Таццяна Шамякіна: 1. «Бацька быў у дзяцінстве пастухом, яго адрознівала выдатная назіральнасць»
11.10.2012
—
Новости Общества
|
Ён меў мноства ўзнагарод, амаль усе яго творы экранізавалі. Шамякін стварыў папулярныя раманы «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Зеніт», «Злая зорка» і інш. У гонар дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР, старшыні Вярхоўнага Савета БССР, а яшчэ і галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» Івана Шамякіна названы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, у сталіцы — адна з вуліц, у роднай вёсцы Карма Добрушскага раёна ўсталяваны бюст. Якія шляхаводныя зоркі і зямныя стасункі спрыялі выбітнаму чалавеку? Чаму яго творы былі папулярнымі ў народзе? «Любоў да людзей — галоўнае, што характарызуе бацьку. І гэта не пустыя словы. Сведчанне таму — яго творы і яго шматгранная грамадская дзейнасць. Асабліва ён паважаў і бязмерна цаніў людзей фізічнай працы. Ён увесь час казаў мне: «Сваю працу стаўлю ніжэй за працу тваёй маці, таму што ў яе намнога больш спраў: з дзецьмі, на агародзе, у доме. А мне мая праца дае задавальненне. А значыць, яна для мяне няцяжкая». Я ведала шматлікіх пісьменнікаў. Некаторыя нешта напісалі, няхай і значнае, справядліва праславіліся і… забранзавелі. Маўляў, яны ўжо эліта, і да іншых ставяцца з пагардай. Якраз гэтага абсалютна ніколі не было ў майго бацькі. Ён заўсёды лічыў, што ў кожным чалавеку ёсць нешта выключнае, каштоўнае. Магчыма, не раскрытае, але дакладна ёсць у кожнага», — дзеліцца пры сустрэчы дачка пісьменніка Таццяна Шамякіна. Яна — доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ. — Таццяна Іванаўна, не кожны пісьменнік становіцца сапраўды народным. У чым сакрэт вашага бацькі? Не проста ж так яго любілі чытачы? — Бацька сапраўды быў вельмі папулярны і любімы, сёння нават цяжка ўявіць, які любімы, асабліва ў 60-80-я гады. А сакрэт у тым, што ён пісаў для ўсіх: і для звычайнага чалавека, і для інтэлектуала. Яго адметнасць — сімфанізм стылю. Аповед Шамякіна не надакучвае, там няма нейкай суцэльнай плыні свядомасці, штучна выдуманых асацыяцый, як у іншых модных празаікаў. У любым яго творы ўсе пласты, усе структуры, вобразныя сістэмы суіснуюць вельмі гарманічна, у нейкіх найбольш спрыяльных для чалавечага ўспрыняцця спалучэннях, напрыклад, спачатку ідзе дыялог, пасля апісанне інтэр’еру, прыроды, затым маналог, аўтарская мова… Нічога не стамляе. Стыль блізкі да натуральнай мовы, але без яе звычайных абмежаванняў і скажэнняў, фраза — меладычная, лёгкая. І яшчэ ёсць закон у літаратуры: калі пісьменнік нераўнадушны да таго, што апісвае, нераўнадушным аказваецца і чытач: яго ахоплівае хваляванне, такое ж эмацыянальнае ўзрушэнне, як і аўтара. Гэта называецца пафас. Дапытлівасць, прагная цікаўнасць да людзей, да жыцця — вось Шамякін-пісьменнік. Акрамя таго, у яго быў тыпова беларускі характар: вельмі спакойны, рахманы, чалавекалюбны, а самае вызначальнае ў ім — вялікае сумленне. Натуральна, усё гэта адлюстроўвалася ў творах. І, бачна, чытач гэта адчуваў… Кожнае лета мы праводзілі ў вялікай вёсцы Церуха Гомельскага раёна, на радзіме маёй маці, і там да нас штодня прыходзілі людзі: і леснікі, і саўгаснае кіраўніцтва, і настаўнікі, і простыя вяскоўцы, часта ветэраны вайны. Я бачыла, якая ў Івана Шамякіна вялікая цікаўнасць да іх. Распытваў, уваходзіў у кожны жыццёвы лёс, цікавіўся падрабязнасцямі чалавечага жыцця. Шамякін надзвычай любіў і паважаў вясковых людзей. — Магчыма, таму, што ён сам з вёскі? Давялося вашаму бацьку ў дзяцінстве быць і пастухом, ён любіў лес; і цікавы факт: усяго за два месяцы навучыўся чытаць… — Здольнасцямі вызначаўся з ранняга дзяцінства, меў цудоўную памяць. Я і студэнтам кажу: без памяці пісьменнікам не станеш. Бацьку адрознівала выдатная назіральнасць. Відаць, менавіта ад таго, што ён сапраўды быў пастухом. Прывык да сузіральнасці, бавіў час сам-насам з прыродай, з жывёламі і птушкамі, шмат разважаў. На аснове назіральнасці і развілася цудоўная памяць. Што адзін раз прачытае, тое памятае ўсё жыццё. Але чытаў вельмі павольна, удумліва, з алоўкам. За той час, што ён чытаў адну кніжку, я прачытаю тры, але ўсё ў мяне вылятае, а ў яго не. Прыроджаныя здольнасці ў яго, бясспрэчна, былі. Не выпадкова стаў пісьменнікам. Але і працаваў над сабою да канца жыцця. — А ці складалі ў вашай сям’і радаводнае дрэва Шамякіных? — Непасрэдна генеалагічнае дрэва — не. Выйшла кніжка «Іван Шамякін: вядомы і невядомы» — праект выдавецкага холдынга «Літаратура і мастацтва». Там змешчаны мае ўспаміны, мае шматлікія артыкулы пра творчасць Івана Шамякіна і ўласная мемуарная аповесць бацькі. Калі гаварыць пра сям’ю Шамякіна, то ён быў старэйшы з дзяцей. Год яго нараджэння — 1921. Пасля ішоў брат Павел, на два гады маладзейшы. Прапаў без вестак у час Вялікай Айчыннай вайны. Бацька шукаў яго праз газеты, праз адпаведныя арганізацыі, але ніхто не адгукнуўся, хто б ведаў Паўла… Былі ў таты і дзве малодшыя сястры — Таццяна і Галіна. У сваю чаргу ў маіх бацькоў таксама нарадзілася чацвёра дзяцей. Мая старэйшая сястра — Ліна Іванаўна, 1941 года нараджэння. У яе кватэра ў Мінску, але ўжо некалькі гадоў яна жыве на лецішчы, якое нам ад бацькоў засталося. Удава. Таксама была выкладчыкам-філолагам у розных ВНУ, выкладала замежныя мовы — французскую і нямецкую. Яе сын Аляксей працуе ў камерцыйнай структуры, яго дачка Вольга — адзіная праўнучка Шамякіна. У 1948 годзе нарадзілася я. За два месяцы да майго нараджэння бацькі з правінцыі, з Гомельшчыны, канчаткова пераехалі ў сталіцу. У 1950-м з’явіўся брат Аляксандр. Быў геолагам. Жыў таксама ў Мінску. Раптоўна памёр у 1991 годзе. Дзяцей у яго не засталося. У 1961-м нарадзілася малодшая наша сястра — Алеся. Яна жыла з бацькамі. Мы, старэйшыя, даволі рана раз’ехаліся. І жылі на асобных кватэрах. Бацька ўсім нам пабудаваў кааператыўнае жыллё. Алеся вучылася ва ўніверсітэце, у аспірантуры. Яе муж Сяргей працуе на нашым філфаку на кафедры рускай мовы. Сама Алеся Іванаўна — кандыдат філалагічных навук, і яе муж — таксама. Сястра працуе ў Інстытуце мовы і літаратуры НАН Беларусі. Яна ў найбольшай ступені спрыяе ажыццяўленню вялікага дзяржаўнага праекта — выданню Збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах. Дарэчы, мы, дочкі, пакінулі сабе прозвішчы бацькі. У Алесі і Сяргея ёсць сын Іван. Яго назвалі ў гонар дзеда. Ён вучыцца ў дзявятым класе. У мяне — дзве дачкі. Абедзве філалагіні. Старэйшая Марыя Шамякіна — кандыдат філалагічных навук, магістр культуралогіі, член Саюза пісьменнікаў, піша фантастыку — прозу і паэзію. А другая — Славяна. Такое незвычайнае імя мы з мужам далі ёй таму, што ў час яе нараджэння я захапілася міфалогіяй і старажытнай культурай нашых продкаў. Яна таксама працуе ў нас на філалагічным факультэце выкладчыкам. Тэарэтык літаратуры і фалькларыст. — Скажы, хто твой сябар, і я скажу, хто ты. Таццяна Іванаўна, якія людзі акружалі вашага бацьку? З кім ён сябраваў? — Сябры Івана Шамякіна — вельмі вядомыя людзі, ён неаднаразова пра іх пісаў, і яны — пра яго. Самы задушэўны сябра — наш знакаміты драматург-камедыёграф Андрэй Макаёнак. У Шамякіна нават ёсць «Аповесць пра сябра». Макаёнак памёр даволі рана — у 1982 годзе. Страту яго Шамякін балюча перажываў, таму што яны з Андрэем Ягоравічам сапраўды былі па-чалавечы і творча вельмі блізкія, шмат у чым супадалі іх погляды. Але яны абсалютна не сыходзіліся характарамі! Розныя, але тым не менш сябравалі. Шамякін — памяркоўны, рахманы, добры, мяккі, лагодны, ніколі не ішоў ні на якія канфлікты, ніколі ні з кім не сварыўся, баяўся каго-небудзь пакрыўдзіць. А Макаёнак — гаварлівы, вельмі эмацыянальны, узрыўны. Дарэчы, у Андрэя Макаёнка мелася шмат талентаў. Напрыклад, ён быў выдатны мастак. Свой аўтапартрэт намаляваў так, як ніхто з жывапісцаў! Акрамя таго, Андрэй Ягоравіч — натура артыстычная, ён сам чытаў свае п’есы ў тэатрах, і заўсёды акцёры гаварылі, што яго чытанне дапамагае ім адчуць характар кожнага персанажа. Сябра бацькі выразаў і з дрэва. Але Іван Шамякін пастаянна папракаў Андрэя Ягоравіча, што той мала працуе. І Макаёнак сам гаварыў: «Я лянівы». У яго мастацкіх твораў — два тамы. Вядома, што гэта замала. Але хоць у яго некалькі п’ес, затое сапраўды выдатных. У савецкі час яны ішлі літаральна ў сотнях тэатраў Савецкага Саюза і розных краін Еўропы. А сёння Макаёнак быццам бы не актуальны і амаль не ставіцца. Аднак не ў творчасці справа, а ў тым, што некаторыя ўплывовыя асобы са сферы тэатральнага мастацтва не маглі яму дараваць смелыя выказванні і ацэнкі. Андрэй Макаёнак — выдатны камедыёграф, лепшы прадаўжальнік традыцый Кандрата Крапівы, любая нацыя ганарылася б такім драматургам. Бацька сябраваў таксама з Іванам Навуменкам. Апошні, дарэчы, — мой настаўнік. Акрамя таго, што Іван Якаўлевіч — народны пісьменнік і навуковец, ён быў прафесарам і загадчыкам кафедры, дзе я цяпер працую. Выкладаў тут, але калі я займалася ў яго ў аспірантуры, Івана Якаўлевіча запрасілі ў Акадэмію навук, ён стаў дырэктарам Інстытута літаратуры, а пасля і віцэ-прэзідэнтам НАН Беларусі. — А супадалі характарамі Іван Навуменка і ваш бацька? — Не супадалі. Навуменка быў трохі і больш амбітны, і не такі мяккі, і не так сыходзіўся з людзьмі, як Шамякін. Але характар Навуменкі вельмі цікавы, глыбокі. А глыбокі чалавек і ў іншым бачыць глыбіню. Таму два Іваны шчыра сябравалі. Справа ў тым, што вельмі доўгі час мы былі суседзямі з Іванам Навуменкам. Жылі на адной пляцоўцы ў доме па вуліцы Карла Маркса, 36, у Мінску. Там цяпер вісіць дошка, прысвечаная Навуменку. І не толькі бацькі нашы сябравалі, але і маці. І хоць дзеці Івана Навуменка маладзейшыя за мяне, тым не менш сёння ў нас добрыя адносіны і са старэйшай дачкой Івана Якаўлевіча Валерыяй Іванаўнай, і з сынам Паўлам. Павел — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, працуе на нашай кафедры. Вельмі таленавіты чалавек, актыўны, дзейнічае ў розных сферах, але і без універсітэта таксама не можа жыць. І яшчэ бацька блізка сышоўся з Алесем Савіцкім, хоць у іх было дзесяць гадоў розніцы ва ўзросце. Алесь Ануфрыевіч — наш выдатны пісьменнік, празаік, можа, не такі вядомы, як ён таго заслужыў. Таму што час неспрыяльны для літаратуры. Дарэчы, я аналізавала ўсю яго творчасць у часопісе «Полымя» і паказала, што гэта сапраўды недаацэнены аўтар. У Алеся Савіцкага больш за тузін раманаў. Ён, як і бацька, — ветэран вайны, займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, уваходзячы ў кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі. У маладосці, ды і ў сталыя гады бацька сябраваў з Аляксеем Кулакоўскім. Некаторы час мы жылі наогул у адной камунальнай кватэры з двума пакоямі — на сям’ю па адным. Гэта яшчэ ў 1950—52 гадах. Кватэра размяшчалася таксама на вуліцы Карла Маркса. У нашай кватэры агульнымі з Кулакоўскімі былі велізарны калідор і кухня з плітой, якую палілі дровамі. Пра нейкі камфорт цяжка гаварыць. Затое вельмі шумна, весела і дружна мы жылі. У Кулакоўскага трое дзяцей, і ў нас столькі ж. Бацькі тады адчувалі сябе вельмі шчаслівымі. Перажылі столькі цяжкасцей падчас вайны, таму апынуцца ў сталіцы, і нават у кватэры, лічылі велізарным шчасцем. Усе бытавыя даброты ў той час людзі цанілі намнога больш, чым цяпер. Я, напрыклад, пасля вайны нарадзілася ў маленечкім — сем квадратных метраў — пакойчыку, які здымалі мае бацькі ў прыватных гаспадароў на Камароўцы, тады — вясковым прадмесці Мінска. Бацькі жылі ў драўлянай пахілай хатцы, дзе і блізка не існавала ніякіх выгод. Затое яны былі маладымі і адчувалі сябе пераможцамі… (Працяг будзе.) Гутарыла Вера ГНІЛАЗУБ, «БН» Фота аўтара і з архіва Івана ШАМЯКІНА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён меў мноства ўзнагарод, амаль усе яго творы экранізавалі. Шамякін стварыў папулярныя раманы «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль», «Снежныя...
|
|