Зою і Валерыя натхнілі палескія песні і "Машина времени". 21.by

Зою і Валерыя натхнілі палескія песні і "Машина времени"

17.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жыхары вёскі Зарэчча Бярозаўскага раёна Зоя і Валерый Барысюкі аднойчы прачнуліся знакамітымі

Чаму так сталася, яны дагэтуль і самі добра ўсвядоміць не могуць. Усё было як звычайна: брат ездзіў на работу на завод "Цеплапрыбор", сястра рупілася па доме, даглядала сваю невялікую гаспадарку. А вечарамі, асабліва па святах, яны любілі паспяваць. Дома два баяны, два гармонікі — Валерый з любым музычным інструментам упраўляецца па-майстэрску. Ды і не дзіўна: у маладосці ён іграў у адным ансамблі з Андрэем Макарэвічам у горадзе Шахты Растоўскай вобласці.

Вось і на гэты раз яны ад душы заспявалі для сваякоў, якія наведаліся з Расіі. Бавілі час у прыемнай кампаніі. Гаспадары і ведаць не ведалі, што госці іх здымалі і запіс будзе выкладзены ў інтэрнэце. Тым больш не ведалі, што колькасць праглядаў будзе расці кожны дзень, і з часам лік пойдзе на другі мільён — у іх жа камп'ютара дома не было! Гэта цяпер яны маюць ноўтбук, падораны каналам НТБ. А тады пра сваю славу са здзіўленнем даведаліся пасля званкоў мінскіх і маскоўскіх журналістаў.

Зоя i Валерый на канцэрце раённай самадзейнасцi за год да славы.

Спачатку ролікі артыстаў з Зарэчча з’явіліся на "Шансон ТБ", потым іх паказалі ў вячэрнім эфіры АНТ. Пасля гэтага пасыпаліся прапановы ад розных расійскіх каналаў. Ужо два разы Зоя і Валерый з'ездзілі ў Маскву, удзельнічалі ў запісах перадач, для іх арганізоўвалі прэс-канферэнцыі сталічныя газеты. А потым ім тэлефанавалі ажно з Лондана — супрацоўнікі радыё ВВС. І хоць Барысюкі цяпер адказваюць не на ўсе тэлефонныя званкі, іх знаходзяць: гэтымі днямі ў Зарэчча прыехала здымачная група тэлеканала "Мір". Журналісцкія інтарэс і ўвага да вяскоўцаў выраслі настолькі, што 15 студзеня Зоя вымушана была звярнуцца да кардыёлага ў раённую паліклініку, а Валерый аб'явіў, што едзе адпачываць у санаторый за межы Беларусі. Яно і зразумела: не ўсякае сэрца вытрымае цяжар славы, тым больш калі гэта сэрца немаладога чалавека.

Няёмка называць Зояй жанчыну, якая мае пяцёра праўнукаў, — цяпер гэта яе сцэнічнае імя. Зоя Аляксандраўна Барысюк нарадзілася ў Драгічынскім раёне. Палескія песні слухала ў выкананні сваіх прабабулі і бабулі, спявала заўсёды, як сябе помніць. Жыццё, як яна цяпер нярэдка прызнаецца, пражыла нялёгкае. Першага мужа пахавала, з другім разышліся, перанесла дзве цяжкія хваробы. Толькі песня, паводле яе ж прызнання, заўсёды ратавала. А яшчэ яе вясёлы характар, яе ўменне ствараць вакол сябе станоўчую аўру. Да пенсіі жанчына працавала жывёлаводам, апошнія гады — даяркай. Зоя Аляксандраўна выконвае як народныя песні, так і тыя, якія складае сама. Ахвотна пяе частушкі, нават трохі вольнага зместу, "прыперчаныя". Вельмі любіць творчасць Ваенгі, лічыць блізкім сваёй душы сцэнічны вобраз спявачкі.

Валерый Аляксандравіч не дасягнуў пенсійнага ўзросту, ён яшчэ працуе. Большую частку жыцця пражыў у Расіі. У Беларусь вярнуўся восем гадоў таму. Для сястры Валерый стаў выдатным акампаніятарам.

Журналіст бярозаўскай раённай газеты Мікалай Сінкевіч, які суправаджаў дуэт у паездцы ў Маскву, сказаў, што за самадзейнымі артыстамі ён назірае даўно. Яны некалькі гадоў паспяхова выступаюць на раённых аглядах і конкурсах, іх запрашаюць на розныя канцэрты. Дома ў Барысюкоў шмат дыпломаў, грамат, іншых адзнак раённага аддзела культуры. Паводле слоў Мікалая, ён даўно прыглядаўся да сваіх вяскоўцаў, якія выклікаюць сімпатыю і адрозніваюцца асаблівай непасрэднасцю. Зоя вельмі эмацыйна жэстыкулюе, натуральна смяецца, дасціпная на язык, што разам з яе добрым голасам стварае асаблівую харызму. "Яны — сапраўдныя! Можа, гэта і прыцягнула інтэрнэт-наведвальнікаў, а таксама шматлікіх тэлевізійных дзеячаў", — разважае Мікалай Сінкевіч.

Песня Ваенгі, якую спявае Зоя Барысюк у кліпе, што прынёс ёй вядомасць, даступная да прагляду ўсім. Голас у нашай спявачкі, вядома, моцны. Але ж, як было заўважана, у сусветнай павуціне блукаюць сотні кліпаў розных самадзейных выканаўцаў. Чаму ўвагу звярнулі менавіта на бярозаўскіх спевакоў? Можа, таму, што яны не ведалі аб тым, што знаходзяцца перад камерай. Іншыя ж рэпеціруюць, стараюцца, хвалююцца і тым самым іграюць нейкую ролю. А Зоя сядзела на сваёй кухні ў дамашнім фартуху і спявала для гасцей і ўласнай душы.

А можа, сапраўды расійскія тэлевізійнікі і верны ім глядач стаміліся ад "фанернай" папсы, паказушнага гламуру і розных вычварэнняў, калі героямі дня становяцца маскоўскія дзеўкі, што апаганьваюць храм, альбо ўкраінскія феміністкі, якія голымі грудзямі рэагуюць на любую палітычную падзею? Можа, нават несвядома пацягнула мэтраў экрана да сапраўднага, нявыдуманага, няштучнага — да вытокаў? Таму і кінуліся здымаць палескую мажную сялянку, якая проста спявала песню і падумаць не магла, што яе кінуцца раскручваць, не шкадуючы сродкаў, не зважаючы на адлегласці. Дык і добра. У нас на Палессі галасістых людзей шмат. На ўсе каналы блізкага і далёкага замежжа хопіць. Няхай прыязджаюць, здымаюць, дыхаюць чыстым паветрам, чэрпаюць натхненне!..

Святлана ЯСКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхары вёскі Зарэчча Бярозаўскага раёна Зоя і Валерый Барысюкі аднойчы прачнуліся знакамітымі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика