Аліменты: што, дзе, калі
16.12.2012
—
Новости Общества
|
У мінулым месяцы ў Смаргоні мужчыну выселілі з кватэры за нявыплату аліментаў, але той адмовіўся з’язджаць і пагражаў падпаліць яе. Без міліцыі не абышлося. Хто і ў якіх выпадках павінен выплачваць аліменты і якія спагнанні прымяняюцца да неплацельшчыкаў? На гэтыя і іншыя пытанні “Рэгіянальнай газеты” адказвае Анжаліка Новікава, судовы выканаўца Маладзечанскага суда. – У якіх выпадках і каго абавязваюць плаціць аліменты? – Да выплаты аліментаў прыцягваюцца асобы, якія не аказваюць матэрыяльнай дапамогі сваім дзецям ці бацькам. Але ж за 20 год маёй практыкі выпадак, калі маці падала заяву на сына, быў толькі адзіны. І то потым яна забрала тую заяву назад – пытанне вырашылі палюбоўна. Звычайна жонка падае на мужа. – Калі чалавек адмаўляецца плаціць, што яму пагражае? – Пакаранне залежыць ад сумы запазычанасці. Гэта можа быць і канфіскацыя маёмасці, і вылічэнне грошай з заработнай платы, і нават прыцягненне да крымінальнай адказнасці, праўда, з трэцяга разу. Гэта азначае, што спачатку ўзбуджаецца крымінальная справа, чалавека прыцягваюць да грамадскіх прац, напрыклад. Потым да выпраўленчых. Калі і пасля гэтага чалавек не выпраўляецца і працягвае ўхіляцца ад выплаты, не гасіць запазычанасці, яго адпраўляюць у месцы пазбаўлення волі. – Калі чалавек, які мусіць выплачваць аліменты, з’ехаў за мяжу і не вяртаецца… – Тады на яго ў судовым парадку падаюць у вышук і спаганяюць гэтыя грошы. З многімі краінамі заключаны дагавор для такіх мэт. А калі краіна, у якую ён з’ехаў, не ўваходзіць у гэты спіс, тады ўсё! Яго ніхто не будзе шукаць. – Які працэнт з зарплаты вылічваюць на карысць аліментаў? – 25% на адно дзіця, 33% – на двое і 50% – на трое. – Ці здараецца, што чалавек спецыяльна заніжае заробкі, каб менш плаціць? – Здараецца, але ж гэта ўжо справа не па нашай частцы. У любым выпадку, існуе самы малы парог – 50% ад пражытковага мінімуму. – Да якога ўзросту выплачваюць аліменты? – Дзецям да 18-ці год, а бацькам да канца жыцця. Часта людзі блытаюць аліменты з дзяржаўнай дапамогай сіротам і інвалідам. Такая дапамога ажыццяўляецца дзяржавай да 23 гадоў, калі чалавек не працуе. – Такая сітуацыя: жанчына развялася з мужам. Дзеці засталіся з ёю. Гадоў пятнаццаць яна не падавала на яго ў суд на аліменты, потым вырашыла падаць. Ці прымусіць суд гэтага мужа выплачваць грошы за ўсе 15 год? – Выплаціць толькі за апошнія тры гады, і то калі яна дакажа, што і да гэтага часу спрабавала прыцягнуць яго да выплаты. – Рэдкая з’ява, калі бацькі могуць падаваць на дзяцей у суд дзеля выплаты аліментаў. У якіх выпадках такое магчыма? – Калі гэтыя бацькі недзеяздольныя (інваліды, пенсіянеры), а таксама калі яны атрымліваюць малую пенсію. Гэта вызначаецца рашэннем суда і параўноўваецца з даходамі дзіцяці. – Ці можа чалавек, якога абавязалі выплачваць аліменты, выязджаць за мяжу? – Калі ў яго няма ніякай запазычанасці і ён рэгулярна (кожны месяц) выплачвае грошы, то перашкод няма. У Расіі Дзярждума разглядае папраўкі ў федэральны закон, якія дазваляюць часова пазбаўляць правоў кіроўцу, неплацельшчыка аліментаў. Такая практыка, кажуць, ужо даўно існуе ў ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі і некаторых іншых краінах свету. Дар’я СПЕВАК, школа маладога журналіста. Фота mormonstories.org Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулым месяцы ў Смаргоні мужчыну выселілі з кватэры за нявыплату аліментаў, але той адмовіўся з’язджаць і пагражаў падпаліць яе. Без міліцыі не абышлося.
|
|