Ход каньком. 21.by

Ход каньком

17.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рэпартаж з чатырох папулярных сталічных каткоў

Катанне на каньках сталічным жыхарам падабаецца. Калі паназіраць за тым, колькі народу адначасова знаходзіцца на катку ў самыя "гарачыя" для катання часы і колькі яшчэ чакае перад уваходам, складваецца ўражанне, што нават прыхільнікаў традыцыйнага "зімовага" адпачынку на канапе перад тэлевізарам хоць раз за сезон усё ж такі ўдалося паставіць на канькі. Сярод вялізнай колькасці варыянтаў (напрыклад, адкрыты каток, закрыты, загарадны ці ў межах Мінска) карэспандэнты "Звязды" абралі чатыры. Наведалі іх і вызначылі, дзе катацца найбольш танна, дзе найбольш зручны расклад, а дзе можна сустрэць самадзейную хакейную каманду.

Пункт першы. Каток лядовага Палаца спорту

Каб сюды трапіць, дастаткова пад'ехаць на метро да станцыі "Спартыўная", а пасля прайсці колькі метраў. Адна з першых пераваг, якую варта згадаць, — магчымасць пераабуцца ў канькі, седзячы на лаўках у цёплым памяшканні. У буфеце можна выпіць гарбаты з бутэрбродам ці чаго-небудзь яшчэ.

Час у лядовым палацы ў асноўным аддаецца хакейным матчам і трэніроўкам аматараў клюшкі і шайбы, а таксама юных фігурыстаў. Таму перад тым, як правесці гадзіну, катаючыся з задавальненнем, можна крыху паглядзець, як "круцяць" розныя там тодэсы і акселі.

Цяпер пра выдаткі. Сеансы катання на катку ў лядовым Палацы спорту розныя па працягласці. Калі вы трапляеце на той, што доўжыцца 45 хвілін, даросламу чалавеку давядзецца заплаціць 17 тысяч рублёў; дзіцячы квіток, на які маюць права асобы да 14 гадоў каштуе 12 тысяч рублёў. Узяць напракат канькі можна за такую ж суму.

Пакатацца на працягу 1 гадзіны 15 хвілін даросламу будзе каштаваць ужо 24 тысячы рублёў, дзіцяці — 18 тысяч рублёў. Канькі ў такім выпадку "выцягнуць" з кашалька 16 тысяч рублёў.


Шляхам няцяжкіх матэматычных падлікаў вызначаем, што, калі каток у лядовым Палацы спорту вырашыць наведаць дарослы чалавек без дзяцей і ўласных канькоў, яму прыйдзецца аддаць 29 тысяч альбо 40 тысяч рублёў.

Той, хто наведвае каток пастаянна, можа набыць у касе абанемент. Тут ёсць тры варыянты: дарослы на 10 наведванняў — 165 тысяч рублёў, такі ж, але дзіцячы — 115 тысяч рублёў, і дзіцячы плюс дарослы, але ўжо толькі на 5 наведванняў — 140 тысяч рублёў.

Калі казаць пра якасць лёду, то тут можна разлічваць на самае лепшае, паколькі гэтае месца падыходзіць для прафесійнага спорту. Адзіны нюанс, пра ўдакладненне якога варта паклапаціцца загадзя, — час, на які прыпадае масавае катанне ў лядовым палацы. Расклад кожны раз карэктуецца. Той, які давялося пабачыць пры наведванні нам, распавядаў, што на працягу ўсяго тыдня пакатацца ёсць магчымасць выключна пасля дзевяці гадзін вечара. І толькі ў нядзелю першы сеанс пачынаецца ў 17.45.

Пункт другі. Каток на Кастрычніцкай плошчы

Моц лёду гэтага катка журналісту нашай газеты давялося выпрабаваць уласнымі нагамі, а дакладней — каленямі, якія доблесна ўратавалі ад поўнага распластавання.

Уваход на лёд бясплатны, а канькі на Кастрычніцкай каштуюць так: да 34-га памера — 15 тысяч рублёў, большыя — 25 тысяч.

Давялося выдаткаваць 25 тысяч рублёў і выправіцца на коўзкае палатно катка. Вечарам народу было шмат. Міма з хуткасцю Плюшчанкі праносіліся хлопцы, дзяўчаты і нават дзядулі, а таксама малыя дзеці, якія смела прашмыгвалі некуды ў глыб натоўпу.

Спачатку, як ужо было сказана, я ўпала. Адразу ж, як ступіла на лёд. Па-першае, "фігурыст" з мяне яшчэ той, лянівы і павольны, а па-другое — па лёдзе адкрытага катка, зацярушаным крыху снегам і дзе-нідзе добра пашкоджаным, катацца ўсё ж цяжэй, чым па роўным і гладкім "люстэрку" на крытых катках.

Праз колькі часу ўдалося прызвычаіцца, і пачаць слізгаць крыху больш упэўнена. Так адолела круг-другі, збочыла крыху да сярэдзіны і трапіла каньком на выбоіну, досыць вялікую, з-пад якой праглядвалася плітка. Пасля запомніла гэтае месца і аб'язджала яго за некалькі метраў. Так пайшоў пяты ці чацвёрты круг катання ў адмысловым "аўтарскім" стылі. Я ўжо збіралася пайсці з катка, як раптам... Шчыра кажучы, я спачатку і не зразумела, што гэта ў хакей гуляюць. Але калі вакол мяне пачалі насіцца падлеткі без канькоў, затое з клюшкамі, і ледзьве не з-пад ног выбіваць шайбу, я пераканалася, што яно так і ёсць. Неяк выбралася адтуль і зразумела, што час катання акурат падыходзіць да заканчэння. Пайшла скідаць канькі, але ўбачыла, што месца на лаўках чакаць прыйдзецца доўга. Больш эфектыўным падалося на свае страх і рызыку прайсціся ў каньках да прыступак Палаца Рэспублікі, дзе месца было значна больш.

Пункт трэці. Крыты каток на Нямізе

Гэта, відаць, самае папулярнае месца для катання ў горадзе. Нават у будзённыя дні, як толькі пачынае працу гэты каток, абавязкова збіраецца дзясятак-другі наведвальнікаў.

Што зручна, тут прадугледжана камера захоўвання, дзе пры наяўнасці чэка за аплачаны сеанс катання можна пакінуць свае рэчы абсалютна бясплатна і не турбавацца, што нехта на іх паквапіцца. На Нямігу звычайна прыходзіць катацца шмат народу, таму некаторым, асабліва ў выхадныя, даводзіцца чакаць. Пакуль час ідзе, можна сагрэцца кубачкам кавы з аўтамата. Плюс катка яшчэ і ў тым, што лёд штодзень шліфуецца, таму катацца, нават навічкам у гэтай справе, па роўнай гладкай лядовай паверхні значна лягчэй.

Уваход на каток да 15.45 каштуе 10 тысяч рублёў, пазней прыйдзецца аддаць на 5 тысяч больш. Канькі для ўладальнікаў ног да 35 памера абыдуцца ў 10 тысяч рублёў. Ногі большыя давядзецца абуваць ужо за 15 тысяч рублёў за пару. Значыць, пры самым "неэканомным" раскладзе, калі на каток пасля 15 гадзін дня ідзе чалавек з вялікім памерам нагі, прыйдзецца пакінуць у касе 30 тысяч рублёў.

Калі не надта верыце, што ў вас ёсць скрытыя здольнасці фігурыста, на гэтым катку вас чакае адна прыемнасць — борцікі, за якія можна трымацца, наварочваючы круг за кругам. Вядома ж, сказана несур'ёзна, а вось што сапраўды можа прыйсціся дарэчы, калі вы на каньках ніколі дагэтуль не стаялі, — гэта навучанне катанню. 45 хвілін інструктажу для дарослых каштуе 35 тысяч, а для дзяцей — 20 тысяч рублёў. На навучанне таксама можна набываць абанементы.

А самы позні сеанс катання на Нямізе заканчваецца ў 22.45.

Пункт чацвёрты. Каток каля Нацыянальнай бібліятэкі

Прызнацца, пра тое, што ён там ёсць, мы раней толькі чулі, але спецыяльна ніколі катацца туды не ездзілі. Увогуле, пляцоўка каля бібліятэкі — у любым сэнсе месца "падветранае" цягам усяго года, а ўзімку — асабліва, што адразу і адчулася. Хутаючыся ў куртку, закруціўшыся ў капюшон, апошняе, што хацелася — стаць на канькі і апынуцца на лёдзе. Відаць, калі ўжо адважыўся выйсці на гэты каток, то тут варыянты два — альбо захутацца з галавы да ног, пакінуўшы "аголенымі" толькі вочы, альбо так катацца, каб ніякі холад не прычапіўся.

Лёд каля бібліятэкі на выгляд месцамі нейкі рабрысты. Відаць, нешта падтала ці было выбіта канькамі заядлых аматараў катання. Затое катацца, калі ёсць свае канькі, можна абсалютна бясплатна. Узяць канькі напракат каштуе 20 тысяч рублёў. Побач таксама ёсць кіёск, дзе можна купіць печыва, каб падсілкавацца. Пракат працуе з 12 гадзін у будзённыя дні (і з 10.00 — у выхадныя) да 22 гадзін вечара. Кошт катання тут адзін з самых "бюджэтных", але, каб пераабуцца ў канькі, трэба памарозіць ногі. Ды і лавак, каб прысесці, тут не шмат.

Але, як расказваюць жыхары раёна, вечарамі на гэты каток наведваецца нямала людзей. У асноўным, праўда, са сваімі канькамі. Зручна ў першую чаргу таму, што не трэба ехаць катацца далёка ад дома і плаціць грошы. Ну і вядома тое, што прыйсці, калі маеш свае канькі, можна ў любы час, прычым не трэба абмяжоўваць сябе пачаткам і заканчэннем сеансаў катання.

Ганна ГАРУСТОВІЧ. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Дарэчы!

Канькі даспадобы не ўсім. Многія абіраюць катанне на лыжах ці яшчэ лепш — на санках, дзе галоўнае — знайсці добрую горку і паспяхова на яе ўзабрацца. Мы пацікавіліся, ці можна ў Мінску ўзяць напракат лыжы ці санкі і колькі гэта будзе каштаваць. У адной з сетак пракату сталіцы нам паведамілі, што лыжы за суткі каштуюць 18 тысяч рублёў, калі гэта лыжы паўпластыкавыя, і 24 500 рублёў, калі жадаеце ўзяць поўнасцю пластыкавы інвентар, які лічыцца больш якасным. Узяць у арэнду звычайныя дзіцячыя санкі можна ўсяго за 2 тысячы рублёў у суткі. А вось модныя цяпер цюбінгі, прыстасаванні для катання з горак па снезе, падобныя да надзіманых гумавых лодак, можна арандаваць за 50-70 тысяч рублёў на суткі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Катанне на каньках сталічным жыхарам падабаецца. Калі паназіраць за тым, колькі народу адначасова знаходзіцца на катку ў самыя "гарачыя" для катання часы і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика