Прайсці па Хруцкім. 21.by

Прайсці па Хруцкім

05.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каб трапіць у музей — аднаго жадання мала. Патрэбен квіток, які адкрые вам доступ да чароўнага свету мастацтва. Хутка ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі будуць пускаць па квітках з абноўленым дызайнам — франтальную частку ўпрыгожыць фрагмент карціны Івана Хруцкага.

Квіток-пераможца конкурсу "Дызайн уваходнага квітка-2012 у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь". Аўтар — Маргарыта Канавалава.

Днямі Нацыянальны мастацкі музей падвёў вынікі публічнага конкурсу "Дызайн уваходнага квітка-2012", які сёлета адбыўся 8-ы раз. Свой дызайн для ўваходнага квітка прапанавалі 48 чалавек з усёй Беларусі. Усяго на суд журы, у склад якога ўвайшлі, напрыклад, дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, кандыдат мастацтвазнаўства Ірына Скварцова, было прадстаўлена 70 работ. Галоўны прыз (3,5 млн руб. ад генеральнага партнёра музея, замежнага прыватнага прадпрыемства "Брыціш-Амерыкан Табака Трэйдзінг Кампані") і права рэалізацыі свайго эскіза атрымала графічны дызайнер з Мінска Маргарыта Канавалава. Менавіта ў яе эскізе, на думку журы, спалучыўся модны сёння мінімалізм і павага да традыцый беларускага класічнага жывапісу. На франтальную частку квітка Маргарыта змясціла фрагмент нацюрморта Івана Хруцкага. Цікава, што віцебская мастацкая школа гучна заявіла пра сябе на сёлетнім конкурсе. Уладальніцы двух астатніх прызоў — віцябчанкі. Дызайнер Вольга Шыманка атрымала прыз глядацкіх сімпатый і 1,3 млн руб. за мадэрновы варыянт квітка, у якім спалучыліся беларуская і англійская мовы і стылёва скампанаваныя фрагменты славутых мастацкіх твораў, якія захоўваюцца ў нашым музеі. Яшчэ адна таленавітая віцябчанка Ганна Мельнічук — студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, вядомага моцнай кафедрай дызайну. Ганна атрымала спецыяльны прыз дырэктара музея за працу, у якой абыграла фармат і арнамент беларускіх слуцкіх паясоў. Яе квіток атрымаўся падобным да фрагмента-абрэзка слуцкага пояса. Ідэя вельмі высакародная і патрыятычная, нават калі ўлічваць, што ў Нацыянальным мастацкім музеі слуцкіх паясоў, на жаль, няма... А можа — пакуль няма?..

— Музей — гэта не застылы арганізм, а дастаткова сучасная структура, — лічыць Ірына Скварцова, загадчыца аддзела навукова-асветніцкай дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. — Таму і квіток у музей мусіць быць крэатыўным і сучасным. Было важна выбраць такі варыянт, які спалучаў бы ў сабе мадэрновасць і прагрэсіўнасць дызайну з павагай да традыцыі.

Наогул, большасць конкурсных работ не адрознівалася высокім прафесіяналізмам. Выдатная ідэя — у якасці фону ўзяць партрэт Марка Шагала, напрыклад, і "замасціць" ім усю паверхню квітка. Але шрыфт на такім фоне чытаецца вельмі дрэнна. Наведнік наўрад ці зможа лёгка прачытаць тое, што на ім будзе напісана. Аўтар яўна гэтага не ўлічыў. Былі квіткі з рэпрадукцыямі Врубеля, бюстамі Коласа, беларускімі абразамі і арнаментамі, былі стылізацыі пад прымітывізм і кубізм. Былі алюзіі на Малевіча і квіткі ў стылі "дзіцячая мастацкая школа "Вясёлка"... Часта ідэі аказваліся куды больш вартымі, чым увасабленне. Але адметна тое, што бадай усе аўтары добра зразумелі кантэкст: важнасць выявы на ўваходным квітку ў галоўны музей краіны. Патрыятычныя пачуцці не пакінулі нас! Відавочна: выява на ўваходным квітку ў музей мусіць мець адбітак беларускасці, а не быць безаблічна англамоўнай і глабалізаванай.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб трапіць у музей — аднаго жадання мала. Патрэбен квіток, які адкрые вам доступ да чароўнага свету мастацтва. Хутка ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі будуць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика