…Да таго месца вялікую ласку маюць. 21.by

…Да таго месца вялікую ласку маюць

11.12.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Фотакарткі відаў старога Глуска ў выглядзе марак, макет чырвонага замка, лялькі-мотанкі, якія колісь рабілі на Глушчыне, дрэва з беларускімі ўзорамі-сімваламі, якія дзяўчаты самі вышылі на ўроках працы, старажытныя ручнікі, выцінанка, найбольш цікавыя і адметныя кадры розных гадоў школьнага жыцця і адмысловая кніга з фатаграфіямі вучняў і настаўнікаў — стыпендыятаў спецыяльнага Фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Усё гэта куток малой радзімы, як маленькі астравок роднай зямлі, уладкаваны ў адной з рэкрэацый гімназіі.

Яго прэзентацыя адбылася ў рамках Тыдня малой радзімы, які прайшоў у гімназіі з 26 лістапада па 1 снежня. Экскурсію з падрабязным аповедам і абгрунтаваннем элементаў кутка дзяўчаты-старшакласніцы правялі цікава, да таго ж на беларускай мове, што, безумоўна, было бальзамам на маю душу беларусаведа. Акрамя прадстаўнікоў рэдакцыі, удзельнікамі прэзентацыі сталі галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі, спорце і турызме Юлія Фралова, дырэктар Цэнтра творчасці Ніна Чачуха і журналіст, пісьменнік Навум Сандамірскі.



Яны ж былі запрошаны і на ўрачыстае закрыццё Тыдня малой радзімы, якое праходзіла ў форме літаратурна-музычнай кампазіцыі “Сем цудаў глускага краю”. На яго пачатку сваімі думкамі пра тое, што для іх глускі край і што для іх малая радзіма, госці падзяліліся са школьнікамі. Як падкрэсліў Навум Барысавіч Сандамірскі, малая радзіма — гэта не словы, а справы, тое, што мы робім або не робім для таго, каб твой куток роднага краю жыў і развіваўся. Асабіста яго і як глушчаніна, і як літаратара засмучае, што ў Глуску шмат якім установам падавалі замежныя назвы, нязвыклыя для нашага слыху, маўлення, да таго ж сэнсава неабгрунтаваныя. Пра трывалую і вельмі адчувальную сувязь з роднай зямлёй сказала Ніна Віктараўна Чачуха, месцам яе пражывання Глуск стаў адносна нядаўна, ёй даспадобы гэты ўтульны гарадскі пасёлак, тут жывуць добрыя людзі, але ў сваіх думках і ўспамінах яна часта вяртаецца на родную Старадарожчыну, таму што немагчыма і нельга траціць сувязь са сваёй малой радзімай. Памятаць пра гэта і не забываць месца, дзе нарадзіўся і рос, яна пажадала і ўсім юным удзельнікам сустрэчы. Успамінамі пра Глуск свайго дзяцінства, пра школу № 3, якая потым стала гімназіяй, і таксама пра сум па родных вуліцах і знаёмых тварах, які ўзнікае, калі пакідаеш іх на час, падзялілася са школьнікамі Юлія Аляксандраўна Фралова, бо радзіма не адрас, не слова, гэта сувязь з тымі, хто тут жыве, гэта частка твайго жыцця з усімі яго здабыткамі і стратамі.

Зададзены гасцямі эмацыянальны настрой быў удала падтрыманы і яшчэ больш раскрыты падчас выступленняў саміх школьнікаў — тымі словамі, што яны гаварылі, тымі вершамі, што чыталі, тымі песнямі і танцамі, што выконвалі, распавядаючы пра сем цудаў глускага краю: раку Пціч, глускае замчышча, Свята-Богаяўленскі храм, помнік ахвярам глускага халакоста, мемарыяльны комплекс “Воінская Слава”, Алея Славы ў цэнтральным парку, памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам. Кожны паасобку і ўсе разам гэтыя аб’екты нясуць у сабе сэнс і памяць, зразумелыя і блізкія глушчанам. Дзякуй школьнікам, што далі гэта адчуць. Падзякаваў усім настаўнікам і вучням за актыўны ўдзел у Тыдні малой радзімы дырэктар гімназіі Сяргей Яўгенавіч Сяргееў, а пераможцам тэматычных конкурсаў уручыў заслужаныя ўзнагароды.

Мне ж у сувязі з убачаным і пачутым узгадаліся словы пра адносіны чалавека да радзімы, сказаныя гадоў мо 500 таму назад слаўным сынам Полацка Францыскам Скарынам. Ён гаварыў, што звяры, якія жывуць у пустыні, ведаюць ямы свае, птушкі, што лётаюць у паветры, знаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы і ім падобныя бароняць вуллі свае, так і людзі: дзе нарадзіліся і ўзраслі, да таго месца вялікую ласку маюць. Як даўно было сказана, а як правільна і актуальна! Што ж да ўсёй гэтай імпрэзы, то мне спадабаліся і куток малой радзімы, і кампазіцыя пра цуды зямлі глускай — як на ўзроўні задумы, ідэі, так і на ўзроўні іх бліскучага ўвасаблення.

 Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны АЎТУХОВАЙ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фотакарткі відаў старога Глуска ў выглядзе марак, макет чырвонага замка, лялькі-мотанкі, якія колісь рабілі на Глушчыне, дрэва з беларускімі ўзорамі-сімваламі,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика