«Маці Івана Грознага – з нашых мясцін...». 21.by

«Маці Івана Грознага – з нашых мясцін...»

20.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

НА МАТАЦЫКЛЕ гэты вандроўнік аб’ездзіў усю сваю малую радзіму, наведаў кожны яе закутачак. Не стрымлівалі энтузіяста ні дождж, ні снег. А дзеля чаго Алесь Фаміч з такой добрай прагнасцю і зацятасцю падарожнічаў па родных мясцінах не менш за 35 гадоў?

Тут нарадзіўся...

Алесь Зайка звязаў свой лёс з бацькаўшчынай. Адлучаўся адсюль толькі на некаторы час, калі вучыўся на філалагічным факультэце Брэсцкага педінстытута і служыў у арміі.

…З такім творчым запалам і іскрай у душы, як у Алеся Фаміча, ён проста не мог не стаць літаратарам! Алесь Зайка прызнаецца, што ў свой час яго наведвала муза, займаўся паэзіяй.

— Калі скончыў восем класаў Запалянскай школы, хадзіў за ведамі ў Косава. Тады гэта быў Бярозаўскі раён. У старэйшых класах на алімпіядзе заняў першае месца ў вобласці. І гэта вучань з Косаўскай школы! Разам са мной у алімпіядзе па беларускай літаратуры ўдзельнічаў цяпер ужо знакаміты паэт Алесь Разанаў, таксама выхадзец з Бярозаўскага раёна. Я ведаў яго з дзявятага класа. Мне, наогул, шанцавала на сустрэчы з творчымі людзьмі. Мой настаўнік рускай мовы і літаратуры з Заполля напісаў раман. А ў Косава быў знаёмы выкладчык рускай мовы і літаратуры, які надрукаваў аповесць у «Юности». Як мне тут не стаць аўтарам кніг? — усміхаецца Алесь Фаміч. — Пасля інстытута я служыў у арміі пад Масквой, а калі вярнуўся дахаты (хто дагледзіць бацькоў, як не я?), спачатку ў школе выкладаў фізкультуру, бо не было іншага вакантнага месца, пасля — беларускую мову і літаратуру… Наша школа ў Заполлі — самая прыгожая ў раёне! Там я зараз працую загадчыкам школьнага этнаграфічнага музея. Грамат у нас шмат…

Пасля вяртання дамоў Алесь Зайка ўвесь час займаўся справай, якая яго захапіла: ездзіў па родных ваколіцах. Пра гісторыю і сучаснасць населеных пунктаў пашыраў веды падчас вандровак па раёне, сустрэч і гутарак з вяскоўцамі. 35 гадоў рабіў запісы. Частку сабраных матэрыялаў перадаў Акадэміі навук…

Так з-пад яго пяра выйшлі кнігі «Дым з коміна», «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» і «Населеныя пункты Івацэвіччыны». Пра рукапісную сваю справу Алесь Зайка з захапленнем можа распавядаць гадзінамі.

— Я выдаю абсалютна арыгінальныя кніжкі! — запэўнівае аўтар.

Самае цікавае, што Алесь Зайка нават хацеў прадаць асабісты… трактар, каб надрукаваць «Населеныя пункты Івацэвіччыны».

— І прадам, каб убачыла свет наступнае маё выданне, — запэўнівае. — Хачу надрукаваць «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны». А пятым маім творам стануць «Прыказкі, прымаўкі,  выслоўі  Косаўшчыны».  Унікальная будзе кніга! Як выбух! Яшчэ рыхтую «Мікратапанонімы Івацэвіцкага раёна».

Дарэчы, першая кніга аўтара «Дым з коміна» выйшла ў 2011 годзе. А пачынаў яе пісаць Алесь Фаміч яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Друкаваў урыўкі ў раённай газеце.

— «Дым з коміна» — кніга пра нашыя мясціны. Яна з маіх назіранняў за запалянцамі, пра цікавыя сустрэчы з гэтымі людзьмі. Кніга выйшла невялікім тыражом і разышлася імгненна! Раён закупіў яе для бібліятэк, у тым ліку і школьных. І там чарга за кнігай! — цешыцца вясковы аўтар. — Званіў мне сам Анатоль Вярцінскі, казаў: «Слухай, мы ўжо даўно ў літаратуры. Але як ты дадумаўся да такой назвы «Дым з коміна»? Гэта — сімвал вечнага жыцця. Калі дым з коміна ідзе — хата жывая. Усё ў ёй можа быць — і добрае, і дрэннае. Але хата жывая». У мяне ёсць шмат іншых вельмі добрых водгукаў ад пісьменнікаў.

Самы вялікі рэзананс атрымаў ад навукоўцаў на «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» — другую кнігу. Адгукнуліся на яе і з Акадэміі навук, і з універсітэтаў ёсць рэцэнзіі.

Трэцяя кніга «Населеныя пункты Івацэвіччыны» — шматгадовая праца Алеся Фаміча ў архівах і кнігасховішчах краіны і за межамі Беларусі. Манаграфія ў навукова-папулярнай форме тлумачыць паходжанне назваў кожнага населенага пункта раёна. Дарэчы, калі дзве першыя кнігі вышлі ў 2011 годзе па 200 экзэмпляраў, то апошняя — у 2012-м , тыражом 700 экзэмпляраў.

— І гэтага мала. Калі зайду ў кнігарню, да мяне звяртаюцца: «Дзе кніжка?» Дарэчы, Івацэвіцкі райвыканкам дапамагаў мне ў выданні маіх твораў. Там у мяне добрыя памочнікі. Вялікі ім дзякуй!

Запалянцы — дзіўны народ

Пра сваіх людзей Алесь Фаміч распавядае шмат цікавых гісторый:

— Косаўцы пра нашых запалянцаў кажуць так: «Ім не дай зарабіць, дай нарабіцца». Такія тут жывуць працаўнікі!.. У чым унікальнасць Заполля? У тым, што тут усе такія баявыя!

Ходзіць байка, што раней запалянцы любілі надта пабіцца. Таму яшчэ іх людзі з навакольных вёсак называлі «запалянскай валокай».

— Распускалі хлопцы валокі, якімі лапці абкручвалі. Нехта наступіць, спатыкнецца. Тады яны да вінаватага: «Ты што — не бачыш?» І пайшла бойка. Звычайна каго-небудзь малога падсоўвалі. Чалавек наступіць на яго вяроўку і скажа: «Марш, сапляк!» А з-за яго спіны здаровыя хлопцы выступалі: «Як малы, то трэба пхацца?» І пайшла бойка. Так што запалянцаў баяліся па ўсёй акрузе. Можаш уявіць, калі хто-небудзь чужы прыходзіў і перад нашымі дзяўчатамі пачынаў «кандзібоберам» хадзіць? Яго абавязкова адлупцуюць. Ён пасля гэтага абыходзіў вёску бокам. Нават калі, напрыклад, чыйсці знаёмы прыходзіў у Заполле, то яго ўсё роўна паб’юць. Для першага разу. А потым ён ужо можа спакойна ў Заполле хадзіць. Але лепшую дзеўку ён замуж не возьме… У іншых вёсках баяліся запалянцаў. Бо не дай Бог каго з іх зачапіць, то ўсім сялом накінуцца.

«Старыя запалянскія дзяды не ведаюць, калі вёска пачалася. Але апавядаюць, што бялавіцкі пан, каб мець болей засеву, выганяў людзей глыбей у лес… За ўжо вырабленае поле. Адгэтуль і назва селішча: за полем, значыць, Заполле. А яшчэ расказваюць, каб раскарчаваць лес, вырабіць яго на поле, трэба прыкласці шмат працы, здароўя і сіл. Гэта ўжо, каб пахваліцца, што дужэйшых, здаравейшых людзей, чым у Заполлі, не было ва ўсёй акрузе. Бо вось і дагэтуль жыве памяць пра запалянца, які адужаў асілка з вандроўнага тэатра…» — распавядае Алесь Зайка ў кнізе «Населеныя пункты Івацэвіччыны».

Вуліцы ў гонар мясцовых знакамітасцяў

Калі пачаўся будаўнічы бум у Івацэвічах, вуліцы трэба было неяк назваць. Звярнуліся да Алеся Фаміча. З яго дапамогай сталі адкрываць новыя імёны і даваць назвы вуліцам у гонар выхадцаў з раёна, гістарычных асоб, якія праславілі Івацэвіччыну. І памятныя шыльды з’явіліся на камянях-валунах. Па ўсім раёне яны красуюцца ў 25 вёсках, дзе нават напісаны даты, калі населены пункт упершыню ўпамінаецца ў дакументах …

Так, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху Іван Грэцкі нарадзіўся ў Бялавічах, суседняй з Заполлем вёсцы, самай вядомай у Івацэвіцкім раёне…

— Імя Івана Грэцкага трошкі замоўчвалі ў сувязі з тым, што ён рэпрэсаваны. Ён быў сакратаром Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ. Яго пасадзілі ў турму ў 1927 годзе за антыўрадавыя выступленні, а ў 1928-м выбралі паслом у польскі сейм. Яго прыйшлося выпусціць на свабоду. Іван Грэцкі стаў адным з арганізатараў пасольскага клуба «Змаганне», быў сакратаром і спрычыніўся да заснавання Таварыства беларускай школы разам з Шырмай. І Шырма прыязджаў у Бялавічы. У гонар Івана Грэцкага ў Бялавічах адкрыты камень-валун з мемарыяльнай дошкай, яго імем названа вуліца ў Івацэвічах, — распавядае краязнаўца.

Увогуле, «у Брэсцкім археалагічным музеі, які створаны на тэрыторыі старажытнага Бярэсця, на адным з выставачных стэндаў ёсць цікавы экспанат. Гэта крамянёвы наканечнік кап’я эпохі неаліту, а знізу на ім подпіс: «Знойдзены ў вёсцы Бялавічы Івацэвіцкага раёна». Гэтаму наканечніку кап’я ажно 5 тысяч гадоў! Вось які ўзрост вызначаюць вучоныя паселішчу», — піша Алесь Зайка.

Дарэчы, якраз у вёсцы Бялавічы нарадзілася знакамітая Алена Глінская. «Але не прамінём згадаць, што гэта тут, у «дварцы Бялавіцкім», у Васіля Глінскага і і яго жонкі сербкі Ганны Яншыч нарадзілася дачка Алена, якая 21 студзеня 1526 года абвянчалася з князем Маскоўскім Васілём III Іванавічам. Маладому было 47 гадоў, нявесце каля 20. 25 жніўня ў іх нарадзіўся сын, у будучым цар Іван Васільевіч Грозны, — канстатуе Алесь Зайка. — Бацькі Алены мелі ў Бялавічах у карыстанні маёнтак. Потым аказаліся ў Расіі. А Васіль Трэці быў бяздзетны. Першую яго жонку Саламею адправілі ў манастыр. А Васіль выбраў сярод усіх прыгажунь Алену Глінскую. Таму што яна была інакшая. Заходніца, выхаваная на еўрапейскіх традыцыях… Васіль III нават бараду пагаліў, каб ёй спадабацца… Маці Івана Грознага была ўнікальная жанчына. Калі яе муж вялікі князь Маскоўскі памёр маладым, то кіравала Расійскай дзяржавай менавіта яна”.

«Адкапаў» краязнаўца і цэлы род Гамаліцкіх у Бялавічах. Жыў тут некалі святар Леў Гамаліцкі, а ў яго было тры сыны. Адзін — царкоўнік, другі — вучоны-медык, а трэці — апошні рэктар Жыровіцкай уніяцкай духоўнай семінарыі.

— Адкрыў я імя доктара медыцыны Міхаіла Гамаліцкага (1791—1861 гг.), ён першым у свеце пачаў займацца пераліваннем крыві. Знайшоў пра яго звесткі ў архіве ў Гродне. У Польскім слоўніку біяграфічным пра яго была кароценькая інфармацыя. Дык пасля нават правялі навуковую канферэнцыю на базе Гродзенскага медуніверсітэта! Прыехалі вучоныя з Францыі, Польшчы, Літвы, Латвіі. А на другі дзень наведаліся на Івацэвіччыну і адкрылі на валуне памятны знак да 200-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Гамаліцкага.

Мяне цікавіць усё!

Алесь Фаміч не так даўно купіў дыктафон. Дзеля чаго? Вядома, каб розныя запісы рабіць… У яго хаце на стале чакаюць свайго часу карткі-напамінкі з пазнакамі — будучымі тэмамі яго прац.

— Напрыклад, апошняе, чым я зараз займаюся, — крыніцамі ў родным краі. Хачу запісаць, дзе яны выбіваюцца ў нашым раёне. Такіх мясцін, якія ўжо акультураны, многа. Я выйду з прапановай у райваканкам, каб добраўпарадкаваць усе крыніцы ў нашым раёне — дзеліцца запалянскі краязнаўца. — У нас паміж вёскамі Бусяж і Галынка малады мужчына палажыў на сядзібе камень. А на ім слядок анёла. І калі пападае дождж на той слядок, можна праціраць той вадою вочы — так людзі лечацца. Бо святы камень… Так што пра крыніцы напішам.

— Якія яшчэ задумкі ў вас? — пытаюся.

— Вось у Бялавічах курганы — унікальная з’ява. А на бялавіцкіх могілках, іх, можа, падобных толькі дзвесце па Беларусі, — стаіць каменны крыж. І надпіс там, добра не разабраць… А да X—XI стагоддзяў панаваў язычніцкі абрад трупаспалення. З прыняццем хрысціянства памерлых закопвалі. Праваслаўных звычайна хавалі галавой на захад, католікаў — на ўсход. Крыж ставілі ў галаве. Камень — у нагах нябожчыка. Дык вось, на бялавіцкіх могілках параскіданы камяні. На іх — знакі ўнікальныя, невядомыя. Напрыклад, салярны знак, можа быць, сонца… Як толькі ўбачыў, сфатаграфаваў. І цяпер таксама склаў памятку. Ніхто пра гэта не пісаў. Дзіўна, праўда? У мяне ўсе тэмы незвычайныя.

З мінулых год шукае радавод

Алесь Зайка ведае свой радавод ад 1795 года. Колькі перагледзеў метрычных кніг!

— І хто былі вашы продкі? — пытаюся.

— Земляробы. Тут жылі… У Львове, аказваецца, ёсць метрычныя кнігі Бялавіцкай царквы, а шмат якія — у Санкт-Пецярбургу. Дык у Львоў я трапіў. Мы нашлі акт у метрычнай кнізе, што мая бабуля ў 1906 годзе брала шлюб, ёй быў 21 год. А мы да гэтага не ведалі яе дату нараджэння. І ўяўляеце, усе гэтыя запісы я бачыў сваімі вачыма! Гэта штосьці такое! Адкрыццё якое! Сваёй траюраднай сястры пра яе дзеда і бабу зрабіў выпіскі з 1879 года! Дзе хто гэта знойдзе? А я пазнаходзіў. Папасядзеў у архівах! Яшчэ трэба ехаць у Санкт-Пецярбург, там шукаць звесткі…

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
НА МАТАЦЫКЛЕ гэты вандроўнік аб’ездзіў усю сваю малую радзіму, наведаў кожны яе закутачак. Не стрымлівалі энтузіяста ні дождж, ні снег. А дзеля чаго Алесь Фаміч з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика