Людзі Смаргоншыны: Марыя СТРАШЫНСКАЯ. 21.by

Людзі Смаргоншыны: Марыя СТРАШЫНСКАЯ

10.08.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

30 гадоў працоўнага стажу ў рэдакцыі газеты “Светлы шлях”, з якіх амаль палова на пасадзе адказнага сакратара, адзначыла на пачатку жніўня наша калега Марыя Страшынская.

Страшинская Мария.jpg

Аднойчы ў рэдакцыю са скаргай на недакладнасць у апошнім нумары газеты прыйшла пенсіянерка. 

Разбірацца з сітуацыяй узялася адказны сакратар Марыя Страшынская, але ўвесь час ёй нехта ці нешта перашкаджала, бо быў дзень адпраўкі нумара ў друкарню. То тэрмінова трэба было замяніць вычытаны матэрыял на больш актуальны, то перакінуць з адной старонкі на другую інтэрв’ю, то ў дзяжурнага ўзнікалі прэтэнзіі да подпісу пад фотаздымкам, то з вобласці патрабавалі аператыўна выслаць нейкую справаздачу. 

Кабінет Марыі Віктараўны нагадваў штаб арміі падчас генеральнага наступлення па ўсіх франтах. Выслухаўшы чарговае: “Прабачце, калі ласка…”, наведвальніца раптам сама пачала прасіць прабачэння:

- Гэта Вы мне выбачайце. Як у вас тут усё складана і напружана, а я з такой драбязой… Не буду перашкаджаць. Поспехаў газеце, а Вам здароўя і вытрымкі.

Для недасведчаных хачу паведаміць, што пасада адказнага сакратара ў перыядычным выданні – гэта штосьці накшталт начальніка вытворчасці на заводзе: ад яго залежаць арганізацыя ўсяго працэсу выпуска газеты, своечасовая і якасная падрыхтоўка і здача матэрыялаў у друк, вонкавы выгляд выдання і яго ўнутраны змест. 

Не магу сказаць, што да гэтай прыступкі на службовай лесвіцы Марыя Страшынская ішла мэтанакіравана, проста так склалася яе жыццё і працоўная дзейнасць у рэдакцыі, куды яна прыйшла ў 1988 годзе сціплым карэктарам.

Выпускніца філфака БДУ мела не толькі дыплом аб вышэйшай адукацыі, але і ўнікальны талент бачання граматычных, арфаграфічных, пунктуацыйных і стылістычных памылак. Яшчэ школьніцай яна вычытвала і правіла памылкі ў сачыненнях сваіх аднакласнікаў, а тыя ведалі: калі Маша прачытала, то памылак не будзе, значыць – гарантавана высокая адзнака. А яшчэ ў яе быў і ёсць анёл-ахоўнік, які пакровам Багародзіцы ахіляў і ахіляе, натхняў і натхняе. Дарэчы, і нарадзілася яна на Пакровы. Існуе павер’е, што душа чалавека, які сышоў у іншы свет, не выканаўшы да канца сваёй місіі, працягвае аберагаць тых, каму абавязаны, спрыяючы іх шчасліваму лёсу. 

Марыя рана засталася без маці, сярэднюю адукацыю атрымала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Але прысутнасць матулінай душы адчувала ў самыя складаныя і горкія хвіліны свайго жыцця. І таму не наракала на выпрабаванні, а ўпэўнена ішла па жыцці, асвойвала новае, невядомае, часам беручы на сябе адказнасць за тое, ад чаго іншыя ўхіляліся.

Яна не абмежавалася вычытваннем старонак і выпраўленнем памылак на газетных палосах. Прыроджаная дапытлівасць штурхнула яе на асваенне вёрсткі газеты. А калі ўкараняўся рэдакцыйны тэхнічны цэнтр, па кнігах і дапаможніках вывучала камп’ютарныя праграмы для вёрсткі, затым на курсах перападрыхтоўкі спецыялістаў удасканальвала веды па сучаснаму дызайну друкаваных СМІ. Мяняліся галоўныя рэдактары, у кожнага з іх было сваё бачанне “твару” газеты. Аднак ні гады, ні эксперыменты не знішчылі індывідуальнасць смаргонскай раёнкі. Вызначыць галоўную тэму нумара, праілюстраваць адпаведным чынам важны матэрыял, падабраць загаловак, які б прыцягваў увагу чытача, і не дапусціць пралікаў з кампанаваннем палос і напаўненнем змястоўнымі матэрыяламі кожнага нумара газеты – у гэтым бачыць сваю галоўную задачу наш адказны сакратар.

За працаздольнасць, дбайнасць, добрасумленнасць жыццё яе аддзячыла прыстойным мужам і выдатнымі дочкамі, якія, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, працуюць па абраных спецыяльнасцях. Дораць радасць і двое ўнукаў. Ёсць матывацыя для кожнага дня, адпаведна - будзе і натхненне для работы, а таксама для творчых задум.

8 марта 1996 год.jpg

Калектыў рэдакцыі газеты “Светлы шлях”. 

Марыя СТРАШЫНСКАЯ першая справа (здымак 1996 года).

Ала КЛЕМЯНОК. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30 гадоў працоўнага стажу ў рэдакцыі газеты “Светлы шлях”, з якіх амаль палова на пасадзе адказнага сакратара, адзначыла на пачатку жніўня наша калега Марыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика