Не даць вярнуцца на "слізкі шлях"...
06.12.2011
—
Новости Общества
|
Хто і як дапамагае былым зняволеным працаўладкавацца У адпаведнасці з Канстытуцыяй, усе мы маем права на працу. Аднак далёка не кожнаму з нас удаецца самастойна рэалізаваць яго. Адна з самых неабароненых у гэтым плане катэгорый — былыя зняволеныя. Яны, як правіла, не могуць нараўне канкурыраваць на рынку працы. З аднаго боку, падчас вымушанай ізаляцыі яны часткова ці цалкам страчваюць прафесійныя здольнасці і працоўную матывацыю (некаторыя ўвогуле не маюць ніякай спецыяльнасці). З другога — парушэнне сацыяльных, сямейных сувязяў і незацікаўленасць наймальнікаў у прыёме на работу такіх грамадзян яшчэ больш ускладняе няпростую сітуацыю і часта становіцца прычынай вяртання чалавека "на слізкую сцяжынку", якая зноў прыводзіць яго за краты. Для таго, каб папярэдзіць падобныя рэцыдывы і аказаць ўчарашнім зняволеным падтрымку ў працаўладкаванні, у нашай краіне распрацаваны спецыяльныя мерапрыемствы, якія рэалізуюць органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з супрацоўнікамі МУС. Падрабязней пра гэта нашаму журналісту расказала кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Жанна Шчамялёва. — Працаўладкаванне грамадзян, якія вызваліліся з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, з'яўляецца адной з найбольш сур'ёзных праблем у сферы забеспячэння занятасці насельніцтва, — пацвердзіла Жанна Аляксандраўна. — Пераважная большасць асоб гэтай катэгорыі падчас самастойнага пошуку працы сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі. Тут ім неабходна падтрымка з боку грамадства і дзяржавы. У адпаведнасці з заканадаўствам, ім прадастаўляюцца дадатковыя гарантыі ў сферы занятасці. У прыватнасці, пры рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных гэтая катэгорыя грамадзян атрымлівае права на больш шырокае садзейнічанне ў працаўладкаванні з боку органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Я маю на ўвазе інфармаванне аб наяўнасці свабодных працоўных месцаў і вакансій у наймальнікаў; атрыманне накіравання на працаўладкаванне ў канкрэтнага наймальніка і па канкрэтнай прафесіі (спецыяльнасці), у тым ліку ў кошт броні; магчымасць прайсці бясплатную прафесійную падрыхтоўку; атрымаць падтрымку (у тым ліку фінансавую) для арганізацыі і развіцця сваёй індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці; дапамогу па беспрацоўі; накіраванне для ўдзелу ў аплатных грамадскіх работах, каб мець магчымасць нешта зарабіць у перыяд пошуку працы; садзейнічанне ў перасяленні на новае месца жыхарства. Пры гэтым Жанна Аляксандраўна падкрэсліла, што паколькі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, чалавек мае права свабодна распараджацца сваімі здольнасцямі да працы, то зварот грамадзяніна ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з'яўляецца справай добраахвотнай. Банк вакансій Калі чалавек (не толькі былы зняволены) усё ж вырашыў шукаць працу самастойна, да яго паслуг — інфармацыйныя залы ў аддзелах працаўладкавання адпаведных раёнаў, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, у сталіцы — сайт Мінскага гарвыканкама. Акрамя таго, кожнаму карыстальніку інтэрнэту даступная для наведвання аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма "Агульнарэспубліканскі банк вакансій". Яна дае магчымасць ажыццяўляць пошук вакансій па прафесіі, памеры заработнай платы, рэгіёне. Пры жаданні беспрацоўны можа звузіць пошук, указаўшы сваю адукацыю і пажаданні адносна рэжыму і характару працы. Між іншым, на сайце прадстаўлены і звесткі аб наяўнасці вакансій і свабоднага жылля ў аграпрамысловых комплексах. Па словах Жанны Шчамялёвай, вакансій для працаўладкавання грамадзян, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, у нашай краіне сёння дастаткова. Так, на пачатак кастрычніка наймальнікі прадставілі амаль 62 тысячы вакансій, з іх 82% — па рабочых прафесіях. — Больш за 90% агульнай колькасці гэтай катэгорыі складаюць мужчыны, — дадала прадстаўнік міністэрства, — што ў сувязі з дэфіцытам мужчынскай рабочай сілы на рынку працы ў большасці рэгіёнаў рэспублікі дазваляе падабраць працоўнае месца практычна неадкладна пасля іх рэгістрацыі. Шукаць працу загадзя На працягу апошніх трох гадоў у краіне назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці зваротаў грамадзян, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. За дзевяць месяцаў гэтага года тут было зарэгістравана 3,4 тысячы такіх беспрацоўных. У розныя арганізацыі рэспублікі на пастаянную працу ўладкавана 1,7 тысячы чалавек (у тым ліку ў кошт броні 1,3 тысячы), на прафесійнае навучанне накіравана 252 чалавекі, 402 былі задзейнічаны на аплатных грамадскіх работах. — Праца, звязаная з аказаннем дапамогі ў працаўладкаванні такім грамадзянам, пачынаецца загадзя, — патлумачыла Жанна Аляксандраўна. — Органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне рэгулярна праводзяць інфармаванне асоб, якія знаходзяцца непасрэдна ў месцах пазбаўлення волі, аб сітуацыі на рынку працы ў сваім рэгіёне, наяўных вакансіях на прадпрыемствах з указаннем заработнай платы і г.д. Акрамя таго, сумесна з органамі ўнутраных спраў мы праводзім розныя акцыі, скіраваныя на аказанне дапамогі ў іх працаўладкаванні вышэйназваных асоб. Павысіць матывацыю Рэальная канкурэнцыя на рынку працы — далёка не адзіная акалічнасць, якая ўскладняе працаўладкаванне ўчарашніх зняволеных. Звычайна справа тармозіцца па прычыне іх нізкай матывацыі да працы. — Часта асобы, якія вызваліліся з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, рэгіструюцца ў якасці беспрацоўных з мэтай атрымання даведкі аб рэгістрацыі для прадастаўлення ў органы ўнутраных спраў і больш у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне не з'яўляюцца, — акрэсліла праблему кансультант упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы. — Штогод за парушэнне заканадаўства аб занятасці, адмаўленне ад прыдатнай працы, прафнавучання здымаецца з уліку больш за тысячу чалавек. У цэлым работа па аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні асобам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, удасканальваецца. Так, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўнесла ў МУС прапанову аб дапаўненні Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў" нормай, якая б прадугледжвала ўстанаўленне фінансавых прэферэнцый наймальнікам, якія ствараюць працоўныя месцы для асоб, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Мяркуецца, што прэферэнцыі будуць выплачвацца за кошт сродкаў, скіраваных на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва. — Такая мера дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць гэтай катэгорыі грамадзян на рынку працы, пашырыць магчымасці іх працаўладкавання і фактычна будзе з'яўляцца працоўнай рэабілітацыяй асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, — падсумавала прадстаўнік міністэрства. Інга МІНДАЛЁВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто і як дапамагае былым зняволеным працаўладкавацца У адпаведнасці з Канстытуцыяй, усе мы маем права на працу. Аднак далёка не кожнаму з нас удаецца самастойна...
|
|