Непрыступная вёска. 21.by

Непрыступная вёска

04.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Непрыступная вёска.

Вельмі хацелася б даведацца пра паходжанне назвы Савецкая Морач, што ў Салігорскім раёне. Першая частка зразумелая, а вось другая — загадка.Людміла і Мікалай НАВУМАВІЧЫ, Салігорск

У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі існуюць тры населеныя пункты з назвай Морач: вёска Морач у Яскавіцкім сельсавеце Салігорскага раёна, вёска Савецкая Морач у Доўгаўскім сельсавеце гэтага ж раёна і вёска Морач — цэнтр Морацкага сельсавета Клецкага раёна. Значна часцей тапонім Морач і яго аднакаранёвыя варыянты сустракаюцца ў складзе назваў дробных геаграфічных аб’ектаў. Так, на тэрыторыі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці назву Марочня маюць сенажаць, поле, балота, кусты, у Лунінецкім раёне такое найменне мае луг, а ў Стаўбцоўскім раёне ёсць балота Марочы мох. Па тэрыторыі Мінскай вобласці  (Слуцкі, Салігорскі і Клецкі раёны) працякае рака Морач, якая з’яўляецца прытокам ракі Случ і адносіццца да басейна Дняпра. Населеныя пункты і водныя аб’екты з назвай Морач сустракаюцца і на іншых славянскіх землях: ва Украіне, Польшчы, Чэхіі, на лужыцкай тэрыторыі Германіі. Нярэдка гэтыя тапонімы сустракаюцца і на старонках старабеларускіх і старапольскіх пісьмовых помнікаў. Так, у часы ВКЛ існавалі вёскі Морач, Морачна, Волька Марачанская на землях Мазырскага і Пінскага паветаў, манастыр Мароча паблізу Слуцка, рака Мароча на тэрыторыі Слуцкага павета. Такім чынам, уласныя геаграфічныя назвы з асновай Морач — нярэдкая з’ява. А вось слова морач у сучаснай беларускай літаратурнай мове не сустракаецца, яно даўно выйшла з актыўнага ўжытку. Фактычна страчваецца гэта слова і ў дыялектнай мове. Толькі зрэдку ў мове жыхароў Палесся можна пачуць народныя геаграфічныя тэрміны марочна, марочына, якія служаць для абазначэння нізкай, забалочанай мясцовасці, а ў некаторых мясцовасцях — топкага, непраходнага балота. Своеасаблівы, рэдкі і старажытны характар тапоніма Морач у складзе ўласных назваў даўно прыцягваў увагу даследчыкаў. Аднак да цяперашняга часу сярод навукоўцаў не існуе адзінай думкі адносна паходжання гэтага слова. Адны вучоныя лічылі гэта слова скіфскім (А. Сабалеўскі), другія — балтызмам (К. Буга, У. Тапароў, А. Трубачоў), трэція адносілі да славянскіх геаграфічных тэрмінаў (М. Фасмер, М. Талстой). Пры гэтым усе даследчыкі сыходзіліся на думцы, што асноўнае значэнне слова морач было “нізкае, вільготнае месца”, “балота”, “дрыгва”. Вядомы расійскі вучоны Мікіта Ільіч Талстой звязваў паходжанне назвы Марочнае балота з паняццямі цёмнае, змрочнае. Пацвярджэннем таму можа быць досыць празрыстая сувязь гэтага слова з агульнаславянскім словам морак, розныя варыянты якога захаваліся амаль ва ўсіх сучасных славянскіх мовах. Такім чынам, можна дапусціць, што значэнне слоў морак, мрак з’яўляецца зыходным, на аснове якога пазней і развіў сваё значэнне геаграфічны тэрмін морач. Матывацыю геаграфічнага тэрміна морач у пэўнай ступені дапамагае растлумачыць і той факт, што большасць выяўленых тапонімаў з асновай Морач прыпадае на паўднёвую вобласць вялікіх нізінных тарфяных балот палескага ландшафту, паверхня якіх вызначаецца чорным колерам. Рэкі, якія працякаюць па гэтай мясцовасці, маюць забалочаныя басейны і цёмны колер вады.Паважаныя Людміла і Мікалай! Як бачыце, нездарма вас зацікавіла гэта назва:  геаграфічны тэрмін морач з’яўляецца надзвычай старажытным, яго генетычныя карані ўваходзяць у праславянскую, а можа, і ў індаеўрапейскую эпоху, дзе гэты тэрмін меў устойлівае значэнне ‘балота з цёмным колерам паверхні’. Пагадзіцеся, што зусім недарэчна выглядае прыметнік Савецкая побач з назвай Морач. Даведаўшыся паходжанне назвы, атрымліваецца, што літаральна гэта найменне гучыць як Савецкае балота. Напэўна, не падумалі ў той час чыноўнікі, якія мянялі назву, які кур’ёз атрымаецца з-за ігнаравання старажытнага значэння слова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вельмі хацелася б даведацца пра паходжанне назвы Савецкая Морач, што ў Салігорскім раёне.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика