У Гродне адкрылася першая беларускамоўная група ў дзіцячым садку
22.01.2013 15:16
—
Новости Общества
|
У Гродне адкрылася першая беларускамоўная група ў дзіцячым садку Некалькі гадоў таму "Звязда" ўжо звярталася да гэтай тэмы, пісала пра тое, што ў Гродне праводзіцца агітацыйная праца па стварэнні беларускамоўных груп у дзіцячых садках. Аднак, на жаль, безвынікова. Але нарэшце, так бы мовіць, лёд крануўся: з пачатку верасня мінулага года ва ўстанове адукацыі "Яслі-сад № 45" па вуліцы Сухамбаева з'явілася група, дзе ўсе заняткі праводзяцца па-беларуску.
Загадчыца гэтай дашкольнай установы Валянціна ПЯТРОЎСКАЯ расказвае, што спачатку ў групе было дзевяць дзяцей, а цяпер ужо дванаццаць. Гэта па-ранейшаму менш, чым у іншых групах, аднак дапушчальна, паколькі беларускамоўная група рознаўзроставая: у асноўным дзецям ад трох да чатырох гадоў, але ёсць і "ясельныя" — двухгадовыя. Для кожнага ўзросту — адпаведныя фізічныя і іншыя заняткі, харчаванне. А адным з аб'яднальных фактараў у гэтым калектыве з'яўляецца беларуская мова. І калі, напрыклад, Валянціна Іванаўна заходзіць у гэтую групу, то з ёй вітаюцца па-беларуску. У беларускамоўнай групе працуюць дзве выхавальніцы — Іна СЕВЯРЫН і Іна СЦЯПУРА. Тое, што група рознаўзроставая, — не праблема. Нават добра, бо старэйшыя дапамагаюць малодшым. Пры гэтым усе праграмы, заняткі — толькі па-беларуску. На думку выпускніцы філфака Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Іны Севярын, галоўная мэта — каб дзеці больш чулі беларускую мову, выхоўваліся ў беларускамоўным асяроддзі, бо рускай мове яны і так навучацца. Выхавальніцы ўжо заўважылі два складнікі стаўлення да беларускай мовы з боку дзетак: спачатку — разуменне, а пасля ўжо — вымаўленне. Праўда, не ўсе яшчэ добра гавораць, але... Калі Іна Севярын прыходзіць на замену калегам у іншыя групы і пачынае там размаўляць па-беларуску, то дзеці не разумеюць, чаго яна ад іх хоча. А дзеці з беларускамоўнай групы ўжо ўсё разумеюць. Іна Севярын, дарэчы, раней сутыкалася з праблемай працаўладкавання. Здаралася, у дзіцячым садку яе не хацелі браць на працу, паколькі размаўляе па-беларуску, а бацькі, маўляў, не вельмі хочуць, каб было двухмоўе. Таму Іна, даведаўшыся, што адкрываецца беларускамоўная група, з задавальненнем адгукнулася на запрашэнне тут працаваць. Пры гэтым выхавальніцы дапамагаюць калегам з іншых груп у перакладзе тых ці іншых матэрыялаў на беларускую мову. А нядаўна Іна Севярын разам са сваімі сябрамі і супрацоўнікамі дашкольнай установы падрыхтавала для дзяцей (не толькі з беларускамоўнай групы — усіх) "Калядкі". Упершыню ў жыцці дзеці ўбачылі, што сабой уяўляе калядаванне, хто такія калядоўшчыкі.
Дарэчы, практычна ўсе дапаможнікі для заняткаў з дзецьмі выхавальніцы сёння самі перакладаюць з рускай мовы на беларускую. Для іх гэта не праблема. Аднак чаму пэўная частка дапаможнікаў для дашкольных устаноў не павінна быць беларускамоўнай? Бацькі (дзякуючы іх ініцыятыве ў Гродне і адкрылася першая беларускамоўная група ў дзіцячым садку) возяць сюды сваіх дзяцей з розных куткоў горада. Яны аб'ядноўваліся праз сацыяльныя сеткі, знаёмых, на розных імпрэзах. — Калі ў 2009 годзе нарадзіўся сын, мы з мужам дакладна вырашылі: зробім усё, што ад нас залежыць, каб наша дзіця пайшло ў беларускамоўную групу дашкольнай установы. І для нас было вялікім шчасцем, што ўдалося сабраць подпісы іншых бацькоў, а ўлады пайшлі насустрач. Веру, што калі атрымалася ў нас, то далей гэтыя групы будуць толькі развівацца. І да школы нашы дзеткі прыйдуць, можа, няпоўным, але беларускамоўным класам, — гаворыць Наталля КІСЕЛЬ. Начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Сяргей БЛАЖЭЙ: — Мы ўжо не першы год праводзім агітацыйную працу, каб ствараліся беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках альбо класы ў сярэдніх школах. Запускаем гукавыя ролікі ў тралейбусах і аўтобусах, выпускаем лістоўкі, патрабуем, каб у кожным дзіцячым садку была адпаведная інфармацыя для бацькоў. Самае галоўнае — гэта жаданне бацькоў. І пры іх жаданні мы заўсёды пойдзем насустрач і знойдзем магчымасць. Цяжкасці такія, што ў новых мікрараёнах, дзе пакуль не хапае дзіцячых садкоў і групы перапоўнены, праблематычна з памяшканнямі. Аднак і ў адным, і ў другім раёне горада ёсць дзіцячыя садкі, дзе можна ствараць беларускамоўныя групы. Гэтае пытанне можа разглядацца нават тады, калі спачатку ёсць усяго чатыры-пяць заяў ад бацькоў. Бо, як правіла, на момант, калі фарміруюцца групы, заяў не хапае, а потым з'яўляюцца ахвотныя. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Практычна ўсе дапаможнікі для заняткаў з дзецьмі выхавальніцы сёння самі перакладаюць з рускай мовы на беларускую.
|
|