За шпаргалкі ў час ЦТ на Гомельшчыне выдалілі чатырох абітурыентаў
16.08.2018
—
Новости Общества
|
Гомельская абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, створаная на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай вобласці, падвяла вынікі правядзення ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі вобласці. Пра гэта расказаў старшыня камітэта Аляксандр Атрошчанка. Паводле яго слоў, і сёлета не абышлося без парушэнняў з боку абітурыентаў. Так, за пранос мабільнага тэлефона былі выдалены чатыры абітурыенты, столькі ж – за выкарыстанне “шпаргалак”. Конкурсы і прахадныя балы ва ўстановах вышэйшай адукацыі рэгіёну не моцна адрозніваліся ад леташніх. Так, на 2040 “бюджэтных” месцаў на дзённую форму атрымання адукацыі было пададзена 3273 заявы, у выніку агульны конкурс склаў 1,6 чалавека. На завочную форму на 533 месцы падалі 1571 заяву, конкурс склаў 2,9 чалавека. Адрозніваўся конкурс на розных спецыяльнасцях. Напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на спецыяльнасць “Правазнаўства” прэтэндавала 10 чалавек на месца, а на спецыяльнасць “Фізіка” – 1,04. У Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя Паўла Сухога на спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнёвай індустрыі)” конкурс склаў 4,9 чалавека на месца, а на спецыяльнасць “Электразабеспячэнне (па галінах)” – 1,4. Самыя высокія прахадныя балы традыцыйна склаліся на спецыяльнасці, звязаныя з юрыспрудэнцыяй і IT-тэхналогіямі. Напрыклад, у ГДУ імя Скарыны прахадны бал па спецыяльнасці “Правазнаўства” склаў 341, па спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” – 321. Па выніках уступных выпрабаванняў і конкурснага адбору ў ВНУ вобласці на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту залічана 2021 чалавек, на платнай аснове – 1042, на завочную форму навучання за кошт сродкаў бюджэту – 533, на платнай аснове – 1257. План прыёму на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту не выкананы толькі адной установай – Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Івана Шамякіна на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка” – вакантнымі засталіся чатыры месцы. Па мэтавай падрыхтоўцы не атрымалася выканаць план прыёму Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту – на 20 мэтавых месцаў залічана 13 абітурыентаў. Як адзначыў Аляксандр Атрошчанка, па выніках маніторынгу ўступнай кампаніі прапанавана разгледзець пытанне пра замену кантрольнага нарматыву “Плаванне 50 метраў” на іншае практыкаванне, якое адпавядае зместу навучальнай праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (напрыклад, бег на 1,5 кіламетра), бо ў большасці школ прадмет “Плаванне”, а таксама неабходная інфраструктура адсутнічаюць. Прапанавана таксама з мэтай эканоміі бюджэтных сродкаў скараціць колькасць пунктаў правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў Гомелі і аптымізаваць схему дастаўкі матэрыялаў для правядзення ЦТ. У. ЕСІПАЎ. Фота з інтэрнэту.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гомельская абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, створаная на базе Камітэта дзяржаўнага кантролю Гомельскай...
|
|