэлевізары паказваюць, калі знакамітасцей хаваюць"); гранітнае надмагілле з усталяваннем, што каштавала ўвесну 3,5 мільёна, сёння цягне больш за 7 мільёнаў; крыж — каля 70 тысяч. Вянкі ёсць на розны гаманец: ад прасценькіх па 30 тысяч, больш салідных па 130—160 да тых, што "вышэйшыя за чалавечы рост", — па 440 тысяч. Стужка на вянок абыдзецца ў 7 тысяч, надпіс на ёй — па 50 рублёў за адну літару (у сярэднім 6 тысяч). Дробязі таксама не з танных: штучныя кветкі ад 3 да 8 тысяч, свечкі па 4—5 тысяч, лампады па 10 тысяч. Магілу выкапаюць і засыплюць за 130 тысяч толькі супрацоўнікі КУП "Брэсцкае спецыялізаванае прадпрыемства" — на гэты від паслуг дзейнічае дзяржаўная манаполія. Адпяванне ў праваслаўнай царкве каштуе ад 120 тысяч, арэнда катафалка — 41 тысячу за гадзіну працы і 10 км шляху, памінкі ў кафэ "Бульбяная" — 50 тысяч на аднаго чалавека. Калі пажадаеце перадаручыць пахавальныя клопаты спецыяльнаму арганізатару, то прыйдзецца заплаціць 70 тысяч рублёў. За такую ж суму агент спецпрадпрыемства аформіць за вас усе дакументы, звязаныя з пахаваннем. Так што самыя сціплыя хаўтуры ў Брэсце абыйдуцца родным памерлага напэўна ў больш чым 2,5 мільёна рублёў. А вось, умоўна кажучы, стандартнае пахаванне пацягне на 3-3,5 мільёна рублёў.




Магілёўшчына: смерць як прадмет раскошы


Найтаннейшыя халтуры атрымаліся ў нас ў Горках Магілёўскай вобласці.

Цана сціплай труны — 220 тысяч рублёў, камплект мужчынскага адзення (штаны, пінжак, гальштук, кашуля) —— 247 500. Жаночы камплект можна набыць за 122 тысячы. Вянкі — знакі смутку і павагі — "пацягнуць" на 60—300 тысяч. Клопат пра душу — "добраахвотнае" ахвяраванне царкве за адпяванне нябожчыка — абыдзецца ў 60 тысяч рублёў. Калі набываць у храме пахавальны камплект, то плюс яшчэ 30 тысяч.

Ва УКВП "Камунальнік" паслугі "пахавальнай каманды" і катафалк аблегчаць кішэню заказчыка прыкладна на 200 тысяч (цана залежыць ад кіламетражу).

Самым затратным артыкулам расходаў у сумных клопатах з'яўляюцца памінкі. У горацкіх кафэ і сталоўках за аднаго ўдзельніка памінальнага стала трэба заплаціць 60—70 тысяч. На памінкі звычайна прыходзяць больш за 20 чалавек, таму сума ў выніку атрымліваецца досыць вялікая — каля 1 800 000 рублёў. Заўважце, мы яшчэ не закранулі выдаткі на памінальныя сталы, якія накрываюць, згодна з традыцыямі, на сорак дзён і гадавіну смерці.

Такім чынам, праводзіць у апошні шлях блізкага чалавека на Магілёўшчыне можна за суму сама меней ад 2,5 да 3—3,5 мільёнаў.

Гэта без уліку наступных клопатаў — усталявання помніку, агароджы, догляду магілы і г.д. — бо выніковыя лічбы здольныя ўразіць колькасцю нулёў амаль кожнага.

Магілёў. Старыя польскія могілкі. Фота // dervishv.livejournal.com

Для параўнання: самае дарагое ўпрыгажэнне, якое можна аднесці да прадметаў раскошы, у ювелірных крамах горада каштуе крыху больш за 2 мільёны рублёў. Ёсць аб чым задумацца. Ці не так?

P.S. Жывіце доўга! 

Галіна Будная, Вікторыя Суднік, Вера Пракаповіч, Віктар Аляшкевіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькі сёння патрэбна грошай для таго, каб годна праводзіць у апошні шлях блізкага чалавека? Мы паспрабавалі скласці прыкладны восеньскі бюджэт халтураў — не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика