Жыццё ў пазыку
17.01.2013
—
Новости Общества
|
Наколькі рацыянальна браць крэдыты Што лепш: аформіць пакупку ў крэдыт? А можа, назапасіць грошай? Хто з нас не задаваў сабе такія пытанні? А насамрэч, што лепш: назапасіць грошай або атрымаць жаданую рэч адразу дзякуючы крэдыту? Асаблівая размова пра тое, калі хочацца зладзіць наваселле або трэба купіць аўтамабіль. Напрыклад, у вас ёсць палова ад неабходнай і вельмі немалой сумы. У такім выпадку трэба звярнуцца па дапамогу ў банк ці ўсё ж такі грошы далей збіраць? Але на апошняе можна патраціць гады... Аб пакупцы кватэр Вы паставілі перад сабой мэту — купіць кватэру. Калі, вядома, вы не падпольны мільянер (у доларавым эквіваленце. — Аўт.), часцей за ўсё пры гэтым адзінае правільнае рашэнне — звярнуцца да паслуг банка або іншай камерцыйнай структуры, якая займаецца крэдытаваннем насельніцтва. Купляць у крэдыт, будаваць трэба, бо... 1. Працэнтнае павелічэнне кошту жылля, калі меркаваць па апошніх назіраннях, можа быць большым, чым памер сярэднеўзважанай стаўкі па крэдытаванні. 2. Збіраць гадамі грошы няма сэнсу яшчэ і таму, што ў любым выпадку, нават калі вашы грошы будуць захоўвацца ў банку і вам будуць выплачваць працэнты, ваш даход з дэпазіту можа адставаць ад тэмпу павелічэння кошту нерухомасці. Праўда, выключэннем можа стаць ўмова, калі павелічэнне вашага даходу будзе значным у параўнанні з ростам цаны на нерухомасць. Але, калі вы зарабляеце не настолькі шмат, прыйдзецца купляць кватэру з выкарыстаннем пазыковых грошай. Памылка многіх у тым, што яны спадзяюцца на павелічэнне даходаў або (у горшым выпадку) на захаванне іх узроўню, а значыць, і на тое, што без асаблівых праблем змогуць спраўна і ў поўным аб'ёме разлічвацца з банкам за ўзяты крэдыт. Апошняе прыйдзецца рабіць своечасова штомесяц і на працягу многіх гадоў. Вельмі правільным будзе падыход, калі прыкладна ад 30% да паловы вашых даходаў пойдуць на выплату крэдытных грошай. Не варта забываць, што нярэдка ў банках абавязваюць аформіць страхоўку жылля і вашага здароўя і жыцця. Значыць, крэдыт аўтаматычна стане даражэй. Як лепш купіць аўто? А ці патрэбны яно вам у бліжэйшы час? Бо, для параўнання, калі жыллёвыя ўмовы сапраўды вельмі важныя для чалавека, то ў машыне няма такой вострай неабходнасці. Калі, зразумела, яна не патрэбна для выканання, напрыклад, службовых абавязкаў і штодзённых паездак на далёкія адлегласці па асабістых пытаннях. Значыць, напэўна, можна не спяшацца з набыццём аўтамабіля? Бывалыя людзі падлічылі, што кошт аўто не павінен складаць больш за палову гадавога даходу. Праўда, і ў выпадку з жаданнем купіць машыну можна сказаць аб парачцы "але". 1. Можна набыць машыну літаральна сёння, выкарыстоўваючы крэдыт з добрай зніжкай у бок змяншэння кошту. 2. Аўтамабілі могуць падаражэць па розных прычынах — напрыклад, з-за здачы пазіцый рубля ў адносінах да курсу долара. Пры гэтым трэба падлічыць, наколькі выгадна будзе купіць машыну ў крэдыт, каб вы сэканомілі, а можа, і зарабілі б на сваім будучым аўто столькі, што вам сапраўды выгадна аплачваць даўгі банку. Работнікі банкаў і аўтамабільных салонаў, дарэчы, добра навучыліся "пераконваць" кліентаў не адкладаць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння. Пры гэтым сціпла замоўчваецца, што мэта банка і салона — зарабіць на кліентах. Бо за ўзятыя грошы давядзецца расплачвацца сваімі грашыма, ды яшчэ і пераплачваць! Крэдытаванне на медыцынскія паслугі Як гаворыцца, здароўе не купіш! Але, вядома, на сваім здароўі эканоміць не трэба. Як гавораць, бясплатную медыцыну ніхто не адмяняў, але ёсць сітуацыі, калі трэба патраціцца самому. Калі падумаць, самы просты спосаб не задумвацца ў будучыні над тым, дзе ўзяць грошы на лячэнне, — гэта страхаванне. Пры гэтым не трэба абмяжоўвацца ў выбары памеру страхоўкі. Прымальны памер страхавання — на агульную суму ў некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў. У нашай краіне гэтай сумы, напэўна, хопіць нават на аплату самай складанай аперацыі і наступнай рэабілітацыі. Набыццё бытавой тэхнікі 100-працэнтная правераная на сабе парада: не варта купляць бытавую тэхніку ў крэдыт. Ды і, напрыклад, новая пральная машына або газавая пліта каштуюць значна танней, чым кватэра і аўто. Можна назбіраць грошы за некалькі месяцаў і купіць тое, што вам неабходна для дома. Навошта пераплачваць за рэч 1/5 і больш яе кошту, пры ўмове, што вы вырашылі купіць бытавую тэхніку ў крэдыт? Можна купіць нядрэннай якасці бытавую тэхніку, якая ўжо была ў карыстанні. Шматлікія крамы ідуць на "хітрасць", прапаноўваючы нешта ў крэдыт без выплаты працэнтаў. На самой справе, беспрацэнтны крэдыт у выніку ўсё роўна прывядзе да пераплаты за пакупку. Крэдытаванне на рамонт Ці патрэбны вам крэдытныя грошы на пакупку матэрыялаў для рамонту кватэры? Або каб наняць майстроў па рамонце? Хутчэй за ўсё, не. Выключэннем можа стаць наваселле. Але ўсё ж варта загадзя, перад тым як улезці ў доўг перад банкам, падумаць аб тым, за якія сродкі вы будзеце рыхтаваць кватэру для пражывання. Крэдыт на вучобу Ці варта браць грошы ў банку для атрымання адукацыі? Бадай, самае цяжкае пытанне. Часцей за ўсё такія крэдыты афармляюць сваякі будучых студэнтаў. А калі вы самі вырашылі ўзяць крэдыт на гэтую мэту, ці ўпэўнены, што вам яго дадуць? І што, атрымаўшы дыплом, вы асабіста зможаце разлічыцца з банкам за прадастаўленыя грошы? Ці будзе дастаткова высокай зарплата, каб яе хапіла на вяртанне крэдыту ды яшчэ на жыццё засталося? Так, у Еўрасаюзе многія бяруць крэдыты на адукацыю, такім чынам укладваючы грошы ў сваю будучыню. Але не варта забываць, што кошт навучання ў заходніх краінах значна вышэй, чым у нас, а працэнты па выплаце крэдытаў ніжэй. Сярэднестатыстычныя ж заробкі пакуль што таксама большыя. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што лепш: аформіць пакупку ў крэдыт? А можа, назапасіць грошай? Хто з нас не задаваў сабе такія пытанні? А насамрэч, што лепш: назапасіць грошай або атрымаць жаданую...
|
|