Электронны ўрад: досвед Грузіі можа быць карысным Беларусі. 21.by

Электронны ўрад: досвед Грузіі можа быць карысным Беларусі

26.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Атрымаць купчую на нерухомасць разам з рахункам за абед, зарэгістраваць фірму  ўсяго за адзін дзень, не выходзячы з дому, – для беларуса – гэта мара, а ў Грузіі – рэальнасць.

Хабарнікі не вытрымалі канкурэнцыі

Раней грузіны месяцамі абівалі парогі розных міністэрстваў і ведамстваў, каб атрымаць дакументы на нерухомасць або зарэгістраваць бізнес. Плацілі хабар чыноўнікам за хуткае і станоўчае вырашэнне сваіх праблем. Але 1 чэрвеня 2004 года ў краіне было створанае Нацыянальнае агенцтва дзяржаўных рэгістраў (NAPR), якое занялося фарміраваннем электроннага ўрада.

Пачалі з самай праблемнай сферы: аказання паслуг па рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Як адзначае начальнік IT-дэпартамента NAPR Шата Чачхунашвілі, раней для атрымання купчай на дом грамадзяніну прыходзілася марнаваць шмат нерваў і часу. Цяпер у звычайным рэжыме гэтая працэдура займае чатыры дні і каштуе каля 30 долараў. Калі кліент хоча паскорыць працэс да аднаго дня, прыйдзецца раскашэліцца прыкладна на 120 долараў.

– У 2005-2006 гадах, каб хутка і без праблем зарэгістраваць бізнес або аформіць здзелку куплі-продажу нерухомасці, даводзілася даваць хабар 100-120 долараў. Зараз за такія ж грошы можна ў паскораным парадку на законных падставах атрымаць адпаведныя дакументы ў NAPR. Даваць хабар ужо нявыгадна, – лічыць Шата Чачхунашвілі.

Цяпер агенцтва NAPR аказвае паслугі па рэгістрацыі нерухомай маёмасці, бізнесу, залогаў на рухомую маёмасць, арыштаў на маёмасць, якая вядзе ўлік кадастравых дадзеных аб нерухомай маёмасцi.

Уся рэгістрацыйная сістэма арыентаваная на карыстальніка. Працэс максімальна спрошчаны. Для афармлення дакументаў у кліента ёсць некалькі зручных спосабаў.

Напрыклад, каб атрымаць купчую на нерухомасць або зарэгістраваць бізнес, можна прыйсці ў офіс NAPR. Агенцтва таксама аказвае паслугі ў офісах 16 найбуйнейшых банкаў, якія маюць больш за 100 філіялаў па ўсёй Грузіі, у 120 агенцтвах нерухомасці, 13 Дамах юстыцыі, якія ставіліся менавіта для аказання паслуг грамадзянам.

Для тых грамадзян, якія не маюць доступу да сеткі Інтэрнэт з дому або з працоўнага месца, на вуліцах грузінскіх гарадоў, а таксама ў банках устаноўленыя тэрміналы самаабслугоўвання NAPR.

Афіцыянт, рахунак і купчую на дом!

Офісы агенцтва, іх банкаўскія прадстаўніцтвы і Дамы юстыцыі прымаюць больш за палову наведнікаў э-ўрада ў Грузіі. Аднак Шата Чачхунашвілі ўпэўнены, што будучыня за анлайн-кліентамі. Ужо зараз NAPR прапануе паслугі па рэгістрацыі бізнесу па Інтэрнэце. Праўда, для гэтага патрэбна ID-карта. На партале агенцтва неабходна запоўніць адпаведны бланк, заручыцца згодай ўладальніка памяшкання, дзе будзе юрыдычны адрас фірмы, і паставіць з дапамогай ID-карты электронны подпіс. Як толькі ўладальнік офіса па Інтэрнэце пацвердзіць згоду, фірма рэгіструецца ў рэестры, яе ўладальнік атрымлівае дакументы.

Але і гэта яшчэ не ўсё. У краіне адкрылася JUSTCafe, дзе разам з меню ўручаюць спіс адміністрацыйных працэдур, якія выконваюць у гэтай установе. Па заканчэнні абеду кліент можа атрымаць купчую на дом, пасведчанне аб рэгістрацыі бізнесу або любы іншы “замоўлены” дакумент.

Грузіны атрымліваюць ID-карт-бланш

Па меры ўкаранення э-ўрада ў Грузіі ўсё большае значэнне набывае ID-карта. Гэта электроннае пасведчанне асобы, якое пакуль яшчэ не замяніла пашпарт (хоць у Турцыю па ID-карце грузінаў прапускаюць), але ўжо стала незаменным дакументам. Выдача ID-карт пачалася 1 жніўня 2011 года. Каштуе такое пасведчанне 20 долараў, сапраўднае на працягу пяці гадоў. Сярэдні заробак ў Грузіі прыкладна 340 долараў. Маламаёмасным грамадзянам ID-карты выдаюцца бясплатна.

З 2012 года ў Грузіі адкрыўся адзіны партал дзяржаўных паслуг – www.e-government. gov.ge. Выкарыстоўваючы ID-карту, можна атрымаць доступ да ўсіх дзяржаўных э-паслуг без пераходу на іншыя рэсурсы, што дасць магчымасць хутка выконваць працэдуры з маёмасцю, па сацыяльным абслугоўванні, рэгістрацыі і кіраванні бізнесам, аплаце камунальных плацяжоў, штрафаў і падаткаў.

Адметнай асаблівасцю грузінскага электроннага ўрада распрацоўшчыкі называюць яго празрыстасць і прастату. Да прыкладу, усе звесткі аб зарэгістраванай нерухомасці знаходзяцца ў адкрытым доступе. Праўда, пры жаданні ўласніка гэтая інфармацыя можа быць “засакрэчаная”. Але, як падкрэслівае галоўны спецыяліст NAPR Бату Гвасалія, за час дзеяння агенцтва ад кліентаў пакуль не паступіла ніводнай просьбы схаваць інфармацыю.

Перш чым аўтаматызаваць сістэму, грузінскія ўлады істотна спрасцілі бізнес, наладзілі прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Урад не пабаяўся даць права на выкананне адміністрацыйных працэдур прыватным натарыусам, агенцтвам нерухомасці, банкам. Па шэрагу пазіцый у рэйтынгу Сусветнага банка DoingBussiness-2013 Грузія – сусветны лідар. У сферы “рэгістрацыя маёмасці”, якая паўсюдна лічыцца рухаючай сілай развіцця, э-ўрада і інфраструктуры, Грузія займае 1-е месца ў свеце. З дзяржбюджэту на гэтыя праекты грошы не выдаткоўваліся.

Калі ў Беларусі створаць электронны ўрад для народа?

Пры стварэнні э-ўрада ў Грузіі прымерваліся на лепшыя напрацоўкі Швецыі, Германіі і Літвы. Удзел у ініцыятыве “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю” дазваляе нашай краіне скарыстацца досведам не толькі заходніх краін, але і суседзяў па постсавецкай прасторы.

Нацыянальная праграма паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій прадугледжвае, што да 2015 года электронны ўрад ужо павінен працаваць. Паводле даных статыстычнага зборніка ААН “Электронны ўрад Агляд2012”Беларусь заняла 61 месца з 193 краін свету. Але пакуль рана казаць аб існуючым э-ўрадзе. Паводле ацэнак экспертаў ААН, электронныя паслугі ў нас даюцца на 22%.

– Мяркуючы па рэалізацыі падпраграм у галіне электронных паслуг, гаворка ідзе хутчэй аб інфарматызацыі, чым аб прадастаўленні паслуг грамадзянам або юрыдычным асобам – такія высновы акадэмічнага дырэктара Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA Дзмітрыя Маркушэўскага.

Электронны дакументаабарот у Беларусі ўкаранёны толькі ўнутры ведамстваў. Але электронныя варыянты дакументаў, як прызнаўся адзін з чыноўнікаў падчас “круглага стала” “Лепшыя практыкі электроннага ўрада” ў рамках сумеснага беларуска-шведскага праекта “Падтрымка развіцця дадатковых функцый сістэмы кіравання нерухомасцю ў Беларусі”, усё адно даводзіцца раздрукоўваць на паперы і несці на подпіс начальству.

Э-паслугі насельніцтву пакуль больш-менш актыўна падаюць толькі банкі і кадастравае агенцтва.

Па словах дацэнта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргея Шаўрова, галоўная праблема ў тым, што ў Беларусі чыноўнікі разумеюць электронны ўрад як узаемадзеянне паміж дзяржаўнымі органамі. На самой справе яно павінна забяспечваць сувязь паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі структурамі, і для гэтага патрабуецца папярэдняе рэфармаванне адміністрацыйнай сістэмы Беларусі.

Мікалай ВІКТАРОВІЧ,

“Заўтра тваёй краіны”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Атрымаць купчую на нерухомасць разам з рахункам за абед, зарэгістраваць фірму  ўсяго за адзін дзень, не выходзячы з дому, – для беларуса – гэта мара, а ў Грузіі –...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика