Адкрыццё свету. 21.by

Адкрыццё свету

06.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Для гарадскіх дзяцей яно самае нечаканае, хвалюючае і радаснае тады, калі летам прыязджаюць на прыроду, у вёску

Люблю назіраць, як праводзяць гарадскія дзеці лета ў нашай вёсцы, у сваіх бабулек і дзядулек. Колькі ж у іх захаплення ад таго, што тут бачаць, у чым раптам апынуліся, і гэтага незвычайнага і цікавага столькі, што ажно не верыцца і спачатку можна разгубіцца. Якія эмоцыі і пачуцці ад прыроднай нечаканасці, хараства і шчодрасці, якая дзіцячая непасрэднасць і ўзнёсласць! Усё зразумела: дзеці адкрываюць для сябе зусім новы свет — свет жывой прыроды. Яго ж мала, а то і зусім няма ў вялікім горадзе, сярод бетонных і цагляных гмахаў, у шуме і грукаце, у тлуме і мітусні.

Што, як, чаму?

І вось гарадскому хлопчыку ці дзяўчынцы выпадае незвычайнае шчасце — жыць многа дзён у новым свеце. Успрыманне яго нашымі маленькімі грамадзянамі часам настолькі своеасаблівае, арыгінальнае, што ў дарослых выклікае нават смех. А мне думаецца: вось які наш незразумелы час, што многія дзеці, на жаль, пазбаўлены таго, з чым арганічна звязана чалавечае жыццё, — прыроднага асяроддзя. Усе дзеці, як вядома, вясёлыя гарэзы і непаседы, таму ціхая вуліца невялічкай вёскі, маляўнічая аколіца, квяцісты луг, загадкавы лес вельмі ўжо прывабныя для іх мясціны, бо тут ім вольная вольніца. А незнаёмых насельнікаў гэтай прыроды, якіх гарадскія дзеці і не ведаюць, хіба што па тэлевізары ўбачаць ці прачытаюць у кніжцы.

Таму зусім заканамерна, што ў тых самых Пецек, Колек, Марынак, Алёнак кожны дзень мноства «Што?», «Як?», «Чаму?»… Паспявайце, дарослыя, толькі адказваць. Старэнькія ж бабулі і дзядулі, якія ўсё сваё жыццё правялі ў вёсцы, у ніякіх інстытутах не вучыліся, іншы раз проста не могуць задаволіць гэты дзіцячы інтарэс і цікавасць. Хаця, канешне, іх надта радуе такая дасціпнасць унукаў…

«Ку-ку, ку-ку»

Стаім на вясковай вуліцы, у цудоўным свеце зялёных дрэў, водары кветак і траў, сонечнага цяпла і ласкі. Дзелімся ўражаннямі — пра што, вы думаеце, паважаныя чытачы? Канешне, у каго, што і як сёлета расце на агародах. Самае актуальнае пытанне ў такую пару года.

— Бабуля, бабулька, што я табе зараз скажу! — падбягае да суседкі сямігадовы ўнучак Колька. — Вось здзівішся. Мо і не паверыш.

— Ну што ж такое? — на твары суседкі нецярплівасць. Мы таксама з цікавасцю глядзім на хлопчыка, чакаючы, што ж такое ён падрыхтаваў і зараз вытварыць.

— А ведаеш, бабуля, колькі мне ўжо гадоў? Цэлых чатырнаццаць, вось як!

— Ды не, Колька, табе яшчэ толькі сем, — лашчыць бабуля ўнука па светлай галоўцы. — Хто сказаў, што табе аж чатырнаццаць?

— Зязюля накукавала! — радасна крычыць хлопчык. — Летась я загадаў, колькі гадоў яна мне пракукуе, так, як ты мяне вучыла. Налічыў сем разоў, значыць, столькі ж гадоў. І запісаў гэта на паперцы, якую толькі што знайшоў у хаце. Вось і атрымліваецца, што мне ўжо чатырнаццаць гадоў: сем пражыў сам і сем накукавала зязюля. А што, не так? — у вачах хлопчыка нейкае непаразуменне.

