Мы разам дапамагаем людзям. 21.by

Мы разам дапамагаем людзям

16.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мне так падаецца,   што ў кожнай галіне дзейнасці ёсць свая перадавая. Асабліва гэта тычыцца тых прафесій, што працуюць, як кажуць, 24×7. Маючы на ўвазе медыцыну, у першую чаргу, згадваецца рэанімацыя. Тут сапраўды выратаванне жыцця могуць вырашыць секунды. Але існуе у медыкаў і другая перадавая, і трэцяя… Адно з такіх аддзяленняў – інфекцыйнае. Не дарма звесткі пра чарговыя вірусныя захворванні хутчэй за ўсё трапляюць у шэраг гарачых навін. Суадносна і грамадскасць ставіцца да іх з насцярожанасцю і адказнасцю. З надыходам цёплай пары праблема інфекцыйных захворванняў паўстае асабліва востра – нібы кветкі, хваробы быццам прачынаюцца ад доўгага сну.

Днямі мы пагутарылі з загадчыкам інфекцыйнага аддзялення Петрыкаўскай ЦРБ Ганнай Юхневіч. Урач расказала  пра будні медыкаў, спецыфіку працы і сакрэты згуртаванасці калектыву.

Частка калектыву інфекцыйнага аддзялення

Частка калектыву інфекцыйнага аддзялення

– Ганна Яўгенаўна, многія ведаюць, што, акрамя рознага кшталту інфікаваных, вашымі пацыентамі з’яўляўцца хворыя і іншых профіляў. Раскажыце, калі ласка, падрабязней, з якім спектрам дыягназаў Вам даводзіцца працаваць.

– Шэраг дыягназаў даволі шырокі. Гэта кішэчныя і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Нямала пацыентаў паступае з неўдакладненай дэменцыяй. Калі большасць людзей з радасцю чакае святаў, то медыкі інфекцыйнага аддзялення сустракаюць іх у гатоўнасці прымаць пацыентаў з сіндромам адмены і залежнасці ад алкаголю.

У гэтым годзе да нас паступіла дзіця, што пакутавала на кішэчную інфекцыю. Пасля курсу лячэння, літаральна праз тры дні, ужо матуля дзіцяці звярнулася да нас са сваёй немаччу. Скардзілася на ацёчнасць ног, слабасць. Сімптомы здаваліся пацыентцы несур’ёзнымі, нават ад стацыянарнага лячэння хацела адмовіцца. А, між іншым, хвароба пачала шпарка прагрэсіраваць. Толькі дзякуючы пільнасці і зладжанасці дзеянняў медыцынскіх работнікаў удалося выратаваць жыццё жанчыны і аператыўна адправіць яе ў Гомель. Немач не была звязана з хваробай дзіцяці – у сардэчным сасудзе жанчыны ўтварыўся тромб.

– Такая спецыфічная праца, відаць, патрабуе высокай дысцыпліны і прафесіяналізму. Здаецца, не кожны спецыяліст вытрымае такія высокія   патрабаванні. Акрамя гэтага інфікаваныя хворыя патрабуюць асабістага падыходу: знаходзячыся ў ізаляванай палаце, яны не павінны адчуваць сябе адрэзанымі ад знешняга свету. Як персаналу ўдаецца наладзіць дыялог з хворымі, настроіць іх станоўча і да сябе, і да лячэння?

– Мы ўсведамляем ступень адказнасці за жыццё і здароўе пацыентаў, за дабрабыт іх блізкіх увогуле. Таму спачуваем, прымаем чужы боль, як свой. У грамадстве такія адносіны лічацца зараз слабасцю, але для медыцыны чуласць з’яўляецца сэнсам. Здаецца, толькі моцныя людзі, якія маюць шэраг сваіх праблем, могуць знайсці сілы спачуваць  іншым. Напэўна, па гэтай прычыне ў калектыве засталіся самыя адданыя справе жанчыны, што на працягу ўсяго жыцця не толькі клапатліва ставяцца да пацыентаў, але і ўвесь час удасканальваюць свае веды і майстэртва. Усе гэтыя якасці нашага калектыву дапамагаюць знайсці падыход да кожнага пацыента і даюць надзею на выздараўленне.

Мяркуйце самі, большасць людзей ставяцца да аматараў спіртных напояў адмоўна. А для нас яны такія ж хворыя са сваімі праблемамі, якія трэба разумець і дапамагчы. Ды што казаць, часам, калі хворага трэба транспарціраваць у суседні корпус бальніцы, на дапамогу прыходзяць усе: і ўрачы, і медработнікі іншых аддзяленняў. Хоць у нас розныя абавязкі, але мэта адна на усіх – мы разам дапамагаем людзям!

– Што Вы пажадалі б калегам напярэдадні прафесійнага свята?

– Хочацца пажадаць, каб надзеі і мары здзяйсняліся. Жадаю, каб радасць ад любімай справы прыносіла натхненне і ўпэўненасць. Дакладных вам дыягназаў, бездакорнай працы, павагі навакольных.  Няхай ваша жыццёвая сцежка міне сардэчныя раны і траўмы душы, а кожны дзень дорыць удзячныя ўсмешкі пацыентаў і моц для ажыццяўлення запланаванага. Штодзень ужывайце вітаміны радасці, а калі захварэеце, дык толькі з дыягназам невылечнага шчасця і любові. Усяго вам найлепшага!

Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мне так падаецца,   што ў кожнай галіне дзейнасці ёсць свая перадавая. Асабліва гэта тычыцца тых прафесій, што працуюць, як кажуць, 24×7. Маючы на ўвазе медыцыну, у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика