Каля 20 тысяч машын ужо стаяць у чарзе на канфіскацыю
23.10.2013
—
Новости Общества
|
Закон, паводле якога аўтамабіль могуць канфіскаваць, набывае моц 24 кастрычніка, але фактычна ён пачаў дзейнічаць на 10 месяцаў раней — з 1 студзеня, паведамляе Паводле звестак ДАІ, за першую палову 2013 года было затрымана больш за 20 тысяч нецвярозых кіроўцаў. Пасля 24 кастрычніка ўсе яны аўтаматычна становяцца патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на канфіскацыю аўтамабіля — калі адважацца сесці за руль “падшафэ” другі раз. Пасля якога, згодна з прынятым парламентарыямі законам, і надыходзіць гэтая канфіскацыя. А ўсё таму, што адлічваць гэтыя разыдаішнікі пачнуць не з дня, калі закон набывае моц, а з пачатку года каляндарнага — з 1 студзеня 2013 года. Ці правільна гэта, цікавіцца Еўрарадыё ў дэпутата парламента Валянціны Леаненкі, якая прымала гэты закон. Валянціна Леаненка: “Звычайна закон не мае зваротнай сілы — пасля таго, як закон набыў моц, і пачынаецца адлік”. Але калі дэпутат даведваецца, што супрацоўнікі ДАІ вырашылі весці адлік за амаль 10 месяцаў да дня, калі закон набывае моц, нечакана пагаджаецца з такім рашэннем. Валянціна Леаненка: “Гэта ж правапрымяняльная практыка! Яны ўжо, каб гэты закон быў зручны для прымянення… Таму яны ўжо вырашаюць. Гэта — тое ведамства, якое прымае рашэнне. Такім чынам, у дадзеным выпадку ўсё лагічна”. То, можа, дэпутаты спецыяльна ў законе напісалі, што канфіскоўваць аўтамабіль будуць у чалавека, якія нецвярозым сеў за руль “цягам года” — не ўдакладняючы, каляндарны гэта год ці год, які пачынаецца з моманту, калі закон набыў моц? Валянціна Леаненка: “Мы прымаем закон як агульнае правіла, а ўжо канкрэтнае ведамства робіць так, як у іх заведзена, як у іх традыцыйны падлік ідзе. Калі ў іх ідзе адлічэнне з 1 студзеня па 31 снежня, значыцца яны так і бяруць для сябе. Гэта ж для зручнасці працы! Інакш будзе блытаніна страшная па кожным чалавеку — не разбяромся потым!” І больш не вяртаецца да тэмы “закон не мае зваротнай сілы”. Затое менавіта на гэта найперш звяртае ўвагу юрыст, стваральнік сайта “Стоп-ДАІ” Аляксандр Старычэнка. Аляксандр Старычэнка: “Закон мае зваротную сілу толькі тады, калі ён паляпшае становішча фізічнай асобы — правапарушальніка, злачынцы, каго заўгодна. А ў дадзеным выпадку мы бачым вольную трактоўку заканадаўства службовымі асобамі МУС і рэспубліканскай ДАІ ў прыватнасці”. І гэта далёка не адзіная прэтэнзіяда ўзгаданага закона. Паводле слоў суразмоўцы Еўрарадыё, недарэчнасці закладзеныя ў яго ад пачатку — канфіскаваць прапаноўваюць прыватную ўласнасць. Недатыкальнасць якой грамадзянам гарантаваная Канстытуцыяй. Пэўны час таму гэтую недарэчнасць дэпутат парламента Аляксандр Зазуля пракаментаваў наступным чынам: Аляксандр Зазуля: “Для сябе я прыняў, што можна схіліцца да гэтага падыходу (парушаць права ўласнасці і канфіскоўваць аўтамабіль. — заўв. Еўрарадыё), бо тут насамрэч аўтамабіль з’яўляецца прыладай злачынства”. Нягледзячы на тое, што гэта супярэчнасць і не давала яму спаць начамі. Што ж рабіць з незваротнай сілай закона? Аляксандр Старычэнка раіць аўтамабілістам лічыць правапарушэнні не з 1 студзеня, а з 24 кастрычніка — дня, калі закон набывае моц. І калі што — судзіцца. Аляксандр Старычэнка: “Рыпацца ў любым выпадку неабходна і рабіць прэцэдэнты. Вы ж разумееце, што з цябе зробяць злачынцу, і калі не рыпацца ўвогуле, то гэта ўвогуле абы-што атрымаецца”. Але калі не звяртаць увагі на розныя юрыдычна-прававыя недарэчнасці, то навідавоку застаецца іншае: за 6 месяцаў гэтага года з-за нецвярозых кіроўцаў загінулі 35 чалавек і 234 атрымалі траўмы. Прычым кожны дзясяты з 20 тысяч нецвярозых, якіх спынілі супрацоўнікі ДАІ сёлета, селі ў такім стане за руль другі раз цягам года. Нагадаю, 24 кастрычніка набывае моц закон “Аб кіраванні транспартным сродкам у нецвярозым стане”. Паводле яго, у нецвярозага кіроўцы, які трапіўся супрацоўнікам ДАІ другі раз цягам года, будзе канфіскаваны аўтамабіль. Незалежна ад таго, каму насамрэч належыць машына. Прадугледжаная ў законе і пакаранне пазбаўленнем волі. Павялічваецца і сума штрафу за першую паездку нецвярозым — заплаціць давядзецца ад 50 да 100 базавых велічынь, ці ад 6,5 да 13 мільёнаў рублёў. Зміцер ЛУКАШУК, Фота Gornai.yal.ru Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Закон, паводле якога аўтамабіль могуць канфіскаваць, набывае моц 24 кастрычніка, але фактычна ён пачаў дзейнічаць на 10 месяцаў раней — з 1 студзеня, паведамляе...
|
|