"Краіне патрэбныя і "залатыя" мазгі, і "залатыя" рукі..."
03.02.2012
—
Новости Общества
|
"Крытэрыем эфектыўнасці работы школ не можа выступаць такі паказчык, як колькасць выпускнікоў, якія сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, — такую думку выказаў віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Анатоль ТОЗІК, які прымаў удзел у выніковай калегіі Міністэрства адукацыі. — Ацэньваць работу школ трэба па колькасці выпускнікоў, якія ўладкаваліся ў жыцці і змаглі сябе рэалізаваць. Давайце разам шчыра адкажам на пытанне: а ці патрэбна нашай краіне столькі студэнтаў? Чаму 30 гадоў таму, калі савецкая сістэма адукацыі афіцыйна прызнавалася адной з лепшых у свеце, у ВНУ ішлі пасля школы толькі 20 працэнтаў выпускнікоў, а сёння — 60? Чаму ў педагагічны ўніверсітэт мы прымаем на бюджэт абітурыентаў з агульнай сумай (тры сертыфікаты плюс сярэдні бал атэстата) 15-16 балаў з 400 магчымых? А на платную форму навучання паступаюць абітурыенты і ўвогуле з адным балам у сертыфікаце? Па словах Анатоля Тозіка, калі некалькі гадоў таму сярэдні бал атэстата абітурыента стаў прыраўноўвацца да чацвёртай экзаменацыйнай адзнакі, меркавалася, што такім чынам удасца павысіць увагу старшкакласнікаў да ўсіх школьных прадметаў, а не толькі да аднаго-двух. Аднак што атрымалася ў рэчаіснасці? Сярэдні бал атэстата зусім не адпавядае рэальнаму ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка правялі кантрольны зрэз ведаў першакурснікаў, вынікі якога аказаліся вельмі красамоўныя. Так, сярэдні бал удзельнікаў кантрольнай работы па матэматыцы склаў 1,73 па 10-бальнай шкале. Сярэдні бал сертыфікатаў па тым жа прадмеце — 17,79 (па 100-бальнай шкале), а сярэдні бал у школьным атэстаце па матэматыцы — 7,38. Сярэдні бал удзельнікаў кантрольнай работы па фізіцы быў 1,8, сярэдні бал сертыфікатаў ЦТ — 16,32, а бал у атэстатах — 6,72. — Я лічу, што яшчэ да 9-га класа трэба вельмі сур'ёзна працаваць з дзецьмі, каб дапамагчы ім вызначыцца з тым, як яны будуць рэалізоўваць сябе: праз "залатыя" мазгі, або праз "залатыя" рукі. Трэба мяняць устойлівае меркаванне аб тым, што толькі дыплом аб вышэйшай адукацыі гарантуе поспех у жыцці. Краіне патрэбныя і добрыя інжынеры, і рабочая інтэлігенцыя ў аднолькавай ступені, — падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Асобна Анатоль Тозік спыніўся на фінансаванні сістэмы адукацыі: — Я абсалютна ўпэўнены, што сёння ніхто эканомікай у адукацыйнай галіне не займаецца. Па маім меркаванні, не менш як 25 працэнтаў рэсурсаў, што накіроўваюцца дзяржавай у сферу адукацыі, выкарыстоўваюцца не па-гаспадарчы, а, прасцей кажучы, марна. Няўжо гэта нармальна, калі ў сельскай школе ў першым або другім класе ўсяго адзін вучань? А ў 10-м класе да аднаго вучня прыходзяць у школу адразу 6 настаўнікаў? А побач, за 6-7 кіламетраў, ёсць паўнацэнная школа, і 4 разы на дзень у гэты населены пункт ходзіць рэйсавы аўтобус? Ёсць аналагічныя прыклады і па гарадскіх школах, дзе 19, 20, 24 вучні падзелены на два класы ў паралелі. А ёсць гарадская школа, дзе ў двух адзінаццатых класах навучаюцца па 5 чалавек! Я разумею, што мясцовым органам кіравання адукацыяй хочацца, каб і ў настаўнікаў работа была, і ў абслуговага персаналу. Аднак няўжо мы такія багатыя? Навошта нам такія раздутыя штаты ў інстытутах развіцця адукацыі? У Мінскім гарадскім — 293 чалавекі, у Мінскім абласным — 292... Можа, трэба падумаць аб змяненнях у сістэме фінансавання сярэдняй адукацыі, каб грошы ішлі за вучнем? Лічу, што калі мы зможам забяспечыць годную зарплату настаўнікам, то ў нас не будзе такой цякучасці кадраў у галіне. І не будуць 40 працэнтаў маладых спецыялістаў зыходзіць з прафесіі пасля двух-трох гадоў работы пасля заканчэння ВНУ. І ў гэтым выпадку мы зможам зменшыць колькасць набору на педагагічныя спецыяльнасці... — Сёння вельмі шмат нехарактэрных функцый перакладзена на школу. Шмат у школе папяровай валакіты. Прычым заўважана, што чым больш мы разважаем пра неабходнасць змяншэння папяровага бюракратызму, тым хутчэй яго аб'ёмы растуць. Трэба тэрмінова з гэтым штосьці рабіць. Трэба перагледзець і памеры даплат настаўнікам у залежнасці ад той ці іншай кваліфікацыйнай катэгорыі. Трэба ўвесці, нарэшце, пасаду настаўніка-метадыста. Але я асабіста супраць увядзення асобнай пасады класнага кіраўніка, — дадаў Анатоль Тозік. "Задача павышэння якасці адукацыі застаецца адной з самых актуальных для нашай школы, — заявіў на выніковай калегіі свайго ведамства міністр адукацыі нашай краіны Сяргей МАСКЕВІЧ. — На жаль, узровень ведаў абітурыентаў па дзяржаўных мовах, матэматыцы і фізіцы хоць і супастаўны з паказчыкамі многіх еўрапейскіх краін, аднак усё роўна застаецца адносна невысокім. Аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання выявіў у ведах многіх абітурыентаў шэраг прабелаў, якіх у прынцыпе быць не павінна. Упраўленні адукацыі сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі павінны разабрацца ў прычынах памылак, якія абітурыенты дапускаюць, адказваючы на элементарныя пытанні ў тэстах, і прапанаваць дзейсныя захады па выпраўленні сітуацыі". На думку міністра адукацыі, у вялікай ступені вынікі работы ўстаноў адукацыі залежаць ад сістэмы падбору, падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў: — У той жа час мы бачым, што ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцей адстае ад патрабаванняў, што да іх прад'яўляюцца. Можна меркаваць, што гэта абумоўлена як недастатковым узроўнем падрыхтоўкі абітурыентаў, што становяцца студэнтамі ВНУ, так і якасцю навучальнага працэсу ў вышэйшых навучальных установах. Выпускнік педагагічнай ВНУ (і гэта аксіёма) павінен дасканала валодаць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі і методыкамі, а прафесійныя ўменні, навыкі і базавыя кампетэнцыі, засвоеныя падчас навучання, павінны забяспечваць прафесійнае станаўленне маладога спецыяліста ў максімальна сціслыя тэрміны. З улікам такіх падыходаў ужо да новага навучальнага года адукацыйныя стандарты, вучэбныя планы і праграмы навучання на педагагічных спецыяльнасцях і спецыялізацыях павінны быць перагледжаны і істотна абноўлены. Трэба падрабязна разабрацца па ўсім комплексе пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай спецыялістаў педагагічнага профілю. Мы таксама чакаем канкрэтных прапаноў па аптымізацыі тэрмінаў падрыхтоўкі спецыялістаў, узмацненні практычнага складніка падрыхтоўкі педагагічных кадраў, а таксама па пытаннях адбору абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці. У бягучым годзе на педагагічных спецыяльнасцях навучаецца амаль 58 тысяч чалавек. Думаем, што з улікам аптымізацыі сеткі і структуры ўстаноў адукацыі, спынення падрыхтоўкі педагагічных кадраў па незапатрабаваных спецыяльнасцях і спецыялізацыях, аб'ёмы падрыхтоўкі педагогаў могуць быць істотна скарочаны. Кіраўніцтва Міністэрства адукацыі ўпэўнена, што трэба ўстанавіць больш высокія патрабаванні да ацэнкі прафесійнай кампетэнцыі педагогаў і падрыхтаваць новую рэдакцыю Палажэння аб атэстацыі педагагічных работнікаў (за выключэннем работнікаў ВНУ). У прыватнасці, трэба ўстанавіць перыядычнасць пацвярджэння педагагічнымі работнікамі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Сяргей Маскевіч паабяцаў, што пытанні паэтапнага павышэння заробкаў педагагічных работнікаў будуць пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў галіны. Аднак гэтыя пытанні трэба разглядаць у адной звязцы з удасканальваннем сістэмы аплаты працы і павышэння эфектыўнасці работы педагогаў. Як вядома, у Міністэрстве адукацыі працуе рабочая група па вывучэнні пытанняў магчымага пераходу на іншую сістэму аплаты працы педагогаў. І як варыянт разглядаецца пераход да штатна-акладнай сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў. Сваім бачаннем сітуацыі падзялілася з удзельнікамі калегіі дырэктар гімназіі №13 г. Мінска Вольга ЧАРНАВУСАВА: — На нашу думку, павысіць заработную плату настаўнікам можна шляхам увядзення істотных даплат і павышальных каэфіцыентаў. А вывучэнне штатна-акладнай сістэмы пераконвае нас у тым, што яна не прывядзе да павышэння заробкаў. На сённяшні дзень павялічэнне заробку ўвязваецца з павелічэннем колькасці ўрокаў, але пры гэтым не бяруцца пад увагу якасныя паказчыкі работы. Мы перакананыя ў тым, што ў аснову новай сістэмы аплаты працы павінна быць пакладзена якасць выкладання. Увядзенне звання настаўніка-метадыста з адпаведнай даплатай захавае для школы прафесіяналаў, педагогаў-наватараў, адным словам, наш "залаты фонд". Наступны важны момант у павышэнні якасці работы настаўніка — атэстацыя, якая фактычна ператварылася ў інструмент выключна маральнага, а не матэрыяльнага стымулявання. Мінімальная грашовая розніца паміж тарыфнымі каэфіцыентамі дзвюх сумежных кваліфікацыйных катэгорый ні ў якай ступені не стымулюе настаўніка да росту творчага патэнцыялу і павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі. А за званні "Выдатнік адукацыі" і "Заслужаны настаўнік" і ўвогуле даплат не існуе. Упэўнены, што аплату працы настаўнікаў розных катэгорый трэба дыферэнцыяваць у большай ступені. Ёсць таксама прапанова павялічыць работу на стаўку да 20 гадзін на тыдзень. — У рэчаіснасці павелічэнне стаўкі да 20 гадзін прывядзе не да павелічэння, а да змяншэння заробкаў настаўнікаў, — падкрэсліла Вольга Чарнавусава. — У педагагічным асяроддзі прапануецца кампраміснае рашэнне — павялічваць гадзіны адпрацоўкі на стаўку ў залежнасці ад рангавай шкалы вучэбных прадметаў. У прыватнасці, стаўка для настаўнікаў, якія выкладаюць матэматыку, мовы, фізіку, хімію і іншыя прадметы, што цягнуць за сабой цэлы "шлейф" абавязкаў, павінна складаць 18 гадзін, як і раней, а па такіх прадметах, як працоўнае навучанне, выяўленчае мастацтва, фізкультура і г. д. — 20 гадзін. Па словах дырэктара сталічнай гімназіі, шмат спрэчак у працоўных калектывах узнікае з-за класнага кіраўніцтва. Усе ведаюць, што пазаўрочная, пазашкольная і выхаваўчая работа вымагае значна больш часу, чым 3-5 гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы на тыдзень, якія падлягаюць аплаце. Аналагічная сітуацыя і з праверкай пісьмовых работ. Аплата гэтай карпатлівай працы ніколькі не адпавядала фактычным выдаткам часу. Ёсць неабходнасць перагледзець і тарыфныя разрады кіраўнікоў устаноў адукацыі. Зараз гадзіна працы кіраўніка ўдвая таннейшая, чым гадзіна працы настаўніка. Павелічэнне розніцы паміж акладам дырэктара і настаўніка магло б падняць прэстыжнасць работы кіраўніка. Асаблівы клопат патрабуецца маладым педагогам, якія прыходзяць у школы. Пасля двух гадоў работы па размеркаванні яны пазбаўляюцца даплат, якія належаць маладым спецыялістам. І нават своечасовае прысваенне ім другой катэгорыі не кампенсуе даплату, якую яны раней атрымлівалі. Між іншым, менавіта ў гэты час маладыя людзі ствараюць уласныя сем'і... — Павысіць узровень аплаты працы настаўнікаў у першыя пяць гадоў, каб затрымаць іх у школе, — гэта наш маральны доўг, — дадала Вольга Чарнавус. Праблему класнага кіраўніцтва ўзняла ў сваім выступленні на калегіі і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вера ГРЫШЭЧКА: — Класны кіраўнік з'яўляецца ключавой фігурай у рабоце з сям'ёй. Між іншым, такой пасады па сённяшні дзень не існуе. Пры падрыхтоўцы да калегіі мы прааналізавалі занятасць педагога, які выконвае абавязкі класнага кіраўніка з аплатай ад 3 да 5 гадзін у тыдзень. Шэраг функцый, якія ён выконвае, фактычна не аплачваюцца, я маю на ўвазе праверку дзённікаў, вядзенне класнай дакументацыі, высвятленне прычын адсутнасці вучняў на занятках, дзяжурства па школе, арганізацыю харчавання дзяцей, вывучэнне жыллёва-бытавых умоў навучэнцаў і гэтак далей. Высокія патрабаванні да прафесійных якасцяў педагога, маральныя перагрузкі, нерэгламентаванасць іх рабочага часу прыводзяць да таго, што настаўнікі не хочуць быць класнымі кіраўнікамі. Таму наша прапанова — увесці пасаду класнага кіраўніка з аплатай з разліку 9 гадзін на клас у тыдзень. Надзея НІКАЛАЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Крытэрыем эфектыўнасці работы школ не можа выступаць такі паказчык, як колькасць выпускнікоў, якія сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, — такую...
|
|