Дачы і/або рост дабрабыту?. 21.by

Дачы і/або рост дабрабыту?

06.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У апошнія месяцы ў Беларусі актыўна цыркулявалі чуткі аб тым, што ў выніку ўзвядзення кітайска-беларускага індустрыяльнага парку знікнуць дзясяткі дрэў і дачных пасёлкаў. Як патлумачыла беларускае кіраўніцтва, на тэрыторыю дач і вёсак інвестары не прэтэндуюць. На самой справе, на пытанне, выведзенае ў назве артыкула, можна адказаць адназначна — і дачы, і рост дабрабыту.

У чым значнасць будучага кітайска-беларускага індустрыяльнага парку для Беларусі і якое дачыненне ён мае для росту дабрабыту жыхароў нашай краіны? У 2011 годзе мы пераканаліся, што экспартны патэнцыял, які існуе ў Беларусі, не заўсёды здольны забяспечыць краіну неабходным аб'ёмам замежнай валюты. Пры гэтым многія дарагія рэчы ў нас проста не вырабляюцца (эканоміка адносна невялікая ў сусветных маштабах), і павышэнне ўзроўню жыцця беларусаў адразу "адгукаецца" сур'ёзным ростам імпарту. Больш зарабіў — больш і купляеш. У тым ліку і дарагога імпарту. А за яго трэба плаціць валютай. Паніка, якая ўзнікла "дзякуючы" меркаванню, што валюты ў эканоміцы можа не хапіць, прывяла да амаль трайнога росту курсу долара летась адносна нацыянальнай валюты. Прытым, што яшчэ на пачатку 2011 года нават прадстаўнікі МВФ казалі, што хопіць і 20% дэвальвацыі. Урок валютнага крызісу відавочны: краіне трэба выручаць за экспарт больш валюты.

Наступнае пытанне: як гэтага дабіцца? Адказ, здавалася б, на паверхні: рост экспарту і разумнае імпартазамяшчэнне — выраб замест некаторых імпартных тавараў беларускіх аналагаў. І пасля дэвальвацыі мінулага года эканомікай на гэтым шляху былі зроблены сур'ёзныя поспехі. У адрозненне ад пачатку года, калі рост імпарту значна перавышаў рост экспарту, па выніках усяго года дасягнуты сур'ёзны прарыў: экспарт беларускіх тавараў і паслуг у параўнанні з мінулым годам узрос на 54,2%, а імпарт павялічыўся толькі на 29,3%. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг за мінулы год склаў рэкордную суму ў 94,5 мільярда долараў.

Аднак спачываць на лаўрах не варта. Для імклівага росту экспарту і рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння неабходна ўкладваць мільярды долараў штогод. І частку з іх давядзецца пазычаць, што таксама дастаткова зразумела, паколькі з часам давядзецца вяртаць і доўг, і працэнты.

У гэтай сітуацыі кітайска-беларускі індустрыяльны парк выглядае палачкай-выручалачкай і для грамадзян, і для дзяржавы. Беларусь толькі павінна прадаставіць зямлю — усё астатняе будуць рабіць самі кітайцы. Усе плануемыя 30 мільярдаў долараў (частку з якіх могуць укласці і іншыя інвестары з любой краіны свету) — гэта ўкладанні на страх і рызыку замежных кампаній. Атрымаецца бізнэс — заробяць, не атрымаецца — Беларусь нікому нічога не будзе павінна.

Наша самая несумніўная выгада — рэзкі рост экспарту з Беларусі за кошт прадпрыемстваў, якія запускаюцца ў новым парку. А гэта азначае сур'ёзнае павелічэнне прытокаў замежнай валюты ў краіну, частка якой у Беларусі будзе заставацца. А значыць, з'явіцца магчымасць павялічыць рост імпарту з-за росту даходаў грамадзян без усялякіх падстаў атрымаць новую паніку на валютнай глебе. Што азначае запуск высокатэхналагічных праектаў на 30 мільярдаў долараў у цэнтры Беларусі, арыентаваных на экспарт? Фактычна, улічваючы, што ў парк будуць пускаць толькі высокадаходныя прадпрыемствы, якія вырабляюць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, гэта перспектывы падваення цяперашняга экспарту Беларусі. І, такім чынам, перспектывы рэзкага павелічэння зарплат грамадзян Беларусі ў доларавым эквіваленце.

Другой выгадай з'яўляецца стварэнне 600 тысяч новых працоўных месцаў за кошт плануемых вытворчасцяў. І гэта будуць высокааплатныя месцы, паколькі ніхто не паедзе з Мінска або з іншага рэгіёна працаваць у новы парк за дзясяткі кіламетраў, калі там будуць плаціць менш. Зразумела, што за кошт прыватызацыі і перагляду працы прадпрыемстваў, якія неэфектыўна расходуюць дзяржаўныя рэсурсы, у Беларусі ў бліжэйшыя гады будзе вызваляцца пэўная колькасць работнікаў. Дык няхай гэтыя людзі замест выезду на працу ў Маскву атрымаюць высокааплатныя працоўныя месцы ў самой Беларусі.

Зразумела, нічога новага не бывае без міфаў. Хтосьці напужаны экалагічнымі забруджваннямі, якія быццам бы выкліча праца новых прадпрыемстваў. Бясспрэчна, абсалютна чыстых у экалагічным плане індустрыяльных прадпрыемстваў не бывае. Але тут трэба ўлічваць некалькі аспектаў. Па-першае, дзеючае экалагічнае заканадаўства Беларусі дастаткова строгае нават па мерках Еўрасаюза, і для замежных кампаній ніхто яго адмяняць не збіраецца. Наш урад проста не пусціць у парк шкодную састарэлую вытворчасць. Па-другое, у самім Кітаі ўжо каторы год ідзе кампанія па закрыцці шкодных у экалагічным плане вытворчасцяў, і кітайскія інвестары ўжо маюць сучасныя тэхналогіі вядзення вытворчасці, якія адпавядаюць сусветным стандартам па экалогіі. Па-трэцяе, немагчыма атрымаць 600 тысяч высокааплатных працоўных месцаў пад Мінскам, наогул ні ад чаго не адмовіўшыся. Аргументаваць адмаўленне ад 30 мільярдаў долараў інвестыцый тым, што дзесьці ў краіне стане менш ворнай зямлі, а дзесьці вады — проста неразумна. Чаго-чаго, а вады і зямлі ў Беларусі хапае. А вось у галіне карысных для краіны і яе грамадзян інвестыцый і высокааплатных працоўных месцаў назіраецца яўны недахват.

У працэнтных адносінах плошча новага кітайска-беларускага парку складзе толькі каля 1/2595 ад тэрыторыі краіны. І спрабаваць выдзеліць інвестарам зямельку трохі горшую, далей ад Мінска, аэрапорта, чыгуначных магістраляў і камфортнай шашы сабе даражэй — іх і так дастаткова праблематычна прыцягнуць. Інакш тыя ж суседнія Літва або Латвія, члены Еўрасаюза, ужо даўно прыцягнулі б іх і завалілі б нас тымі таварамі, якія мы самі плануем вырабляць на тэрыторыі Беларусі пры дапамозе замежных інвестараў.

Таму трэба не ствараць перашкоды на шляху прыходу інвестыцый у новы парк, а ўсяляк садзейнічаць гэтаму працэсу. Тым больш што для дачнікаў і жыхароў вёсак у раёне парку ўсё выглядае зусім не так змрочна, як ім здаецца. Наадварот, можна заўважыць камерцыйныя перспектывы, выгаду якіх цяжка адмаўляць. Улічваючы, што зямля ва ўладальнікаў у асноўным прыватызаваная і ў многіх ужо стаяць цалкам моцныя збудаванні, яны змогуць зарабляць вельмі добрыя грошы — здаючы дамы і дачы ў арэнду для пражывання работнікам кітайска-беларускага парку. І калі ўлічваць яўны дэфіцыт жылой плошчы ў раёне, відавочна, што цэны на арэнду могуць аказацца вышэй за цяперашнія мінскія. Рынкавы кошт зямлі можа павялічыцца ў дзясяткі разоў, да мінскага ўзроўню, паколькі яны апынуцца практычна ў новым суперсучасным тэхналагічным цэнтры, з высакаякаснымі дарогамі і аб'ектамі сацкультбыту. Не здзіўлюся, калі хатку, за якую цяпер даюць некалькі тысяч долараў, можна будзе абмяняць на чатырохпакаёвую кватэру ў цэнтры сталіцы.

Таму, сапраўды, і дачы, і рост дабрабыту. Як агульнанацыянальны, так і ўладальнікаў нерухомасці на тэрыторыі будучага парку.

Сяргей КІЗІМА,

доктар палітычных навук

 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнія месяцы ў Беларусі актыўна цыркулявалі чуткі аб тым, што ў выніку ўзвядзення кітайска-беларускага індустрыяльнага парку знікнуць дзясяткі дрэў і дачных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика