"Кіно" пра веткаўскі абраз. 21.by

"Кіно" пра веткаўскі абраз

22.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзентацыю кніжнай серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў" у Гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў арганізавала выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Галоўным для жыхароў горада над Сожам, безумоўна, стаў унікальны фотаальбом "Жывая вера. Ветка". Ён пабачыў свет пры фінансавай падтрымцы ўрада Масквы.

На 470 старонках кнігі сабраны высакаякасныя фотаздымкі помнікаў ХVІІІ-ХХ стагоддзяў з калекцыі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Фёдара Шклярава.

— Упершыню кніга пра Веткаўскія абразы і маскоўскі раскол створана з такой цеплынёй і на такім высокім якасным узроўні. Зразумела, кніга можа быць вельмі рознай, у тым ліку таннай, па якой можна было б вучыцца, браць з сабой на адпачынак. Але без дамінантных праектаў не абысціся, — кажа дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі" Таццяна Бялова. — У многіх з нас ёсць свае стэрэатыпы аб старажытнай Беларусі як аб краіне "ў лапцях". Вось такія стэрэатыпы поўнасцю размываюць энцыклапедыі рарытэтаў. Нашы продкі жылі без мітусні, уласцівай гэтаму свету. І мы сёння павінны супрацьстаяць розным інфармацыйным выклікам. У тым ліку з дапамогай такіх выданняў.

Кніга "Жывая вера. Ветка" выдадзена з паралельным перакладам артыкулаў на англійскую мову. Яна ўяўляе сабою і шырокі каталог прадметаў царкоўнага прызначэння, і сур'ёзнае навуковае даследаванне, якое падрыхтавала дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці Галіна Нячаева. Для яе асабіста гэта ні больш ні менш — справа жыцця.

— Калісьці, яшчэ пры адкрыцці нашага музея, адна наведніца сказала: "Дзеткі мае, і вы думаеце, што гэта ўсё, што тады было? Не. Гэта пазногаць ад мезенца!" — успамінае Галіна Рыгораўна. — Аднойчы ў вёсцы мы знайшлі голую дошку з зусім маленькім фрагментам жывапісу, па якім нельга нават зразумець, што гэта быў за абраз. Мы вырашылі выяву той дошкі зрабіць вокладкай нашай кнігі. Супрацоўнікі Веткаўскага музея імкнуцца рэаніміраваць нават моцна разбураныя іканапісныя помнікі — каб зразумець яшчэ глыбей асаблівасці іх стварэння. Мне хацелася б, каб кожны чалавек, які ніколі не бачыў веткаўскі абраз, змог адчуць шчасце "ўвайсці" ўнутр свету іконы, так, як гэта робім мы. У кнізе мы імкнуліся зрабіць так, быццам пра кожную ікону знята невялічкае кіно. Абраз спачатку прадстаўлены цалкам, а потым — яго фрагменты. І цяпер мы можам бачыць, напрыклад, браму, змея, каня, будынкі, эмоцыі тых, хто плача ці радуецца. Мы радуемся таму колеру і таму жыццю, якія ёсць на іконе. Гэта бачылі ў абразе нашы продкі, ён быў жывым светам іх асабістай веры, пачуццяў. Напрыклад, перад абразом "Змякчэнне злых сэрцаў" трэба было маліцца аб сваім злым сэрцы ці сэрцы свайго крыўдзіцеля. Нашы продкі стварылі такую святочную энергетычную культуру, якая дазволіць нам і ў будучыні карыстацца гэтай энергіяй, вучыцца выбудоўваць сябе, перамагаць унутраны раскол.

Гэтая кніга — сумесны праект, рэалізаваны ў межах дамовы паміж Міністэрствам інфармацыі Беларусі і Дэпартаментам сродкаў масавай інфармацыі і рэкламы Масквы. Яна працягвае серыю "Энцыклапедыя рарытэтаў", якую адкрыла выданне "Радзівілы. Альбом партрэтаў ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў". Унікальны альбом "Жывая вера. Ветка" ўдастоены дыплома першай ступені ў намінацыі "Садружнасць" ІХ Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў-удзельнікаў СНД.

На гэтым ідэі, хуткія на ўвасабленне, не заканчваюцца. Наступнай, як плануюць выдаўцы, будзе "Спадчына Румянцавых". Праект плануецца рэалізоўваць пры ўдзеле не толькі супрацоўнікаў гомельскага палаца Румянцавых-Паскевічаў, але і даследчыкаў з Мінска, Санкт-Пецярбурга, Масквы і далёкага замежжа. Дарэчы, спецыялістамі знойдзены нашчадкі Румянцавых, якія цяпер жывуць па ўсім свеце.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзентацыю кніжнай серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў" у Гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў арганізавала выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика