Пераяданне як адсутнасць любові да сябе. 21.by

Пераяданне як адсутнасць любові да сябе

05.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сумесна з радыёстанцыяй "Мір" наша газета правяла "прамую лінію" па тэме парушэнняў харчовых паводзін. На пытанні карэспандэнтаў, а таксама слухачоў і чытачоў адказала ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога цэнтра памежных станаў Таццяна БАКШТАНОВІЧ.

Наколькі магчымыя рэцыдывы расстройстваў харчовых паводзін?

— Анарэксія і булімія могуць даваць рэцыдывы. З пераяданнем гэта таксама магчыма, паколькі ў жыцці не абыходзіцца без стрэсаў. Аднак тут важна, ці ўдалося нам пераканаць чалавека змяніць у цэлым свой стыль жыцця. Пацыент павінен засвоіць, што перад тым, як нешта з'есці, заўсёды трэба ацэньваць, ці сапраўды гэта звязана з голадам. Калі такая "звычка" з'явілася, значыць, рызыка ўзнікнення рэцыдыву мінімальная.

(<І>— Мінск, Ірына. Дачцэ 9 гадоў, займаецца танцамі. Вядома, трэба сачыць за фігурай, прытрымлівацца дыеты. Аднак калі цяпер надта засяроджваць на гэтым увагу, то ці не разаўецца ў пераходным узросце нездаровае стаўленне да харчавання?

— Вы павінны разумець, што не існуе адзінай прычыны, якая прывядзе да нервовай анарэксіі. Да развіцця захворвання падштурхоўваюць некалькі фактараў, а не адна толькі прыхільнасць да абмежаванага харчавання. Клопат пра фігуру сам па сабе не справакуе псіхічнае захворванне. Аднак, думаю, што ў такім раннім узросце ніколі не варта рабіць акцэнт на пахудзенні, жорсткім абмежаванні ў ежы. Усё ж такі арганізм расце, і яму патрэбна шмат сіл і энергіі. Калі мы пазбавім арганізм у стадыі росту неабходных рэчываў і калорый, то забяспечым высокую рызыку атрымання ў будучым шэрагу іншых сур'ёзных праблем са здароўем.

Дарэчы, не трэба дэзарыентаваць дзяцей словам "дыета", якое страціла свой першапачатковы, правільны сэнс. Раней ён заключаўся ў збалансаваным, рацыянальным харчаванні, а сёння мы гаворым толькі пра абмежаванне пэўных прадуктаў дзеля скідвання вагі. Дарослы чалавек павінен і сабе, і дзіцяці арганізаваць разнастайнае, паўнацэннае, адпаведнае ўзросту і фізічным нагрузкам, харчаванне. І тады мы не створым сабе штучных праблем. Больш за тое, харчаванне харчаваннем, але важна, каб ваша дзяўчынка расла ў такім псіхалагічным клімаце, які будзе спрыяць яе высокай самаацэнцы, каб яна ўмела спраўляцца са стрэсавымі сітуацыямі. І тады ўсё будзе ў парадку.

— А што рабіць, калі дзіця раптам пачало адмаўляцца ад ежы?

— Толькі не прымушаць. Крычаць, дзейнічаць сілай заўсёды прасцей. Але неабходна распытаць дзіця, чаму так змяніліся яго паводзіны. Можа быць, яму нехта сказаў штосьці крыўднае. Павінны быць давяральныя адносіны паміж бацькамі і дзецьмі. Шчырасць пачуццяў вымяраецца не цукеркамі. Падарункамі мы нярэдка кампенсуем недахват сапраўдных добрых стасункаў. Пры наяўнасці такіх стасункаў у дзіцяці будзе ўсё ў парадку з самаацэнкай, і не так проста будзе пахістаць яго нармальныя паводзіны. Для выключэння ж нейкага арганічнага захворвання варта паказаць дзіця ўрачу-педыятру.

(— Брэст, Нэлі Канстанцінаўна. Мне 53 гады. Я шмат не ем, аднак заўважаю, што ежа, асабліва салодкае, мяне "суцішае", калі раптам здараецца штосьці непрыемнае. З іншага боку, ежа, у прынцыпе, павінна даваць задавальненне. Як усё ж такі ў барацьбе з лішнімі кілаграмамі не страціць задавальнення ад ежы, застацца ў "залатой сярэдзіне"?

— Сама фраза "я шмат не ем" мяне заўсёды насцярожвае і засмучае. Невыпадкова дыетолагі заўсёды пачынаюць з таго, што просяць пацыента весці харчовы дзённік, у якім ён павінен пазначаць абсалютна ўсё, што было з'едзена на працягу дня. Калі мы з пацыентам пачынаем пасля разбіраць гэты дзённік, становіцца відавочным, што размова ідзе не пра такую ўжо і малую колькасць... Паколькі вы задаяце гэта пытанне, значыць, вас усё ж такі нешта турбуе ў вашых паводзінах. Я думаю, вы павінны заўсёды мець на ўвазе, што ежа нам патрэбна не столькі для ўласнага задавальнення, колькі для нармальнага функцыянавання ўсіх органаў і сістэм. Паколькі салодкае, прысмакі не адносяцца да паняцця здаровага харчавання, то іх варта максімальна абмяжоўваць. Калі вы не можаце жыць без цукерак, значыць, устанавіце для сябе, у якіх выпадках, у якой колькасці вы можаце сабе гэта дазволіць. Няхай гэта будзе, скажам, толькі па святах...

(— Брэсцкая вобласць, Алена Вітальеўна. Калі ёсць лішняя вага, то як зразумець, калі трэба звяртацца да псіхатэрапеўта, а калі дастаткова кансультацыі эндакрынолага?

— Пры пераяданні мы павінны ўлічваць і спадчынную схільнасць, і эндакрынныя захворванні, і маларухомы лад жыцця, і павышанае ўжыванне простых вугляводаў. Перш за ўсё, неабходна звярнуцца да ўрача-тэрапеўта, пры неабходнасці — да эндакрынолага. А далей ужо і да ўрача-псіхатэрапеўта. Безумоўна, калі ёсць відавочныя псіхалагічныя прычыны, то лячэнне можна пачынаць у псіхатэрапеўта, а паралельна абследавацца ў тэрапеўта.

Святлана БАРЫСЕНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сумесна з радыёстанцыяй "Мір" наша газета правяла "прамую лінію" па тэме парушэнняў харчовых паводзін. На пытанні карэспандэнтаў, а таксама слухачоў і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика