Хлупінцы пераселі на лодкі
16.04.2013
—
Новости Общества
|
У вёсцы Хлупін Жыткавіцкага раёна падтапленне дзясятка падворкаў атрымалася не столькі ў выніку таяння снегу, колькі ад вады-госці з Прыпяці з аднаго боку і з балотнага масіву — з другога. Жыхарам гэтага аддаленага ў раёне населенага пункта давялося літаральна сесці на лодкі, каб выбірацца са сваіх хат і падворкаў на сухія ўчасткі вясковай вуліцы. Цалкам адрэзанаю ад сушы аказалася школа (таму адмянілі заняткі ў дзяцей) і двухпавярховы жылы дом, некалькі вуліц — таму што ўзровень вады перасягнуў крытычны і наблізіўся да 873 сантыметраў. Хлупінцы ўсё ж спадзяюцца, што пад'ёму вады да ўзроўню 1999 года, калі ён складаў 903 см, сёлета ўсё ж не будзе і падлогі ў іх хатах застануцца сухімі. — На маім вяку гэта ўжо чацвёртая паводка, — кажа старэйшы жыхар Васіль Інавер, — але сёлета рост вады павольны, і на самы небяспечны выпадак мы ўсё ж паспелі падрыхтаваць і сваю хату, і свойскую жывёлу на падворку. Вядома, мы хвалюемся, перажываем, імкнёмся не кідацца ў паніку. Пенсіянер Аляксандр Ярмоленка прыгадвае, што намаляваныя лебедзі на варотах яго сядзібы ў 1999 годзе літаральна "плавалі", а сёлета вада да іх яшчэ не дайшла. Значыць, і ў хаце пакуль суха. — Не дай Бог яшчэ раз перажыць нам тое, што мы зведалі чатырнаццаць гадоў таму, — кажа гаспадыня Кацярына Архіпаўна. Развітвацца з лодкамі жыхары Хлупіна не спяшаюцца. У кожным падворку гэты плавальны агрэгат — абавязковы інвентар. Бо гумавыя боты, нават доўгія боты-балотнікі, у гэткія стыхіі не заўсёды выручаюць. Дзякуючы прадбачлівасці і сваёй гаспадарскай руплівасці пенсіянерка Ніна Мікалаеўна Караба захавала нават стары дубовы човен — сапраўдны рарытэт паляшуцкага побыту. Сёлета ён ёй вельмі спатрэбіўся — і дровы перавозіць, і самой да "матэрыка" дабрацца. А калі што, дык і жывёлу можна транспартаваць у небяспечнае месца. Для двухмесячнай Ксеніі Козел гэтая вясна і тым больш паводка — першыя ў жыцці. Пагасціўшы ў Хлупіне ў сваёй бабулі Валянціны Іванаўны, яе асцярожна перанеслі праз вялікую ваду, каб адправіцца дахаты ў суседнюю вёску Перароў, у якую, дарэчы, таксама прыйшла гэтая непажаданая вясновая госця — паводка. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Хлупін Жыткавіцкага раёна падтапленне дзясятка падворкаў атрымалася не столькі ў выніку таяння снегу, колькі ад вады-госці з Прыпяці з аднаго боку і з...
|
|