Пераяданне як адсутнасць любові да сябе. 21.by

Пераяданне як адсутнасць любові да сябе

04.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сумесна з радыёстанцыяй "Мір" наша газета правяла "прамую лінію" па тэме парушэнняў харчовых паводзін. Да такіх парушэнняў адносяцца нервовая анарэксія, нервовая булімія і пераяданне. Чаму ўзнікаюць гэтыя праблемы і як іх перамагчы? На пытанні карэспандэнтаў, а таксама слухачоў і чытачоў адказала ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога цэнтра памежных станаў Таццяна БАКШТАНОВІЧ.

Калі бабулі-матулі закормліваюць дзіця, кажуць, што лепш лопнуць, чым пакінуць ежу на талерцы, гэта, напэўна, ужо само па сабе фарміруе няправільныя харчовыя паводзіны. З другога боку, няправільна паводзяць сябе і тыя, хто пастаянна падлічвае калорыі і захапляецца дыетамі. Ці могуць такія моманты паспрыяць узнікненню парушэння харчовых паводзін?

— Безумоўна. Няправільныя ўстаноўкі, закладзеныя нашымі бацькамі, з'яўляюцца тым падмуркам, на якім потым і фарміруецца праблема. Нельга закормліваць дзяцей, прымушаць іх есці... З другога боку, парушэнні харчовых паводзін — гэта не проста хваробы. Нервовая анарэксія і нервовая булімія — захворванні псіхічныя, якія патрабуюць спецыфічнага лячэння. Тая ж анарэксія лечыцца на пачатковым этапе, пры выражаных праявах захворвання ў спецыялізаваным стацыянары. Бо мы маем справу з вельмі сур'ёзным захворваннем, якое можа завяршыцца гібеллю пацыента.

Як жа праяўляюцца анарэксія і булімія?

— Хворыя на нервовую анарэксію — гэта, як правіла, дзяўчаты ад 12 да 24-30 гадоў. Пакутаваць ад гэтага расстройства могуць і хлопцы, але такое здараецца значна радзей. Выявіць анарэксічнага пацыента на раннім этапе захворвання не так і проста. Таму што хворыя ўсяляк утойваюць ад навакольных той факт, што не ўжываюць ежу, імкнуцца выкідваць яе, не садзяцца есці за агульны стол, не наведваюць установы грамадскага харчавання. Самому хвораму такія паводзіны здаюцца нармальнымі, а таму ён не спяшаецца прасіць аб дапамозе. Але аднойчы праблема становіцца відавочнай — надыходзіць істотная страта вагі.

Падчас пастаноўкі дыягназу першае, што вызначае спецыяліст, — менавіта значнае зніжэнне масы цела. Другі важны момант — наяўнасць у хворай неабгрунтаванага страху перад залішняй вагой. Гэта пры тым, што звычайна ў такіх пацыентак ніколі не было лішняй вагі, яна была нармальнай або вельмі блізкай да нормы. І што характэрна, чым ніжэй маса цела, тым вышэй можа быць трывога адносна магчымай папраўкі. Яшчэ адзін момант — аменарэя, адсутнасць месячных на працягу трох і больш месяцаў.

Нервовая булімія таксама характэрная больш для маладога ўзросту — максімум да 30 гадоў. Сустракаецца гэтае захворванне, дарэчы, часцей, чым анарэксія. Вызначаецца прыступамі неверагоднага голаду, калі за кароткі час хворы спустошвае халадзільнік, паглынае вельмі вялікую колькасць ежы, прычым менавіта тых прадуктаў, якія лічыць для сябе забароненымі. Як правіла, гэта лёгказасваяльныя вугляводы. Кантраляваць прыступ голаду немагчыма, а таму немагчыма і спыніцца. І ўсё ж такі калі прыпынак надыходзіць, то з ім надыходзіць і пачуццё віны. Як яго пазбавіцца? З дапамогай штучна выкліканых ванітаў, прымянення паслабляльных сродкаў, ачышчальных клізмаў. Для спецыяліста пры пастаноўцы дыягназу важна, каб такія прыступы мелі месца не менш за 2 разы на тыдні на працягу дзесьці 3 месяцаў. Булімію, дарэчы, выявіць яшчэ цяжэй, чым анарэксію, паколькі ў такіх хворых, як правіла, захоўваецца вага, нярэдка яны з'яўляюцца сацыяльна паспяховымі асобамі...

Што ўсё ж такі прымушае людзей так жорстка абыходзіцца з сабой?

— Лічыцца, што да нервовай анарэксіі прыводзіць не адна, пэўная, а некалькі прычын. Гэта генетычная схільнасць, псіхалагічны аспект — канфлікт з кімсьці або з самім сабой, нізкая самаацэнка, пастаянна зніжаны настрой, нарэшце, сацыяльны фактар — эталон прыгажосці "лялькі Барбі", навязаны грамадству яшчэ ў 80-х. Дакладныя прычыны буліміі не ўстаноўлены, аднак вядома, што для падобных адхіленняў характэрная занепакоенасць уласнай вагой, неадэкватнае ўспрыманне свайго цела.

Куды могуць звяртацца бацькі хворых і самі хворыя?

— Той, хто пражывае ў Мінску, можа звяртацца адразу ў наш Гарадскі цэнтр памежных станаў. Для іншагародніх кансультаванне ажыццяўляецца на платнай аснове. Можна звяртацца і да спецыялістаў РНПЦ псіхічнага здароўя. У гэтым цэнтры ёсць выдатныя напрацоўкі лячэння пацыентаў з анарэксіяй. Тут праводзіцца карэкцыя саматычных станаў, аднаўленне вагі, вядзецца псіхатэрапія, скіраваная на аднаўленне міжасабовага ўзаемадзеяння. Праводзіцца і сямейная псіхатэрапія. Булімія, як правіла, лечыцца амбулаторна...

У маёй практыцы былі выпадкі, калі прыходзілі самі дзяўчаты з заявамі аб сваіх падазрэннях. Як правіла, пэўныя здагадкі пра анарэксію ў іх нараджаліся пасля азнаямлення з адпаведнымі артыкуламі ў часопісах або пасля прагляду тэлеперадач па гэтай тэме. Звычайна ж прыйсці да спецыяліста хворую прымушаюць праблемы са здароўем — з'яўленне непадкантрольных ванітаў, адчуванне дэпрэсіўнага расстройства, выпадзенне валасоў, высыханне скуры, ламанне пазногцяў.

Адносна пераядання, напэўна, нельга вылучыць пэўны ўзрост. Праблема можа ўзнікнуць як у дзяцей, так і ў любога дарослага чалавека...

— Сапраўды, значэнне тут маюць спадчыннасць, асаблівасці канстытуцыі, наяўнасць эндакрынных хвароб (хоць лічыцца, што толькі 5 працэнтаў выпадкаў атлусцення звязаны менавіта з эндакрыннай паталогіяй), маларухомы лад жыцця, лад харчавання. Аднак самае важнае — усё тыя ж псіхалагічныя праблемы і няўменне іх вырашаць. Гэтую сітуацыю мы называем "заяданнем стрэсу". Прычынай жа стрэсу найчасцей становіцца страта аб'екта кахання — смерць блізкага чалавека, развітанне з партнёрам, сыход у дарослае жыццё дзяцей... Другая група найбольш частых прычын звязана з хранічным напружаннем, пачуццём пустэчы і трывогі. Людзі з павышанай масай цела маюць вельмі высокую трывожнасць, і пераяданне з'яўляецца рэакцыяй на гэтую трывогу, на негатыўныя сітуацыі і страхі. Ежа служыць суцішэннем за адсутнасць любові да сябе. Наогул у кожнага пацыента ёсць свой, індывідуальны псіхалагічны фактар, які абумоўлівае пераяданне.

З чаго ў такім выпадку пачынаецца абследаванне?

— Праводзіцца клінічнае інтэрв'ю — апытанне. Важна высветліць, як з'явілася праблема, што адбывалася ў дзяцінстве, пры якіх сітуацыях чалавек папраўляецца, а пры якіх страчвае вагу, — словам, гэта вельмі падрабязнае апытанне. Далей вынікі аналізуюцца ўрачом-псіхатэрапеўтам і падбіраецца адпаведная псіхатэрапеўтычная методыка. Метадаў псіхатэрапіі, якія прымяняюцца ў такіх выпадках, даволі шмат. Шырокае прымяненне мае, напрыклад, паводзінавая псіхатэрапія, калі мяняюцца стэрэатыпы паводзін. Хворага матывуюць на новае стаўленне да ежы, фізічнай нагрузкі і г.д. Чаму ўсе дыеты дэманструюць нізкую эфектыўнасць? Таму што яны не ўлічваюць псіхалагічныя асаблівасці пацыента. Там ёсць толькі строгае абмежаванне тых ці іншых прадуктаў. Аднак бывае, што для пацыента ежа — ледзь ці не адзінае задавальненне ў жыцці, а мы з дапамогай выключна дыеты спрабуем пазбавіць яго гэтага задавальнення. Некаторым прасцей мець лішнюю вагу, чым разбірацца ў псіхалагічных праблемах. Без матывацыі нічога не будзе. Матывы будуць ва ўсіх рознымі, але ў любым выпадку размова будзе ісці аб тым, што за правільныя харчовыя паводзіны мы павінны атрымліваць нейкія бонусы, заахвочванне.

Але ж вы арыентуеце пацыента на перамены ў харчаванні?

— Так, і пачынаецца гэтая работа з вядзення харчовага дзённіка. Пацыенты часта кажуць, што "многа не ядуць". І толькі дзённік не пакідае шанцаў жыць самападманам, паколькі звычайна аказваецца, што пацыент спажывае не так і мала... Мы, зразумела, расказваем, што ўжываць ежу нельга падчас прагляду тэлеперадач — толькі за сталом, у пэўныя гадзіны, са сталовымі прыборамі. Навучаем і кантролю за спажываннем ежы: з'еў тры кавалачкі — адкладзі відэлец, дасканала перажуй. За гэты час чалавек паспявае ацаніць тое, што з'еў.

Святлана БАРЫСЕНКА

(Працяг будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сумесна з радыёстанцыяй "Мір" наша газета правяла "прамую лінію" па тэме парушэнняў харчовых паводзін. Да такіх парушэнняў адносяцца нервовая анарэксія,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика