Кватэрныя пытанні псуюць магіляўчанам жыццё
03.02.2012
—
Новости Общества
|
На прыёме ва ўлады Для шматдзетных сем'яў Магілёва, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жылля, пабудуюць сёлета асобны дом. Самыя розныя жыллёвыя праблемы дапамагаў вырашаць грамадзянам на прыёме старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік. Грошы на новыя кватэры Дом на вуліцы Чэхава ў цэнтры Магілёва яшчэ толькі будуецца, але ўжо выклікае шмат спрэчак. Забудоўшчыкі ў трывозе: ім падаецца, што іх прымусяць плаціць за свае квадратныя метры вялізныя, не па кішэні, грошы. Нашмат большыя, чым яны ўжо заплацілі. Арганізацыя, з якой будучыя кватэраўладальнікі падпісвалі дамовы яшчэ ў 2009 годзе, ужо не існуе, а Магілёўскі гарвыканкам, які быў заснавальнікам той арганізацыі, прапануе прыняць новыя дадатковыя пагадненні. Гэтыя дакументы, баяцца людзі, і дадуць магчымасць усталяваць значна вышэйшыя цэны. "Што будзе далей з намі і нашымі грашыма?" — пыталіся маладыя жанчына і мужчына, якія прыйшлі ўзяць раду кіраўніка вобласці. Галоўнае, што дом будуецца. Менавіта такім чынам найперш супакойвалі магіляўчан, якія разлічваюць стаць у хуткім часе гаспадарамі новых апартаментаў, але ж не вечнымі плацельшчыкамі за іх пабудову. — Да 1 ліпеня, да Дня Рэспублікі дом неабходна здаць, — сказаў Пётр Руднік. — Што датычыцца кошту квадратнага метра, то ён канчаткова вызначыцца бліжэйшым часам, калі будзе гатовы нарэшце ўвесь камплект праектна-каштарыснай дакументацыі. Акрамя гэтага, суму будзе зацвярджаць Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Пакуль жа ўпраўленне капітальнага будаўніцтва гарвыканкама можа толькі заявіць пра сябе як пра правапераймальніка арганізацыі, якую закрылі і якой, паводле некаторай інфармацыі, займаюцца праваахоўныя органы. І як адказны заснавальнік, гарадская ўлада павінна разгледзець пытанне пра дапамогу ў фінансаванні гэтага жылога дома, каб за кошт бюджэтных сродкаў зрабіць квадратны метр больш танным. Дом для шматдзетных сем'яў На прыём прыйшла шматдзетная маці Наталля Макарэвіч. Яна працуе ў ААТ "Лаўсанбуд", жыве з мужам і 3 дзецьмі ў інтэрнаце. У кіраўніцтва вобласці просіць падтрымкі ў атрыманні большага па памеры пакоя альбо блока, каб вялікая сям'я магла жыць больш камфортна, пакуль вырашаецца пытанне пра будаўніцтва новага жылля. Паводле заканадаўства, на кожнага члена сям'і павінна быць не менш 6 квадратных метраў жылой плошчы, а Макарэвіч мае менш. Таму прадстаўніку будаўнічага трэста прапанавалі літаральна за тыдзень знайсці жыллё большай плошчы для шматдзетнай сям'і, якую трэба падтрымліваць. Маці таксама паскардзілася Пятру Рудніку на не самыя лепшыя ўмовы жыцця ў інтэрнаце: маўляў, краны цякуць, шыбы падаюць (аднойчы — нават на яе дзіця), са святлом перабоі. Карацей — патрэбен рамонт будынка, якому ўжо 40 гадоў. Думка кіраўніцтва такая: рамонту быць, але свой уклад у інтэрнатны дабрабыт павінны ўнесці і яго жыхары, якіх трэба арганізаваць на суботнікі. Тады яны больш будуць цаніць сваё, няхай і часовае, але ўсё ж жыллё. Аднак старшыня Магілёўскага аблвыканкама разам з пытаннем Наталлі Макарэвіч імкнуўся вырашыць жыллёвыя праблемы ўсіх магілёўскіх шматдзетных сем'яў, якія не маюць дастаткова камфартабельнага жылля. Сёння ў абласным цэнтры 102 такія сям'і, і яны "раскіданы" па розных жыллёва-будаўнічых кааператывах. Будаўнікі ж зведваюць вядомыя цяжкасці з фінансамі, і ўвод новых дамоў пакуль пад пытальнікам. — Неабходна сабраць усе шматдзетныя сем'і ў адзін кааператыў, знайсці месца для забудовы ў цэнтры горада, каб з улікам усіх камунікацый квадратны метр быў таннейшым, і ўжо сёлета ўзвесці адзін ці два жылыя дамы, — прыняў Пётр Руднік важнае для людзей рашэнне. — Жыллёва-будаўнічы кааператыў для шматдзетных сем'яў трэба заснаваць у сціслыя тэрміны, да 1 сакавіка. Расколіны і цвіль Не ўсе тыя магілёўцы, якія ўжо маюць кватэры ў цэнтры горада, адчуваюць сябе шчаслівымі. Жыхары старых дамоў нярэдка ў адчаі патрабуюць ад улад перасялення альбо тэрміновага рамонту. Напрыклад, Наталля Ерафеева, якая мае дваіх дзяцей, жыве ў доме па завулку Пажарным. Гэты дом — гісторыка-культурная каштоўнасць, але ён даўно прызнаны аварыйным. Усіх жыхароў першага паверха пасля таго, як адна жанчына правалілася пад падлогу, выселілі. Іх месца заняла піцэрыя. А на другім паверсе жыхары не толькі пакутуюць ад вечнай вільгаці, але і моцна баяцца шчылін у сценах. — Што будзе з нашым домам? Наколькі ў ім бяспечна жыць мне і маім дзецям? — пыталася жанчына на прыёме ў Пятра Рудніка. Меркаванне такое: дом адназначна трэба ставіць на рамонт, а жыхароў адсяляць. Там цяпер жывуць два дзясяткі сем'яў. Аднак найперш трэба брацца за той пад'езд, дзе шчыліны ў сценах, і даць іншае жыллё тром сем'ям, у тым ліку і Наталлі Ерафеевай. Рамонт помніка архітэктуры, ад якога можа ў выніку застацца толькі адзін фасад, будзе каштаваць, натуральна, нямала грошай. Магілёўскі гарвыканкам спадзяецца знайсці інвестараў. Але пакуль час ідзе, а інвестараў няма. Кіраўнік вобласці запатрабаваў, каб людзей адсялілі ў нармальнае жыллё, і зрабіць гэта трэба на працягу двух тыдняў. Яшчэ адна жыхарка дома па вуліцы Ленінскай, які быў узведзены аж у 1917 годзе, прыйшла прасіць аб рамонце. З цвіллю і грыбком Святлана Ерафеева змагаецца самастойна, але з дзіркамі ў даху і гнілымі драўлянымі перакрыццямі змагацца яна не ў стане. Апошні раз капрамонт рабілі 40 гадоў таму. Цяпер вырашылі правесці новае абследаванне стану дома і, як мінімум, сёлета зрабіць новы дах. — Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, мы вырашаем праблему старога жылля, — сказаў Пётр Руднік. — Сёлета будуць адселены каля трох соцень сем'яў. Так атрымліваецца, што ў цэнтры Магілёва ёсць уся сучасная інфраструктура, а вось камфорт у жылых дамах застаўся на ўзроўні пачатку мінулага стагоддзя. Таму трэба на месцы старога жылля будаваць новае і камфартабельнае. Сюжэт для фільма Жыллёвыя праблемы бываюць такімі рознымі, што цяжка паверыць адразу, ці сапраўды рэальныя яны. Напрыклад, адна заяўніца разам з сынам і мужам (з якім у разводзе) жыве ў так званым раёне "Чудзільнікі", дзе да нядаўняга часу людзі жылі без усялякіх выгод. Магілёўскія ўлады адсялялі адтуль жыхароў. І дом, дзе жыве жанчына, ужо забіты дошкамі, але гэтай сям'і не могуць знайсці нармальную кватэру, якая задаволіла б усіх. Уяўляеце сабе гэты сюжэт для фільма жахаў? Закінуты дом, некалькі жыхароў і... Спатрэбілася ўмяшанне старшыні аблвыканкама, каб сям'і пачалі шукаць 2-пакаёвае жыллё патрэбнага метражу. Іншая магіляўчанка знаходзіцца яшчэ ў больш незайздросным становішчы: яе прыватны дом прызнаны непрыдатным для пражывання, а будаваць новае жыллё (іншага выйсця пакуль не выпадае) у пенсіянеркі ўжо няма ні здароўя, ні сродкаў. Усе магчымыя варыянты яшчэ раз вывучаць спецыялісты. У вёсцы Новае Пашкава старыя калгасныя дамы прамярзаюць: нізкая тэмпература паветра не дае нармальна жыць у халодны сезон. Яшчэ адзін прыватны зямельны ўчастак залівае вадой з-за памылак у будаўніцтве дарог. Усім скаржнікам абяцана падтрымка ўлад. Дарэчы, толькі адзін чалавек прыйшоў 1 лютага на прыём да старшыні Магілёўскага аблвыканкама не з жыллёвымі клопатамі, а з іншымі, грамадска-спартыўнымі. Жыхар Магілёўскага раёна Пётр Марозаў прапаноўвае адрадзіць на вёсцы мотабол (!). Калісьці была такая база, засталіся нават матацыклы, і энтузіяст папрасіў фінансавай дапамогі ў Пятра Рудніка, каб адрадзіць дзіцячую мотабольную секцыю. І няхай усе лічаць, што гэта вельмі дарагі від спорту, а дзяцей цяпер нічым не адарваць ад камп'ютарных гульняў, усё ж кіраўнік вобласці вырашыў, што варта паспрабаваць, тым больш што размова ідзе менавіта пра дзіцячы спорт. Таму 300 мільёнаў рублёў у вобласці адшукаюць, а вынікі працы ў справе мотабола падвядуць напрыканцы гэтага года. Ілона Іванова. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для шматдзетных сем'яў Магілёва, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жылля, пабудуюць сёлета асобны дом. Самыя розныя жыллёвыя праблемы дапамагаў вырашаць...
|
|