Па разліку ці па любові?. 21.by

Па разліку ці па любові?

04.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На рынку працы Магілёва, як і па ўсёй Беларусі, патрабуюцца будаўнікі. Апошнія тэндэнцыі давядзецца ўлічыць маладым людзям, якія выбіраюць будучую прафесію.

Вясне — дарогу

У абласным цэнтры чакаюць веснавога ажыўлення на рынку працы, але сутнасць застаецца ранейшай: будаўнічыя прафесіі з'яўляюцца самымі запатрабаванымі. Муляры і тынкоўшчыкі — каралі дэфіцыту. Гэта сучасная працоўная аксіёма, хоць зарабіць на сезонным уздыме можна ўсім, бо прапановы датычацца не толькі будаўніцтва, якое цяпер ажыўляецца, але і добраўпарадкавання, азелянення, прыбірання тэрыторый.

Работнікі на лета патрэбны і некаторым прадпрыемствам: напрыклад, фабрыцы марожанага, дзе збыт прадукцыі і, адпаведна, аб'ёмы вытворчасці залежаць ад павышэння тэмпературы паветра. Нялішнімі будуць працоўныя рукі гараджан і ў сельскіх гаспадарках, якія якраз распачынаюць пасяўныя кампаніі.

— З іншага боку, пры павелічэнні колькасці вакансій увесну забяспечыць іх бывае дастаткова складана, — зазначае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага гарвыканкама Віталь Кірэеў. — Таму што назіраецца сезонны выезд рабочых за мяжу: у Расіі таксама актывізуецца будоўля. Сёння сітуацыя на рынку працы ў Магілёве так: афіцыйна зарэгістравана 1850 беспрацоўных, ёсць 2300 вакансій.

Экспарт будаўнікоў

Цяпер афіцыйны ўзровень беспрацоўя вельмі нізкі, меней за 1 працэнт. Статыстыкі цяпер робяць даследаванне паводле міжнародных узораў, якое дапаможа даведацца пра рэальныя маштабы беспрацоўя. Сёння, паводле некаторых ацэнак, яны могуць даходзіць да 5%.

— Але ці варта лічыць беспрацоўным грамадзяніна, які ездзіць працаваць у Расію? — запрашае паразважаць Віталь Сцяпанавіч. — Лічыцца, што гэта не вельмі добра, калі чалавек з'язджае з дому ў пошуках большага заробку. Але ўрэшце ён прывозіць свае грошы сюды, і тут яны трапляюць у абарачэнне. З іншага боку, ён не плаціць тут падаткі і не робіць адлічэнні ў пенсійны фонд, і гэта дрэнна для дзяржавы. Але і сам чалавек мае праблемы: яму не залічваецца стаж і пенсія ўрэшце будзе малая. Таму вельмі важна, каб нашы службы выходзілі на расійскі рынак і забяспечвалі нашых рабочых у Расіі сацыяльным пакетам.

Рэальная заработная плата ў Магілёве за люты крыху перавысіла 2,9 мільёна рублёў. Сёння заробкі на вакансіях, якія прапануе служба занятасці Магілёва, складаюць ад мільёна да чатырох. Тры мільёны рублёў — сярэдні ўзровень, які хочуць сёння атрымліваць людзі, але мараць ужо і пра большае.

— У Расіі стандартам лічыцца заработная плата 40-45 тысяч рублёў, або прыкладна 1,5 тысячы долараў, — расказвае кіраўнік гарадскога упраўлення па працы і занятасці. — Трэба ўлічваць, што як мінімум 10-15 тысяч рублёў з іх трэба будзе выдаткаваць на штодзённае жыццё, кватэру і прадукты. Але тысячу долараў нашы будаўнікі зарабіць за мяжой могуць. Хаця многія, калі ўлічваюць праблемы адзінокага жыцця, нелегальнай працы і малой пенсіі ў будучыні, гатовы былі б за 500 долараў працаваць дома.

Усе ў гіпермаркет

Праблема нелегальнай працы датычыцца не толькі будаўнікоў: без афармлення часта працуюць прадаўцы ў прыватным гандлі і рамонтнікі ў аўтагаражах. Добры даход цэняць маладыя людзі, якім яшчэ далёка да пенсійнага ўзросту. Людзі сярэдняга ўзросту ўжо задумваюцца, што рэальны, але ўсё ж нелегальны заробак не забяспечыць добрай пенсіі.

"Схаванае беспрацоўе" ствараюць інжынеры-праграмісты альбо, як звычайна кажуць, камп'ютаршчыкі. Маладыя людзі з такімі навыкамі вельмі часта аддаюць перавагу высокім заробкам у замежных фірмах: інтэрнэт працуе ўсюды.

Рынак працы таксама залежыць ад сітуацыі на дзейных прамысловых прадпрыемствах. Напрыклад, на заводзе штучнага валакна ў Магілёве чакаецца на працягу паўгода вызваленне 719 работнікаў, з якіх больш за 500 ужо не працуюць.

— Частцы людзей знойдзецца праца на "Магілёўхімвалакне", частка ўладкуецца на іншых вытворчасцях, але многім давядзецца перавучвацца, — каментуюць у службе занятасці.

Аднак разам з тым у абласным цэнтры і прыгарадзе ствараюцца новыя прадпрыемствы, дзе адкрываюцца новыя працоўныя месцы. Напрыклад, "ВМГ Індустры", дзе ўжо сёлета мяркуецца пачаць выраб пліты з драўніны, а таксама мэблі, у перспектыве спатрэбіцца каля 1000 рабочых. Таксама ў Магілёве ўзводзяцца вялікія гандлёвыя комплексы і гіпермаркеты, дзе патрабуецца шмат работнікаў.

— Цяпер адбываецца пераразмеркаванне рабочай сілы з рэальнага сектара эканомікі ў сферу гандлю, — гаворыць пра сучасную тэндэнцыю Віталь Кірэеў. — Сёння ў горадзе вялікі попыт на прадаўцоў.

Эканамісты пад сумненнем

Яшчэ з дзясятак гадоў таму маладыя людзі скрозь ішлі вучыцца на юрыстаў і эканамістаў. Нельга сказаць, што сёння юрысты не патрэбны. Патрэбны, але менавіта добрыя: з вопытам альбо з выдатнымі ведамі, паказчыкам якіх з'яўляецца дыплом вядомай навучальнай установы.

А вось з вельмі папулярнымі яшчэ нядаўна эканамістамі сапраўды праблема. У Магілёве жартуюць, што ўсе навучальныя ўстановы, акрамя, бадай што, кансерваторыі, рыхтуюць эканамістаў. Ім цяпер раяць альбо павышаць адукацыю, каб вылучыцца з агульнай масы прэтэндэнтаў на працоўныя месцы, альбо перавучвацца на бухгалтараў, якія больш запатрабаваны.

Настаўнікам, якіх у Магілёве шмат дзякуючы мясцоваму ўніверсітэту, таксама практычна не ўладкавацца: сёлета былі толькі вакансіі выкладчыкаў англійскай мовы. З усіх педагогаў працу магчыма знайсці толькі для выхавацеля дзіцячага садка. Таму маладым настаўнікам трэба цаніць сваё першае месца, атрыманае падчас дзяржаўнага размеркавання.

Навучальныя ўстановы прапануюць і новыя, актуальныя, спецыяльнасці: напрыклад, цяпер у Беларуска-Расійскім універсітэце можна атрымаць прафесію праграмнага інжынера (звязаную з кіраваннем штучным інтэлектам). У Магілёўскім політэхнічным каледжы, як і заўсёды, чакаецца вялізны конкурс тых, хто хоча авалодаць праграмным забеспячэннем інфармацыйных тэхналогій. Але ўсё ж маладым людзям трэба рабіць свой прафесійны выбар толькі пасля вывучэння сітуацыі на рынку працы, каб потым не было расчаравання.

Рэальныя зваршчыкі

Акрамя будаўнікоў, у абласным цэнтры заўсёды ёсць попыт на станочнікаў, токараў і фрэзероўшчыкаў.

— У Магілёве вельмі запатрабаваны зваршчыкі, — звяртае ўвагу Віталь Кірэеў. — Так здарылася, што ў нас шмат машынабудаўнічых прадпрыемстваў, а там усё працуе на зварачнай вытворчасці. Заробак зваршчыкаў, якія маюць высокія кваліфікацыю і прадукцыйнасць працы, — 5-6 мільёнаў рублёў.

Увогуле, кваліфікацыя — гэта ключавая рэч. Трэба адзначыць, што і будаўнік "з вуліцы" наўрад ці будзе сёння запатрабаваным. Нават калі наймаюць людзей для выканання прыватнага заказу — напрыклад, рамантаваць кватэру — у іх абавязкова пытаюцца пра адукацыю, вопыт і нават рэкамендацыі.

У абласным цэнтры на добрае працоўнае месца могуць разлічваць урачы і медсёстры. Апошнім часам стала прасцей знайсці працу швачкам, таму што адкрыўся шэраг новых прадпрыемстваў, а на фабрыцы "Вяснянка" адбылася мадэрнізацыя.

— Праўда, сучасныя жанчыны ўжо не вельмі хочуць працаваць на канвеерах, — кажуць у службе занятасці. — Як і на Захадзе, нашым жанчынам не падабаецца аднастайная праца высокай інтэнсіўнасці. Напрыклад, работніцам, якія раней працавалі на заводзе абмотчыцамі і былі скарочаны, прапанавалі пайсці на такую ж працу на іншым прадпрыемстве, толькі канвеерную. Не ўсе захацелі, многія перавучваліся.

Увогуле ёсць меркаванне, што ў ХХІ стагоддзі захаваць аднойчы выбраную прафесію да старасці ўжо немагчыма: свет, людзі і іх патрэбы мяняюцца імкліва. Таму перакваліфікацыя павінна стаць звыклай справай, і не трэба пужацца кардынальных змен у сваім працоўным жыцці.

Ужо цяпер тыя ж швачкі і абмотчыцы даволі ахвотна перавучваюцца, напрыклад, на кранаўшчыц: гэта цікавей за звыклы канвеер, і заробак вышэй.

Спецыяліст у любімай справе

Моладзь лічыць, што цяпер модна быць бізнэсменамі (і па магчымасці, адразу паспяховымі), банкаўскімі работнікамі, піяр-менеджарамі і дызайнерамі, а яшчэ лепш — дыджэямі і фатографамі. Між тым, у рэальным жыцці "месца пад сонцам" у сэнсе працы і заробку можна без турбот знайсці толькі кваліфікаванаму рабочаму. Таму, як заўсёды, маладыя людзі вагаюцца паміж марамі і матэрыяльным дабрабытам. Безумоўна, ідэальны варыянт — спалучаць задавальненне і грошы, але гэта ўдаецца далёка не ўсім.

— Трэба перш за ўсё арыентавацца на любімую справу, — перакананы Віталь Кірэеў. — А па-другое, вызначыць базавы ўзровень сваёй адукацыі. Трэба памятаць, што вышэйшая адукацыя не гарантуе, што вы станеце запатрабаваным спецыялістам. Асабліва калі ўзяліся не за сваю справу.

Віталя Кірэева падтрымліваюць псіхолагі: яны прама гавораць, што грошы на нелюбімай працы шчасця не прынясуць, бо негатыўную энергію ад перажыванняў на працоўным месцы чалавек непазбежна пацягне за сабой у сям'ю. Таму галоўнае для маладых людзей — вызначыцца, чаго ж яны хочуць, выбраць прафесію не толькі па разліку, але і па любові.

Ілона Іванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На рынку працы Магілёва, як і па ўсёй Беларусі, патрабуюцца будаўнікі. Апошнія тэндэнцыі давядзецца ўлічыць маладым людзям, якія выбіраюць будучую прафесію.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика