Аляксандр Косінец пагутарыў з жыхарамі Віцебшчыны: цэны на лекі панізяцца, а ў крамах будуць распродажы
29.11.2011 11:46
—
Новости Общества
|
Аляксандр Косінец пагутарыў з жыхарамі Віцебшчыны: цэны на лекі панізяцца, а ў крамах будуць распродажы Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас тэлефоннай "прамой лініі" выслухоўваў праблемы жыхароў Прыдзвінскага краю. У выніку Аляксандр Мікалаевіч пагутарыў з 32 грамадзянамі. І многія з іх, напэўна, і не чакалі, што іх праблемы вырашацца так хутка.
Людзі ўздымалі самыя розныя праблемы: ад "вечных" камунальных — да высокіх цэн на лекі і прадукты харчавання. І дах цячэ, у інтэрнаце холадна Ільвіная доля зваротаў была па пытаннях працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Вось і першы з тых, хто патэлефанаваў, агучыў менавіта гэтую праблему. Дом у Віцебску на вуліцы Зяньковай прызналі непрыгодным для пражывання. Людзям неабходна перасяляцца... З боку дзяржавы будзе аказана падтрымка. Дарэчы, як падкрэсліў губернатар, выслухоўваючы Уладзіміра Аляксеевіча, які яму патэлефанаваў, толькі ў Віцебску звыш 360 дамоў, з якіх трэба перасяліць людзей. Дарэчы, калі раней гэтае пытанне планавалі вырашыць у перыяд да 2030-га года, цяпер шукаюцца магчымасці значна паскорыць працэс перасялення. І гэта нягледзячы на цяперашнюю няпростую эканамічную сітуацыю. Яшчэ адну камунальную бяду агучыла жыхарка Віцебска, якая жыве ў доме на вуліцы Урыцкага. У доме няма гарачага водазабеспячэння, не працуе вентыляцыйная сістэма, а чыноўнікі, паводле слоў жанчыны, ужо колькі гадоў прысылаюць адпіскі. Ды і газавую калонку без выцяжкі эксплуатаваць небяспечна. А на вуліцы Смаленская цячэ дах, залівае кватэру. Вера Міхайлаўна расказала, што, калі меркаваць па лістах з адміністрацыі раёна, неабходны рамонт праведзены, але ж насамрэч нічога не змянілася. Да сённяшняга дня няма цяпла ў асобных пакоях інтэрната на праспекце Люднікава ў Віцебску, як і ў кватэры на вуліцы Гагарына. Пачуўшы аб праблемах, агучаных людзьмі, губернатар распарадзіўся вызваліць ад займаемай пасады начальніка жыллёва-эксплуатацыйнага ўпраўлення, супрацоўнікі якога не зрабілі ўсё неабходнае, каб людзі падчас ацяпляльнага сезона адчувалі камфорт у сваім жыллі. Больш за тое, на працягу мінулых суботы—нядзелі было даручана стварыць спецыяльны штаб, каб праверыць, ці ва ўсім жыллёвым фондзе цёпла. Губернатар звярнуўся да тых, хто прысутнічаў на "прамой лініі": "Калі людзям далі абяцанне, што будзе заасфальтавана вуліца, зроблены рамонт, замена інжынерных сетак і камунікацый, свае словы і абяцанні неабходна трымаць... Пастаўце сябе на месца гэтых людзей. Як бы вы рэагавалі? Любы паўторны зварот грамадзян да мяне, калі я даў даручэнне, і яны мне скажуць, што яно выканана дрэнна ці не выканана, адразу будзе вырашацца пытанне аб вызваленні ад займаемай пасады вінаватых. Бо ўсё ідзе па вертыкалі: зверху ўніз — я даў даручэнне аднаму, ён не выканаў ці перадаў свайму падначаленаму, ён не выканаў. ... Як хваля — ударыла аб бераг, а потым ідзе працэс яе заціхання. Гэтага не будзе. Зусім іншая павінна быць пастаўлена праца з грамадзянамі, са зваротамі, з рашэннямі праблем". А ў Косаве калодзежа няма Жыхарка вёскі Косава Віцебскага раёна паскардзілася на тое, што на вуліцы, дзе яна жыве, няма пітнога калодзежа. Жыхарка ўскраіны Оршы папрасіла, каб звярнулі ўвагу і на прыватны сектар: дапамаглі ў асфальтаванні вуліцы, у пракладанні каналізацыйнай сістэмы. Жыхарка Глыбокага паскардзілася на тое, што з ёй адказныя асобы спынілі перапіску. Яе праблема тычыцца адводу зямлі. Дырэктар прыватнага прадпрыемства хоча купіць зямлю ў Гарадоцкім раёне, а ёсць магчымасць толькі стаць арандатарам. Плануе займацца арганізацыяй сельскага турызму і вельмі спадзяецца на тое, што адказныя асобы на месцах унікнуць у яго сітуацыю. А жыхарка вёскі Тулава Віцебскага раёна дзякуючы званку да губернатара "адстаяла" ўчасткі зямлі (свой і суседзяў), на якіх планавалася размясціць тэхніку. Цэны на лекі панізяцца Пенсіянерка, якой 87 гадоў, паскардзілася на тое, што, каб з крана пайшла гарачая вада, трэба доўга зліваць ваду. І пачула ў адказ, што пытанне будзе аператыўна вырашана. Жанчына таксама паскардзілася на дарагоўлю лекаў. Губернатар адказаў, што літаральна некалькі дзён таму, наведаўшы шэраг аптэк, убачыў, што на жыццёва важныя прэпараты цэны і сапраўды ўзняты на 200-300 працэнтаў. Ім было дадзена даручэнне зрабіць "рэвізію", у выніку чаго было ўстаноўлена, што ёсць неабгрунтаванае павышэнне цэн. І як рашэнне праблемы — (ужо на гэтым тыдні) на 113 лекавых прэпаратаў будуць зніжаны цэны на 10 адсоткаў. А ў далейшым будзе "перагледжана" ўся наменклатура лекаў і прэпаратаў у аптэках. Як ідзе фарміраванне цэн, пачынаючы ад заводаў і заканчваючы імпартнымі пастаўкамі. Колькі "накручваюць" пасрэднікі? — на гэтыя пытанні будуць дадзены адказы. Такія высокія цэны на лекавыя сродкі не павінны быць. — людзі маюць рацыю, калі скардзяцца. А ў крамах будуць распродажы Яшчэ адна пенсіянерка паскардзілася на тое, што больш не прадаюць танны тварог. Наконт цяперашніх цэн на прадукты харчавання выказала незадавальненне і другая грамадзянка. Кіраўніцтву адпаведнага канцэрна было дадзена заданне забяспечыць пакупнікоў запатрабаванай прадукцыяй. Між іншым, наконт малазабяспечаных грамадзян і цэн у крамах. Камітэту па працы і сацыяльнай абароне даручана аказаць матэрыяльную дапамогу адзінока пражываючым пенсіянерам і іншым, хто мае патрэбу ў дапамозе. Запланавана арганізаваць продаж прадуктаў па дысконтных картах са зніжкамі на 10-30 працэнтаў, а для ўсіх грамадзян — пераднавагоднія распродажы. Больш за тое, на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах задумана стварыць "сталы заказаў" і такім чынам можна пазбегнуць гандлёвых надбавак. "Цэны падымацца не павінны, а наадварот, — трэба шукаць шляхі іх зніжэння. Трэба яшчэ раз звярнуць увагу на гандлёвыя надбаўкі, на пытанні аптовых надбавак, якія ў нас існуюць, розніцу і такім чынам стварыць усе ўмовы для паніжэння цэн. Перакупшчыкам закрыць усе шляхі!" — канстатаваў губернатар. Падчас "прамой лініі" губернатар паведаміў, што на Віцебшчыне стартуе акцыя "Дзеці Віцебшчыны", у рамках якой установы сістэм сацыяльнай абароны, аховы здароўя, адукацыі зробяць усё неабходнае для дзяцей: у прыватнасці, бацькам будзе аказана матэрыяльная дапамога, дзеці пройдуць дыспансэрнае абследаванне, прадпрыемствы і арганізацыі прадугледзяць магчымасць арганізацыі падарункаў для дзяцей іх супрацоўнікаў... "Арганізаваўшы кожную суботу "прамыя тэлефонныя лініі", у якіх удзельнічаюць губернатар і яго намеснікі, старшыні райвыканкамаў і гарвыканкамаў, мы дабіліся рашэння вельмі многіх праблемных пытанняў, — падвёў вынікі "прамой лініі" губернатар. — Гэта тысячы адрамантаваных кватэр, тысячы вырашаных праблем. Гэта — пытанні жыцця людзей. Таму гэтыя "прамыя лініі" вельмі шмат у чым дапамагаюць. Нават калі ў тых, хто звяртаецца да прадстаўнікоў улады, не вытрымліваюць нервы, мы гэта ўсё сцерпім. Тактоўна адказваем на пытанні, вырашаючы іх. І мы таксама стараемся дапамагаць людзям, калі яны не маюць рацыю, каб змянілі свой погляд на праблему, — і такое бывае". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас тэлефоннай "прамой лініі" выслухоўваў праблемы жыхароў Прыдзвінскага краю. У выніку Аляксандр...
|
|