Хранічны стрэс спрыяе інфаркту. 21.by

Хранічны стрэс спрыяе інфаркту

23.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напружанне, якое ўзнікае пад уплывам нейкага моцнага ўздзеяння, абарончая рэакцыя арганізма ў адказ на неспрыяльныя змяненні навакольнага асяроддзя ёсць стрэс. Мудрая прырода надзяліла нас мноствам механізмаў, якія дапамагаюць выжыць. Яны тэрмінова прыводзяцца ў дзеянне, калі ўзнікае канфліктная сітуацыя, якая патрабуе хуткай рэакцыі. Гэта адбываецца міжвольна, падсвядома, і мы не ў стане гэта кантраляваць.

Па камандзе мозга ў кроў выкідваецца адрэналін, які прымушае сэрца біцца хутчэй, а артэрыяльны ціск і ўзровень цукру ў крыві павышаюцца. Прыток крыві да мозга і канечнасцяў павялічваецца, а да органаў стрававання і скуры змяншаецца. Дыханне пачашчаецца, становіцца павярхоўным. Рэзервы тлушчу і цукру пачынаюць актыўна траціцца. Усе гэтыя змяненні надыходзяць для таго, каб забяспечыць мышцы кіслародам і спажыўнымі рэчывамі, развіць максімальнае мышачнае намаганне — мацней ударыць або хутчэй збегчы.

— Сувязь стрэсу з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі вядома кардыёлагам ужо даўно, — кажа загадчыца раённага кардыялагічнага цэнтра Першамайскага раёна г. Мінска Наталля ДАРАШЭВІЧ. — Адразу пасля няшчасцяў і трагедый, якія становяцца ўзрушэннем для ўсяго грамадства, узнімаюць галаву гіпертанія, інфаркт міякарда, парушэнні сардэчнага рытму. У ХХІ стагоддзі, якое нездарма называюць стагоддзем неўрозаў, кардыёлагаў насцярожыў той факт, што стрэс і дэпрэсія выйшлі на трэцяе месца ў спісе фактараў рызыкі інфаркту міякарда, пацясніўшы цукровы дыябет, гіпертэнзію і атлусценне. Працяглы і хранічны стрэс падточвае сілы арганізма, выклікае розныя хваробы...

Калі арганізм працяглы час падвяргаецца стрэсу, ён пачынае падаваць фізічныя, разумовыя, эмацыйныя і паводзінавыя сігналы, якія ўказваюць на тое, што далейшае ўздзеянне стрэсу на арганізм можа прывесці да праблем. Акрамя таго, стрэс можа ўзмацніць і працяканне хранічных захворванняў. Запомніце гэтыя сігналы.

Фізічныя : галавакружэнне, боль, скрыгатанне зубамі, сцісканне сківіцы, галаўны боль, парушэнне стрававання, напружанне мышцаў, пагаршэнне сну, пачашчэнне сэрцабіцця, шум у вушах, сутулая постаць, патлівасць далоняў, стомленасць, знямогласць, дрыжанне, прыбаўка або страта вагі.

Псіхічныя: пастаянны неспакой, страх, цяжкасць у прыняцці рашэнняў, забыўлівасць, цяжкасці з канцэнтрацыяй, недахоп творчай энергіі, страта пачуцця гумару, дрэнная памяць.

Эмацыйныя: злосць, неспакой, дэпрэсія, плаксівасць, адчуванне бяссілля, частыя змены настрою, раздражняльнасць, адчуванне адзіноты, негатыўнае мысленне, нервовасць, туга.

Паводзінавыя: пераяданне, крытычнае стаўленне да навакольных, прыступы ярасці, частая змена работы, злоўжыванне алкаголем, ужыванне наркотыкаў.

Як перамагчы стрэс?

Не злоўжывайце ежай і алкаголем. Яны не могуць ні заспакоіць, ні зняць стрэс. Фактычна нават наадварот.

Не курыце. Акрамя таго, што курэнне само па сабе з'яўляецца фактарам рызыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі, нікацін, які паступае ў кроў, сам выклікае сімптомы стрэсу.

Рэгулярна рабіце фізічныя практыкаванні. Даказана, што заняткі аэробікай спрыяюць выкідванню ў кроў эндарфінаў — натуральных рэчываў, эфект якіх звязаны з абязбольваннем і паляпшэннем настрою.

Штодня спрабуйце расслабіцца на некаторы час.

Бярыце суразмерную адказнасць. Не бярыцеся за справы, з якімі не справіцеся.

Вучыцеся эфектыўна выкарыстоўваць час. Можаце нават пазнаёміцца з такой навукай, як тайм-менеджмент.

Стаўце рэалістычныя мэты ў жыцці.

Дастаткова адпачывайце.

Як пазітыўна разважаць?

1. Захоўвайце спакой. Дыхайце глыбей.

2. Заўсёды гаварыце самому сабе, што зможаце вырашыць гэтую праблему.

3. Будзьце рэалістычнымі, аб'ектыўнымі, гібкімі.

4. Імкніцеся думаць аб тым, што можна "выцягнуць" з той ці іншай праблемы. Думайце аб магчымых рашэннях і выбірайце найбольш прымальнае.

5. Думайце пра наступствы. Пытайцеся ў сябе: што можа здарыцца самае горшае?

6. Спытайце ў сябе, чаму можа навучыць вас гэта сітуацыя.

Як зменшыць фактары стрэсу?

— Пазбягайце дробных раздражняльнікаў.

— Калі ў вашым жыцці адбываюцца змяненні, імкніцеся не мяняцца рэзка. Рабіце нейкі час звыклыя рэчы, якія вам падабалася рабіць.

— Правільна размяркоўвайце свой час. Не хапайцеся за некалькі спраў адразу.

— Калі адчуваеце "накат" стрэсу, зрабіце перапынак, расслабцеся.

Як навучыцца расслабляцца?

Глыбокае дыханне. Уявіце, што ў вашым жываце ёсць паветраны шар. Удыхніце, нібыта напаўняеце гэты шар, і выдыхніце, нібыта спустошваеце яго. З кожным павольным удыхам вы будзеце больш і больш расслабляцца.

Расслабленне мышцаў. Некалькі разоў зрабіце глыбокі ўдых, павольна выдыхайце. У думках "прайдзіцеся" па сваім целе. Расслабце мышцы, павольна пакруціце галавой спачатку ў адзін, а потым у другі бок, паварочайце плячамі назад-наперад. Дыхайце глыбока.

Псіхалагічнае расслабленне. Уявіце сябе ў лесе, каля спакойнага мора або ў гарах.

Музыка для расслаблення. Слухайце час ад часу спакойную інструментальную музыку.

Што рабіць, калі дрэнна спіцца?

= Кладзіцеся спаць у адзін і той жа час.

= Зрабіце камфортным месца для сну — ад ложку да падушкі.

= У спальні павінна быць спакойна, ціха і цёмна.

= Не глядзіце ў спальні тэлевізар і не працуйце за камп'ютарам.

= Не спіце днём падоўгу.

= Калі адчуваеце неспакой, пагаварыце з блізкім, сваяком або сябрам, якому давяраеце.

= Ніколі не прымайце снатворныя, не прызначаныя ўрачом.

= Не ўжывайце перад сном каву або чай.

Святлана БАРЫСЕНКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напружанне, якое ўзнікае пад уплывам нейкага моцнага ўздзеяння, абарончая рэакцыя арганізма ў адказ на неспрыяльныя змяненні навакольнага асяроддзя ёсць стрэс....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика