Мы на сваёй зямлі. 21.by

Мы на сваёй зямлі

06.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што самае адметнае і прывабнае ў характары беларусаў найперш адзначаюць і цэняць некаторыя дыпламаты, прадстаўнікі замежных дзяржаў

Паслухайце, што пісаў пра беларусаў паэт Пятро Глебка: «Якой цудоўнай дабраты народ! Калі палюбіць ён каго душой, аддасць яму і кроў сваю, і сэрца». Можа, іншы чытач падумае: маўляў, нічога тут асаблівага, паэт сам беларус, таму і сказаў пранікнёна і ўзнёсла пра сваіх землякоў.

А як успрымаюць Беларусь нашы замежныя госці і тыя, каму выпадае доўга працаваць і жыць у нашай краіне? Прынамсі, дыпламаты — паслы замежных дзяржаў, якія акрэдытаваны ў рэспубліцы. Па характары сваёй работы мне часта даводзіцца сустракацца з імі.

«Я хачу быць добрым да вас»

Выключна цёплыя і прыязныя адносіны былі ў мяне з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Юй Чжэньці. Тут і такая важная акалічнасць: за той час, што гэты высокі дыпламат прадстаўляў у нашай краіне Паднябесную, выйшлі ў свет дзве мае кнігі: «Кітай з адкрытым сэрцам» і «Блізкі Кітай». Вось ужо каго можна без ніякага перабольшання назваць паслом добрай волі, дык гэта Юй Чжэньці. Ён быў актыўным аўтарам і шчырым сябрам нашай газеты, як дыпламат вельмі адукаваны, меў ступень доктара гістарычных навук. Дасканала валодаў рускай мовай, хаця спецыяльна яе не вывучаў. Проста ў школьныя гады любіў і чытаў рускіх класікаў, прызнаваўся сам. А потым доўгі час працаваў у Пасольстве КНР ва Украіне, Расіі.

— Беларусы вельмі добрыя, шчырыя і гасцінныя людзі. І надта працавітыя, — гаварыў пасол. — Такія рысы характару ўласцівыя і нам, кітайцам. Вось чаму мы добра разумеем адзін аднаго, і такое плённае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі на агульную карысць дзвюх народаў.

Кітайцы гавораць, што калі хочаш даведацца пра якую-небудзь краіну, паглядзі на яе пасла. Дыпламаты, як вядома, людзі крыху «самі ў сабе», да гэтага іх абавязвае спецыфіка работы. А вось Юй Чжэньці вызначаўся сваёй прывабнай дружалюбнасцю, адкрытасцю, шчырасцю.

— Я так паводжу сябе сярод беларусаў, як і яны са мною, — не раз казаў мне. — Беларусы добрыя, і я хачу быць добрым да іх. Беларусы горача любяць сваю Радзіму — кітайцы таксама.

Песні з ветэранамі

— Мне надта пашанцавала, бо па сваёй спецыяльнасці даследаваў ваша гераічнае мінулае, — расказваў Юй Чжэньці. — І вось, як назначылі сюды паслом, паехаў у Брэсцкую крэпасць, яна вельмі мяне ўсхвалявала, бо гэта высокі і яркі прыклад народнага гераізму і патрыятызму. Вельмі паважаюць у Беларусі ветэранаў вайны. У нас, у Кітаі, такія людзі таксама ў вялікай пашане...

Аднойчы ў Доме дружбы адбылася сустрэча пасла з нашымі ветэранамі вайны.

— Ваш народ, — гаварыў пасол, — мужна і адважна змагаўся з фашысцкімі захопнікамі, наш — з японскімі, і гэта збліжае нас. Цяпер мы разам мацуем мір. Кітай і Беларусь маюць аднолькавыя або блізкія падыходы па важнейшых міжнародных праблемах.

Яшчэ Юй Чжэньці падрыхтаваў незвычайны сюрпрыз — пранікнёна праспяваў вядомую песню «Далеко, далеко, где кочуют туманы...» А нашы ветэраны яму падпявалі.

«Прысвячаецца сяброўскаму беларускаму народу»

Трымаю ў руках прыгожы фотаальбом пад назвай «Любімая Беларусь і іншыя краіны ў фокусе». Аўтар — Юй Чжэньці. Факт, безумоўна, унікальны: замежны пасол, прычым такой вялікай краіны, публічна, праз фотамастацтва прызнаецца ў любві да народа і рэспублікі, дзе ён акрэдытаваны. На такі крок здольны толькі высокаадукаваны і культурны чалавек.

Для Юй Чжэньці наша Беларусь была нечым большым, чым проста краіна, дзе ён працаваў. Ён усяляк імкнуўся шырэй і глыбей адкрыць нашу рэспубліку і для сябе, і для сваіх землякоў. Лепшае пацвярджэнне таму — багаты па змесце фотаальбом кітайскага дыпламата. Юй Чжэньці выдаў яго ў Мінску па просьбе сваіх беларускіх сяброў.

— Я, калі езджу па Беларусі, заўсёды бяру з сабой фотаапарат, — расказваў пасол. — У вас цудоўныя пейзажы, выдатныя гістарычныя і культурныя помнікі. Вось і фатаграфую многае, прычым так, як ёсць. Іншы раз гэта проста райскія куточкі, як, напрыклад, многія мясціны Мінска. Ці беларускія хутары: стаіць на беразе ласкавай рэчкі хацінка, якую атулілі дрэвы, быццам сцерагуць яе спакой. Белавежская пушча з яе векавымі дрэвамі. Вельмі палюбіў вашу прыроду, як і мудрых, добрых беларусаў.

Дарэчы, той свой фотаальбом пасол адкрывае такімі шчырымі, на беларускай мове, словамі: «Прысвячаецца сяброўскаму беларускаму народу». Ну што тут яшчэ дадаць, сказана проста і ад душы.

Дзякуй вам за дапамогу

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арменіі ў нашай краіне Сурэн Аруцюнян заўсёды падкрэсліваў асаблівую спагадлівасць, чуласць, велікадушнасць беларусаў.

— Калі маю Радзіму напаткала цяжкае гора — разбуральнае землетрасенне ў Спітаку і Ленінакане, аднымі з першых адклікнуліся беларусы, — успамінае пасол. — Да нас прыбыў з Беларусі спецыяльна сфарміраваны будаўніча-мантажны атрад. Высокакваліфікаваныя спецыялісты самааддана, добрасумленна выконвалі самыя цяжкія і небяспечныя работы. Такая дапамога была тады Арменіі жыццёва неабходнай, і наш народ назаўжды застаўся глыбока ўдзячны Беларусі.

У нейкай ступені гэту ўдзячнасць на практыцы даказала жонка пасла Ніна Асатураўна. А справа вось у чым. Жонкі дыпламатаў з замежных краін стварылі міжнародны жаночы клуб. Ён праводзіць вялікую і цікавую работу ў асноўным дабрачыннага і культуралагічнага характару.

Ніна Асатураўна доўгі час узначальвала гэты клуб. Няўрымслівая і працавітая жанчына, яна праводзіла мноства сустрэч з дзецьмі-інвалідамі, а таксама з тымі, хто найбольш пацярпеў ад чарнобыльскай бяды. У Ніны Асатураўны атрымлівалася ўсё, і нашы дзеці надоўга запомнілі яе, добрую, сардэчную. Яна ніколі не прыязджала да іх без гасцінца ці падарунка.

Сонца з Малдовы

А пасол Малдовы ў нашай рэспубліцы Іван Лешану быў у захапленні ад працавітасці, руплівасці і гаспадарлівасці беларускіх сялян. Памятаю, аднойчы мы з ім сустрэліся, якраз калі ў нас пачалося жніво. І тут некалькі дзён запар дажджы.

— Выехаў нядаўна за Мінск, паглядзеў на палі — такое густое жыта і амаль усё ляжыць, — быццам за сваё дабро перажываў пасол. — Гэта ж колькі сялянскай працы і клопатаў, поту і здароўя — і раптам такая непагадзь.

— Ведаеце, на Беларусі народ здаўна гаворыць, што ў нас дождж ідзе не тады, калі просяць, а калі жнуць і косяць, — кажу я.

— А ў Малдове, наадварот, іншы раз такое спякотнае лета, што ні адзін дожджык не выпадзе. Сонца ў нас багата, не тое, што на Беларусі. Нічога, прышлём і вам свайго сонейка, — загадкава ўсміхаўся пасол. — Яго многа ў нашых вінах, каньяках, смачнай садавіне. Мы беларусам — гэтую сваю сонечную прадуцыю, вы нам — вашу знакамітую бульбу, трактары. Як пры Саюзе. Хіба ж дрэнна было?

«Мы — з аднаго славянскага кораня»

Ці моцныя на Беларусі славянскія карані? Якая ў нас надаецца ўвага адраджэнню нацыянальнай самасвядомасці, выхаванню пачуцця гонару за свой народ, за нашы слаўныя традыцыі, за веру ў дабро і гуманізм, без чаго немагчыма будаваць сваю будучыню? Такія пытанні пастаянна цікавілі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Сербіі ў нашай рэспубліцы Срэчка Джукіча. Гэта вопытны дыпламат з багатым паслужным спісам і наогул асоба надзвычай цікавая і таленавітая. Доктар навук, выдаў шэраг кніг у якасці аўтара ці сааўтара, прымаў удзел у падрыхтоўцы навуковых і іншых праектаў і распрацовак.

— Мы, сербы, маем вельмі блізкія духоўныя і культурныя традыцыі з беларускім народам, а таксама вялікі патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва, — гаварыў пасол. — Мы з аднаго славянскага кораня, браты па крыві, духу і выклікам ХХІ стагоддзя і павінны супрацьпаставіць ім сваю згуртаванасць. Славяне апынуліся ў складанай сітуацыі, і прычыны тут вядомыя. Пагэтаму цяпер нам асабліва неабходны ўзаемаразуменне, згода і адзінства, каб спакойна жыць і развівацца. Лёсам наканавана мне быць паслом сваёй краіны ў Беларусі, і яна, пасля велізарнай Расіі, дорыць мне новае натхненне.

Наша душа вачыма Веры Джукіч

— Шмат езджу па вашай цудоўнай краіне, і гэта сапраўднае свята для маёй душы, — прызнаваўся пасол. — Вельмі шчырыя сустрэчы з простымі людзьмі ў вашых вёсках. Мяне кранае, што яны ведаюць маю Радзіму, тое, якія цяжкія выпрабаванні выпалі на яе долю. На Беларусі многа цудоўных храмаў, я іх наведваю з вялікім хваляваннем. Дарэчы, у гэтых паездках бывае і мая жонка Вера. Яна вопытны фатограф-аматар, за той час, што жыве ў Мінску, зрабіла каля 12 тысяч здымкаў. На ўсіх — ваша цудоўная краіна.

Скажам, што ў Мінску нават праходзіла персанальная фотавыстава Веры Джукіч. Шырока былі прадстаўлены здымкі, на якіх найбольш характэрныя і прывабныя штрыхі да партрэта нашай рэспублікі. Пейзажы, маляўнічыя куточкі нашых вёсак, храмы… І, канешне, людзі — мудрыя старыя, вясёлая моладзь, мілыя дзеці. Фотаздымкі поўныя святла, дабрыні, любові. Таму зусім невыпадкова, што Вера Джукіч назвала сваю выставу «Душа Беларусі». А сам пасол напісаў і выдаў у Мінску сваю кнігу «Аб незабыўным», у якой вельмі цёпла, пранікнёна піша і пра Беларусь.

— Шануйце сваю веру, любіце родную зямлю, беражыце Беларусь, — часта гаварылі мне Вера і Срэчка Джукіч. — Бо трэба заўсёды памятаць, што ў самаадданага славяніна, грамадзяніна і патрыёта сапраўдная, самая святая Радзіма толькі адна на свеце…

Як не пагадзіцца з гэтымі людзьмі, нашымі шчырымі сябрамі. Тут вельмі дарэчы такія вершаваныя радкі: «Просінь чыстага неба,// Водар свежай раллі// — Нам усё гэта трэба// Тут, на нашай зямлі.// Трэба матчына песня,// Што кранае да слёз,// І жаўрук напрадвесні,// І пяшчота бяроз.// Мы рупліва працуем,// Нам наперад ісці,// Беларусь нам другую// Ні за што не знайсці».

Фота: БЕЛТА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якія якасці характару беларусаў цэняць паслы іншых дзяржаў?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика