Мост у Віцебску, які доўгі час называлі Новым. Пра што распавяло фота, зробленае паўстагоддзя таму. 21.by

Мост у Віцебску, які доўгі час называлі Новым. Пра што распавяло фота, зробленае паўстагоддзя таму

12.10.2015 14:44 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

7 лістапада 1934-га, падчас святкавання чарговай гадавіны Кастрычніцай рэвалюцыі, у Віцебску адкрылі новы мост праз Дзвіну. У народзе яго доўгі час так і называлі - Новы. Ён стаў першым у БССР, дзе быў адначасова арганізаваны аўтамабільны і трамвайны рух.


Мост имя Блахіна. 1950-я гады. Фота невядомага аўтара

Даўжыня пераправы складала 326 м, а шырыня праезжай часткі - 11 м. Гэта дазволіла пракласці двухкалейны трамвайны пуць і злучыць цэнтральную частку горада з прамысловым мікрараёнам Маркаўшчына, якую ў тыя часы называлі Пралетарская Слабада.

У чэрвені 1941-га пры наступленні гітлераўцаў савецкія войскі разабралі эстакады па краях маста, якія немцы потым узнавілі. Пры вызваленні Віцебска ад фашыстаў у 1944 годзе мост заставаўся адзіным уцалелым, і акупанты планавалі яго падарваць у самы апошні момант.

Выратаваць пераправу даручылі камадзіру сапёрнага ўзвода старшаму сержанту Фёдару Блахіну, полк якога вёў вулічныя баі ў цэнтры Віцебска. Ноччу 26 чэрвеня група з 12 чалавек, знішчыўшы ахову і абрэзаўшы дрот да скрыняў з выбухоўкай, захапіла мост і ўтрымлівала да падыходу танкаў. За гэты подзвіг Фёдару Блахіну ў 1945 годзе прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. У 1964-м ён стаў ганаровым грамадзянінам Віцебска. У 1974-м герой памёр, і гарадскія ўлады назвалі мост імем Блахіна.

Стары здымак уверсе зроблены вясновым сонечным днём у другой палове 1950-х. Напэўна, гэта быў канец сакавіка — пачатак красавіка, бо на Дзвіне ўжо ўскрыўся лёдавы панцыр. Асноўнымі аб’ектамі з’яўляюцца два трамваі, таму мы звярнуліся ў Віцебскае ТТУ па кансультацыю наконт тэхнікі. Кіраўніцтва надае вялікае значэнне гісторыі прадпрыемства, тут ёсць музей з рэдкімі экспанатамі, цікавая інфармацыя з’яўляецца на сайце ТТУ. Спецыялісты прадпрыемства выказалі меркаванне, што на фатаграфіі зафіксаваны 1958 год.

Наноў трамвайны рух у Віцебску ўрачыста адкрылі 5 кастрычніка 1947 года. Калектыў прадпрыемства ўласнымі сіламі аднавіў 19 вагонаў. У 1948-м калегі з Масквы перадалі 20 старых, а з горада Усць-Катаў з завода імя Кірава прыбылі 4 новыя трамваі КТМ-1. Да 1950-га ТТУ пабудавала яшчэ 14 вагонаў. Цягам 1951−1955 гадоў цалкам аднавілі 6 даваенных маршрутаў, рэйкавыя пуці склалі 27,9 км, парк тэхнікі вырас да 62 вагонаў. У 1958-м з Рыгі прыбылі шэсць вагонаў МТВ-82, але іх на фотаздымку няма.

Такім чынам, трамвайны поезд, які рухаецца ў бок сучаснага Маскоўскага праспекта (да 1962-га — Смаленская шаша) — з серыі «Х». Вагоны будаваліся ў Мыцішчах і Усць-Катаве, у Віцебску ўпершыню з’явіліся ў 1934 годзе. Назва серыі паходзіць ад горада Харкаў, куды паставілі першую буйную партыю.

Адначасова вагон мог перавозіць 100 пасажыраў і развіваць максімальную хуткасць 40 км/г. Ён не абаграваўся, меў драўляныя сядзенні на 24 чалавекі і вузкія дзверы. Вадзіцель адчыняў іх з дапамогай сістэмы цяг і рычагоў. Салон і ўваходныя пляцоўкі падзялялі перагародкі - гэта дапамагала захаваць цяпло. У поздняй мадыфікаціі іх не рабілі, і вагон прадзьмуваўся наскрозь, а зімой у ім была практычна такая ж тэмпература, як і на вуліцы.

Услед за гэтым трамваем рухаецца, хутчэй за ўсё, автамабіль ГАЗ-51. Грузавік-трохтоннік выпускаўся адразу пасля вайны і да 1975 года. Ён лічыўся недарагім, надзейным у эксплуатацыі і па тым часе хуткасным — каля 75 км/г.

У бок вуліц Герцэна (дарэвалюцыйныя назвы Вялікая Мяшчанская, Вялікая Грамадзянская) і Будзённага (Стараманастырская) накіроўваецца больш сучасны трамвайны поезд у складзе вагонаў КТМ-1 і КТП-1 (Кіраўскі трамвай маторны/прычэпны). Яны выпускаліся серыйна з 1948 па 1961 год.

У маторным вагоне было 16 сядзячых і 36 стаячых месцаў, у прычэпным — адпаведна 15 і 38. Падлога салона і сядзенні былі набіты драўлянымі планкамі, дзверы адчыняліся электрапнеўматычным чынам. Гэты трамвай моцна рыпеў на паваротах. На вуліцах Віцебска яго можна было бачыць і чуць яшчэ ў пачатку 1980-х.

Справа на здымку — старыя карпусы «Вістана». Цяпер з-за высокіх агароджаў іх проста так не ўбачыш. З пачаткам Першай сусветнай вайны гэта былі артылерыйскія майстэрні Паўночнага фронту, з чэрвеня 1916-га па кастрычнік 1917-га тут працаваў слесарам і пісарам будучы нарком НКУС Мікалай Яжоў. Адразу пасля рэвалюцыі майстэрні пераўтварылі ў завод сельскагаспадарчых машын і прылад «Чырвоны металіст», які спачатку падпарадкоўваўся Віцебскаму камітэту па барацьбе з беспрацоўем. За паўтара года колькасць рабочых павялічылі са 110 да 500 чалавек, яны выпускалі плугі, бароны, веялкі, малацілкі і іншае. З 1932-га гэта быў ужо станкабудаўнічы завод, якому ў 1935-м прысвоілі імя Кірава. Новыя карпусы прадпрыемства пачалі ўводзіць у 1960-х.

Малочны завод пабудавалі ў 1931 годзе, у народзе прадпрыемства называлі проста маслабойня. Тут кожныя суткі пераапрацоўвалася ўсяго 20 т малака, а ў вытворчым працэсе было задзейнічана 150 чалавек. Асартымент 1950-х не адрозніваўся ад даваеннага — малако, масла, твораг, смятана, марожанае. Уся прадукцыя выпускалася ў нефасаваным выглядзе. У 1956−1969-м на прадпрыемстве адбылася рэканструкцыя. І на прылаўках з’явілася малако ў бутэльках ёмістасцю 0,5 і 1 л.

Новы камбінат пабудавалі за межамі горада — на Бешанковіцкай шашы — у 1977 годзе. І ўжо даўно адышлі часы, калі пакупнікі хадзілі за смятанай са сваім слоікам, за малаком — з бітончыкам, а адрэзанае ад вялікага бруска масла загортвалася ў шэрую паперу.


Фота: Антон Сцепанішчаў

У канцы 1980-х стары мост дэмантавалі і пабудавалі на яго месцы новы. Адкрыццё больш сучаснай пераправы адбылося ў 1992 годзе. У параўнанні з 1950-мі антураж вакол моста значна змяніўся. З левага берага Дзвіны мы бачым устаноўленую ў 1983-м тэлевежу, новыя карпусы «Вістана», узвядзенне офіснага будынка «Жылбуда». Але па мосце працягваюць хадзіць трамваі. Цяпер ужо беларускай вытворчасці.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мост імя Блахіна да рэканструкцыі быў першым у БССР, дзе адначасова знаходзіўся аўтамабільны і трамвайны рух.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика