Будынак Шагалаўскага вучылішча атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. 21.by

Будынак Шагалаўскага вучылішча атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі

08.08.2016 09:40 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Будынку былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, які меў статус гісторыка-культурныя каштоўнасці 3-й катэгорыі, прысвоілі 2-ю катэгорыю, што надало гэтаму помніку рэспубліканскае значэнне.


Рашэнне пра падвышэнне статуса будынка прынятае пастановай Савета міністраў № 607 ад 2 жніўня 2016 года.

Адзначым, што помнік архітэктуры падаецца ў дакументце як «Будынак (тып гарадскога асабняка) канца ХІХ стагоддзя на вуліцы імя газеты „Правда“, 5а», хаця гэты ўчастак вуліцы яшчэ ў красавіку перайменавалі ў гонар Марка Шагала.

Да таго ж, будынак варта датаваць пачаткам XX стагоддзя, а не канцом ХІХ. Гісторык Людміла Хмяльніцкая ў матэрыяле «Несколько фактов из истории одного здания» піша, што гаспадар асабняка — банкір Ізраіль Вішняк, падаў у гарадскую ўправу прашэнне на дазвол пабудаваць «каменный дом и надворные службы во 2-й части г. Витебска по Воскресенской улице» 11 красавіка 1912 года. І, верагодней за ўсё, яго будаўніцтва скончылася ў 1913-м.

Гэтая ж пастанова Савета міністраў надала статус гісторыка-культурных каштоўнасцей некалькім іншым матэрыяльным і нематэрыяльным аб’ектам спадчыны на Віцебшчыне.

Сярод матэрыяльных — Свята-Успенская царква ў Браславе (1897 год); Барысаў камень ў Друі (ХІІ стагоддзе); будынак на вуліцы Энгельса, 24 у Глыбокім (1931 год); гармата, усталяваная побач з могілкамі ў вёсцы Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна (1910−1930 гады); царква ў гонар святога прападобнага Сергія Раданежскага ў вёсцы Лескавічы і храм Успення Прасвятой Багародзіцыў вёсцы Перамога Шумілінскага раёна (пачатак ХІХ — канец XX стагоддзя).

Барысаву каменю прысвоеная 2-я катэгорыя, усім астатнім аб’ектам — 3-я.

У лік нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, увайшлі: мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я; традыцыя ажурнага ткацтва і масленічная абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» (Гарадоцкі раён); выпечка жытняга хлеба ў вёсцы Дзеркаўшчына, прыгатаванне стравы «Масляны баран» у вёсцы Мацюкова, абрад «Насіць намётку» ў вёсцы Папшычы (Глыбоцкі раён); традыцыя вырабу валёнак (Міёрскі раён).


Гульня «Пахаванне дзеда». Фота: Ігар Мацьвееў

Дакумент удакладніў склад помніка «Архітэктурны ансамбль былой Рыначнай плошчы» ў Паставах, які датуецца 1760−1780 гадамі: да дамоў №№ 1, 9, 11, 13, 15 на плошчы Леніна дадаўся дом № 14. У Глыбокім у забудову вуліцы Леніна (канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя), акрамя дамоў №№ 5, 13, 38, 40 уключаны і дом № 11. А вось з забудовы Маскоўскай вуліцы ў гэтым райцэнтры выключаны дом № 2, засталіся толькі дамы №№ 3 і 4.

Пастанова Саўміна не толькі папоўніла спіс, але і выключыла з яго некаторыя аб’екты. Так, у Докшыцкім раёне статус гісторыка-культурнай каштоўнасці згубілі тры курганныя могільнікі; у гарадскім пасёлку Лынтупы Пастаўскага раёна — будынак музычнай школы ў складзе сядзібна-паркавага комплексу Бішэўскіх; у вёсцы Паграбёнка Сенненскага раёна — хлеў, частка стайні, гумно ў складзе комплексу будынкаў былой паштовай станцыі; у вёсцы Гарадзішча Шумілінскага раёна — гарадзішча.

Найчасцей, пазбаўленне аб’екта статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці азначае тое, што ён знішчаны ў выніку дзейнасці чалавека, асабліва гэта тычыцца курганоў і гарадзішч.

 
Теги: Витебск
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пастанова Савета міністраў надала статус гісторыка-культурных каштоўнасцей некалькім іншым матэрыяльным і нематэрыяльным аб'ектам спадчыны на Віцебшчыне.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика