Калі занятасць прадукцыйная
29.05.2018
—
Новости Общества
|
У крыніц кожнай паспяховай справы стаіць аднойчы прынятае смелае рашэнне. І гэта сапраўды так.
Мікалай Бужан ведае аграгарадок Пціч па ўсіх напрамках, бо тут ён нарадзіўся, скончыў школу. Старэйшы з трох дзяцей у сям’і, ён добра ведаў, што прабіваць дарогу ў жыццё вясковаму хлопцу трэба ўласнымі намаганнямі. Так, пачаў з авалодвання справай трактарыста на паўгадовых курсах у Муляраўцы. Потым была служба ў арміі. Пасля вяртання ў родную вёску ўладкаваўся ў мясцовае лясніцтва конюхам, там жа працаваў і трактарыстам. У Капаткевічах на аўтасервісе асвоіў спецыяльнасці аўтаслесара і зваршчыка. Потым апынуўся на біржы працы, праз якую выпала магчымасць атрымаць спецыяльнасць плітачніка-тынкоўшчыка 4 разраду. І ўсё ж уладкавацца на працу гэта не дазволіла, бо патрабаваўся вопыт работы. Давялося асвойваць новую спецыяльнасць у прыватніка з Багрымавіч Віктара Герасіменкі, які займаўся зборам жывіцы. Тры гады Мікалай Уладзіміравіч вывучаў гэтую справу дасканала. Зразумеў, што яна прыносіць неблагі даход. Летась зноў апынуўся на рынку працы і вырашыў, што займацца нарыхтоўкай недраўніннай прадукцыі цяпер будзе самастойна. Сёлета ў пачатку лютага атрымаў субсідыю, за якую набыў бочкі, прыёмнікі жывіцы і іншы інструмент. У лясгасе атрымаў дазвол на выдзяленне дзялянкі лесу ў 17 гектараў, на якой цяпер і ідзе распрацоўка па зборы карыснага прадукту. Не сакрэт, што працэс гэты вельмі цяжкі. Больш за два месяцы кожную сасну прадпрымальнік вызваляў ад кары (ад каранёвай сістэмы ўверх на адлегласці ў 80 сантыметраў). Гэта і ёсць рабочая зона. На дрэвах робіцца насечка і ўсталёўваюцца конусападобныя прыёмнікі для збору смалы. На кожным дрэве такіх па два, а ў агульнай колькасці іх устаноўлена 4 тысячы. Потым, са слоў Мікалая Бужана, ідзе “раздойванне”. Жывіца пачынае паступаць у прыёмнікі. З кожнага можна ўзяць да кілаграма жывіцы і больш. Адзначу, што перыяд збору жывіцы разлічаны толькі на цёплы час года, калі сярэднясутачная тэмпература не ніжэй за +17 градусаў. Прадпрымальнік разлічвае, што ў яго ў запасе тры месяцы для атрымання прадукцыі. Дарэчы, што датычыць кошту, то за тону прадукцыі яшчэ нядаўна прапанавалі 1,5 тысячы рублёў. Забірае жывіцу барысаўскі завод, дзе і ідзе далейшая яе перапрацоўка. Зразумела, пасля збору жывіцы лес будзе спілоўвацца. Адзінае, што хвалюе сёння прадпрымальніка, што з-за нашэсця караеда ў раёне можа быць уведзены карантын. Тады лесасекі выдзяляць больш не будуць. А калі справа пойдзе паспяхова, то Мікалай Уладзіміравіч намерваецца ўзяць на працу чалавека. Пакуль жа яны спраўляюцца разам з жонкай Юліяй. Яна працуе выхавальніцай у дзіцячым садку і паспявае дапамагаць мужу. А яшчэ Юлія Генадзьеўна – цудоўны дызайнер і будаўнік. У двары іх сядзібы не толькі парадак, але і зашмат архітэктурных форм. Усё гэта – ідэі гаспадыні. Разам выхоўваюць дваіх дзяцей: Ігар скончыў дзевяць класаў, Ксюша – тры. Мы пажадалі Мікалаю Уладзіміравічу поспеху ў ягоных пачынаннях і паехалі ў Мышанку да Аляксандра Шаўцова.
Аляксандр Сцяпанавіч вырас у Расіі, на Браншчыне. Там доўгі час адпрацаваў у вучылішчы майстрам вытворчага навучання. Некалі нават быў адзначаны за сваё майстэрства срэбнай узнагародай на выставе дасягненняў народнай гаспадаркі. На пачатку 90-х разам з сям’ёй пераехаў у Беларусь, у Гомель. З жонкай выхавалі чацвёра дзяцей, якія ўжо дарослыя і такія ж творчыя людзі, як і бацька. Продкі Аляксандра Шаўцова па мужчынскай лініі былі пчалярамі. Захапіла гэта справа і Аляксандра Сцяпанавіча. Так здарылася, што 20 сем’яў пчол загінулі пасля таго, як нечым атруціліся. Вырашыў тады гаспадар, што трэба вуллі перавозіць далей ад “цывілізацыі”, прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых палеткаў. Так выпадкова на карце ён выбраў Мышанку. Пяць гадоў таму набыў тут сядзібу і пачаў пераўвасабляць фантазіі ў рэальнасць. Тое, што я ўбачыла, сапраўды ўразіла: вялізная сажалка, дзе “шыкуе” статак гусей, парнік з гуркамі, упарадкаваны ўчастак, па-сучаснаму аздоблены вясковы дом, новая лазня, дзе пакуль часова размясціў гаспадар майстэрню. Тут ён і займаецца асноўнай дзейнасцю. Пасля доўгіх блуканняў па маскоўскіх заработках, наглытаўшыся пылу пры вырабе драўляных лесвіц для “новых рускіх”, 50-гадовы мужчына вырашыў, што прыйшла пара займацца любімай справай. Атрымаў субсідыю і цяпер асноўная частка сродкаў, а гэта 2 тысячы рублёў, пойдуць на набыццё спецыяльнага інструменту – вальцоў для вырабу вашчыны. Дарэчы, вашчына – такі прадукт, які набыць пчалярам проста няма дзе. А пчаляроў і ў Мышанцы, і ў Церабаве зашмат. Цяпер у іх будзе магчымасць не толькі купіць, але і абмяняць воск на вашчыну з даплатай. Да таго Аляксандр Сцяпанавіч вырабляе рамкі, вуллі, якія значна танней, чым у спецыялізаваных магазінах. Прадпрымальнік заключыў дагавор з магазінамі “Сад і агарод” у Гомелі і Мазыры, якія забіраюць на рэалізацыю яго вырабы. Але і кожны жадаючы можа звярнуцца да майстра, які з задавальненнем вырабіць пад заказ патрэбны прадмет. Да таго, кожную раніцу мужчына выязджае са сваёй прадукцыяй і свежымі гуркамі на мышанскі рынак. Пчолкі ў двары гаспадара ціхенька гудуць, працуюць. Меданосаў ім тут дастаткова. Цяпер вось пышна цвіце акацыя, белая і ружовая, затым – крушына, а яшчэ пазней – шматлікія лугавыя кветкі і травы, мёд з якіх, па запэўніванні гаспадара, асаблівы атрымліваецца. На яго заўсёды паступаюць заказы ад гамяльчан і іншых жыхароў рэгіёну. Што датычыць драўлянай сыравіны, з якой майстар вырабляе свае карысныя рэчы, то яе па дамоўленасці пастаўляе мясцовае прыватнае прадпрыемства “Алькомбудлес”, якое вырабляе еўрападдоны. Шмат рэшткаў добрых застаецца, дык чаму ж ім псавацца, калі яны яшчэ змогуць паслужыць у новых вырабах? Поспехаў вам, паважаныя прадпрымальнікі! Няхай ваша рызыка будзе апраўдана і прынясе поспех і добры даход. Інга ГІЛЕНКА. Фота Арцёма ГУСЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У крыніц кожнай паспяховай справы стаіць аднойчы прынятае смелае рашэнне. І гэта сапраўды так. Мы ўжо неаднаразова распавядалі пра прадпрымальных людзей, якія... |
|