Паядынак асаў
22.12.2011
—
Новости Общества
|
Колькі не адкрыта яшчэ невядомых старонак Другой сусветнай вайны! Чытаючы розныя публікацыi аб гэтай вайне, мы прывыклі ўспрымаць немцаў толькі як зверападобных забойцаў, замбіраваных гітлераўскай прапагандай, якая ўнушала: «Нямецкі салдат, забі любога славяніна, хто б ён ні быў: жанчына, стары ці дзіця». Але не ўсе іх салдаты былі бязлітаснымі забойцамі, не ўсе іх лётчыкі без шкадавання расстрэльвалі калоны мірных бежанцаў. Мой добры сябра і нязменны партнёр па шахматах у Смілавічах Аляксандр Халадзінскі расказаў пра незвычайны выпадак у час Вялікай Айчыннай вайны. У пасляваенныя гады разам з Халадзінскім у Беларускім політэхнічным інстытуце вучылася шмат салдат і афіцэраў, якім давялося ваяваць з немцамі. Адзін з іх, Іосіф Вяпнярскі, у час вайны быў штурманам цяжкага бамбардыроўшчыка ТБ-3 (пасля ён — дацэнт Беларускага політэхнічнага інстытута). Аднойчы, выканаўшы баявое заданне, яны вярталіся на свой аэрадром. Унізе рассцілаўся зялёны дыван лесу, і нішто не прадвяшчала бяды. Ды нечакана з боку сонца на іх напаў варожы знішчальнік МЕ-109. Відаць, ім кіраваў «вольны паляўнічы», адзін з нямецкіх асаў, якім дазвалялі паляваць на самалёты праціўніка ў любым месцы. Але і пілот ТБ-3 быў вопытным лётчыкам. Наблізіўся немец амаль ушчыльную і паказаў нашаму лётчыку два пальцы, што азначала: саб’ю цябе з другога заходу. У гэтым нямецкі ас бачыў асаблівы шарм. Падзеі развіваліся імкліва. «Месер» «даў газу» і, зрабіўшы вялікае кола ў небе, атакаваў. Наш пілот задзейнічаў усё сваё майстэрства, пятляў, каб выйсці з-пад удару ворага. Манеўраваць ціхаходным самалётам памагала тое, што, вяртаючыся назад, ён быў аблегчаны ад бомбаў, снарадаў і лішняга паліва. Экіпаж уздыхнуў з палёгкай, калі ўдалося вырвацца са смяротнай каруселі. «Месершміт» абагнаў іх і атакаваў яшчэ раз. Імкнучыся адарвацца ад навіслай на хвасце самалёта смерці, савецкі пілот выкарыстаў увесь свой вопыт, набыты ў час вайны ў Іспаніі і на Халхін-Голе. Ён зрабіў усё, на што быў здольны бамбардыроўшчык, які лётчыкі з-за непаваротлівасці звалі «каровай». Выціснуў з самалёта нават тое, чаго не маглі прадугледзець яго канструктары. Зноў удалося вырвацца з цэпкіх кіпцюроў ворага. У бамбардыроўшчыка заканчвалася паліва, стралкі расстралялі патроны, і тут немец атакаваў у чацвёрты раз. Экіпаж зразумеў, што набліжаецца іх канец. Цяпер выратавацца ад варожага «свабоднага паляўнічага» не засталося ніводнага шансу. Вось-вось на іх безабаронны самалёт знішчальнік абрыне ўсю сваю агнявую моц. Сярод зялёнага лесу будзе іх магіла. Штурман горача шаптаў: «Госпадзі, памілуй… Госпадзі, памілуй… Госпадзі, выратуй і абарані…» На здзіўленне, пасля чацвёртага заходу нямецкі знішчальнік не абстраляў ТБ-3, а паляцеў паралельным курсам. Параўняўшыся з кабінай савецкага пілота, немец адсунуў фанар кабіны і аддаў чэсць савецкаму асу. Віртуознае майстэрства савецкага лётчыка так уразіла нямецкага аса, што ён, павінуючыся пачуццю ўласнай годнасцi, не стаў дабіваць паранены савецкі самалёт, каб атрымаць чарговы крыжык на фюзеляж сваёй машыны. Калі яны дацягнулі да аэрадрома, на ТБ-3 налічылі шмат прабоін. Асабіст, даведаўшыся пра здарэнне, прымусіў усіх даць падпіску «о неразглашении сведений». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькі не адкрыта яшчэ невядомых старонак Другой сусветнай вайны!
|
|