Дзе растуць «гарадскія кветкі» творчасці?
22.10.2011
—
Новости Общества
|
Фальклор — гэта не толькі тое, што бабулька распавядае Што такое фальклор? Не вельмі разважаючы, кожны скажа, што гэта нешта такое, што засталося ад старажытных часоў: казкі, прымаўкі, песні, прыпеўкі, калядоўкі, нейкія забабоны ды іншае. А які фальклор у сучасным горадзе? Ніякі, бо адышоў той час, рассудзім мы. І памылімся. Бо такі фальклор існуе. Але ж мы, як той мальераўскі Журдэн, які са здзіўленнем адкрыў аднойчы, што размаўляе прозай, павінны ведаць, што самі з’яўляемся яго творцамі ці карыстаемся ім кожны дзень. І ёсць людзі, якія яго вывучаюць. Толькі што яны завяршылі праект Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследванняў «Сучасны гарадскі фальклор Беларусі», у якім сістэматызавалі і абагульнілі ўсё тое, што ўдалося сабраць у скарбонку народнай творчасці. Атрымалася цікава. Аб гэтым сведчыць і гутарка аглядальніка «Р» з адным з выканаўцаў даследвання Таццянай Лук’янавай, навуковым супрацоўнікам вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Беларускага дзяржаўнага універсітэта. — Таццяна Валер’еўна, з якой мэтай вывучаецца фальклор сучаснага горада і хто гэтым займаецца? — Гарадскі фальклор ужо 15 год з’яўляецца адным з напрамкаў вывучэння рускай фалькларыстыкі. Аднак у айчыннай фалькларыстыцы ён яшчэ не стаў аб’ектам дэталёвага вывучэння. Большасць работ айчынных даследчыкаў маюць аглядны характар і сканцэнтраваны вакол двух падыходаў. Згодна з першым урбанізацыя разглядаецца як бедства, якое адрывае людзей ад іх каранёў, і адзінае выйсце з гэтай сітуацыі — адраджэнне і папулярызацыя традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа. Прадстаўнікі другога падыходу бачаць у дамінаванні гарадской культуры натуральны этап развіцця грамадства, калі цывілізацыйнае падмінае пад сябе традыцыйнае, робіць традыцыйнае інтэрнацыянальным. Менавіта такі — інтэрнацыянальны — пачатак мае сучасны гарадскі фальклор беларусаў. Гэта адзінае, што аб’ядноўвае прадстаўнікоў абодвух напрамкаў, якія сыходзяцца на тым, што не заўважаць феномен гарадскога фальклору ўжо немагчыма: ён ёсць, ён развіваецца, адлюстроўваючы новыя рэаліі нашага жыцця, якія патрабуюць вывучэння. — Вось тут я хачу ўдакладніць. Гарадскі фальклор на Беларусі, як можна здагадацца, з’ява рускамоўная, інфармацыйная прастора на тэрыторыі былога СССР агульная, таму як вылучыць тое, што створана менавіта беларускім гараджанінам? — Так, фальклорныя творы гарадскога асяроддзя суцэльна рускамоўныя (на сённяшні дзень пакуль што не зафіксавана ніводнай беларускамоўнай фальклорнай адзінкі гарадскога фальклору). Вядомы толькі творы на так званай «трасянцы». Зразумела, ідзе абмен «інтэлектуальнымі набыткамі» з суседнімі краінамі, і высветліць крыніцу нейкай прымаўкі ці куплета часцей за ўсё немагчыма. Таму і мэты такой няма. Але пэўны адбітак наша рэчаіснасць і фальклорныя традыцыі ўсё ж такі накладаюць на змест такіх твораў, і адрозніць іх ад расійскіх, а тым больш французскіх ці амерыканскіх часам бывае нескладана. — Методыка вывучэння сучаснага гарадскога фальклору адрозніваецца ад іншых фальклорна-этнаграфічных даследаванняў? — Істотна адрозніваецца. Справа ў тым, што ўсе мы — даследчыкі і апытваемыя — з’яўляемся носьбітамі разглядаемай культуры. Расказваючы анекдот, жыццёвую ці містычную гісторыю, напяваючы ў кампаніі на свой лад вядомую песеньку, знаёмячы немясцовага чалавека са славутасцямі горада ці апавядаючы пра эпізоды з мінулага сваёй сям’і, сучасны гараджанін выступае носьбітам фальклорнай традыцыі, хаця, як правіла, сам аб гэтым не ведае. Аб’ект даследавання — вялікі фрагмент культуры, які раней не заўважалі з прычыны яго этычнай і палітычнай табуіраванасці, ці, наадварот, у сілу паўсядзённасці. — Якія гарадскія субкультуры вы вылучаеце? — Мы вылучаем полаўзроставую, прафесійна-карпаратыўную, вольначасовую і рэлігійную субкультуры, кожная з якіх складаецца з пэўных субгруп, якія маюць свой фальклор. Ён, у сваю чаргу, уключае у сябе шмат разнавіднасцей. Напрыклад, ёсць студэнцкія прыкметы («Чтобы успешно сдать экзамен, надо, чтобы родные или друзья во время экзамена держали палец в чернилах»), магіі дзеяння («Перед тем как войти в аудиторию, нужно постучать трижды по левому косяку» ці «Во время экзаменов нельзя стричь волосы и ногти»), магіі лічбаў («Если билеты лежат в ряд, нужно отсчитать тринадцатый, тогда повезет»). Ёсць студэнцкія анекдоты («Как ставят оценки на экзаменах: пять — если знаешь преподавателя, четыре — если знаешь, как выглядит учебник, три — если знаешь, какой предмет сдаешь». Ці «Профессор спрашивает студентку: «Можете ли вы доказать, что вода притягивает электричество?» — «Конечно. Каждый раз, когда я залезаю в ванную, звонит телефон»). Усе без выключэння жанры дзіцячага фальклору адчулі на сабе значныя мадыфікацыі ў плане зместу, які зараз напоўнены рэаліямі з сучаснага жыцця. Напрыклад: «Точка, точка, запятая — вышла рожица крутая». Анекдоты дзеці ўсіх узростаў падзяляюць на «старыя» і «новыя». Першыя — анекдоты, вядомыя дзецям даўно, з простым, «дзіцячым» зместам («Выходит Колобок из ванны и говорит: «Ой, черт! Забыл голову помыть!»). Другія — зведаныя нядаўна, змест якіх больш «дарослы», часам грубы і непрыстойны. У нашай калекцыі значнае месца займаюць прымаўкі. Па форме яны — традыцыйныя, але сучасныя па змесце. Звычайна гэта пераробкі вядомых прыказак, да якіх дадалі іншую канцоўку ці вядомую фразу савецкай эпохі. Частая тэма — вольны час сучаснай моладзі: «Водка — пить, земля — валяться», «Капля никотина убивает лошадь, а бутылка пива оживляет бригаду сантехников», «Баба с возу — волки сыты». Існуюць рознага кшталту «жарты» («Выйду замуж за пожилого немца, ветерана войны, чтобы отомстить за своего дедушку»). Ёсць «страшныя гісторыі», або «страшылкі», «страшылкі-смяшылкі», жартоўныя песні, лічылкі, дражнілкі і іншыя жанры. — Салдацкі фальклор вывучаеце? — Так. Гэта асобная субгрупа. Аснову культуры салдат тэрміновай службы складае яе прынцыповая апазіцыйнасць у адносінах да афіцыйна ўстаноўленай у арміі сістэмы сацыяльных адносінаў і каштоўнасных арыентацый, агульная ўстаноўка на ігнараванне і пераадоленне гэтай сістэмы. Армейскі фальклорны рэпертуар складаюць шматлікія афарызмы, лірычныя мініяцюры, анекдоты, якія салдат запісвае ў блакноты і выбрана ўзнаўляе ў дэмбельскім альбоме. Ёсць калекцыя армейскіх маразмаў («Копать будем от забора и до обеда», «Расстояние между ногами — один шаг», «Ядерная бомба всегда попадает в эпицентр», «Горло болит? Учите устав — болеть не будет!», «Вы у меня в кишках по горло сидите») і іншыя жанры. Своеасаблівы фальклор субгрупы праграмістаў і электроншчыкаў. Напрыклад, «Семеро одного дисплея не ждут», «Легко, как два байта переслать». Зафіксаваны вядомыя афарызмы з арыгінальным працягам. Напрыклад, «Наша жизнь — игра. С великолепной графикой, но ужасной задумкой. Системные требования не всегда дотягивают» ці «Если глюк оказался вдруг и не друг, и не враг, а баг… то помни, что жизнь — игра, в которой нет setup’a. Тут и сказочке Escape, а кто не понял — F1». У тым жа асяроддзі ўзніклі такія, напрыклад, жарты: «Объявление в магазине: «В продаже появились конфеты «Мишка на сервере», «На экране сообщение: «Коврик для мыши совершил недопустимую операцию и будет свернут». «Вопрос: «Где у А. С. Пушкина упоминается про проблему обслуживания локальных сетей неквалифицированным персоналом? Ответ: «Прибежали в избу дети, второпях зовут отца: «Тятя, тятя, наши сети притащили мертвеца…» — Вядомы нават «малітвы» праграмістаў і юзераў (звычайных карыстальнікаў камп’ютара). Вы іх чулі? — Гэта распаўсюджаная форма. Пры гэтым дастаткова стабільна ў розных прафесійных групах у якасці ўзору выбіраецца малітва «Отча наш». Вось, напрыклад: «Отче наш, иже еси в моем РС! Да святится имя и расширение твое, да придет прерывание твое и да будет воля твоя! TETRIS насущный дай нам на каждый день. И прости нам вирусы наши, как копирайты прощаем мы. И не ввергни нас в Stack Overflow, но избавь нас от зависания, ибо твое есть адресное пространство, порты и регистры. Во имя CTR’a, ALT’a и святого DEL’a, ныне и присно во веки веков, RETURN!» Акрамя таго, намі аналізуецца фальклор блатной (крымінальнай) субгрупы, бальнічны фальклор (ёсць і такі), фальклор рэлігійных субкультур розных канфесій, творчасць вольначасавай субкультуры горада (фанаты, геймеры, хакеры, турысты, парашутысты і іншыя). — Фанаты вядомыя «крычалкамі», парашутысты — «чорным гумарам» на тэму жыцця і смерці, а што ўяўляе сабой, напрыклад, турыстычны фальклор, калі адкінуць рамантычныя спевы? — Галоўнай спецыфічнай рысай турыстаў з’яўляецца абавязковае часовае знаходжанне па-за звыклымі ўмовамі пражывання, прычым знаходжанне ў руху. Правілы паводзінаў падчас паходу, этыкетныя адносіны, няпісаныя забароны і абмежаванні рэалізуюцца праз пэўныя ўмоўна-рытуальныя дзеянні. Пешыя, горнікі і воднікі, напрыклад, павінны прытрымлівацца наступных перасцярог. Нельга забіраць з сабой пасля маршруту старыя, нягодныя рэчы. Іх звычайна пакідаюць напрыканцы маршруту ці спальваюць пасля заканчэння яго. Вопытныя турысты ніколі не ставяць палаткі на месцах, дзе раней жылі людзі. Напрыклад, калі лагер разбіваюць у кінутай вёсцы, нельга ставіць палатку на месцы разбуранай хаты, нават калі ад яе нічога не засталося, акрамя квадрата на траве. Кажуць, што спаць будзе дрэнна, нельга на месцы іншай хаты сваю ставіць. Асаблівыя, амаль містычныя адносіны склаліся ў турыстаў да надвор’я. Так, падчас дажджоў нельга гаварыць словы «дождж», «лівень», «вада». Забараняецца спяваць і песні, у якіх гэтыя словы выкарыстоўваюцца. — Плануеце працягваць даследаванні гарадскога фальклору? — Абавязкова. Фальклор беларусаў — гэта ўвасабленне самабытнасці нашага народа. Нягледзячы на значныя мадыфікацыі і трансфармацыі, якія адбываюцца з фальклорнай спадчынай, народна-паэтычная творчасць працягвае развівацца ў новай форме — постфальклорнай, для якой паняцце «вуснасці» ужо не з’яўляецца асновапалагальным. Тым не менш у гэтай формы ёсць будучыня, таму што яна адпавядае патрабаванням часу і захоўвае ўстойлівую тэндэнцыю да дынамікі і ўмацавання. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Если глюк оказался вдруг и не друг, и не враг, а баг…
|
|