Чаму маладзечанцы не шукаюць згубленыя рэчы?
15.10.2012
—
Новости Общества
|
![]() Бюро знаходак даўно няма, пасажыры аўтобусаў вяртаюць толькі драбязу, а таксісты і чыгуначнікі гатовыя самі вярнуць страчаную рэч! Старэйшыя жыхары нашага горада ўпэўнілі мяне, што калісьці бюро знаходак размяшчалася ў раёне завода ”Спадарожнік”. Але калі я патэлефанавала па нумары гарадской даведкі, голас аператара адказаў, што такой службы ў Маладзечне няма. Куды ж звяртацца жыхарам горада ў сітуацыі, калі губляюцца альбо пакідаюцца ўласныя рэчы? Паспрабуем разабрацца. Грамадскі транспарт Ведаючы пра тое, што часцей за ўсё рэчы пакідаюцца ў транспарце, я патэлефанавала ў прыёмную дырэктара аўтапарка №4. Па тэлефоне сакратарка сумна паведаміла: – А вы не ведаеце, які зараз народ? Цяпер пакінутыя рэчы знаходзяць новага гаспадара хутчэй, чым аўтобус завяршае свой маршрут. Вось і немэтазгодна трымаць такое бюро. Далей размова працягвалася больш узрушана: – Але быў такі выпадак, калі мужчына пакінуў у салоне аўтобуса ноўтбук і кандуктар перадала яго механіку, які ў сваю чаргу вярнуў яго ўдзячнаму ўладальніку. А калі вы пакінулі ключы, пальчаткі ці іншую драбязу, то можаце не хвалявацца, яны хутчэй за ўсё будуць у кіроўцы аўтобуса, галоўнае, запомніць, у якім аўтобусе згубіліся рэчы. Чыгунка Цікавая размова адбылася і з супрацоўнікамі чыгункі. – Калі нехта з нашых супрацоўнікаў знойдзе, скажам, тэлефон, мы дзейнічаем проста. Набіраем з яго на свой мабільнік, каб даведацца нумар уладальніка. А потым знаходзім уладальніка і ў прысутнасці міліцыянера вяртаем маёмасць! – А што ж рабіць з астатнімі рэчамі? – У кожным разе згубленыя вамі рэчы нікуды не знікаюць, а перадаюцца ў рукі дзяжурнага па вакзале, дзе складаецца падрабязны вопіс вашай рэчы. Гэта робіцца для таго, каб уладальнік хутчэй знайшоў прапажу. Калі ж гаспадар не знаходзіцца, рэчы не выкідаюцца, а адпраўляюцца ў Мінск на склад згубленых рэчаў. Уявіце сабе, што і такі склад існуе! Таксі Кіроўца службы таксі 158 Павел Самаль паведаміў: – Пасажыры забываюцца рэчы амаль штодня. І ў асноўным гэта парасоны, пальчаткі, кашалькі. Але чамусьці шукаюць прапажу вельмі рэдка! Не вераць у тое, што рэчы вернуць. А дарма. Усе рэчы, якія пакідаюць пасажыры, захоўваюцца ў аператараў таксі і іх можна вярнуць, калі проста патэлефанаваць у службу таксі. Кавярня Наконт забытых рэчаў дырэктар кавярні “Мезанін” Ірына была гаваркая, як ніхто. – О! Вядома забываюць, асабліва па суботах, нядзелях. Забываюць ўсё: і світары, і пашпарты, і зарадку ад ноўтбукаў і тэлефонаў, і самі тэлефоны. Дарэчы, у нас да сённяшняга дня захоўваецца нейкі прыборчык ў шэрай скрыначцы, які таксама нехта забыўся. Але нешта не спяшаюцца вяртацца за ім. – А што за прыбор? – А хто яго ведае? І, здаецца, не для вымярэння ціску, так нейкі, мабыць, фізічны. А быў выпадак, калі мужчына забыўся пашпарт, але так па яго і не прыйшоў. Мусілі звярнуцца ў пашпартны стол. А бываюць і такія сітуацыі, калі прыходзяць людзі, упэўненыя ў тым, што менавіта ў нас забыліся рэч. Зусім нядаўна прыйшоў хлопец і абвінаваціў нас у тым, што мы яму адмовіліся вярнуць зарадку ад айфона. Казаў, што яна каштуе даражэй за сам тэлефон. А ён яе забыўся дакладна не ў нас. Крама Начальнік службы аховы магазіна “Алмі” Марат Саўчыц: – Наш новы магазін адчыніўся месяц таму, і яшчэ не было ніводнага выпадку, каб нехта нешта забыўся. А так, бывае, пакідаюць нейкія дробныя рэчы з пакупак: ёгурты, сыркі. Таму пытанне пра вяртанне рэчаў у нас не стаіць, але калі вы хутка апомніцеся, то служба бяспекі заўсёды вам верне рэч, толькі абавязкова пасля прагляду камеры назірання. Гэта робіцца для таго, каб мы былі ўпэўненыя ў тым, што менавіта вы забыліся гэту рэч. Лядовы палац Адміністратар палаца: – А што ў нас на лёдзе забудзешся? Шапку ды пальчаткі? Яны захоўваюцца ў гардэробе, а паколькі нашы наведнікі прыходзяць да нас часта, то, як правіла, рэчы хутка і вяртаюцца гаспадарам. Гасцініца Апошняя ўстанова, куды мы звярнуліся, – гасцініца “Маладзечна”. Гутарым з адміністратарам. – Скажыце, а што часцей за ўсё забываюцца вашы госці? – А зарадкі для мабільнікаў і пашпарты лічыць? – хітра пытаецца адміністратар. І я разумею, што адказ будзе небанальны. – Не, не лічыць. – Тады заручальныя пярсцёнкі… вельмі часта трапляюцца. – А былі нейкія цікавыя рэчы? – Так адразу і не ўспомніш… А! Басаножак адзін забыліся… у студзені. Па рэчы вяртаюцца вельмі рэдка. Вось і цяпер ў сейфе адміністратара захоўваюцца некалькі пашпартоў. Так што звяртайцеся, калі ласка, з радасцю вернем! Выглядае, што калі вы забыліся нешта ў грамадскім месцы – не вешайце нос і спрабуйце вярнуць! Дзяжурны па чыгуначным вакзале, тэл. 74- 22-53. Гасцініца, тэл. 77-16-76. Наталля ТУР. Фота Наталлі ТУР. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бюро знаходак даўно няма, пасажыры аўтобусаў вяртаюць толькі драбязу, а таксісты і чыгуначнікі гатовыя самі вярнуць страчаную рэч!
|
|