Самы вясёлы Новы год
31.12.2011
—
Новости Общества
|
У рытме Кубы "Там такі дух!" — кажуць пра асаблівую атмасферу Вострава Свабоды людзі, якім пашчасціла яго наведаць. Маўляў, нідзе не ўмеюць так весяліцца і радавацца жыццю, як там. А значыць, і ў святкаванні ім няма роўных. Навошта выліваць вядро вады праз акно, чым лепш частавацца і як бавіць час у галоўную ноч года, даведаемся ад прадстаўніка самай жыццярадаснай краіны — Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кубы ў Беларусі Альфрэда Ньевеса Партуонда, у мінулым, дарэчы, журналіста. Зрэшты, хіба журналісты бываюць былымі? — 31 снежня ўсе поўныя запалу. Дома праводзіцца генеральная ўборка, старыя рэчы імкнуцца выкінуць. Дамы выпраўляюцца ў салоны прыгажосці і стараюцца апрануцца ў абноўкі. Мужчыны запасаюцца півам, ромам — каб усяго было ўдосталь: ноч жа доўгая! Кубінскія мужчыны, дарэчы, бяруць нават больш удзелу ў прыгатаванні святочнай вячэры, чым жанчыны: у іх шмат часу ідзе на ўборку і марафет. — І што гатуюць кубінскія мужчыны? — Гасцей пачынаем прымаць прыкладна а сёмай гадзіне, частуем спачатку півам, кактэйлямі, лёгкімі закускамі — смажанымі бананамі, морапрадуктамі, салатамі. Прыемная гутарка, тэлевізар, нехта гуляе ў даміно, іншыя настольныя гульні. Атмасфера вельмі расслабленая. Гадзін ў дзесяць пачынаецца вячэра. Галоўная страва — парася, якое засмажваецца цалкам, падаецца на стол на вялікім падносе, і госці сабе самі адразаюць па кавалачку. Кубінскае парася адрозніваецца незвычайным смакам і водарам. Усё ж залежыць ад таго, чым яго кармілі: у кубінскага, выгадаванага на пладах пальмы, мяса больш далікатнае і смак яго пікантны. На стале таксама павінна быць месца чорнай фасолі ці рысу з чорнай ці каляровай фасоляй. — Ад чаго яшчэ, апроч смачнай ежы, атрымліваюць асалоду ў Новы год па-кубінску? — Удзельнікі застолля павінны крыху скінуць набранае, паварушыцца, таму ў пэўны момант сталы ссоўваюцца ўбок і ўсе танчаць. Паўза наступае а 12 гадзіне ночы. На Кубе ёсць традыцыя, асабліва ў Гаване, слухаць залпы гармат з крэпасці Маро. Гарматныя стрэлы звычайна гучаць а 21 гадзіне, але 31 снежня — адзіны дзень года, калі яны гучаць у 12 гадзін ночы. Так ушаноўваецца Новы год і перамога рэвалюцыі. Ладзіцца феерверк, з кароткім пасланнем выступае прэзідэнт. З наступленнем новага года віншуюць адно аднаго ўсе суседзі па вуліцы і нават абсалютна незнаёмыя людзі. У святочную ноч заўжды гучная музыка, спевы пад гітару і танцы да світання. — Ці ёсць нейкія асаблівыя кубінскія рытуалы для навагодняй ночы, спадар пасол? — Выплюхваць вядро вады праз акно. Гэта адмысловае ачышчэнне дома — каб усё благое выплюхнулася разам з вадой. А ў новым годзе было толькі добрае. Ёсць і яшчэ адна традыцыя. Калі да вас на аганёк завітаў той, каго вы не запрашалі, яму трэба прапанаваць глыток рому. Гэта традыцыя старажытная, і найперш яна тычыцца ўсходніх правінцый, якія наогул адрозніваюцца павышаным узроўнем гасціннасці. — А як адзначаеце нацыянальнае свята на наступны дзень? — 53 гады краіна адзначае 1 студзеня дзень перамогі Кубінскай рэвалюцыі. Гэтае свята дадае нашаму народу патрыятызму. Нягледзячы на афіцыйны статус, аддаюць перавагу яго сямейнай частцы. На гэты дзень звычайна не прызначаюцца нейкія афіцыйныя сходы, урад стараецца не прыўносіць сюды празмернага афіцыёзу, і ўсе святкуюць у сямейным коле. Святы, якія ідуць адно за адным, робяць гэты час асабліва прывабным для турыстаў. Кубінскі энтузіязм, відаць, заразлівы. Таму наплыў турыстаў у гэтую пару асаблівы. — Колькі беларусаў сёлета наведала Кубу? — Больш за тысячу, магчыма, паўтары. Радуе, што кожны год іх колькасць павялічваецца, і яна стабільна на трэцім месцы — пасля рускіх і украінцаў, колькасць насельніцтва ў якіх, заўважу, значна большая. Турыстычны бум у Грэцыю, Турцыю, Егіпет спадае: многія пачынаюць шукаць экзотыку, і на Кубе яны яе знойдуць. Тут багатая гісторыя, рэвалюцыя змяніла сітуацыю на цэлым кантыненце, жывая культура, гасцінны народ, прыемны клімат. Атмасфера камфортная: няма наркатрафіку, спакойная крымінагенная сітуацыя, абсалютная свабода турыста ў нашай краіне. Сёлета мы прынялі амаль 3 млн гасцей. — Многія хваляць непаўторны кубінскі дух: у чым ён заключаецца і як яго ўдалося стварыць? — Кубінцы вельмі адкрытыя, любяць пагутарыць, маюць іскрамётнае пачуццё гумару, схітраюцца смяяцца нават з праблем. Для кубінца натуральна дэманстраваць адвагу, смеласць, любоў да Радзімы і быць адначасова рамантычным і адважным, пяшчотным і смелым. Кубінцы вельмі простыя, яны не надаюць столькі значэння матэрыяльнаму, які іншыя народы. Быць кубінцам — гэта своеасаблівая форма жыцця на востраве. Я заўжды кажу, што жыць на востраве — гэта як плыць на караблі: усе пасажыры ўсведамляюць, што судна можа пайсці на дно. Таму мы ўсе адчуваем братэрства. Дапамога звонку можа не паспець, мы самі павінны быць дапамогай адно аднаму. І няважна, хто твой сусед — колер скуры ці веравызнанне не маюць значэння — усё адно кубінец. Кубінская рэвалюцыя ўмацавала ў нашым народзе гэта адчуванне — яна дала магчымасць абсалютнай большасці людзей адчуваць сябе свабоднымі і мець роўныя правы з астатнімі. Відавочная прастата кубінцаў дазваляе нам не быць ні шавіністамі, ні нацыяналістамі і не адчуваць сябе пупам зямлі. Ёсць вядомы кубінскі выраз: "Ты што, хочаш адчуваць сябе пупам зямлі?". Гэтак жа вядомы, як выраз нацыянальнага героя Кубы Хасэ Марці: "Уся слава свету ўмяшчаецца ў зярнятку рысу". Дзень Кубінскай рэвалюцыі адзначаюць у сямейным коле. У сямейным коле спадара Партуонды — два Альфрэда і дзве Аліяны: першага сына на Кубе прынята называць у гонар бацькі, а першую дачку — у гонар маці. Аліяна малодшая — журналіст, а Альфрэда малодшы — музыка.— Што агульнага заўважылі ў характары беларусаў і кубінцаў? А чым кардынальна адрозніваемся? — Абодва народы працалюбівыя, простыя, гасцінныя, адкрытыя, і, дэманструючы пачуццё сяброўства, яны робяць гэта шчыра. Адрозненні, безумоўна, у тэмпераменце. Кубінец можа за адну хвіліну выразіць і смутак, і весялосць. Беларусу, каб перайсці з аднаго стану ў іншы, патрэбны час. Кубінец можа лёгка пераключыць сваю ўвагу на жанчыну, а беларус, здаецца, будзе доўга разважаць, ці варта гэтым займацца. Кубінцу ўвогуле ўласціва гаварыць кампліменты, заляцацца да жанчыны. — Чым можа прывабіць кубінскага госця Беларусь? — Патэнцыйныя турысты — найперш тыя, хто тут вучыўся. У іх настальгія. Гэта тысячы і тысячы людзей. Беларусам ёсць што паказаць. Унікальная Белавежская пушча з непаўторнымі зубрамі. Прырода тут абслаютна іншая, чым на Кубе. Там не пабачыш снегу, апроч як у кіно. У Беларусі слынная гісторыя — гісторыя народа, які пастаяння падвяргаўся нашэсцям і аказваў супраціўленне. Захаванае насуперак усяму культурнае багацце дарагога каштуе і выклікае павагу. У любога турыста, які думае пра ўсё гэта, дастаткова матывацыі, каб наведаць Беларусь. — Надыход Новага года — час для жаданняў. Што б вы загадалі для беларуска-кубінскіх адносін налета? — Каб негатыўныя моманты ў эканоміцы прайшлі як мага хутчэй, каб у нашых дамах заўжды былі шчасце, здароўе, а паміж усімі людзьмі захоўваліся добрыя адносіны. Ала МАЧАЛАВА. Фота з сямейнага архіва пасла. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Там такі дух!" — кажуць пра асаблівую атмасферу Вострава Свабоды людзі, якім пашчасціла яго наведаць. Маўляў, нідзе не ўмеюць так весяліцца і радавацца жыццю,...
|
|