Край Беларусі. Поўдзень: Камарын. 21.by

Край Беларусі. Поўдзень: Камарын

16.07.2012 14:30 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Край Беларусі. Поўдзень: Камарын

           


Рэпартаж з мястэчка, якое не знішчыў Чарнобыль, але ўратаваў прыезд Лукашэнкі. Другая частка праекта фатографа "Нашай Нівы" Сяргея Гудзіліна аб ускрайкавых гарадах краіны.

У самае паўднёвае мястэчка Беларусі — пасёлак гарадскога тыпу Камарын, — можна трапіць адразу з Мінска. Аўтобус ходзіць чатыры разы на тыдзень. Нейкія там 10 гадзін — і ты на беларуска-ўкраінскай мяжы. Правільнае вымаўленне — КамарЫн (націск на апошнім складзе). Правільная гаворка — усходнепалеская.



Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Фота: Сяргей Гудзілін, Наша Ніва

Камарын вядомы з XIV ст. Тады вёска стала ўласнасцю Вішнявецкіх. Аўтобус заварочвае на круглую пляцоўку з шапікам-аўтавакзалам. Геаграфічна Камарын месціцца як бы на вяршыні перакуленага трохкутніка — злева Кіеўская вобласць, справа — Чарнігаўская, а сам знаходзіцца ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці.
 
Будаўнікі фермаў замест турыстаў

Двухпавярховая панэльная каробка гатэля "Дняпро". Адміністратарка сышла ў краму. Чакаю 40 хвілін. "Вам які нумар? Аднамясцовы ці з халадзільнікам?" — пытаецца жанчына. Нумар з адным ложкам і прыбіральняй каштуе 50 тысяч за суткі. Савецкі будынак са сціплай мяккай канапай на "рэцэпцыі" не без прыкмет састарэласці, але дагледжаны. Турыстаў у гатэлі не бывае. Асноўны кантынгент — будаўнікі малочна-таварных фермаў і мантажнікі даільных апаратаў. За 4 ночы іншых там не сустрэў. Працуюць яны ў памежных калгасах, на мяжы чарнобыльскай зоны. Едуць на працу рана, прыязджаюць позна і вечарамі п’юць — тыповая беларуская "камандзіроўка".
 
Мой сусед па "курылцы" на другім паверсе гатэля — Коля — здзіўляецца, навошта я сюды прыехаў. Больш нічога з яго нецвярозых прамоў я не зразумеў. Коля "не вяжа лыка", і яго калега дапамагае яму дабрацца да ложка.
 
Выходжу з гатэля на двор. "Вы толькі не позна — я спаць буду", — праважае мяне адміністратарка на вячэрні шпацыр.
 
Вуліцы ў Камарыне прамалінейныя. Назвы таксама — Касманаўтаў, Калініна, Карла Маркса, Калгасная, Пралетарская, Лугавая, Паркавая, 30 год Перамогі, 60 год Кастрычніка…

З аднаго боку мястэчка — Дняпро, з другога — шаша на Чарнігаў і Чарнобыль. Берагі Дняпра ў гэты час моцна падтопленыя. Мяжа з Украінай праходзіць па сярэдзіне ракі. Пры такім размяшчэнні Камарына памежнікі часам затрымліваюць мясцовых рыбакоў — часцяком парушаюць памежны рэжым. Затрымліваюць часцей за ўсё прыезджых.

У пакінутых ці маланаселеных вёсках побач з "зонай" фармуецца новы від турызму. Аматары палявання ці рыбалкі купляюць за невялікія грошы пакінутыя дамы і абсталёўваюць іх як паляўнічыя хаты. Больш прадпрымальныя адчыняюць аграсядзібы.
 
Далёкія госці часам так захапляюцца цішынёй пакінутых вёсак, што забываюць на паляванне і п’юць суткамі, не выходзячы з апартаментаў.
 
У паездках на закупы камарынцам прасцей дабрацца ва ўкраінскі Чарнігаў, чым у Мінск ці Гомель. Дый кажуць, што танней там усё.
 
Проста на вуліцы знаёмлюся з татуяваным па ўсім целе мужчынам. Прыцягнуў сваю ўвагу тым, што сказаў камусьці па тэлефоне, што ідзе мяняць валюту. Валюта? Тут? Разумею, што памежжа, але ж гэтая простая побытавая сітуацыя, здавалася мне, магчымая толькіў больш буйных населеных пунктах. Клічуць Ігарам. На плячах нясе сына гадоў шасці. З жонкай разведзены — займаўся цяжкай атлетыкай і хацеў выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Трэніроўкі, харчаванне, карацей, — "не склалася" як сказаў сам. Жыве ў Камарыне. Сына забірае ад жонкі на некалькі тыдняў. Працуе будаўніком у Маскве, таму, па мясцовых патрэбах, мае неблагія грошы.

Такіх тут нямала — вахтава працуюць за мяжой і самадастаткова жывуць тут. З працоўных альтэрнатыў у Камарыне — лясгас, калгас, ЖКГ і бюджэтны сектар. Раней быў памежны "бензінава-алкагольны" бізнэс, але тыя залатыя часы ўжо скончыліся.
 
Лякарня, Сельсавет, Дом творчасці, дзіцячы садок, Дом быту, лазня, Дом культуры, школа, пажарнае дэпо, пошта, банкамат, абменнік "Беларусбанка", некалькі крамаў, бар "Дняпро" і кавярня ля шашы — за хвілін сорак Камарын удалося абысці ўвесь. На дзве тысячы камарынцаў гэтай інфраструктуры ўжо і замнога — колькасць насельніцтва з кожным годам змяншаецца.
 
Мястэчка ў "зоне"?

"Чарнобыль сёння не відаць?" — так пачынаецца дыялог паміж двума дзяжурнымі на аглядальнай вежы брагінскай філіі Упраўлення па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У добрае надвор’е з 30-метровай вежы відаць пазнавальны сілуэт рэактара. Мне з надвор’ем не пашанцавала… Большасць камарынцаў упэўнены, што іх пасёлак уваходзіць у 30-кіламетровую зону адчужэння — напрамую адлегласць да рэактара тут каля 28—29 кіламетраў, але радыяцыйны фон адносна нізкі, радыяцыйная хмара прайшла бокам. Цяпер на радыяцыю тут звяртаюць увагу хіба што такія ж прыезджыя, як і я.
 
"Тыя, хто з’ехаў адразу пасля аварыі, памерлі хутчэй, чым тыя, хто застаўся", — кажа Іван Міхайлавіч, які на сваім аўтобусе вывозіў людзей з Прыпяці і памежных вёсак у "чыстыя" гарады адразу пасля аварыі. Праз тыя перавозкі пенсіянер Іван атрымаў "чарнобыльскую" другую групу інваліднасці. Яго жонка — Марыя Васільеўна — працавала ў час катастрофы ў ваенкамаце. Нервова расказвае пра эвакуацыйны вэрхал і наракае на чыноўнікаў, што ўсе свае сем’і даўно аформілі як ліквідатараў ці інвалідаў Чарнобыля і атрымалі за гэта кватэры. Азлобленасць на іх — прыкметная рыса простых жыхароў у "чарнобыльскіх" рэгіёнах. Пацярпелі ад радыяцыі ўсе, але ёсць тыя, хто змог, дзякуючы свайму становішчу, выкарыстаць гэта з большай выгадай для сябе.
 
На школьным стадыёне ідзе ўрок фізкультуры — апошні ў гэты дзень. Першакласнікаў амаль няма. Яны раз’ехаліся па санаторыях па праграмах аздараўлення, там жа і сканчаюць навучальны год. Яшчэ адна група з трыццаці дзяцей знаходзіцца ў Італіі. Падарожжамі школьнікаў тут не здзівіш — гэта адна з прыемных рэалій жыцця ў забруджаных раёнах.
 
"Міколкавы" арэлі

Па прыездзе звярнуў увагу на добраўпарадкаванасць Камарына. Гладкі асфальт, як у Мінску, тут на ўсіх цэнтральных вуліцах. Яны ж абнесены і жалезабетонным "фігурным" плотам. Абноўлены па-сучаснаму Дом культуры са шклопакетамі. "Культурна!" — кажу людзям. Яны расказваюць, што ўсё гэта дзякуючы таму, што сюды ў 2009 годзе на верталёце з візітам па чарнобыльскіх рэгіёнах прылятаў Лукашэнка. Пад той прыезд Камарын і зведаў капітальны рамонт. За той рамонт Лукашэнку тут і дзякуюць. І показку расказваюць. Пад прыезд Лукашэнкі на шашы непадалёк ад Камарына пабудавалі прыдарожную пляцоўку для адпачынку. Навес-грыбок, столік, лавы і арэлі. Камарынцы клічуць іх "Міколкавымі арэлямі" — усе чакалі, што з прэзідэнтам прыедзе і яго малодшы сын. Мясцовыя дзеці да тых арэляў пешшу не даходзяць. З акна аўтобуса, што вёз мяне ў Мінск, арэляў я так і не пабачыў Камарын
Мястэчка ў Брагінскім раёне, на правым беразе Дняпра. Памежная зона з Украінай. Упершыню Камарын згадваецца ў XIV ст. Пад 1449 значыцца ў Літоўскай метрыцы. Насельніцтва — 2,2 тысячы чалавек. У мястэчку працуюць школа, садок, лякарня, бібліятэка, Дом культуры. У Камарыне ёсць прадпрыемствы харчовай і лясной гаспадаркі. Замест турыстаў, у гатэлі "Дняпро" жывуць будаўнікі.

Першую частку "Край Беларусі. Поўнач: Асвея" чытайце тут (або ў "НН" №12, ад 28 сакавіка 2012).

 
Теги: Курсы валют, Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэпартаж з мястэчка, якое не знішчыў Чарнобыль, але ўратаваў прыезд Лукашэнкі. Другая частка праекта фатографа "Нашай Нівы" Сяргея Гудзіліна аб ускрайкавых гарадах...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика