"Вышэйшая адукацыя рызыкуе стаць не проста масавай, а ўсеагульнай...". 21.by

"Вышэйшая адукацыя рызыкуе стаць не проста масавай, а ўсеагульнай..."

08.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Праект новай рэдакцыі Правілаў прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы прайшоў узгадненне з усімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі і ў зараз ужо перададзены ў Міністэрства юстыцыі. Аб гэтым учора на калегіі, прысвечанай падвядзенню вынікаў апошняй прыёмнай кампаніі, паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр ЖУК.

  — За пяцігадовы перыяд дзеяння папярэдніх Правілаў прыёму назапасіўся шэраг момантаў, якія патрабавалі карэкціроўкі. У прыватнасці, павысілася якасць падрыхтоўкі навучэнцаў сельскіх агульнаадукацыйных устаноў, — падкрэсліў у сваім выступленні Аляксандр Жук. — Ільготы, якія прадастаўляліся пэўным катэгорыям абітурыентаў, часта ішлі ім не на карысць: залічаныя на льготных умовах не заўсёды спраўляліся з адукацыйнай праграмай, адлічваліся, і гэта парушала адзін з галоўных прынцыпаў — аб'ектыўнасць адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. Сёння ў краіне распрацоўваюцца новыя тэхналогіі правядзення ўступнай кампаніі — у прыватнасці, электронная сістэма залічэння, укараненне якой часткова стрымліваецца дзеючымі Правіламі прыёму. Да таго ж з 1 верасня ўступіў у дзеянне Кодэкс аб адукацыі, у адпаведнасці з якім трэба прывесці ўсе нарматыўныя прававыя акты ў нашай галіне.

Аляксандр Жук падрабязна спыніўся на прапанаваных змяненнях.

1. Адмена асобнага конкурсу сярод выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі.

За шэсць апошніх гадоў адбылося значнае збліжэнне прахадных балаў абітурыентаў — выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Калі ў 2006 годзе прахадны бал вяскоўцаў у 28 працэнтах выпадкаў быў роўны ці перавышаў прахадны бал гараджан, то сёлета ўжо на кожнай другой спецыяльнасці (г.зн. у 50 працэнтах выпадкаў) абітурыенты з сельскай мясцовасці мелі больш высокія прахадныя балы, чым гараджане. Да таго ж у гэтым годзе прадстаўнікі сельскіх устаноў адукацыі мелі на цэнтралізаваным тэсціраванні больш высокі сярэдні бал адразу па чатырох дысцыплінах: геаграфіі, а таксама беларускай, іспанскай і нямецкай мовах.

— Улічваючы выраўноўванне ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ, нам бачыцца апраўданым правядзенне сярод іх агульнага конкурсу, — дадаў Аляксандр Жук.

2. Адмена залічэння ў ВНУ па-за конкурсам дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі.

Сёння пры залічэнні абітурыентаў на асобныя, асабліва прэстыжныя, спецыяльнасці бюджэтныя месцы задоўга да заканчэння прыёму дакументаў запаўняюцца абітурыентамі, якія маюць права на пазаконкурснае залічэнне. У выніку абітурыенты-льготнікі залічваюцца з невысокім агульным балам, а тыя абітурыенты, якія маюць не проста высокія, а вельмі высокія балы, не праходзяць па конкурсе. Так сёлета на спецыяльнасць "Псіхалогія" ў БДУ быў залічаны льготнік з кола дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, які набраў 108 балаў. Пры гэтым не прайшоў абітурыент, які набраў 296 балаў — амаль утрая больш! На спецыяльнасць "Паліталогія" ў БДУ па-за конкурсам быў залічаны абітурыент, які набраў 112 балаў, а абітурыент, які меў 337 балаў, застаўся за бортам. У БНТУ на спецыяльнасць "Прымысловае і грамадзянскае будаўніцтва" быў залічаны льготнік з 148 баламі, а абітурыент з 265 баламі не прайшоў па конкурсе. Усяго пры паступленні на гэтую спецыяльнасць адзначана 9 падобных выпадкаў. Аналагічныя сітуацыі неаднаразова назіраліся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на перакладчыцкім факультэце і факультэце міжкультурных камунікацый, а таксама ў БДЭУ і іншых універсітэтах.

— Мы стаім перад цяжкім рашэннем — прапануем перанесці сацыяльныя льготы для гэтай катэгорыі грамадзян на этап пасля іх залічэння: маецца на ўвазе гарантаванае прадастаўленне такім маладым людзям месца ў студэнцкім інтэрнаце, дзяржзабеспячэнне, сацыяльныя выплаты, вызваленне іх ад платы за навучанне, прадастаўленне крэдыту на льготных умовах... Гэта дазволіць ажыццяўляць залічэнне ў ВНУ выключна на падставе конкурснага адбору, каб ільгота не распаўсюджвалася на веды і здольнасці, — падкрэсліў Аляксандр Жук. — Пры гэтым правам на пазаконкурснае залічэнне дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без бацькоўскай апекі, могуць скарыстацца пры паступленні ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Першы намеснік міністра адукацыі дадаў, што аналагічная сітуацыя складвалася з дзецьмі-інвалідамі да адмены ім у 2008 годзе льготы пазаконкурснага залічэння. Вынікі залічэння апошніх чатырох гадоў сведчаць аб тым, што абітурыенты з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсным адборы на навучанне за кошт сродкаў бюджэту: у 2011 годзе былі залічаны 224 такія абітурыенты. Прычым пасля ліквідацыі для гэтай катэгорыі абітурыентаў права на пазаконкурснае залічэнне паказчык залічаных у ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту не змяншаецца.

3. Павышэнне "вагі" профільнай дысцыпліны пры падліку прахаднога бала пры паступленні на прыродазнаўча-навуковыя спецыяльнасці ВНУ (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія).

Аналіз вынікаў залічэння паказаў, што ў шэрагу выпадкаў абітурыенты добра падрыхтаваныя па абранай спецыяльнасці, якія набралі высокія балы па профільных прадметах, могуць не прайсці па агульным конкурсе. Напрыклад, на факультэце прыкладной матэматыкі БДУ пры паступленні на дзённую бюджэтную форму навучання абітурыент, які набраў 84 балы са 100 магчымых па абодвух прадметах (матэматыка і фізіка) не змог прайсці па конкурсе. Затое былі залічаны абітурыенты, якія набралі па профільных прадметах значна меншыя балы, але яны мелі пэўную перавагу за кошт сертыфіката ЦТ па дзяржаўнай мове і сярэдняга бала атэстата.

На фізічным факультэце ў залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання ўдзельная вага двух профільных прадметаў (матэматыка і фізіка) у агульнай суме набраных балаў склала толькі 37 працэнтаў, у той час як мова і сярэдні бал дакумента аб адукацыі заняў асноўную долю — 63 працэнты.

— Такім чынам, у мэтах адбору найбольш профільна матываванай моладзі пры паступленні на біялагічныя, матэматычныя, фізічныя і хімічныя спецыяльнасці пры падліку прахаднога бала па выніках тэсціравання прапануецца ўвесці каэфіцыент "2". Мы прааналізуем вынікі прыёму 2012 года і зробім высновы аб мэтазгоднасці пераносу гэтай нормы на іншыя спецыяльнасці, — паведаміў Аляксандр Жук.

4. Адхіленне ад удзелу ў конкурсе абітурыентаў, якія атрымалі адмоўныя вынікі па профільных уступных выпрабаваннях.

Пасля адмены ў 2008 годзе "ніжняй мяжы" пачасціліся выпадкі паступлення ў ВНУ абітурыентаў з вельмі нізкай падрыхтоўкай. Тэарэтычна ў ВНУ могуць паступаць усе ахвотныя, якія набралі на ЦТ 1 бал і больш. І хоць у гэта калісьці мала верылася — тым не менш, тэорыя пераўтварылася ў практыку. У выніку ў спісах залічаных знаходзяць сябе ў тым ліку і "круглыя двоечнікі". Так, у гэтым годзе студэнтам Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д. Сахарава стаў абітурыент з сярэднім балам атэстата 3,2 бала. Яго школьныя веды па трэцяй частцы прадметаў былі ацэнены на "двойкі" па дзесяцібальнай шкале — у тым ліку і такія важныя для навучання ў ВНУ дысцыпліны, як фізіка, хімія, матэматыка, руская мова. У БНТУ на платнае навучанне былі залічаны абітурыенты, якія мелі ў сертыфікатах ЦТ па фізіцы (гэта профільны прадмет) усяго 1 бал. Аналагічная карціна назіралася і на некаторых спецыяльнасцях у іншых ВНУ.

— Такім чынам, вышэйшая адукацыя рызыкуе стаць не проста масавай, а ўсеагульнай, а гэта прывядзе да рэзкага зніжэння яе якасці, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Аляксандр Жук. — Якасць падрыхтоўкі абітурыентаў — гэта аснова якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў. Таму мы ўпэўнены, што наспела неабходнасць вызначэння "ніжняй мяжы" па кожным вучэбным прадмеце. Мяркуецца, што да конкурсу не будзе дапушчана тая частка абітурыентаў, якая пакажа на ЦТ па профільных дысцыплінах горшыя вынікі. Магчыма, гэта будуць 5 працэнтаў самых нізкіх балаў.

Між іншым, калі б сёлета ўжо дзейнічала гэтае правіла (мінус 5 працэнтаў уладальнікаў самых нізкіх балаў), то і агульная колькасць прэтэндэнтаў на студэнцкі білет скарацілася б на 10 працэнтаў. І ўсё ж такі ў Міністэрстве адукацыі перакананыя, што галоўнае — гэта не пагоня за абітурыентамі, а пагоня за якасцю ведаў прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. Інакш пра якую якасць навучання ў ВНУ можа весціся размова?

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праект новай рэдакцыі Правілаў прыёму ў ВНУ і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы прайшоў узгадненне з усімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика