Нам усім трэба вучыцца марыць
17.10.2018
—
Новости Общества
|
– Паважаныя вучні, настаўнікі і проста землякі! Я не маю вялікіх грошай, каб пабудаваць у роднай вёсцы для вас басейн, не валодаю кандытарскай фабрыкай, каб кожнаму падараваць па вялікай торбе шакаладу. Я – мастак і выкладчык малявання. А што можа зрабіць просты мастак для сваёй Бацькаўшчыны? Відавочна, пазнаёміць з творамі, прапанаваць свой светапогляд землякам, – такімі шчырымі словамі адкрыў у Бабуніцкай школе выставу твораў Аляксей Панцюк-Жукоўскі. Сам мастак родам з Бабуніч, але вось ужо 49 гадоў жыве і працуе ў сталіцы. У год малой Радзімы Аляксей Андрэевіч прывёз на Бацькаўшчыну своеасаблівую педагагічную справаздачу – выставу прац сваіх вучняў, дзе адлюстравана не толькі майстэрства юных мастакоў рознага ўзросту, але і іх творчае развіццё. У малюнках яскрава прасочваецца сам працэс навучання ў гімназіі-каледжы імя Івана Ахрэмчыка. – Вось нацюрморцікі, што малююць вучні на першых гадах навучання, а вось ужо больш складаная кампазіцыя – нацюрморт у інтэр’еры, – расказвае Аляксей Панцюк-Жукоўскі. – Далей дзеткі вучацца партрэту, а ў старэйшых класах вывучаюць анатомію. Гэта патрэбна, каб правільна маляваць фігуру, рэльеф мышцаў, прапорцыі. Выкладаеюцца ў нас і жывапіс, і асновы дызайну – шмат розных дысцыплін. Пасля некалькіх гадоў навучання маляванне становіцца нечым кшталту наркотыка – дзіця ўжо не можа без гэтага, кожны дзень бярэцца за аловак ці пэндзаль. І вось праз 6-7 гадоў з навучэнца вырастае мастак. І толькі на першы погляд прафесія падаецца экзатычнай і далёкай. А мастацкі талент патрэбны паўсюць, да ўсяго кранаецца рука мастака: архітэктар накідвае выгляд новага мікрараёна, дызайнер выдумляе новы фасон адзення, афармляльнік малюе вокладку ці ілюстрацыю да новага падручніка. Майстар вырашыў, што патраціць дзень, але калі хоць тры дзіцяткі дакрануцца да мастацтва і задумаюцца – выстава таго вартая. Магчыма, хтосьці зірне на свет больш шырока, стане марыць. Нам усім, на думку мастака, трэба вучыцца марыць, ведаць, чаго мы хочам ад свету і ад сябе ў гэтым свеце. Магчыма, нехта пажадае стаць мастаком. З гэтай нагоды Аляксей Андрэевіч перадаў дырэктару Бабуніцкай школы Уладзіміру Герасіменку альбом з прэзентацыяй вядомых беларускіх мастакоў і кантакты гімназіі-каледжа. Не менш цікавым быў аповед мастака і пра сваё жыццё: – Нарадзіўся я ў 1953 годзе, а ў 1960-м пайшоў у новую драўляную школу, што была яшчэ не тынкаваная. Я шчаслівы, што навучанне вялося на беларускай мове і, ведаеце, мне не перашкаджала гэта ведаць законы Ньютана ці тэарэму Піфагора. Мы – беларусы, мы тым і цікавыя для свету. Аляксей вучыўся ў 9-м класе, калі ў школу па размеркаванні трапіў настаўнік малявання. Хоць папрацаваў ён усяго адну чвэрць, пэўную любоў да малявання і некаторыя навыкі малады спецыяліст здолеў пакінуць у вучнях. Звярнуў увагу і на Аляксея, казаў, што той добра бачыць прапорцыі. Адразу пасля завяршэння навучальнага года, не дачакаўшыся нават сканчэння 10-годкі, юны Аляксей накіраваўся ў Мінск – паступаць у мастацкае вучылішча. Абітурыентаў тады чакалі пяць іспытаў: малюнак, жывапіс, кампазіцыя, дыктоўка і вусны экзамен па літаратуры. Падаўшы дакументы і здаўшы першы экзамен, юнак накіраваўся на вакзал – не было ў сталіцы сваякоў, каб знайсці прытулак. Лёг на свабоднаю лаву ў куце, толькі прыснуў і тут штуршок. Хлопца разбудзіў міліцыянер, спытаў, чаго той тут бадзяецца, патлумачыўшы, што начаваць на вакзале нельга. Аднак паслухаўшы сціплую гісторыю юнака, памякчэў: “Калі так хочаш вучыцца, то начуй тут, я ўсё роўна буду патруляваць, прыгляджу за тваёй торбай. А раніцай зайдзі ў прыёмную камісію і спытай, дзе можна размясціцца”. Так і зрабіў. Зранку ў вакзальнай прыбіральні Аляксей прывёў сябе ў парадак, накіраваўся на чарговы экзамен, а потым у прыёмную камісію. Там яму далі адрас яўрэйскай сям’і, што здавала пакой. Наступным іспытам быў экзаменацыйны нацюрморт. Перад абітурыентамі паклалі глечык з малаком, паўбохана хлеба і агуркі. Гародніна была несапраўдная, занадта гладкая, таму Аляксей Панцюк-Жукоўскі вырашыў надаць муляжам рэалістычнасці і пачаў вымалёўваць на агурках калючкі. Гэта заўважыў выкладчык, потым другі, трэці. Трохі паназіралі за юнаком з-за спіны, мабыць, не вытрымалі і спыталі: “Што ты, хлопча, робіш?”. “Дык... Калі маці адправіць на агарод агуркоў нарваць, то збіраеш асцярожна, каб рукі не пакалоць”. Педагогі па-бацькоўску засмяяліся, заківалі адзін аднаму, пачалі нахвальваць. За ўсе творчыя работы Аляксей атрымаў “выдатна”, дыктоўку напісаў на “добра”, а вось вусны экзамен здаў на “здавальняюча”. Гэта папсавала агульны бал і на аддзяленне “Мастак-афармляльнік” хлопец ужо не праходзіў. Пераканалі падаць дакументы на спецыяльнасць “Настаўнік краслення і малявання”. Бацькі адрэагавалі на навіну пра паступленне сына стрымана. Паціснулі плячыма, маўляў, ну будзеш настаўнікам малявання ў Бабунічах ці яшчэ дзе… Пачалася вучоба. Па гаворцы і стараннаці вясковыя студэнты выразна вылучаліся з агульнай масы. Аляксей Андрэевіч узгадвае папрокі гарадскіх аднагрупнікаў: “Вот, приехали колхозники, упёртые! Всё сидят, зубрят” – а як жа, хацелася выбіцца ў людзі! Не жадаеш быць упартым – вяртайся ў вёску, бяры бацькоўскую пугу, работы хопіць. Але ж хацелася кімсьці стаць, паказаць сваю годнасць”, – разважае мастак. Пасля заканчэння вучылішча ўсе 60 выпускнікоў аддзялення падалі дакументы ў інстытут, дзе згодна з планам набіралі 5 навучэнцаў. Конкурс атрымаўся 12 чалавек на месца. Усе іспыты Аляксей здаў на выдатна, заставаўся толькі экзамен па гісторыі. Расказваў, па ўласным уражанні, малады мастак на адзнаку паміж чацвёркай і пяцёркай. Але зайшоў загадчык кафедры, паставіў кропкі насупраць прозвішчаў тых, хто знаходзіўся ў кабінеце, і выкладчыца пачала раз за разам пасля кожнага адказу і дапаўнення пытаць: “А дакладней?” У выніку ўсе нечакана атрымалі тройкі, стала зразумела: запаветнае месца ўжо для кагосьці “трымаюць”. Так малады мастак стаў шостым у спісе прэтэндэнтаў на паступленне ў інстытут, а набіралі пяць... Выкладчыкі падбадзёрвалі: “Не сумуй, магчыма, на іншых факультэтах будзе недабор, тады за кошт гэтых месцаў пашыраць план прыёму у нас”. Так і сталася, восенню Аляксей Панцюк-Жукоўскі быў залічаны. За доўгія гады майстар стварыў мноства твораў, зладзіў шэраг выстаў, атрымаў прызнанне. Яго шматгадовая праца адзначана ўзнагародай – прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў. Аляксей Панцюк-Жукоўскі ўваходзіць у Беларускі саюз мастакоў. Карціны аўтара прасякнуты нацыянальнай тэматыкай. Аднойчы ў двары свайго дома мастак пабачыў, як хлопец катае на веласіпедзе цыбатую дзяўчыну. Сюжэт майстру вельмі спадабаўся, але кампазіцыя на фоне шматпавярхоўкі не глядзелася. Напісаць дзетак на ўскрайку жытнёвага поля, па-за вёскай. Так было створана палатно “Пад мірным небам”. А вось новая карціна “Беларуская калыханка” прасякнута не толькі нацыянальным каларытам, але і сімвалізмам. Тут наш продак-паляшук са сваёй сям’ёй, сваім скарбам, нібы той Ной на каўчэгу, плыве на чоўне, шукаючы свой куточак на зямлі. І вось аднойчы дабіраецца ён да нашых балот і адчувае наваколле сваім. “Гэта будзе мая зямля, мая Радзіма!” – вось так і пачаў тут жыць наш далёкі продак. І даў прытулак і татарыну, і яўрэю, і ўкраінцу, і рускаму, і падзяліўся ўсім, чым мог. І вось так стваралася наша гісторыя. Зараз мастак рыхтуецца да новай выставы, дзе гледачам будзе прапанавана каля 70 карцін. Майстар піша шматфігурную кампазіцыю на гістарычную тэматыку. “Карціна пра тое, як стваралася незалежная Беларусь. Гэта нашыя Віскулі, гэта нашая “таемная вячэра,” – адзначыў Аляксей Андрэевіч. На выставе прысутнічаў і класны кіраўнік мастака Пётр Сямёнавіч Ярыга. Ён адзначыў, што зямля бабуніцкая багатая на мастакоў (пра іх мы пісалі ў папярэдніх нумарах раёнкі). Гэта і Мікалай Палтаран, і кандыдат навук Валянціна Заброцкая, і канечне, Аляксей Панцюк-Жукоўскі. Былы настаўнік звярнуўся да майстра з прапановай: зрабіць сваю персанальную выставу на Радзіме, у Бабуніцкім цэнтра культуры і адпачынку. Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
– Паважаныя вучні, настаўнікі і проста землякі! Я не маю вялікіх грошай, каб пабудаваць у роднай вёсцы для вас басейн, не валодаю кандытарскай фабрыкай, каб... |
|