Прадугледжана... Нават больш. 21.by

Прадугледжана... Нават больш

04.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кватэрнае пытанне

Згодна з дзеючым Жыллёвым кодэксам, інвалідам і састарэлым выдзялялася жыллё на ніжніх паверхах або ў дамах з ліфтамі. Ці ёсць гэтыя нормы ў новым Жыллёвым кодэксе, які ўступае ў сілу з 2 сакавіка 2013 г.?

А. Логвінаў, Мінскі р-н.

Новым Жыллёвым кодэксам таксама прадугледжана, што грамадзянам, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту, інвалідам, сем'ям, у складзе якіх ёсць інваліды або грамадзяне, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту, па іх пісьмовай просьбе мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, іншымі арганізацыямі, выдзяляюцца жылыя памяшканні на ніжніх паверхах (не вышэй за трэці) або ў дамах, дзе ёсць ліфты.

Акрамя таго, арт. 51 Кодэкса ўстаноўлены новыя патрабаванні да жылых памяшканняў, якія выдзяляюцца названым грамадзянам па дагаворах найму жылых памяшканняў. Такія жылыя памяшканні павінны знаходзіцца блізка ад месца іх працы, месца жыхарства іх сваякоў, месца знаходжання арганізацый, якія займаюцца рэабілітацыяй інвалідаў.

Жылыя памяшканні, якія не адпавядаюць гэтым патрабаванням, па дагаворах найму жылых памяшканняў могуць выдзяляцца інвалідам пры ўмове іх пісьмовай згоды.

Абавязковым для выканання з'яўляецца таксама патрабаванне аб тым, што жылыя памяшканні, якія выдзяляюцца інвалідам, а таксама сем'ям, у складзе якіх ёсць інваліды, павінны быць прыстасаваны для доступу і карыстання.

Віктар САВІЦКІ

Вымушаюць глядзець... Вымушаюць плаціць

У нумары "Звязды" ад 3 лістапада з задавальненнем прачытаў вершык "Аб рэкламе", які даслаў Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна, і вырашыў напісаць сам. Як быццам і не вельмі па тэме, але ж мяркуйце самі.

Цяпер ці не ўсе СМІ заклікаюць эканоміць электраэнергію. Гэта правільна. Але ж спачатку трэба падумаць, як гэта рабіць. Я вось з гадзіннікам пасядзеў каля тэлевізара — палічыў. І атрымалася, што на тэлеэкране цягам адной гадзіны "круціцца" 4—5 розных рэкламных ролікаў. Кожны з блокаў доўжыцца ад 3 да 5 хвілін. Памнажаем гэтыя лічбы і атрымліваем, што ад 12 да 25 хвілін (з 60!) нам паказваюць тое, што глядзець нецікава і не хочацца, — гэта значыць, рэкламу. Але ж тэлевізар уключаецца. І ўключаецца, як правіла, не на адну гадзіну...

Добра, сыдземся на тым, што працуе ён, дапусцім, 5 гадзін у суткі. Значыць, рэклама там "круціцца" на працягу адной, а то і дзвюх гадзін, на што расходуецца за месяц каля 5 кВт электраэнергіі. І мы, тэлегледачы, плацім за яе, плацім, уласна, за тое, што нам не патрэбна.

Не, я не супраць рэкламы. Але ж мяркую, што "падаваць" яе можна па-іншаму. Напрыклад, усё, што рэкламуецца, можна падзяліць на пэўныя раздзелы: лекі, прамысловыя і харчовыя тавары, парфума і г.д. Потым кожнаму з гэтых раздзелаў даць адпаведную назву і ўжо пад ёю ўключыць у праграмы тэлеперадач. Такім чынам, гледачы, якіх цікавяць тыя ці іншыя рэчы, будуць ведаць, калі можна паглядзець патрэбную ім рэкламу і з задавальненнем уключаць свае тэлевізары. Тыя ж, каму яна не патрэбна, выключаць альбо будуць глядзець штось іншае. Галоўнае, у такой вось падачы рэкламы не будзе выпадковасці, якая ёсць.

...Мне падаецца, што многія з тэлегледачоў са мною згодны. Але ж ці прыслухаецца хто да нашых думак? Ёсць, як кажуць, пытанне.

А.Ц. Маглюй, падпісчык "Звязды", г. Віцебск

Дзе купіць электраскутар і запчасткі да яго?

Дарагая рэдакцыя! Звяртаюся да вас упершыню, хаця выпісваю "Звязду" ўжо сем гадоў. Вось прачытаў у нумары за 16 кастрычніка пра электраскутар "Uра-Uра 500". Толькі напісана было пра сам скутар мала. Толькі тое, што зараджаецца ён ад разеткі ў 220 вольт, што на ім можна праехаць максімум 50 кіламетраў з хуткасцю 25-35 кіламетраў у гадзіну.

Дзе яго можна купіць, колькі каштуе той скутар, якая на яго гарантыя, дзе можна будзе набыць запчасткі, а таксама чаму пры кіраванні электраскутарам не патрэбны правы?

Ежы Вайцэхавіч ГІЛЬ,

аграгарадок Новы Двор Шчучынскага раёна.

Каб даць адказы на пытанні нашага чытача, рэдакцыя мусіла звярнуцца ў аддзел па продажы ЗАТ "Матацыклетная кампанія Мінск-Мота". Вось што нам расказалі яго спецыялісты.

— Набыць электраскутар можна практычна ў любым месцы, калі скарыстацца магчымасцю замовіць патрэбнае, напрыклад, праз раённае спажывецкае таварыства. Пакупнік заказвае тавар і праз нейкі час атрымлівае яго з дастаўкай да крамы. Як хутка гэта атрымаецца, залежыць, напэўна, ад канкрэтнага райпа, паколькі на складзе самога прадпрыемства электраскутары зараз ёсць і іх гатовыя адгрузіць у любы момант. Што датычыцца цаны, дык сёння адпускная прадпрыемства з улікам ПДВ складае 12 780 000 рублёў. З улікам надбаўкі гандлю ў памеры 15% канчатковая рознічная цана для пакупніка складзе зараз 14 697 000 рублёў. Гарантыя на скутар — год, — распавялі нам. — Калі гаварыць пра набыццё запчастак, дык замаўляць іх можна як зноў жа праз раённае спажывецкае таварыства па месцы жыхарства, так і праз фірменны гандаль, наладжаны ў шэрагу гарадоў, напрыклад, у Мінску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску і іншых. Паколькі ваш заяўнік, як вы гаворыце, са Шчучынскага раёна, можам сказаць, што прадавец запчастак да скутара працуе ў Дзятлаве.

Як пацвердзілі далей спецыялісты аддзела продажу, сапраўды, для кіравання электраскутарам не патрэбны ні вадзіцельскія правы, ні рэгістрацыя транспартнага сродку. Справа ў тым, што ў нашым заканадаўстве пакуль адсутнічае такое паняцце, як электраскутар.

Як увезці інкубацыйныя яйкі з-за мяжы?

Паважаная рэдакцыя! Хацела б завесці для хатняй гаспадаркі курэй некаторых парод. Падкажыце, калі ласка, ці магу я прывезці ў невялікай колькасці (два-тры дзясяткі) інкубацыйныя яйкі з Германіі? Ці патрэбныя для гэтага якія-небудзь дакументы (даведкі, дазволы і г.д.)? Ці можна атрымаць інкубацыйныя яйкі поштай DHL? Загадзя ўдзячная.

Л. Ігнатчык (адрас жыхарства адсутнічаў).

Каб дапамагчы чытачцы разабрацца з яе пытаннем, рэдакцыя звярнулася ў дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Там зварот разгледзелі і паведамілі нам наступнае.

"Дэпартамент можа зрабіць заключэнне аб неабходнасці атрымання дазволу на ўвоз тавараў толькі пры наяўнасці інфармацыі пра код таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці (ТН ЗЭД). Указаная інфармацыя ў звароце адсутнічае.

Для ўвозу тавараў, якія падлягаюць ветэрынарнаму кантролю, неабходна звярнуцца ў Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду з заявай (узор заявы ёсць на сайце www.dvрn.gоv.bу)".

Як паведамілі нам у тэлефоннай гутарцы спецыялісты вышэйзгаданага дэпартамента, зрабіць так можа ў тым ліку і фізічная асоба. Калі ж з такой просьбай звернецца юрыдычная асоба, "да заявы неабходна дадаць копію кантракта, завераную вашай арыгінальнай пячаткай. Заява для атрымання дазволу на ўвоз будзе разгледжана цягам 15 каляндарных дзён у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2011 года №1797. Дазвол на ўвоз сапраўдны да канца гэтага года"

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Згодна з дзеючым Жыллёвым кодэксам, інвалідам і састарэлым выдзялялася жыллё на ніжніх паверхах або ў дамах з ліфтамі. Ці ёсць гэтыя нормы ў новым Жыллёвым кодэксе,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика