Набыць БТР можа кожны, але лепш - аўтазак
29.06.2012 11:06
—
Новости Общества
|
Набыць БТР можа кожны, але лепш — аўтазак Адмысловая прапанова для аматараў пазадарожнікаў — крыху патрыманы... бронетранспарцёр! Набыць можа кожны жадаючы. Такі “Хамер” ад беларускіх Узброеных сіл абыдзецца прыблізна ў 17 тысяч долараў. Як тлумачаць Еўрарадыё ў “Белспецкантракце”, можна паехаць і выбраць той, што найбольш спадабаецца.
“Белспецкантракт”: “Каб паглядзець, неабходна прыехаць да нас і, зыходзячы з наяўнасці, выпісаць пропуск на агляд у воінскую частку. Па гэтым пропуску вас дапусцяць у адпаведную воінскую частку для агляду — з пашпартам толькі!” На сёння прапануецца два варыянты суперджыпа: браніраваная разведвальна-дазорная машына БРДМ-2 і БТР-60. Першы — 1975 года выпуску з прабегам 2 тысячы кіламетраў, другі — 1988 года і з прабегам 2-3 тысячы. Але купіць — адно. Іншая рэч, ці можна яго зарэгістраваць у ДАІ і атрымаць нумары. У “Белспецкантракце” сцвярджаюць: без праблем! “Белспецкантракт”: “Тэхніка дэмілітарызаваная (без зброі. — Еўрарадыё), і ўсе дакументы прадстаўляюцца. І вас паставяць на ўлік. Проста ён будзе не БТР, а цягач які”. Зыходзячы з меркавання, што набыць сабе такі пазадарожнік, хутчэй, пажадае жыхар з рэгіёна, чым сталіцы, Еўрарадыё патэлефанавала ў рэгістрацыйнае аддзяленне Смаргонскай ДАІ. І адразу атрымала адмову на просьбу зарэгістраваць бронетранспарцёр. ДАІ: “Купіць вы бронетранспарцёр можаце. Але яны не падлягаюць рэгістрацыі”. І па-чалавечы тлумачыць, чаму ДАІ не пойдзе на гэта. ДАІ: “Як вы сабе ўяўляеце бронетранспарцёр на гарадскіх вуліцах? Ці, да прыкладу, едзеце вы па кальцавой на легкавым аўтамабілі, а вам насустрач бронетранспарцёр каціць? Я думаю, што не вельмі прыемныя будуць адчуванні. Нават нягледзячы на тое, што з яго знятыя ўсе кулямёты!” Еўрарадыё: “Што ж рабіць, калі я паехаў, набыў, аддаў грошы — і што?” ДАІ: “І ездзілі б на дачы ў сябе на бронетранспарцёры! Добра каму-небудзь агарод узараць, павярнуць што-небудзь. Ну, на пікнічок паблізу з’ездзіць. У любым выпадку, мы на ўлік іх не ставім”. У “Белспецкантракце” сцвярджаюць, што БТР карыстаецца попытам. Набываюць не толькі замежнікі, але і беларусы. І сапраўды, у Смаргонскай ДАІ Еўрарадыё пацвярджаюць: адзін з іх землякоў набыў сабе такі своеасаблівы “Хамер”. Вось па рэгістрацыю ў ДАІ гэты пакупнік пакуль не звяртаўся. І выказваюць гіпотэзу: можа, ён наўпрост звярнуўся ў "Дзяржтэхнагляд", які займаецца рэгістрацыяй трактароў ды іншай тэхнікі такога кшталту. Але і там на пытанне Еўрарадыё разводзяць рукамі. “Дзяржтэхнагляд”: “Не, БТР мы таксама не зарэгіструем. Калі ўсё ж ёсць такое жаданне, то ў выглядзе выключэння мы дапаможам чалавеку скласці адпаведны ліст і — на Мінск, на вышэйшую інстанцыю. Калі наш "Галоўтэхнагляд" разгледзіць пытанне станоўча, дасць дабро, тады мы будзем рэгістраваць. Без указання зверху мы не маем права самастойна такую тэхніку рэгістраваць”. Атрымліваецца, што, каб набыць той БТР, трэба пабегаць з “Белспецкантракта” ў вайсковую частку і назад, дык яшчэ і не вядома, ці можна на ім будзе выязджаць далей за дачны ўчастак. Але не трэба засмучацца! У “Дзяржтэхнагляда” ёсць яшчэ адна прапанова для аматараў арыгінальных аўто — аўтазак ГАЗ-3307 з невялікім прабегам. Аўтамабіль для ўсёй сям’і! Усяго 2400 долараў. І праблем з рэгістрацыяй у ДАІ ніякіх. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такі "Хамер" ад беларускіх узброеных сіл абыйдзецца прыблізна ў 17 тысяч долараў. Як тлумачаць Еўрарадыё ў "Белспецкантракце", можна паехаць і выбраць той, што...
|
|