Быць ці не быць падсобным гаспадаркам
25.01.2012
—
Новости Общества
|
З зямлі пачынаецца калі не ўсё, то многае. Кожны вясковец — хоча ён таго ці не — на ёй стаіць, яе апрацоўвае, з яе жыве. Жыве не так багата, як хацелася б. Таму менавіта на дзяржаве ляжыць асаблівая адказнасць за тое, каб, вобразна кажучы, вярнуць вёсцы даўгі. Ні для каго не сакрэт, што сёння ўласныя падсобныя гаспадаркі з'яўляюцца сур'ёзнай падмогай для кожнай сям'і ў вырашэнні матэрыяльных праблем. З цяжкасцю ўяўляецца, як вясковыя жыхары могуць бегаць у краму па цыбулю, моркву ці бульбу. Уласная гаспадарка арганічна "ўплецена" ў сялянскі побыт, яна — стрыжань вёскі, аснова яе ўкладу, які фарміраваўся стагоддзямі. Але сялянская праца не можа бясконца быць Сізіфавай: калі ты ўвесь час штурхаеш камень угору, а ён усё роўна коціцца назад. Яна павінна ўзнагароджвацца вынікамі і выручкай... Калі гэты важны складнік вясковага жыцця не будзе падтрымлівацца на дзяржаўным узроўні і на ўзроўні мясцовай улады, калі ў людзей не будзе магчымасці атрымаць кармы, месцы для выпасу, сенажаці — падсобныя гаспадаркі прыйдуць у заняпад. Трымаць ці не трымаць гаспадарку — справа добраахвотная, тут ніякіх прымусовых захадаў быць не павінна. Але неабходна стварыць чалавеку такія ўмовы для жыцця і працы, каб ён сам захацеў абзавесціся чымсьці, акрамя дома. 156 тысяч уласных падсобных гаспадарак вырабляюць на Гродзеншчыне 23% валавой сельскагаспадарчай прадукцыі Дадатковая "капейка" лішняй не бывае Для Галіны Барэйшы, якая гандлюе сваёй сельгаспрадукцыяй на Цэнтральным рынку ў Гродне, выгада відавочная. У той дзень яна, як звычайна, заехала (сама за рулём) на тэрыторыю рынку, побач з легкавіком паставіла "пляжны" парасон і пад ім, у якасці прылаўка, паставіла столік з таварам: яблыкамі, морквай, буракамі, цыбуляй, капустай. Таварны выгляд — проста цудоўны! — Пэўна, фермерскую гаспадарку маеце? — цікаўлюся. — Ды не, калгасніца я, — адказвае Галіна Мікалаеўна. Аказваецца, калгаснікамі тут, на рынку, называць тых, хто гандлюе прадукцыяй з уласных падсобных гаспадарак. І непрыемнага адцення, нейкай знявагі ў гэтым няма. Адсутнічае і праблема з месцамі для тых, хто гандлюе прадукцыяй з уласных сотак. — Яшчэ ніхто не скардзіўся, што прыехаў да нас і не было магчымасці гандляваць, стараемся задаволіць усіх ахвотных, — кажа дырэктар Цэнтральнага рынку Сяргей Дэмбіцкі. Для людзей, якія гандлююць сваёй агароднінай і садавіной (пры наяўнасці адпаведнай даведкі з сельсавета і, зразумела, пасля санітарнага кантролю), на рынку забраніравана 120 стацыянарных прылаўкаў. А для тых, хто, як Галіна Барэйша, хоча прадаваць з аўтамабіля, прадугледжана 20 месцаў на пляцоўцы. Акрамя таго, за гэтай катэгорыяй гандляроў замацаваны 4 месцы ў зале для продажу саленняў і квашанай капусты і столькі ж — у мясных радах. І толькі калі да дзесяці гадзін там не аб'явіліся "калгаснікі", гэтыя месцы могуць заняць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія скупляюць жывёлу ў сялян. Праўда, ужо не на льготных умовах (для "калгасніка" дзейнічае дзесяціпрацэнтная зніжка па аплаце за месца), а на агульных падставах. Але вернемся да размовы з Галінай Мікалаеўнай. Жанчына працуе санітаркай, і да апошняга часу яе зарплата складала 700—800 тысяч рублёў. Рэжым такі, што суткі на працы — трое дома, і таму ёсць магчымасць раз, а то і двойчы на тыдзень прыязджаць на рынак і паляпшаць матэрыяльнае становішча дзякуючы прадукцыі з прысядзібнага ўчастка, што каля бацькоўскага дома ў вёсцы Чашчаўляны. На плошчы ў 67 сотак Галіна Барэйша разам з бацькамі, з дапамогай сына, дачкі і зяця вырошчвае, акрамя вышэйзгаданай агародніны, яшчэ і бульбу, памідоры, агуркі. Ураджай дзвюх апошніх культур, зразумела, ужо рэалізаваны, а бульба, якая ў гэтым сезоне на дзіва танная, чакае вясны. Насенне выкарыстоўваюць і ўласнае, апрабаванае на практыцы, і ў надзейнага, ужо праверанага пастаўшчыка купляюць. А што тычыцца яблыкаў, дык тут, як кажа Галіна Барэйша, галоўны спецыяліст — бацька. Прычым асаблівая ўвага надаецца ўмовам захоўвання пладоў: акрамя іх, у падвале больш нічога не трымаюць. Вось так, сямейнай талакой, і працуюць на сваіх сотках. У выніку і сабе хапае, і на продаж. Тым больш што да рынку ўсяго 6 кіламетраў, і транспартныя выдаткі не надта вялікія. Раз на раз не выпадае, аднак (з улікам платы за гандлёвае месца і правядзенне аналізаў у санітарнай лабараторыі) удаецца зарабіць 200, а то і 250 тысяч рублёў за дзень. Праўда, гэта з дапамогай яблыкаў. Калі ж яны закончацца, то даход толькі ад агародніны будзе значна меншым. Але ж дадатковая капейка, лічыць Галіна Мікалаеўна, усё роўна не бывае лішняй. А вось яшчэ ў аднаго "калгасніка", Юрыя (сваё прозвішча ён прасіў не называць) настрой быў не надта аптымістычны. Гандлюе ён праз акенца ў "бусе", дзе і знаходзіцца агародніна — таксама, як і ў суседкі, яна цалкам адпавядае неабходным нормам па колькасці нітратаў, іншым санітарным патрабаванням і, зноў жа, мае выгадны таварны выгляд. Асартымент вельмі шырокі, за выключэннем хіба што памідораў, ад якіх Юрый сёлета адмовіўся — прыхварэлі. Калі для Галіны Мікалаеўны даход ад вырошчвання агародніны — дадатковы да зарплаты, то Юрый з сям'ёй толькі гэтым і займаецца. У яго і зямлі больш (прыкладна паўтара гектара, у тым ліку цяпліцы), і аб'ём прадукцыі, тавараабарот большы. Хоць адсюль не толькі выгада, але і праблемы. — Укладваем ва ўраджай вельмі шмат, аднак пры такіх цэнах на наш тавар ... Калі капуста была па 800 рублёў, то ўвогуле ў мінусе ішлі. Па тысячы стала — не разбагацееш, але на хлеб з маслам хопіць. А цэны на шмат што іншае растуць... Напрыклад, задняе кола ў "бусе" памяняць — 100 долараў. Колькі мне трэба на гэту суму ўсяго прадаць?.. Альбо цэны на насенне? Калі ў валюце, то за апошні год яны не змяніліся, але ж у беларускіх рублях дынаміка вядома якая. Чаго не скажаш пра кошт агародніны. Вось цяпер і хвалююся: ці хопіць грошай на закупку насення пад будучы ўраджай? У крайнім выпадку пасеемся выключна беларускім, — разважае Юрый. — А што, нельга абысціся без замежнага насення? Чаму не айчыннае? — На мой погляд, наша па шэрагу пазіцый пакуль не адпавядае еўрапейскаму ўзроўню. Морква, напрыклад, недацягвае. Ды і "чысціні сорту", так бы мовіць, няма — часта трапляе жоўтая, кармавая. У агуркоў не такі выгляд, каб прывабіць пакупнікоў, якіх ужо прывучылі да добрага. А квяцістая капуста? Я не ведаю ніводнага добрага беларускага гатунку... Лічу, што ў гэтым кірунку, па селекцыі гатункаў, слаба ў нас працуюць. Дарэчы, летам у Юрыя з'явілася жаданне пашырыцца: больш зямлі — большы абарот прадукцыі. Цяпер жа дадатковую зямлю ён можа і не ўзяць. *** Летась, зацвярджаючы Праграму развіцця і падтрымкі ўласных падсобных гаспадарак, Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў вырашыў: "для работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый і сацыяльнай сферы ўстанавіць адзіныя расцэнкі па апрацоўцы прысядзібных участкаў, пасадцы сельгаскультур у палях севазвароту, нарыхтоўцы кармоў і іншых відах работ". — Дагэтуль практыкавалася рознае стаўленне да спецыялістаў СВК з аднаго боку і настаўнікаў, медыкаў, работнікаў культуры — з другога. І цяпер, мяркую, знойдзена разумнае рашэнне, — перакананы старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Навумовіч. — Яно выконваецца? — пытаюся. — У цэлым — так, новы падыход становіцца нормай. А мясцовыя ўлады павінны трымаць гэта пад кантролем. Акрамя таго, абласная праграма рэкамендуе сельскагаспадарчым прадпрыемствам аказваць насельніцтву паслугі не толькі па пасадцы бульбы, але і па яе апрацоўцы ад каларадскага жука (аднаразовую) і фітафторы (трохразовую) — па зацверджаных цэнах, але не даражэй за сабекошт гэтых работ. І яшчэ адна мера падтрымкі — выдзяленне сялянам, якія трымаюць жывёлу, сена і саломы ў выглядзе рулонаў і, па магчымасці, з дастаўкай. З аплатай альбо без — вырашае праўленне сельгаскааператыва ў залежнасці ад фінансавага стану. Раману Макарчыку з вёскі Багушоўка Гродзенскага раёна, былому загадчыку калгаснага ўчастка, а цяпер пенсіянеру прысядзібнага ўчастка падалося мала, і ён яшчэ тры гектары зямлі ўзяў у арэнду. Сёння ў Рамана Станіслававіча, якому дапамагаюць жонка, сын і дачка — чатыры каровы, пара цялят, пяць свінаматак, дваццаць парасят, а таксама каля трыццаці курэй. Ёсць трактар, грузавік і УАЗік. Тэхніка, так бы мовіць, зусім не першай маладосці, але служыць спраўна. Найбольшы даход Макарчыкам прыносіць ранняя цяплічная агародніна. Ды і ў мясной, малочнай "галінах" сваёй гаспадаркі яны маюць выгаду. Дарэчы, акрамя іх і яшчэ адной сям'і, ніхто ў Багушоўцы кароў ужо не трымае. Абуза? Прычым тэндэнцыя штогадовага скарачэння кароў на ўласных падворках, нягледзячы на стымуляванне грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі лепшых малаказдатчыкаў і малаказборшчыкаў, назіраецца ў вобласці амаль паўсюдна. Гэта ўспрымаецца як аб'ектыўная рэальнасць, вынік скарачэння, старэння вясковага насельніцтва, міграцыі працаздольных. Ды і прадаецца малочная прадукцыя ва ўсіх крамах. А з іншага боку, ёсць і суб'ектыўныя недапрацоўкі. На думку старшыні Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Святаслава Конана, не ўсюды на належным узроўні дапамагаюць падсобным гаспадаркам. У прыватнасці, яшчэ бытуе практыка выдзялення ім сена з атавы. Праблемай у некаторых сельгаспрадпрыемствах застаецца несвоечасовы абмалот збожжа на прысядзібных участках — так бы мовіць, "у другую чаргу". Не заўсёды можна набыць у арганізацыях спажывецкай кааперацыі камбікормавыя дабаўкі і вітаміны для жывёлы. Няма дакладнай сістэмы і ў пытанні вызначэння тлустасці малака, не наладжаны патрэбны ўлік і кантроль. Здараецца, малаказборшчыкі кіруюць гэтым працэсам выключна на свой розум. Але ў тым жа Воранаўскім раёне звярнулі ўвагу на цікавы вопыт: у Бастунскім сельсавеце і Радунскім пассавеце малако з вясковых падворкаў збіраюць тры прыватнікі. Якія ад гэтага плюсы? Людзі кажуць, што няма разбалансаванасці ў аплаце за малако. Здаў яго сёння тлустасцю 3,8 — за такое і маеш. Калі ж закупка ідзе праз СВК, то там вызначаецца нейкі "сярэдні" паказчык для ўсіх здатчыкаў. З прыватнікамі такога не здараецца. А яшчэ адну ідэю на Воранаўшчыне збіраюцца пераняць з гісторыі. Вось як яна бачыцца Святаславу Конану: — Вядома, што на некаторых тэрыторыях Гродзеншчыны працавалі добраахвотныя таварыствы ўладальнікаў прыватных падсобных гаспадарак. Ёсць задумка стварыць такое таварыства ў нашым раёне. Мэта — павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за кошт навуковага падыходу, выкарыстання прагрэсіўных метадаў вырошчвання агародніны, садавіны і кармавых культур. Таварыства будзе прапагандаваць перадавыя прыёмы вядзення работ, арганізоўваць выставы і абмен вопытам, дапамагаць у набыцці якаснага насення, саджанцаў, маладняку жывёлы і птушкі. Такі вось гістарычны вопыт на сучасны лад. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З зямлі пачынаецца калі не ўсё, то многае. Кожны вясковец — хоча ён таго ці не — на ёй стаіць, яе апрацоўвае, з яе жыве. Жыве не так багата, як хацелася б. Таму менавіта...
|
|