Мы ледзь стрымліваем усмешкі ад такой незвычайнай хлопчыкавай логікі. Каб не пакрыўдзіць яго, далікатна і даходліва тлумачым, што зязюліна кукаванне ніякага дачынення да чалавечага ўзросту і працягласці жыцця не мае. А тое, што іншы раз нават дарослыя людзі, пачуўшы «ку-ку», загадваюць: «Зязюлька-зязюлька, накукуй мне шмат гадоў», ідзе ад далёкіх продкаў. Яны дужа і шчыра верылі ў сілы прыроды, і тое самае зязюліна «ку-ку», ад якога быццам наканавана чалавеку працягласць яго жыцця, не што іншае, як народнае павер’е.

— Дык што, выходзіць, зязюля проста ашуквае людзей? — робіць нечаканы вывад Колька. — Значыць, яна дрэнная птушка?

— Не, яна прыносіць вялікую карысць нашым лясам, бо паядае такіх вусеняў, якіх іншыя птушкі не бяруць. Нават самых страшных — махнатых. І калі ў нашых лясах такіх шкоднікаў з’яўляецца шмат, зязюлі і ядуць іх. Бо гэтыя птушкі надта пражэрлівыя, ім трэба многа ежы, і тых самых шкоднікаў нашай зялёнай прыроды знішчаюць яны мільёнамі.

Якраз у гэты момант з нашага лесу данеслася такое знаёмае і вясёлае «ку-ку, ку-ку».

— А я ўсё ж буду лічыць яе кукаванне. На ўсякі выпадак, — кажа Колька. — Добра, бабуля?

— Лічы, унучак, лічы. Калі зязюля кукуе — спакайней у нашай вёсцы і лягчэй на душы.

Трава-пасцель

Арцёмка ўпершыню прыехаў у вёску, калі яму было толькі шэсць гадкоў. Цудоўны чэрвень радаваў людзей незвычайнымі зменамі святла і колераў. Была якраз тая пара года, у якую, па вобразным народным выразе, зара з зарой сустракаецца, бо стаялі самыя доўгія дні.

Мы пайшлі з Арцёмкам на луг, які прывольна распасціраецца адразу за нашым агародам. Гарадскі хлопчык луг убачыў упершыню і спыніўся ўтрапёны: што гэта перад ім за цуд, такі зялёны, спавіты густымі травамі, усыпаны мноствам розных кветак. Ах, ніколі хлопчык не бачыў такіх колераў — белых, чырвоных, жоўтых, сініх, блакітных… Канешне, і не ведаў — не было яшчэ часу зведаць, — што зусім недалёка ад вялікага горада ёсць такі цудоўны свет, напоўнены незвычайным хараством, жывой пяшчотай і прывабнасцю.

— Дзядуля, можна тут мне пабегаць? — раптам пытаецца Арцёмка.

— Чаму ж не, прабяжыся. Вось па гэтым месцейку.

Хлопчык пабег — ды раптам заблытаўся ў траве, спатыкнуўся і ўпаў. Хацеў ужо заплакаць, бо па гарадской прывычцы ведаў, што будзе балюча. Але ж ніякага болю не адчуў — ён жа ўпаў на густую мяккую траву, сваім тварыкам і ў яе, і ў кветкі, ад якіх патыхала прыемным водарам. І такая акалічнасць для Арцёмкі была зусім нечаканай, бо здарылася гэта з ім упершыню.

Ён жвава падняўся і кажа:

— Дзядуля, хоць я і ўпаў, але ж зусім не балюча. Можна, яшчэ пабягу і так упаду?

— Прабяжыся, калі хочацца.

Ён бяжыць па квяцістаму лугу ўжо больш смела і ўпэўнена, але праз некалькі крокаў падае зноў. Гляджу на Арцёмку і разумею: упаў наўмысна, яму гэта падабаецца, бо адчувае такое ўпершыню ў сваім жыцці.

— А я ведаю, чаму мне не балюча. Гэтая трава такая мяккая, быццам мая пасцель, — мудра заўважае. — Дзядуля, а можна тут мне быць да самага вечара? Вельмі ўжо весела. Я магу і без абеду, а хочаце — прынясіце ежу сюды. Тады мне будзе яшчэ весялей.

Ну што яму адказаць? Кожнае дзіця адкрывае новы свет па-свойму, тым больш калі гэта бязмежны, прыгожы і загадкавы свет прыроды…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Арцёмка ўпершыню прыехаў у вёску, калі яму было толькі шэсць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика