Акцэнты тыдня з Вадзімам ГІГІНЫМ. 21.by

Акцэнты тыдня з Вадзімам ГІГІНЫМ

04.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сферы адказнасці

У нас. На мінулым тыдні, 29 лістапада, Аляксандр Лукашэнка сваім указам зацвердзіў спіс Савета па развіцці прадпрымальніцтва. Здавалася б, падзея, якая на фоне іншых не можа прэтэндаваць на статус "топавай". Але гэта толькі на першы погляд.

Сам факт таго, што Савет узначаліў Пётр Пракаповіч, сведчыць шмат пра што. Пётр Пятровіч не проста памочнік Прэзідэнта і Герой Беларусі. Ён уваходзіць у шчыльнае кола тых кіраўнікоў, якія ўплываюць на прыняцце самых адказных і прынцыповых рашэнняў у сферы эканомікі. Дарэчы, пашыраны паўнамоцтвы і самога Савета.

Паказальны і абноўлены склад Савета, у які цяпер уваходзяць 23 чалавекі. Без перабольшвання — у ім эліта айчыннага прадпрымальніцтва. Чыж, Шакуцін, Мартынаў, Байко, Баскін, Машэнскі — тыя людзі, якіх не трэба прэзентаваць ужо не толькі бізнэсменам, але і многім спажыўцам.

Так, Савет — орган кансультатыўны. Але яго дзейнасць — гэта чарговы крок на шляху збліжэння дзяржавы і бізнэсу. Для тых, хто ўважліва назірае за беларускай палітыкай, відавочна, што прадпрымальніцкі клас набірае ўсё большыя моц і ўплыў. І гэта непазбежна. Без адказных прыватнікаў — менавіта прадпрымальнікаў, а не спекулянтаў гатунку "ліхіх 90-х" — нельга ўявіць паспяховае развіццё краіны.

Існуе і яшчэ адзін фактар, які абумоўлівае такую ўвагу ўлады і асабіста Прэзідэнта да бізнэсменаў. Беларусь увайшла ў Мытны саюз і рыхтуецца да далейшага развіцця інтэграцыі з Расіяй і Казахстанам. А ў гэтых краінах бізнэс адчувае сябе вельмі ўпэўнена. Да пары мы крытыкавалі такое стаўленне да прыватнага сектара з боку нашых партнёраў. Аднак у сітуацыі, калі хочаш не хочаш, але давядзецца вытрымліваць канкурэнцыю з буйнымі расійскімі і казахстанскімі кампаніямі, часу на далейшыя ваганні не застаецца. Стаўку трэба рабіць на прыватніка, іншае пытанне — на якога.

У Беларусі нельга дапусціць узнікнення алігархіі кампрадорскага кшталту, гэта значыць, усяго таго, што ідзе насуперак ідэалогіі дзейнай улады. Беларускі бізнэс павінен быць патрыятычным і сацыяльна адказным. Калі прадпрымальнікі хочуць атрымаць ад дзяржавы спрыяльныя ўмовы, то і яны павінны садзейнічаць стварэнню спрыяльных умоў для сваіх суграмадзян у вёсцы, мікрараёне, горадзе, вобласці, краіне — усё залежыць ад памераў бізнэсу. Ужо цяпер зразумела, што гэтыя пытанні таксама стануць сферай адказнасці новага Савета.

У свеце. Яшчэ некалькі дзён назад здавалася, што паміж Ізраі- лем і Палесцінай наступіў мір. І тут раптоўна выбухнула бомба — Генеральная асамблея ААН надала статус дзяржавы-назіральніцы Палесцінскай аўтаноміі. Праўда, гэтую навіну нельга назваць нечаканай.

Тое, што такое рашэнне будзе прынята, стала відавочна яшчэ некалькі месяцаў назад, пасля трыумфальнай прамовы Махмуда Абаса з трыбуны ААН у Н'ю-Ёрку. Большасць краін свету, якія прадстаўлены ў Генеральнай асамблеі, падтрымліваюць стварэнне незалежнай Палесцінскай дзяржавы, што яны і падкрэслілі ў чарговы раз.

Прадказальнай была і рэакцыя Ізраіля. Прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху ніколі і не хаваў, што ў адказ на фактычнае прызнанне Палесціны самастойнай дзяржавай яго ўрад прадэманструе, хто сапраўдны гаспадар на гэтых тэрыторыях. Гэта значыць, ізраільцяне працягнуць будаўніцтва новых дамоў на Заходнім беразе ракі Іардан і Усходнім Іерусаліме.

Як і ўсе апошнія дзесяцігоддзі, ізраільска-палесцінскі дыялог нагадвае размову двух глухіх. Адны (яўрэйская дзяржава) патрабуюць прызнання самога факта свайго існавання і гарантый бяспекі, другія (арабы, і не толькі палесцінскія) — вярнуць акупаваныя землі. Пры гэтым ізраільцяне не вельмі любяць агучваць, што ім зусім не хочацца развітвацца з землямі, якія яны лічаць сваімі, а палесцінцы — што нават прызнанне Ізраіля не будзе азначаць спынення барацьбы з "сіянісцкім ворагам". Сітуацыю ўскладняе няспыннае супрацьстаянне розных груповак як у кіраўніцтве Палесціны, так і ў палітычнай эліце Ізраіля.

І ўсё ж пэўны прагрэс, хоць і павольны, можна смела канстатаваць. Зараз на Блізкім Усходзе ўжо не так відавочна, як раней, умяшальніцтва ўплывовых замежных сіл. Халодная вайна адышла ў нябыт. Адносіны суседзяў, і так вельмі складаныя, не з'яўляюцца зараз прадметам спрэчак паміж супердзяржавамі.

Хто ведае, магчыма, ужо цяперашняе пакаленне палітыкаў дажыве да значнага прарыву ў "вечнай невырашальнай праблеме" міжнароднай супольнасці?

З гісторыі. Мы неяк рэдка ўзгадваем літаратурныя юбілеі. Пра даты нараджэння і нават смерці славутых пісьменнікаў памятаем, а калі запытаць пра час стварэння самых славутых твораў, то прыгадаецца хіба што год. І ўсё ж гэты юбілей нельга не ўспомніць. 23 лістапада 1922 года Аляксандр Грын паставіў апошнюю кропку ў сваёй аповесці "Пунсовыя ветразі".

Аляксандр Грын — сын беларускага шляхціца Стэфана Грынявіцкага, сасланага за ўдзел у паўстанні 1863 года ва ўнутраныя раёны Расіі. Ці то лёс бацькі, ці то ўвогуле не зусім звычайныя абставіны жыцця ўласнай сям'і паўплывалі на Аляксандра, але руская літаратура атрымала аднаго з самых незвычайных сваіх прадстаўнікоў. А ў прозе — самага вялікага рамантыка, ды яшчэ і з беларускімі каранямі.

"Пунсовыя ветразі" — самы вядомы твор Грына. Зараз нават цяжка сабе ўявіць, як такая аповесць, поўная пяшчоты, веры ў людзей, у чыстае каханне, амаль казачная, змагла з'явіцца ў рэвалюцыйным Петраградзе. Грын заўжды быў чалавекам быццам бы не са свайго часу. Але, мабыць, гэта і прываблівае чытачоў?

І сама назва аповесці, і імёны галоўных герояў — Асоль і Артур Грэй — сталі сімваламі палымянага і рамантычнага кахання. Менавіта такога, якое і яднала самога пісьменніка і яго жонку — Ніну Мікалаеўну. Ёй Грын і прысвяціў сваю самую вядомую аповесць.

Лёс Ніны Грын быў зусім не падобны на рамантычную казку. Яна перажыла свайго мужа на 38 гадоў. Было ўсё: цяжкая хвароба маці, прымусовыя работы ў Германіі, уцёкі, потым сталінскія лагеры. Але да самых апошніх дзён яна захоўвала неверагоднае пачуццё да свайго мужа. Нават пасля смерці яе чакала выпрабаванне — улады не дазволілі пахаваць яе побач з маці і мужам у Старым Крыме. Тады дапамаглі сябры, якія праз год тайна яе перахавалі. Так уз'ядналася Ніна-Асоль са сваім Грынам-Грэем. А нам ад гэтага незвычайнага лёсу і кахання, пра якое можна толькі марыць, засталіся "Пунсовыя ветразі", што заўсёды будуць клікаць да мар і вандровак рамантыкаў ва ўсім свеце. А шчыра кажучы, хто ж з нас не рамантык?..

gіgіn@bеltа.bу

zvіаzdа.bу

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нас. На мінулым тыдні, 29 лістапада, Аляксандр Лукашэнка сваім указам зацвердзіў спіс Савета па развіцці прадпрымальніцтва. Здавалася б, падзея, якая на фоне іншых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика